Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Трымаючыся за сонечнае спляценне, Алесь хістаўся на нагах і не мог дыхнуць. Усё вакол то цямнела, то святлела.

Лізагуб стаяў перад ім і цадзіў праз зубы словы, якія таксама то знікалі, то даляталі аднекуль здалёк, то раптам жундзелі нібы ў самым вуху:

— Слухай, ты, дзярмо… Ты, мужыцкая зязюля… Ты, бруднае беларускае быдла… Мы цябе для тваёй жа карысці трохі патопчам нагамі, павучым… А перад гэтым ты запомні мае словы… Кінь…

Загорскага ўрэшце адпусціла. Яшчэ імгненне — і ён задыхнуўся б. Неймаверна салодкае паветра ўварвалася ў грудзі. Пачало святлець перад вачыма.

— Юда! — з усхліпамі хапаў паветра Алесь. — Мразь!

У вачах стала зусім светла. І тут Алесь убачыў за спіною ў Лізагуба, у дзвярах прыбіральні, светлавокага Сашку Волгіна. Волгін стаяў, папраўляючы рэмень, і глядзеў на тое, што рабілася, з неўразуменнем.

— Ты слухай, — звягаў Лізагуб. — Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе… для памяці…

— Зап-омню, — упершыню выдыхнуў Алесь. — За-помню.

— Запомніш… Не вякай пра гэты свой «прыгон»… Не вякай пра гэтую сваю «Беларусь»… Ведай, хто цябе церпіць… Ведай, каму ты раб… Вялікай Польшчы, а не Маскве…

Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.

— Сашка, — сказаў ён. — Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!

Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.

У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.

І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.

Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.

І тады ён схапіў плявацельніцу і — з маху — пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і — у два пальцы — свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.

Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.

Унізе, на двары, а потым на сходах, нарадзіўся і стаў мацнець грукат соцень ног. Бліжэй. Бліжэй.

…Першае ўварвалася ў гулкі калідор, пабегла на гукі бойкі «Братэрства шыпшыны і чартапалоху». Ляцеў, як апантаны, Мсціслаў:

— Алеська! Братка! Сашка! Трымайцеся!

Лупілі за ім, рука да рукі, Пятрок Ясюкевіч і Мацей Біскуповіч. Цяжка соваў за імі цельпукаваты Усяслаў Грыма.

З маху ўдарылі ззаду. Алесь убачыў побач ясныя вочы Мсціслава. Мсціслаў раскідваў «арыстакратаў лёкайскай»… Грыма наскочыў на Дэмбавецкага, даў па шыі.

— На аднаго?! На двух?!

Калідор ужо грукатаў бегам, гулка выбухаў галасамі. Прыбеглі «мазунчыкі», сябры Лізагуба з сёмага і шостага. Іх было шмат.

Братэрства стала сценкай. Беглі і беглі новыя людзі. У калідоры стала цеснавата, і бойка на хвіліну сцішылася, як полымя, у якое паклалі зашмат дроў.

— Сябры, што здарылася?

— Панове, цо?..

— Хто каго?

Сашка скінуў з сябе Корвіда і адразу атрымаў па зубах ад Лізагуба. Крыкнуў:

— Білі беларуса за тое, што беларус!!!

Натоўп прасвідраваў худым жылаватым целам шасцікласнік Рафал Ржашэўскі. Выбіўся з месіва. Стаў. Зірнуў на Алеся ўтрапёна-спакойнымі сінімі вачыма.

— Цябе?

— І я таксама, — усміхнуўся праз распухлыя вусны Алесь. — Пацярпеў за ідэю вялікай Польшчы.

Шчокі ў Рафала нібы высахлі. Ён абвёў вачыма суседніх людзей. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба.

— Гэты, — нібы сцвердзіў Рафал. — Вядома. Хто ж яшчэ?

І наблізіўся да графа.

— Што ж ты нарабіў, смярдзючка?! — сказаў Рафал. — Халуй! Шкоднік!

…Бойка выбухнула ў розных канцах калідора, які дрыжаў, нібы ў ім грымела кананада. Настаўнікі і наглядчыкі мітусіліся недзе ў канцы і не маглі прарвацца да тых, што біліся. Крэст спрабаваў нешта рабіць, хутка, як гарох, раскідаючы задніх, але паток юнакоў са сходаў і верхняга паверха плыў і плыў.

Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся накладкай на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага і ёю, з накладкай разам, мазануў ворага па носе… Потым дзіўны гук уразіў Алеся. Ён азірнуўся. Плакаў адной глоткай Пятрок Ясюкевіч. Горла юнака сутаргава пашыралася. І Алесь усім сэрцам зразумеў, што яны прысутнічаюць пры найвялікшым дзіве, калі табе здавалася, што ты і друг твой самотныя, а выявілася, што ўсе, большасць думала так, як вы, але маўчала, бо кожны лічыў, што ён адзін са сваімі смеху вартымі думкамі.

І тут Рафал раптам узнёс кулак і апусціў яго на галаву Дэмбавецкага.

— Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня!

— Ліцвіны! Беларусы! У імя Канарскага!

Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.

…Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Усе паверхі будынка раўлі, стагналі, тупалі нагамі, пляскалі.

Прыйшоў час зводзіць рахункі за ўсе былыя крыўды. За пагарду. За здзеклівыя словы. За ўсё.

Яшчэ праз нейкіх пяць хвілін мазунчыкі пахіснуліся і падаліся назад, па сходах…

Загорскі цяжка ўздыхнуў і, нібы праз туман, убачыў, што са сходаў спускаюцца дырэктар, Гедымін і Крэст.

— Што гэта? — спытаў дырэктар.

Худы перст паказаў на нерухомага Лізагуба.

— Дзікуны, — сказаў дырэктар. — Папуасы… П'яныя нігілісты.

І звярнуўся да Алеся:

— Гэта, здаецца, з вас пачалося?

Начальніцкі гнеў вось-вось павінен быў прарвацца ў ягоным голасе.

— Так, — проста сказаў Алесь. — Настаўнік Крэст быў гэтаму сведкам.

Дырэктар сказаў:

— Я ведаю.

— То вы, напэўна, ведаеце таксама, што бітвы не было б, каб пан Крэст спыніў яе яшчэ тады?

— Не ваша справа займацца крытыканствам, малады чалавек, — сказаў Гедымін.

— Я ведаю гэта. Але, напэўна, настаўнік Крэст не адмовіцца пацвердзіць, што напаў не я. Што яны напалі на мяне. Сямёра на аднаго. Я вымушан быў бараніцца.

Крэст трохі ніяката развёў рукамі.

— Гэта так, — сказаў ён.

— Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін.

— Ведаю. Для ўсёй гімназіі. І, ва ўсякім разе, я папрашу бацькоў, каб яны прасачылі за тым, каб мяне выключылі восьмым. Адразу за гэтымі вось, што ляжаць тут.

Дырэктар з прыкрасцю зірнуў на Крэста. Сапраўды, восьмым. Сапраўды, бацькі з іхнімі сувязямі прасочаць за гэтым. Бойка! Які год праходзіць без бойкі, агульнай бойкі ў гімназіі. Ох, гэта трэба замяць! Саміх пагоняць, як даведаюцца!

— Вы чулі, за што яны хацелі яго збіць? — спытаў дырэктар у Крэста.

— На жаль, не, — сказаў Крэст.

— За што вы яго? І за што яны?

Алесь узняў на дырэктара цвёрдыя глыбокія вочы.

— Я не магу сказаць вам гэтага.

Ён успомніў, што калі за «прыгон» не пахваляць яго, то за лаянку Лізагуба на ўрад і іншыя мілыя штучкі не пахваляць не толькі Лізагуба. Папячыцель, а за ім і ўсе іншыя напэўна прычэпяцца да слоў дурня, каб яшчэ мацней прышчаміць хвост палякам.

— Я не магу сказаць вам гэтага, — паўтарыў Алесь. — Але паверце слову двараніна: варта было.

Дырэктар паціснуў плячыма. Хто, сапраўды, разбярэцца ў рахунках гэтых юных вандалаў? Ён пакасіўся на Крэста.

Але Крэст таксама маўчаў. Утапіць Загорскага яму нічога не каштавала, але тады да папячыцеля дайшло б, што ў гімназіі асуджаюць прыгон і ўрад, што сёння змялі і выкінулі з будынка добрую палову тых, што стаялі за ўсё гэта.

І першы будзе адказваць ён, Крэст, бо гэта ягоным патураннем выбухнула бойка. Вось табе і «даў магчымасць правучыць».

Таму Крэст маўчаў.

Звяртаючыся да «ваўчаняці», дырэктар паказаў на Лізагуба:

79
{"b":"829351","o":1}