Над песняю кацілася ласкавае добрае сонца.
Встань, козаче, ти проснися,
На Вкраїну подивися,
Вже сідельця твої згнили,
I стремені вже потліли,
Орли очі повиймали,
А татари шаблю взяли.
Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.
Візьми, мати, піску жменю,
Посій його на каменю:
Коли ж отой пісок взійде,
Тоді твій син з війська прийде.
Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.
— А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так. Здра.
— Кінь вярзці, — сказаў Ролік. — Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.
I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі… ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:
Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова.
Зостається кінь вороний, золотая зброя;
Зостається кінь вороний, зброя золотая;
Зостаються дітки малі, жінка молодая.
Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка — голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.
Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба — я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае:
Зостаються дітки малі з жінкой молодою.
Беруть коня осавули, товариство — зброю;
Коня ведуть, зброю несуть, кінь голівку клонить,
Молодая полковниха білі руки ломить.
Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.
— Н-так, — сказаў Ролік. — Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?
— Та-а, — засаромеўся Багдан, — я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала — сам не ведаю.
Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:
— Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.
Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, што праўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.
— Людзей няма, — сказаў Дзмітрэнка. — Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.
Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.
Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць-дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які — невядома як, на чым і нашто — вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.
— А што, як пясок папаўзе? — спытала Лізка,
— Дурнічка, — сказаў Ролік, — ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець… Вось глядзіце, што я тут заначыў.
Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.
— Хлопцы, — сказаў я. — Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое…
— Глупства, — як з бочкі сказаў голас з пячоры.
Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.
— Н-на, — сказаў Багдан. — Як выславіўся б Жэнька: «вуаля».
На брызенце ляжалі нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два «вінтары».
— Так бы мовіць дзевяноста першага дроб трыццатага, — сказаў Ролік і палез зноў.
На гэты раз з’явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, нешта каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, «фенек».
— Н-нішто сабе, — сказаў я.
— Ну вось, — Ролік устаў з кукішак. — Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі… Ты, Нонка, ідзі унь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Унь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілько, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць каціная. У выпадку, калі прыйдуць, падкрадуцца — свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.
— Чаго гэта я на шухары стаяць буду?
— Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.
Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такою шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.
XII
Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варушыўся малады шыза-зялёны палын. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху схожы на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялёсыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.
Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:
— А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.
— Чым? — спытала Лізка.
— А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае.
— Ну, і хрэн з ім, — сказаў Багдан.
3 вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, «абеліскамі» і «пірамідамі». Увесь гэты дзіўны, нібы з чужое планеты, свет.
Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго вінтара знайшлі.
Было ціха. Пахнулі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца з намі.