Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Адна палова двара — уздоўж — была значна вышэйшая за другую. Узгорак, што яднаў адну з другой — то стромы, то спадзісты, — зарос дзікай вішняй, рэдкай абламанай акацыяй, нейкімі іншымі хмызамі, і травамі, і паслёнам, які на Паволжы і ў Арэнбургу, з якога я прыехаў, вельмі недасціпна называюць бзнікай.

I вось, калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай… Амаль адразу наверсе зашапацеў бур’ян.

— Гэй, аддай стралу.

Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры — аж цэлых тры! — хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з правільна круглай галавой. Усмешка ў яго была — дзіва якая белазубая і прыгожая, вочы — пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя, у іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень.

— На, — кінуў я яму стралу. — Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?

Другі, танклявы і цыбаты, дужа ладны тонкім інтэлігентным абліччам, з сінімі доўгімі вачамі і тонкім, са згорбінкай, носам, сказаў круглагаловаму:

— Я ж казаў, Ролік, каб глядзелі. А раптам даросламу ў галаву? Міліцыянеру?

Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць «мужыкамі», «дзядзькамі» і «старымі» — ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынёю, лук, — паглядзеў на мяне невялікімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:

— Міліцыянеру? — і паціснуў плячамі. — У галаву?

— Калі, скажам, дзіцёнку, — сказаў я, — дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?

— Ну, занадта разумны, — прабасіў «мужычок». — Лезь сюды.

Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур’ян.

Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:

— Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.

— Не з Чкалава? Не з яўбаза? — спытаў гожы.

— Што такое?

— Яўбаз. Яўрэйскі базар… Ясна, не адтуль, — сказаў «мужычок».

— Не з Падвальнай? — пытаў Круглая Галава. — Не з Фундуклееўскай?

Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:

— Што такое Фундуклееўская?

— Ну, цяпер вуліца Леніна.

Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку — з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.

А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі…

— Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?

— Кіньце, хлопцы, — сказаў Ролік, — ясна, нетутэйшы. Адкуль?

— Я з гэтага двара.

Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.

— А-а, новенькі, — сказаў «інтэлігент». Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?

— Угм. Пляменнік.

— А ён куды адразу з’ехаў? Ён хто?

— На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў.

У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі.

— Фф-ю-у. Якога? — спытаў Ролік.

— Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.

— Ваенная тайна? Задавака, — сказаў прыгожы.

— А я вось табе дам, — устаў я.

— Кінь яго, Жэнька, — сказаў «гожаму інтэлігенту» Ролік. — Кінь яго, Багдане. Не хоча — не трэба.

I тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур’яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:

— А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. «Мышы, кажуць, заелі». То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі — на перакладзінкі. Яны мілуюцца: «ах-ах», а ён узяў і наваліў туды…

— Дык ты адно гэта і ведаеш? — з пагардай спытаў «мужычок» Багдан. — Як кот…

— Не, — азваўся галасок з бур’яну, — я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі — татарын, ці бурат, ці алтаец… Патракоў прозвішча…

— Не таранці, — сказаў Ролік. — Дзела кажы.

— Казаў… Першага Беларускага фронту.

Хлопцы зарагаталі.

— Ну вось, — адсмяяўшыся, сказаў Ролік, — …ваенная тайна. Адкуль?

— Беларус.

— Браты ёсць?

— Былі. Многа. I родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала хто застаўся.

— Немцаў ненавідзіш?

— Пытаеш яшчэ.

— На фронт уцякаў?

— Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.

— Я таксама, — уздыхнуў Ролік, — тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць — хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.

Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.

— Цябе як клікаць? — спытаў круглагаловы.

— Васілько Стасевіч, — адказаў я.

— Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?

— А чаго тут разумець?

— Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ — у Полтаві ж галушкі.

— Багдан Цар, — адрэкамендаваўся «мужычок».

— А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.

— Яўген Кульба, — ляснуў босымі пяткамі прыгожы.

Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым — гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.

I тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву — чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад — і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар’яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.

— Здароў, хлопцы, здароў, новенькі. А божа ж мой, белы які. Ну, белы які.

— Зноў ты тут, — з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан. — Зноў вяжашся.

— I не да цябе. I зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.

Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.

— Я Нонка Юніцкая.

Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька — на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было — жах як «па-малдаванску» і дзіўна, жах як прыгожа.

Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).

— Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі. — I з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: — Біцца ўмееш?

— Нонка, — пагрозліва ўзвысіў голас Раланд. — Глядзі-і. Хто тут атаман?

— Хе. Тэж мне, Раланд — атаманд.

— Цыц! — Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр. — Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?

— Угм.

— Плаваць?

— Збольшага.

— То ходзімо на Дніпро. — Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.

II

Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.

2
{"b":"829355","o":1}