— У-утрымаю, — раптам зноў ціха заплакала яна.
— Ну-ну, не плач, — грубавата сказаў Багдан.
— Не, не, скажыце, што вы гэта пажартавалі.
Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы.
— Я з вамі хачу. 3 табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!
— Дурнічка, — сказаў ён, — мы ж цябе шкадуем.
— Я не хачу, каб шкада… — хліпала яна. — Я з табой. Цябе там забіць могуць, а я… Хлопцы, чым жа я вінаватая?
— Раланд, — сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым, — гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакінуць у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?
— Яна пасля сама зразумее, — сказаў Дзмітрэнка.
I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота — цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля як дарослая:
— Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна — не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што вы мяне адпіхаеце, — пальцы яе камячылі ражкі хусткі. — Справядлівасць ваша. Не лепшыя вы за тых. Толькі што словам б’еце. А мне лепей бы прыкладам, не так балюча. Бо я вам адным верыла, адных вас любіла. Няхай. Вайна дабівала — не дабіла, а вы сваёй справядлівасцю дабілі, дапамаглі… А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б… Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінуць. Іначай чаго б так добра… да мяне.
Устала. I тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.
— Ну, бывай, Ліз… Я… я асабіста цябе ўзяў бы. I не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён… камандзір.
— Ненавіджу яго, — з сухімі вачамі сказала малая.
— Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў. Бывай.
Узяў у далоні яе галаву.
— Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу — вораг? — яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.
— Я — не вораг. Бывай.
I ён… пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты — дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, — а можа, таму, што зразумела нешта?
I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці.
…Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.
— Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? — спытаў Навум.
— Ну, — Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў убок.
— Тады — свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?
— Ну, — суха сказаў Дзмітрэнка.
— А я занадта добра бачу. I подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу…
— Ну, і яшчэ чаму?
— I яшчэ таму, што… Таму што… А-а, — Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся. — Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я…
— Мае рацыю, — сказаў Карл. — Каб мы з гэтага дня не камрады — я б вам морду набіў. — I дадаў пасля паўзы: — Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.
— Ты прабач.
Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.
Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.
— Быдла ты, — сказала Нонка. — Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.
«Як пашалелі яны ўсе, — падумаў я, — хто з-за сукенак, хто з-за портак. Проста масавае вар’яцтва нейкае».
Мы пайшлі ад агню ў ноч.
X
— А мы не пашалелі? — сумна сказала Нонка. — Усе пашалелі, а я болей за ўсіх.
Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх, агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.
— Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз — не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо — напалам. Зор — у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду — шолах, нібы нехта гоніцца. Стану — і той стане. Пабягу — і той за мною бяжыць. I ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол — ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей няма каму. Яны! Славутае паўночнае «голас зор», або «размова», ці «песня» зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум — дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталікі лёду адзін аб адзін шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. I хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў — менавіта зразумеў, што канец будзе. I развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле. Бог — і той слядоў не знойдзе.
— А цяпер баішся?
— Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тым, аб чым тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.
— Удваіх? — спытала яна.
— Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань… Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было… Можна мне цябе пацалаваць?
— Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.
Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае — ад безлічы зор — неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.
…Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае «мая».
Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе — нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.
Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.
— Ты што?
— Нічога, — сказаў я. — Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! I твае валасы, і ўсё… I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне — калі хочаш, а сябе — не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.
— Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы… вось… вось так. I, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.
Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.