— А як жа мне яго насіць?
— Дзяўчаткам можна. І потым, гэта старое золата. Яго здабылі дзяды… жалезам. Такое — можна.
Майка, ужо зусім апранутая, выбегла з-за шырмы і кінулася Ярашу на шыю. Ён падхапіў яе, лёгенькую, цёплую, — самы дарагі цяжар на зямлі.
«Божа, — думаў ён, — што ж гэта я раблю ўсе апошнія гады?! А яны што? Што яна будзе рабіць, маленькая?»
Але ён ведаў, што ўсё застанецца па-ранейшаму, і нічога ёй не сказаў, толькі пацалаваў цёмна-блакітныя вочы.
— Слухай, — сказаў ён, — слухай мяне, лапуся. Будзь разумнай, не крыўдзь Алеся, не «выабражай» над ім, як вы, дзеці, кажаце.
Ён, вядома, разумеў гэты смутны цень, гэтае далёкае абяцанне «дарослага» ва ўлюбёнай дачцэ. Але гаварыць аб гэтым было нельга. Рана.
— Я менш за ўсіх іншых хацела б крыўдзіць яго, — уздыхнуўшы, сказала яна. — Ды што зробіш, калі ён такое ведзьмедзяня? То спрытны і вясёлы, а то цяльпук цельпуком.
— Ты ўсё ж пастарайся, — сказаў Раўбіч.
— Я пастараюся, — сказала яна.
…Выехалі ў зімнім вазку ўпяцёх. Маці, Франс, Майка, малодшая сястра Наталля і Стась, самы малы з усіх.
Праз шкельцы вазка былі відаць лагчыны, заснежаныя лясы, птушкі-пасмяцюхі, што прылятаюць з далёкай Лапландыі і зімуюць у нас, бо тут для іх цёпла, адхоны над белым Дняпром і ліловыя хмызнякі на грывах.
Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою.
Звонка вішчалі пад палазамі марозныя каляіны.
Вецер прынёс далёкае выццё і рэдкі гарматны гул лёду на Дняпры.
Ад нерухомасці ўсім у вазку было трошкі халаднавата.
А потым з грады заўважылі далёкія агні ў снягах. Коні пабеглі шпарчэй. Вазок спыніўся, рэзка завярнуўшыся, ля параднага ганка.
…Сыпанулі насустрач людзі, хутчэй неслі дзяцей у дом, расхутвалі іх, пахучых з марозу, садзілі на доўгую гарачую ляжанку ў гардэробнай, давалі па глытку гарачага віна з карыцай.
Алесь то паціскаў руку Франсу, то схіляўся да Майкі, то цалаваў маленькую Наталку (Майку цалаваць ён саромеўся).
А потым у дзверы сыпанула сапраўдная дзіцячая калатэча: Мсціслаў, Ядзенька Клейна, Янка, чорны, як чобат, і неўтаймавана вясёлы. Ногі, рукі, усмешкі, віск, смех.
— Што ўжо што, а шуму такі будзе. І не кажы, кума, — казаў пан Юры.
Ён быў шчаслівы. На каляды ў Загоршчыну нечакана прыехаў стары Вежа.
Вежа сустрэў дзяцей на верхніх прыступках сходаў, вялізны, з прыгожай сівою грывай валасоў. Браў дзяцей на рукі, глядзеў ім у вочы.
— Гэта чыя ж такая? Твая, пані Надзея?
— Мая.
— Гожая якая. А гэта? Ого, ну, гэта я сам разумею. Новы прыдняпроўскі дваранін, усыноўлены Ян Клейна. Бач ты які, братка! Маеш ад мяне шаблю.
— Дзякуй вам, — сур'ёзна сказаў мурын. — У Ракі шмат ворагаў.
Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:
— Прыйдзе час — сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць… што ты — наш.
Узяў за скроні Мсціслава.
— Пусціце мяне, калі ласка, — сур'ёзна сказаў Мсціслаў.
— Чаму гэта?
— Мы ўжо дарослыя.
— Правільна, — згадзіўся дзед. — Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?
Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.
— Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.
Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.
— Чорцік? — спытаў ён. — Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?
Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.
— Даросласці, — сказаў дзед. — Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, — тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.
Пагладзіў яе лапку.
— Будзь добры з… людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?
— Паспрабую, — зрабіла яна кніксен.
Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:
«Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям'я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год».
І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з'едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, — словам, расклеіўся.
На яго глядзелі са здзіўленнем, дзівуючыся каструбаватым мужыцкім сказам, якія ён вымаўляў з асаблівым смакам. Пакуль што на людзях гэта дазвалялася толькі Клейне.
Яны проста забылі, што Вежа і раней вызначаўся гэтым. Забыць было лёгка: стары не з'яўляўся між іх цэлых дзесяць год.
А ён накіраваўся да дзяцей. Сам адчыніў ім дзверы ў залу, дзе стаяла нешта цьмянае, таямніча распасцершы лапы. Сам загадаў запаліць свечкі, страляў разам з усімі з ляскавак, памагаў разбіраць падарункі, першы вёў за руку дзіцячы карагод.
Проста па анфіладзе, з пакоя ў пакой, рухаўся стракаты ланцуг, а наперадзе лёгка пераступаў нагамі сівы чалавек бадай што сажэннага росту і напяваў:
Антон казу вядзе.
Тпру ды ну — каза не йдзе.
У блакітнай гасцінай карагод, раздурэўшыся, наляцеў на падстаўку з кітайскай вазай. Чарапкі з сінімі рыбамі разляцеліся ў бакі.
Дзед чухаў патыліцу і раптам з лёгкай хады перайшоў на скокі.
Ніхто не бачыў, што Клейна стаіць у дзвярах і назірае за скокамі. І раптам усе змоўклі. А Клейна сказала:
— А вось пані Антаніда заўважыць ды ёмашнікам вас, лайдакі. За гэтым старым дурнем дый вы ў побрыкі.
Як быццам тут была вясковая хата, у якой вадзіліся ёмашнікі.
— Гэта мы святкуем, — сказаў дзед і крыкнуў: — Касьян, падбяры чарапкі! Раніцай раздасі дзецям па адным у каробачцы. Гэта будзе «грамада разбітай вазы». Год праз сорак склеіце. Адзін аднаго не губляць.
Бацька глядзеў з дзвярэй на скокі вакол разбітай вазы і рагатаў.
— Ану за мной! — крыкнуў ён і павёў дзяцей зноў да ялінкі.
Яна ззяла ў паўцемры, вялізная, уся ў таемных ценях, пахучая. Чырвоным святлом гарэла на яе верхавіне віфлеемская зорка. А ў галінах, бы ў зялёнай пячоры, стаялі лялечныя авечкі, і валхвы ў дзівосных уборах ішлі да ясляў.
…А потым наведалі палац сяляне з казою. З тварамі, намазанымі сажай, у вывернутых кажухах, у дзівосных «турэцкіх шапках» — яны прынеслі з сабой мароз, гукі дуды, цымбал і бубна.
Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам.
Гэта была ўжо не забава, а важная справа. Бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобная на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта — і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў, — гэта і ёсць барада казла. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на каляды, прывязаная да галавы казы. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра.
І людзі не кідаюць яе. Людзі трымаюць «душу» да вясны, а вясной выносяць і асцярожна «адпускаюць», кладуць у высакаватыя зялёныя ўсходы.
І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў.
…Перарывіста раўла дуда. Спявалі галасы:
Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць;
Дзе каза хвастом, там жыта кустом;
Дзе каза ступою, там жыта капою;
Дзе каза рогам, там жыта стогам.