Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Што з табой?

— Так, — апусціла яна вейкі.

— Ты робіш мне балюча. А я помню цябе.

— Хіба?

У адказ ён распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.

— Вось твой медальён.

Разам з жалезным ланцужком пацягнуўся і залаты. Ён быў прывязаны да жалезнага ланцужка. Калі Загорскі ўзяў Майчын медальён на далонь, залаты саслізнуў з далоні і захістаўся ў паветры, звісаючы між вялікім і ўказальным пальцамі.

Амулет старога дзьмутага золата, цьмяны і зіхоткі. А на ім Коннік з дзіцячым, нібы апухлым, тварам бароніць Авечку ад Льва, Змія і Арла.

— Усё як раней, — сказаў Алесь. — Высакароднае жалеза, а ў ім пасма тваіх валасоў і надпіс па-беларуску… Твой… Першы… Ты помніш вярбу?

— Не, — сказала яна раптоўна нейкім жорсткім, нібы не сваім, голасам. — Не ўсё, як раней.

У першую хвіліну яна бадай што ўзрадавалася, а потым у радасць пракраўся боль. Яна сама не ведала, што з ёю.

— У цябе яшчэ адзін, — сказала яна. — Чыстае наша жалеза змяняў на золата.

Ёй чамусьці хацелася яшчэ раз уразіць яго. Яна не магла іначай, так з ім было цяпер няпроста.

— Вядома, — сказала яна, — хто ж будзе трымацца звычайнага жалеза? Каму яно цяпер патрэбна?

— Я…

— Не трэба мне твайго «я». Барані сваю Авечку, якая першаму-лепшаму дорыць трохсотгадовыя фамільныя медальёны.

— Міхаліна, — сказаў ён, — калі ты будзеш так…

Яна не адказала. Крутнулася. Пайшла тэрасай. Усё хутчэй і хутчэй. Ноч і святло з акон, чаргуючыся, беглі на танюткай постаці.

І пачаўся здзек.

…Гулялі ў загадкі. Вяла Майка. Той, хто адгадае, меў права пацалаваць тую паненку, якая загадвала. Франс Раўбіч і ненатуральна ажыўлены Мсціслаў так і сачылі за вуснамі Ядзечкі, калі надыходзіла яе чарга.

— Ядвінька пытае, што расце без кораня, а людзі не бачаць.

Маўчанне.

— А галоўныя ворагі — слімак і порах, — дадала Міхаліна.

Франс і Мсціслаў аж нагамі капалі. Алесь даўно здагадаўся, але не хацеў перашкаджаць ім.

Майка залілася смехам. Ён гучаў весела і трохі здзекліва, асабліва пасля таго, як яна зірнула на Алеся.

— Панове, — сказала Майка, — што ж вы, панове? Некаторыя амаль скончылі гімназію.

Гледзячы ёй у вочы, Алесь нядбайна кінуў:

— Камень. Камень расце без кораня. Порах разбівае яго звонку, камень слімак точыць знутры.

Ядзечка працягнула яму вусны. Маладым людзям накрылі галовы вэлюмам. Зайграла на хорах скрыпка. І ў снежным паўзмроку Алесь убачыў, як апусціліся веі колішняй лялькі, і зразумеў, што ён не абыякавы для яе.

Калі вэлюм з шолахам споўз з іхніх галоў, Алесь заўважыў насцярожаныя вочы Франса, сумна-ўсмешлівы позірк Мсціслава і яшчэ вусны Міхаліны. Куточак Майчынага рота прыўзняўся вышэй, чым звычайна.

Алесь зірнуў у вочы Мсціславу і павольна апусціў павекі на знак таго, што ён усё зразумеў.

— Загадка пра чалавека, — сказала Майка. — Задаю я.

Загорскі бачыў звужаныя, чымсьці нядобрыя вочы.

— Божанькаў лянок, — сказала Майка, з ходу вяжучы слоўную вязь, — звіў з ланцужком ланцужок. Змяняў жалеза на золата. Залатой шабляй хоча невядомую авечку бараніць.

Гэта было глупства. Няскладнае, нядобрае. Ніхто, канечне, нічога не зразумеў і не мог адгадаць.

— Гм, — сказаў Мішка Якубовіч, смеючыся чорнымі вачыма. — Божанькаў лянок — гэта, вядома ж, я.

Зарагатаў:

— І жалеза на золата я змяняў, узяўшы на год водпуск. І авечак ад мяне бараніць трэба.

Алесь глядзеў проста ў Майчыны вочы.

— Я, — сказаў ён. — Тлумачыць не буду, але я. Спадзяюся, панна Раўбіч не адмовіцца, калі ў сэрцах зямных дзяўчат засталася іскра шчырасці.

…На іхнія галовы накінулі вэлюм. Вежа здалёк глядзеў на ўсю гэтую гісторыю аж вельмі няўхвальна.

Алесевы вочы глядзелі ў Майчыны вочы. Між імі лёгка мог бы стаць трэці, так далёка стаяў Алесь.

— Дзякуй вам, Міхаліна Яраслаўна, — ціха сказаў Алесь. — Не бойцеся. Я проста скарыстаў апошнюю магчымасць застацца ўдвох. І потым, я ж павінен быў адгадаць. Проста каб вы ведалі, што я нічога не баюся і ні аб чым не шкадую.

— За што дзякуй? — ціха спытала яна.

— За сумленнасць. За тое, што нікога не пусцілі ў нашу дзіцячую таямніцу.

Убачыў разгубленыя вочы і скінуў з галавы вэлюм. Усе, напэўна, глядзелі з непаразуменнем на дзве постаці, што так і не варухнуліся пад флёрам. Ну і няхай.

Вэлюм споўз на падлогу. Алесь падышоў да Мнішкавай Анэлі і схіліў галаву. І, нібы ў адказ, з гонарам і павагай схіліў ля сценкі галаву стары Вежа.

…Усю астачу вечара яны танцавалі паасобку.

Спачатку Майку душыў гнеў і глыбокая крыўда.

Але потым яна ўспомніла, што сама дамаглася гэтага, успомніла той страх, які адчувала, калі Загорскі быў побач, успомніла, з якой радасцю, як збавенне ад смерці, адчула яна запрашэнне Якубовіча. І тады яна павесялела.

Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць мяжы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці.

Яна танцавала, і ёй хацелася танцаваць, як часам хочацца спаць у сне. І таму, калі раптам танцы скончыліся, калі запрасілі на вячэру, слёзы з'явіліся на Майчыных вачах. Так не хацелася гэтай непатрэбнай вячэры, так не хацелася траціць часу.

За вячэрай ап'яненне прайшло. Яна заўважыла, што Алесь так і не прыйшоў, не сеў за сталы.

Да канца вячэры знікла з-за стала Ядзечка. А потым непрыкметна, нібы іх і зусім не было, здолелі ўцячы Мсціслаў і Франс.

Мішка Якубовіч сядзеў насупраць, жартаваў, выскаляў белыя зубы. Чорныя вочы нахабна і дзёрзка смяяліся. І раптам Майка адчула, як нараджаецца недзе ў душы трывога. Яна не ведала, адкуль яна, трывога. Здавалася толькі, што губляеш нешта важлівае. Урэшце яна не вытрымала і, пад умольным позіркам вачэй маладога Іллі Хаданскага, паднялася з месца і пакінула застолле.

Выйшла на тэрасу — нікога. Абложаны хмарамі, нібы ў мяшку, глуха стаяў загоршчынскі парк. Зарніцы сталі ярчэйшыя. Яны шугалі і шугалі. Гэта, напэўна, ад іх рабілася нясцерпнай трывога.

Майка абмінала палац. Злёгку храбусцеў пад нагамі жвір.

Ад пляцоўкі з арэлямі даляцеў голас Ядзечкі:

— Алеська! Дзе гэта ты знік? Хадзі да нас. Мы гайдаемся.

— Ну і добра, — сказаў Алесь. — Чаго гэта вы, як маленькія, з балю ды на арэлі? Сукенку памнеш.

— Алесік, даражэнькі, глядзі, якая ноч! Якія зарніцы! Толькі і гайдацца.

Зарыпелі ў цішыні канаты: відаць, Алесь моцна налёг нагамі на дошку арэляў.

Майка падышла зусім блізка. У гэты момант успыхнула зарніца, і дзяўчына ўбачыла Алеся, які ўзносіўся галавою проста ва ўспышку.

Ён, здавалася, быў вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за слупы арэляў, вышэйшы за ўсё на зямлі.

Зноў успышка. І зноў ён высока. Ён адзін, бо Франс за ягонай спіною: відаць, уставаў на ніжняй кропцы плёту, штурхаючы чоўнік.

— Алесь! Алесь! Ну, ты проста як архангел! І галава ў хмарах! — крычаў Ядвіньчын голас.

— Архангел з рожкамі і хвосцікам, — смяшліва сказаў Мсціслаў.

Майка аперлася далонню на ствол ліпы. Сэрца ў яе падала ад адчування непапраўнасці таго, што сёння здарылася…

Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распрасцёртымі рукамі, пагрозліва цёмнымі вачніцамі і валасамі, што стаялі дыбарам над галавой.

— Глядзіце, — рыпенне ўплялося ў словы Франса: юнак, відаць, налёг на гальму, — Майка тут. Майка прыйшла.

— Сядзіш ты тут, Ядвінька, як квяціна ў крапіве, — сказала Майка.

— Гэта хто крапіва? Мы? — з пагрозай спытаў Франс.

Майка разумела, што ім з Мсціславам дрэнна. З неасэнсаванай варожасцю і за сябе, і за брата, і за Маеўскага яна адчувала, што Ядзечка дорага дала б, каб быць на арэлях удваіх з Алесем, што яна цягнецца да яго. А брату дрэнна. І Мсціславу з ягонымі сонечнымі вачыма — дрэнна. Ёй здавалася, што яна пакутуе галоўным чынам за іх.

82
{"b":"829351","o":1}