Бяжыць на вятры лаза, бягуць воды. Шуляк кружляе ў сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.
Ворон помнив Остряницю й Хмеля,
Над Полтавським боєм кружеляв.
Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.
Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.
Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.
Твой названы брат
У Царградзе дальнім сеў на палю.
Кліча брат Мушкета у Царград…
Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць у сон.
Выбух!!!
Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду — такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, — вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.
Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.
Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.
…Я так і не ведаю — і ніколі ўжо не зведаю, — што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных «сюрпрызаў». Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з’яднаныя «ў сець», і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля «забытых» рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была «падключана» да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.
Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным — на палову цагліны — мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.
На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё дзеці.
Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.
Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.
А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён «слупоў» быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.
А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы… Вось і ўся гісторыя.
Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу, і я дагэтуль кляну сябе за гэта… Хаця… што я мог зрабіць?
Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. I яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.
Яны караскаліся на схіл. I тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад карэннямі каштана. I той нахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонкі, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты — тром чалавекам не абхапіць рукамі — струмень пяску, і апракінуў, і накрыў Роліка.
Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яра яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.
Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсёй кромцы пасткі).
— Багдане, Навуме, — даляцеў да мяне голас Карла, — трымайцеся.
Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. I яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.
На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела нечым. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны.
Мільганула на паверхні белая галава Карла… Пасля Навума… Зноў Карла… Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў, разам з пяском, да іх:
— Руку! Руку! Хлопцы, руку!
Яго накрыла з галавою. I тут я пачуў адчайдушны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка:
— Ролік! Ро-о-лік!
Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з’явілася галава нашага атамана.
Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.
Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу стала цемра.
…Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.
Я паспрабаваў устаць. Але цела калацілася, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.
Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.
— Ліз! Лізхен! — Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: — Ах-ха!
Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з’явілася адтуль тоненькая рука з блакітнымі — я з жахлівай яснасцю бачыў гэта — жылачкамі.
— Лі-із!!!
I тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.
Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.
Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.
I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.
— Хло-оп-цы! Хлопцы!!!
Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:
— Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!
…Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.
Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.
…Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.