— Угм, — сказаў Раланд. — Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.
На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.
— План разраблялі, гады, — сказаў Карл.
На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.
«Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка — акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай».
«Нямецка-фашысцкая морда Карл…» Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне «суд народаў» прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.
Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:
«Наша справа справядлівая — перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!»
— Бачылі? — спытаў Ролік.
Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.
— Ну, гадаўё. Я ім «нямецка-фашысцкую морду» пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:
— Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, — дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то… Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што дай такой свалоце волю… Гэта ж капо[2] растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.
— То што? — спытаў Жэнька. — Развалім проста? Разбурым?
— Э, не, — падумаўшы, сказаў Ролік. — Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл — за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.
— Дзеля чаго?
— Дзеля цягі.
Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.
Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).
— Каб гарэла зырчэй, — растлумачыў ён.
Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.
— Патроны возьмем? — спытаў Навум.
— Патроны самі знойдзем, — адказаў Ролік.
— Правільна, — сказаў праз зубы Карл, — яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.
Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.
— Слухайце, — сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, — тут яшчэ дзесяць… пятнаццаць… дваццаць чатыры ракеты.
— Валачы іх сюды, — сказаў Ролік.
Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.
Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.
— Падпальваць, ці што? — спытаў Навум.
— Э, не, — сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, — без бікфорда — гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей.
— Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? — спытаў я.
— Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.
Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.
— Парадак. Прыдатны.
Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.
— Ну, з богам.
Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма «шанхаямі», узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.
— Пайшло, — са здавальненнем сказаў Ролік, — зараз як пачне пластаць.
«Пластаць», сапраўды, пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.
— Нічога, хлопчыкі, нічога, — кідаў Ролік, — вось ім, вось.
Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.
Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.
— Што такое? — спытаў старэчы голас.
— А чорт яго ведае, — адказаў бас. — Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?
— А ракеты?
— Ну, можа, фуліганнё… Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі.
— Не кажыце. Развялося — хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія «малаточкі», цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка… Ведаеце, пажылая… То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. «Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?» — «А малаточкі?» Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.
Яны засмяяліся.
— Чорт ведае, што гэта, — сказаў бас. — Падазроная нейкая гісторыя… А ўсё ж прыгожа, га?
— Прыгожа… У міліцыю заявіць трэба.
Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў запеклы бой. Снапамі ўзляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела паралельна зямлі між двума кастрамі дроваў і зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі шарахнуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя. Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху.
I тут нешта глуха вухнула — абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі, не ведаю, як там атрымалася. 3 ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай.
Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было ўдаць, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі.
— Ролік, хлопчыкі, вы? — пачулі мы шэпт.
— Нонка, Ліза.
Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насавіком пляму сажы на Ролікавай шчацэ.
Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас — аблічча ягонае тарганулася: зразумеў.
Узняў з зямлі ўламак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь.
Вочы ў яго былі белыя ад ярасці.
— Ну, трымайцеся.