Литмир - Электронная Библиотека
A
A

А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.

Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.

I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка — і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.

— Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая.

Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.

— Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!

Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе.

— А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай. — А сам, ведаючы, што гэта ў апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.

— Не. Не. Позна ўжо. Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю. Не.

Закалацілася яшчэ няўцешней.

— Ой, Васілько, Васілько. Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый… Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.

— Кінь, кінь ты. Што, каму, за што дараваць, дурненькая?

— Даруй.

Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытацца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.

— Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць. Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.

Рукі мае дрыжалі ад болю, падзякі і пяшчоты. Усё яе цельца калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але й самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:

— Дарагая мая… Любая мая… Мая добрая…

…Ачуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.

Кіяўляне са смешачкамі перадавалі такую, нібыта «праўдзівую», гісторыю. Уладзімір са сваёй горкі крычыць Хмяльніцкаму:

— Багдане, гоў!

— Чаго табе?

— Кінь сваю булаву.

— Нашто?

— Пары. Такую корчму, такі шалман развялі, што я вжэ більшэ дывытыся не можу. А крыжам іх ганяць нязручна.

Ого, паспрабаваў бы ён на мяне з Нонкай. Я так бы ім, бронзавым нават, усыпаў.

Я думаў так. I гэта было праўда.

Я памятаў, што адвёў Нонку дамоў і доўга яшчэ стаяў з ёю ў зарасцях бэзу перад пад’ездам. Але што было пасля — не памятаю, хаця забі. Нейкія завулкі, дрэвы паркаў, руіны і зноў паркі, начны, паміраючы ў вуліцах крок, і туман у вачах, і нейкія дзіўныя, лепшыя ў свеце вершы, якія я мармытаў, і чытаў уголас, і цяпер начыста забыў.

Багдан узвышаўся нада мною. А я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакіну і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыў. Шмат год яны будуць лунаць гэтымі завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. I яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі.

XI

Ранішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае — ці, можа, гэта туман адліваў вясёлкай? — яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых. Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з’явіліся гожы торс у белай майцы і гожая ускудлачаная галава.

— Ты што гэта, забыў? — вызверыўся Багдан. — Стаіць сабе яшчэ голы ды азадак чухае. Заработаўся, пад носам мух лавіўшы.

— Ага, — сказаў кісла Жэнька, — маці порткі замкнула.

Выгляд у яго быў засаромлены і злосны. I крыўдна яму было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.

— У трусах, — сказаў Карл.

— Ага, а яна замкнула дзверы.

— То злазь па рыне, — нецярпліва кінуў Ролік. — Месяц жа назад спускаўся.

— Ага, бач, тры звяны выпалі. У апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.

— А вяроўкі няма? — спытала Нонка.

— Ага, матка бялізну на гары павесіла.

— Так, брат, становішча бязвыхаднае, — сказаў я.

— 3 чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну, добра, сядзі. Калі скамандуюць «на выхад з рэчамі» — бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?

— Ведаю, — безнадзейна сказаў Жэнька.

…Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю, цяпер можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша — дзіцячая, што план наш — дурацкі, што мы не дабяромся, можа, і да Жытоміра, а не тое што да Львова ці да фронту — і асабліва са зброяй, — што нас пераловяць, куды раней чым мы бандытаў.

Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснаццаць год. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа гэтая, як ні дзіўна, не здавалася такой ужо безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы.

…Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава — продкі называлі такую на ўсходні лад «буздыган», — расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.

Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.

I яшчэ ўбачылі… Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.

— Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.

Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:

— Добра, ідзі.

Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.

Мы ішлі на сонца.

Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.

— Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, — са шкадаваннем сказаў Ролік. — Аж кідаць горка.

…Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.

Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзіць там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, дый перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:

Ой, за темними лісами
Лежить козак застреляний,
Лежить козак застреляний,
Ще й крівльою обілляний.
Нема кому потужити,
По козаку подзвонити.
Дзвонять коні підковками,
А козаки шабельками,
Чорний ворон крилоньками,
А матінка — слізоньками.
17
{"b":"829355","o":1}