Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.

— Ну до ўжо, до, — сказаў ён. — Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.

— Ды я і сам не хацеў бы, — сказаў Алесь. — Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.

Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.

Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.

— Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, — сказаў Раўбіч. — Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб'ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.

— Зробім, — сказаў Мусатаў. — Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.

Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.

«Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, — думаў Алесь, — запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць».

І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. «Не выпендзам, але бардзо проша». Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.

— Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, — сказаў Алесь.

— Што-небудзь ведаеце? — спытаў Мусатаў.

— Нічога не ведаю, — сказаў Алесь. — Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму…

— Хто іншы?

— Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі — ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, — перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра… Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.

— Чаму мяркуеце так?

— А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.

— Аблічча не запамяталі?

— Чаму ж не, — Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. — Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае… Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя…

Мусатаў збялеў.

— Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.

Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.

— Здорава гэта ў цябе палучаецца, — сказаў ён. — Выручыў… Зарэзаў ты мяне без нажа!.. Шаха цяпер адсылай… І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.

— А хто на чужую карысць брэша? — сказаў Алесь.

— Т-так.

— Нічога, дзядзька, заплацім.

Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.

— Хочаш — заставайся, — з нечаканым парывам сказаў ён. — Не ездзі.

— Не, — сказаў Алесь, — вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.

— Горды, — сказаў Раўбіч, — так і не даруеш?

— За што? У вас свае справы, у мяне — свае.

Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.

Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з'яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.

Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць «па-сапраўднаму».

— Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта — ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць — выключная. Ну, пагналі.

Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.

— Кастусь табе нічога не піша?

— Прыслаў нядаўна ліст… Ён са мною.

— Кастусь спадабаўся мне, — сказала Майка, — ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.

— Ну і цябе, канечне, — засмяяўся Алесь.

— Сакрэтаў у лісце няма?

— Няма.

Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.

— Прыгожа піша, — сказала Майка.

— Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай:

«Дарагі Алесь!

Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я — бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.

Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна — дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі — дзіва. І горад — дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі… Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае — прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі».

— Як гэта ён не баіцца? — перапыніла Майка.

— Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось:

«Каб вочы маглі спапяляць, — адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?

Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара — Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей — гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта — галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.

85
{"b":"829351","o":1}