— Вось мы іх дапаможам узгрэць, аддубасім, каб яны і праўнукам забаранілі, а пасля вернемся. Сумленне ў нас тады ўжо да самага канца будзе спакойнае. I мы гэты спакой страшэнна будзем берагчы. Аніразу ў жыцці не збрэшам.
— I другім не дамо, — сказаў я.
— А ўжэ ж. Несправядлівасці ніводнай не пацерпім. Каб гэта каму было цяжка, каб нехта заплакаў ці, крый божа, з моста галавой кінуўся — гэта ані. Толькі, як мы, па сваёй ахвоце. Друз гэты расцягнем. Гарадоў такіх набудуем — усе дзівіцца будуць.
— I ў кожнага чалавека тысячы кніг.
— Ага. А каб у каго ў жываце бурчала — не. Усе будуць сытыя, добра апранутыя. У кожнага свой пакой, каб іншыя да яго не лезлі, як не захоча. Хочаш — чытай, хочаш — сталярнічай ці караблі выразай. I ніякі задавака, ніякі нудзяр да цябе не палезе з вышыні загадваць: «рабі тое, не рабі гэтага». I на кожным кроку — хочаш — сасіскі з хлебам, хочаш — каўбаса. А мы ідзём і толькі: «Сёння мне гэтага не хочацца, давай лепей вады возьмем, з сіропам, і піражкоў з павідлам». I кіно паўсюль добрае ідзе, цікавае, кепскага проста не робяць, як зараз.
— Ну. I людзі ўсе прыгожыя, моцныя. Бо няма чаго ім баяцца. Ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін, ні свалоты. Ніводнай сволачы на свеце — гэта ж здорава, Ролік, га?
— Так здорава, што аж не верыцца, — Ролік часам злоўжываў іроніяй, як многія ўкраінцы. — Але ж будзе. Нашто ж тады столькі крывішчы пралілося?.. I як цудоўна мы зажывём! Дзяўчаты якія з намі дружыць будуць!
Схаваў сплеценыя пальцы рук між каленяў.
— Як добра мы будзем жыць! I жыццё будзе якое цудоўнае! Якое жыццё!
IX
3 часу той размовы на даху мы не звярталі ніякай увагі на Нонку. Помсцілі пагардай. Ведаю, што гэта было непрыгожа пасля агульнага абажання, было нават проста жорстка, але што нам заставалася рабіць? Сама вінаватая. Не вадзі людзей за нос.
Затое высунулася на першы план наша «бедная Ліза». Наша ранейшая папялушка. Невялікага расточку — відаць, ад сістэматычнага трохгадовага недаядання, — страшэнна худзенькая. Няма на што глядзець, верабей, дый толькі. Але кожнаму, хто глядзеў на яе мяккія, крыху павольныя рухі, на зусім неўласцівую падлеткам грацыю хады, на залацістыя валасы і глыбокія, дабрэнныя сінія вочы — кожнаму рабілася неяк лягчэй на сэрцы, што вось ёсць жа на свеце гэткія рахманасць і добрасардэчнасць.
Спагадлівая яна была да святасці, наіўная і легкаверная да таго, што не карысталіся гэтым дурні ды сумленныя. I яна нібы зусім не звяртала ўвагі, калі даводзілася кепска ёй, але не магла без глыбокай крыўды, агіды, часам нават гневу глядзець на тое, як мучаць несправядлівасцю ці жорсткасцю іншых. Усё адно, хто б гэты іншы ні быў: чалавек або верабей…
— Падзвіжніца расце, — сказала аднойчы пра яе мая цётка, — на ўсё жыццё выйгрыш для нейкага шчаслівага чалавека. Ды толькі няшчасны лёс у яе будзе. Ужо зараз яго рыхтуе. Вам жа зусім іншыя патрэбны. Каб пасадзіць на прыпечак і ў спіну цалаваць.
Аднойчы мы ўбачылі, як вялікі падлетак трымае на вяровачцы звязанага за заднія лапы крата. Ён нібы «адпускаў» звярка — і той за лічаныя імгненні зарываўся ў зямлю, — а пасля выцягваў яго за вяровачку.
— Куд-ды, эсэсаўская твая морда! Хоць у зямлю зарыйся — і адтуль дастанем.
I зноў адпускаў і выцягваў. I зноў.
Я глянуў на Лізку і ўбачыў, што ў яе гаротна дрыжаць бровы. Дагэтуль я, хаця мне й было брыдка, не збіраўся ўмешвацца. Падумаеш, крот?! Тут людзей колькі пабілі-паразвешвалі. Але ў такія хвіліны нельга было глядзець на малое дзяўчо без пачуцця самага вострага жалю.
— Кінь крата.
— А табе якая сабачая справа? — Хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанстве і беспрытульніцтве. — Ты валі адсюль, рыжы, пакуль порткі…
Я быў бялявы з залацінкай, а зусім не рыжы і таму развярнуўся і ўрэзаў яму так, што ён знік, толькі пяты стырчалі з-за бервяна.
Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: тараканаў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.
Яна дрыжала ад агіды і ўсё ж разблытвала:
— Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там. Пад зямлёй.
Урэшце, яна пусціла чорны камячок, і той, паляжаўшы хвіліну і, урэшце, паверыўшы, бліскавічна закапаўся ў зямлю.
— Ну што, — сказаў я хлопцу, — досыць ці яшчэ хочаш?
— Кінь яго, — раптам сказала Лізка, — дурань ён проста. Ну вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі, — ну і спаймаў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Сам як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям’ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. I хата ўсё мацней гарыць… Гэх ты, свіння…
Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю.
…I вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. I весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.
Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.
I малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць змятыя яшчэ крылы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе, збольшага, усё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой сабачай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. I асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда:
— Ролік сказаў… Ролік зрабіў… А Ролік думае пра гэта так.
Нам добра было хадзіць з ёю, сядзець на камянях і боўтаць нагамі ў Дняпровай вадзе, лавіць рыбу і, загарнуўшы яе ў некалькі слаёў газеты, пячы, закапаўшы ў жар. Верхнія слаі газеты згаралі, а да ніжніх не даходзіла ні паветра, ні агонь. I мы раскручвалі празрыстую ад тлушчу паперу і елі рыбу гарачай, густа яе пасаліўшы. Падпечаную, чырвоную, храбусткую. I, вядома, лепшыя кавалкі аддавалі Лізцы. Мы ўсе былі худыя і жылаватыя, як харты, хоць ты хрыбет праз жывот абмацвай, але яна была худзейшая за ўсіх, ды яшчэ і слабенькая. Ёй трэба было куды болей есці.
Малады голад вечна пакусваў нас вострымі зубамі, часам грыз. Ежы патрабавалі нашы мускулы, нервы, мозг, тое, што мы — будучыя мужчыны. I таму мы почасту елі ўсялякую дрэнь: лопух, гарчычкі, сцябліны травы — маркоўніка. I нічога з намі па гэтай прычыне не здаралася.
Божа мой, каб мне зараз такі воўчы голад! Гэта было б шчасце.
…У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета — ці можа ранняй восені? — мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэка. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі краямі і дном, што парасло пустазеллем і хмызамі, заглядалі і зрэдку ранялі ў яго першыя жоўтыя лісты. Асфальт увесь пайшоў расколінамі, праз якія выбіваліся таполевыя віцы, і шышкамі, пад якімі да часу хаваліся шампіньёны; там-сям шышка ішла трэшчынамі, развальвалася, і грыб вылазіў на святло. Паўсюль было ўвяданне і запусценне, і паўсюль, аднак, буяла і лезла на свабоду прыгнечанае, але бязмерна-моцнае, упартае жыццё.
— Калі ўцякаць, то зараз, — раптам сказаў Ролік. — Пасля будзе позна. Восень не сёння-заўтра, халады.
— Рацыя, — падхапіў Навум. — А то мы гэтых гадаў не дагонім.
— Чаго чакаць? — сказаў разважліва Багдан. — Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. I, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.
— Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць? — гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы. — Заўтра Ролік вось у «слупы» па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра — ф’юць…