Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат — звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта «старарэжымнае», накшталт: «Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?»

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх «Агнёў вялікага горада»? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?

Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:

— На фронт цяпер трапіць — і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.

— То што?

— А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў «ястрабкі».

— Табе «ўцячы», а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, — сказаў я.

— Дый тут не дужа ўцячэш, — уздыхнуў Дзмітрэнка. — Вернуць і адтуль, як з фронту.

— Так, — сказаў я, — абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.

— Чаму няма? — загадкава ўсміхнуўся Ролік. — Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.

I раптам кінуў:

— Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. — I толькі тут «звярнуў увагу» на Нонку. — Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

— А я не за вамі, сокіл ты мій, — Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. — Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу — туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

— Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.

Ох, яблучко,
Ди

ïз

Гапоні

ï

, —
Дівки з нашого двора,
Як півоні

ï

.

— Тожа мне півоня, — буркнуў Багдан. — Пустазелле ты. Піво-оня!

— Анягож!

— Ды кінь ты яе, хай хваліцца, — сказаў Жэнька.

Ох, яблучко,
Ди

ï

з Гамерики, —
Хлопці з нашого двора,
Як вареники.

I растлумачыла:

— Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

— Ой, вушы надзяру, — сказаў Ролік.

— А ты спачатку наздагані.

Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.

Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы — амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.

— Чорта яе дагоніш, — прысаромлена сказаў ён. — Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.

…У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, «бычыная кроў», якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт «за мяцежны дух»: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.

Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы — правал дзвярэй — і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.

— Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, — сказаў Ролік. — Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню… Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.

I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.

— Трамвай! — крыкнуў Жэнька. — Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.

Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.

Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

— Хто пячору выкапаў? — спытаў я.

Ролік хмыкнуў.

— А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? — насмешліва спытаў Жэнька. — Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

— Культурны, — сказаў я. — I часта ж яны вам у косткі даюць?

— Чаму? — прабасіў Багдан. — Мы часцей.

— Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

— Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: «роўныя сілы».

Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з’явіліся, што горад, значыцца, ажывае.

— Слухайце, хлопцы, — сказаў раптам Жэнька, — ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем — тут ужо яна — наша.

Мы з абыякавымі мінамі пачалі праціскацца наперад. Трамвай замаруджваў свой бег: закалаціліся, зазвінелі ацалелыя шыбы. Унутрана мы трыумфавалі. Ну і задамо мы зараз ёй дыхту! Не балюча, а так, каб ведала, як смяяцца з вышэйшай пароды.

Чорта з два!

Трамвай яшчэ ляцеў ваўсю, але яна, відаць, заўважыла наш дэмарш, спакойна адсунула дзверы, узялася за парэнчу і, спінаю назад, як хлопец, як сапраўдны ас гэтай справы, скочыла на брук. Прабегла метраў дзесяць і, па крывой, выскачыла на тратуар, адкуль і паказала нам ружовы, доўгі, вельмі ж агідны язык.

Нас пранесла ўжо метраў на трыццаць, і скакаць цяпер не было сэнсу. Усё адно не дагоніш. А Нонка ўжо кінулася бегчы, каб не адстаць ад трамвая, не згубіць нас.

— Во, чорт! — бурчаў Багдан. — Во, халера! Во, чартоўка! Змяюка гэткая!

— Так, — сказаў Ролік. — Што ні кажыце, хлопцы, а нешта ў гэтай заразіне ёсць. Хоць і дзяўчо.

Мы вылезлі — Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.

I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.

На рагу бульвара і Крашчаціка — я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта — быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі — і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.

Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца.

3
{"b":"829355","o":1}