Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I вось калі мы праходзілі паўз Карлаў флігелёк, Лізка раптам сказала мне і Навуму:

— То зойдзем? Зойдзем — зойдзем. Ты што, Навуме, баішся?

Навум успыхнуў і рашуча пайшоў за намі.

…Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цесля, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім шавецкія нажы, капылы, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: маслам пісаная аблупленая карціна, відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі — і павялічаная фотка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у вопратцы са «шмайсэрам» на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.

Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, што праўда, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра «партызанку», але Карл заўсёды яе перабіваў: «гэта не да справы», «змоўч, Ліза» або «гэта іх не датычыцца». Урэшце, што было дзівіцца? I я быў сувязным у атрадзе. I Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут…

— Што за медалі? — хаваючы вочы, спытаў Фінеес.

— «За адвагу», — нядбала сказаў Карл, выносячы нам «орудия труда».

I ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі. Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур’яне, як пабітыя сабакі.

— Расказвай, — сказаў я Лізцы.

— Я не дужа ведаю, — тоненька і вінавата сказала яна. — Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан… пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі — ён не расказвае…

— Пэўна ж, было за што, калі далі, — сказаў я.

— А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям’ю немцы пабілі.

У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.

— Т-так, Навуме, — сказаў я.

Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. I таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:

— Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску «фінеес». Гэта азначае «медны рот». Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.

VI

Мы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор’і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.

Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.

Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.

— Расказалі б што-небудзь, хлопцы, — сказаў я. — Ну хаця б ты, Навуме.

— А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр…

Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе — паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.

— Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. 3 таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я — з першага позірку.

Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.

— Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе… Ну і купілі… — I цалкам не лагічна дадаў: — А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.

Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.

— Хальт маўль, — сказаў Карл. — А па-нашаму «заторкніся».

— Ціха, хлопцы, ціха.

— Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.

Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.

— Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі — не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б’е да смерці, але таго, хто ўпаў — не б’е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я…

Навісла цяжкая паўза.

— Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць — не хачу. Гонар губляць — тлумачыць — не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць — не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць — не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі — не хачу. «Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец». А я немец, немец! Немец, чуеш ты?!

Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч.

— Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, — глуха сказаў Карл. — Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе — і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша… Вязуць нас параходам…

— Чакай, — перабіў я. — Які параход! Не «Пугачоў»?

— Ён самы. А-а ты чаго?

— Так, нічога, кажы далей.

— А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам…

Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў — нельга было.

…Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:

— Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.

— Агонь згас, — сказаў Фінеес. — Подаўна ўжо.

…Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.

— Ну як? — Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі

— Знялі пост. Дзве гадзіны таму.

— Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.

Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур’ян.

…Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.

Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі — хітрыя чэрці! — так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што «падвальныя» перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.

Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.

Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з «макаронамі», нямецкім порахам.

8
{"b":"829355","o":1}