Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. А потым зноў былі травы ды вада, вада ды травы.

Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх несамавітае цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур.

Алма бегла наперадзе, часам азіралася на Алеся. І ўвесь гэты камячок калматай плоці аж дрыжаў ад паляўнічай страсці. А шагрэневы чорны нос лавіў тысячы пахаў: пахі вод, пахі траў, а сярод усяго гэтага — дамавіты пах качкі, дзікаваты павеў дупеля і востры — аж мутарна — смурод вадзянога бугая.

Алесю не хацелася стрэламі парушаць велічна-ласкавай цішыні. І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць і яму. Алма якраз успудзіла з сітнягоў чырка, і Алесь зрэзаў яго. Потым ён збочыў у залітае вадою балота, нават не балота — ногі цяпер адчувалі гэта, — а мокры поплаў, напалову сажня заліты высокай іллінскай вадой.

Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. А потым зноў толькі непрыкметнай змейкай варушыўся мечнік ды далятала з яго характэрнае броханне — жыватом па вадзе — спаніэля.

І раптам гэта броханне сціхла. Цвёрда ведаючы, што, каб гэта быў падранак, Алма на мокрым месцы спаймала б яго і прынесла гаспадару, а не проста віляла задам над здабычай, як гэта робяць спаніэлі на сушы, — Алесь пайшоў туды, дзе замёр у мечніку сабачы бег.

І спыніўся, уражаны. Алма стаяла і глядзела ў хмыз, затоплены вадой.

На галіне, угнуўшы яе сваім цяжарам, віселі над самай вадою вышываныя саквы, якія носяць аўчары, гожыя саквы з чорнага лямцу, расшытага белай воўнай. З адной саквы тырчала рукаяць пісталета, відаць, дарагога, аздобленага старым матавым срэбрам. Не падобна было, каб саквы нехта павесіў: занадта неахайна, на адзін бок, яны звісалі. Схіліся галіны яшчэ трошкі — і пісталет выпаў бы ў ваду. Відаць, нехта проста спяшаўся ўначы цераз балота і, згубіўшы саквы, не меў часу вярнуцца і адшукаць іх у цемры.

Алесь зняў саквы і, перакінуўшы іх цераз левую руку, стаў мераць вачыма: куды бліжэй за ўсё было невядомаму чалавеку выбрацца на сухое.

Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі, над межытокай, барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес, не думаючы аб тым, што Кандраці будзе шукаць яго.

Алма вяла кудысьці, шнырачы ў траве. І вось бяга яе паскорылася, а потым яна стала і насцярожана напялася спінкай.

— Туба, Алма, — шэптам сказаў Алесь.

Расхінуўшы галіны, ён убачыў чалавека. Чалавек ляжаў ніцма, і ногі ягоныя вышэй калень былі аблеплены гразёю, карычневай скарынкай высахлай гразі. Раскінутыя рукі абдымалі зямлю. Густой грывай ляжалі на траве чорныя валасы, перавітыя цэлымі жмуткамі сівога павуціння.

Алесь прысеў над чалавекам на кукішкі і крануў яго за плячо. Крануў і спалохаўся, бо той з раптоўным пакутлівым стогнам кінуўся ўбок, і пад яго целам аказалася стрэльба з прыкладам, залітым крывёй.

Алесь працягнуў чалавеку саквы.

— Твае? — спытаў ён.

І асекся, убачыўшы знаёмы твар.

— Война, — сказаў ён.

Рука чалавека схапіла саквы і пацягнула іх да сябе.

— Чаго ты хапаеш? — сказаў Алесь. — Ты бяры. Адбіраць не буду.

Вочы Войны разглядалі яго з цікавасцю, быццам прыпамінаючы.

— А хто ж гэта табе дазволіў быць такім няветлівым са старэйшымі?

— Ты сам.

— Ого, чаму гэта?

— Зброю згубіў, — з пагардаю сказаў Алесь.

— Гэта ты праўду кажаш, — нечакана згадзіўся Война. — Мужчына раней губляе галаву, а зброю потым.

Са стогнам сеў.

— Але я паранены. Дрэнна мне давялося. Ніколі так дрэнна не было. Каня я пакінуў…

— Што гэта вы мне… расказваеце?

— Я ўспомніў цябе, — сказаў стрымана Война. — Хлопчык у зрэб'і. Дзядзькаваны хлопчык з панскага гнязда.

— Ну дык і што?

— А тое, — сказаў Война. — Тое, што сям'я, дзе трымаюцца старых звычаяў, не можа выхаваць юду.

На ганарыстых, напышліва падціснутых вуснах Войны з'явілася раптам няўмелая ўсмешка.

— І яшчэ песня. Там, дзе спяваюць, — ідзі спакойна.

Война дастаў з саквы маленькі клуначак. Корпаўся ў ім.

— Ты мною не пагарджай, хлопец. Ішоў балотам і не помню, як ішоў. У вачах цямнела. Відаць, тады і сцягнула з мяне галіна апошнюю маю надзею. А шукаць у цемры нельга. Ды і яны ішлі, наступаючы мне на пяты. З паходнямі. З сабакамі.

— Хіба сабакі знойдуць у вадзе?

— Добры сабака знойдзе. Ты на чаўне са сваім сабакам паляваў?

— Паляваў.

— Чуе ён, дзе качка?

— Хвалюецца. І я заўсёды гляджу ў той бок.

— Ну вось, — усміхнуўся Война. — Астатняе робіць стрэл. А ім мяне злавіць неабавязкова. За мяне — жывога ці мёртвага — узнагарода тысяча рублёў… Каб у мяне дзве галавы было — адну б абавязкова прадаў. Заваліўся б грашыма.

Доўгая пасма травы ляжала на яго далоні. Падвялай, але яшчэ зялёнай травы.

— Крываўка, — сказаў ён і пачаў жаваць траву.

Выплюнуўшы зялёную кашу на пальцы, ён агалiў нагу.

На сцягне крывавілася шырокая рана. Война палажыў на яе кашу і пачаў уціраць. Скура на яго абліччы з гарчычнай стала зеленаватая.

— Пячэ, — глуха сказаў ён. — Значыць, добра. Значыць, антонаў агонь не прыкінуўся.

Дастаўшы з картуза чорнага пораху, ён змачыў яго слінай і палажыў на рану зверху. Потым перавязаў нагу чыстай белай анучкай.

Алесь глядзеў трохі грэбліва. І Война заўважыў гэта.

— Брыдка, — сказаў ён. — А ты не гідуй. Без гэтага ніводны сапраўдны мужчына не пражыве. Можа, і табе давядзецца некалі, крый божа.

— Мне не давядзецца.

— Не заракайся. Ты што ж, любіш жандараў?

— Не.

— Бачыш. Бацька твой іх не любіць. Дзед. Прадзед не любіў. Усе… Клеткі не любіць ніхто. Кожны, акрамя труса, хоча яе зламаць. А свабоднага чакаюць сіло, раны, смерць.

Знясілены, ён чуйна прылёг на бок.

— І ўсё адно гэта лепей, — прамармытаў ён. — Забіцца кудысь і… здохнуць. Абы не вісець у торбе, як гусь на адкорме… Каб не лез табе кожны брудным пальцам у дзюбу, не торкаў туды арэшкаў… Чым іхнія арэшкі — дык лепей… свая раска ў балоце.

Сплюшчыліся вочы.

— Ты адзін? — спытаў ён.

— Не, там, на грывах, малочны дзедаў брат.

— Угу, — сказаў Война. — Гэты таксама будзе маўчаць. Ты — ідзі да яго. Я паляжу, ачуняю… Мне трэба быць спакойным. І хітрым.

— Можа, прывесці вам каня?

— Го! Гэта далёка… Вельмі далёка. Цяпер мне трэба здабываць другога, каб дабрацца да свайго.

Алесь устаў.

— Я пайду. Я… не скажу нікому.

— Ведаю, — проста сказаў Война.

Ён змоўк. Алесь акінуў вачыма постаць, паклікаў Алму і пайшоў з ёю да ўзлесся.

Лес радзеў. Алесь бачыў, як праменні сонца ўсё часцей прабівалі сваімі дзідамі лістоту, як яны прабіраліся ў самы гушчар, як насустрач ім дымела зямля.

Паміж ім і сонцам клубіліся ў паветры раі мошак, быццам тысячы да чырвані распаленых вясёлых іскрынак, якія вялі і вялі свой трывожны і радасны танец.

…Гісторыя з балотнай пагоняй скончылася зусім нечакана.

Война не мог ведаць, што на яго ў гэты раз паляваў не адзін Мусатаў. Мусатаву прыслалі ў памочнікі чалавека з губерні. Начальству надакучыла няўлоўнасць Чорнага Войны. З гэтым асколкам мінулага паўстання трэба было канчаць. Начальства не гневалася на Апалона Мусатава: яно ведала, што злачынцу ва ўласным доме памагаюць і сцены, што Мусатаў распарадны і дзейны чалавек і не яго правіна ў тым, што бандыт гуляе на волі.

Збіраць чуткі — гэта была не яго справа. Сачыць, распытваць сялян, лавіць краем вуха іхнія размовы павінен сышчык.

Так з'явіўся ў наваколлі Сухадола Мікалай Буланцоў, знаўца сваёй пачэснай і патрэбнай дзяржаве прафесіі, спраўны чалавек год дваццаці.

Буланцову трэба было ўзвысіцца яшчэ больш, чым Мусатаву. Апошні ўжо дасягнуў сяго-таго, а гэты толькі рабіў першыя крокі. Мусатаў усё ж меў дваранства, няхай жабрачае і заняпалае, а Буланцоў паходзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў.

65
{"b":"829351","o":1}