Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.

— Свят-свят, — хрысцілася Глебавічна. — Вы нешта жахлівае кажаце.

— Так, дзядуля, — казаў Алесь. — Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.

— Вось, — казаў дзед. — І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому… Расійская імперыя.

Стары вальтэр'янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.

— Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля, ёсць зброя.

— 3 кім змяніць, сынок? Каб было з кім — я першы блаславіў бы цябе на гэта, — сумна ўсміхаўся стары. — Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады — хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж.

Ззяла сонца, заліваліся птушкі ў шатах дрэў і вальерах. А стары маленькімі глыткамі, толькі мачаючы вусны, піў віно, і твар яго быў незвычайны, горкі і з'едлівы, і ад гэтага прыемны.

— Няма з кім, сынок… Часы… Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля — ледзь не ўсіх славутых мярзотнікаў і паганцаў свету, бо і ў тым і ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі іх з'яўленню і развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія і таленты.

— А мы? — спытаў Алесь.

— А што мы? Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў бы пісаць кат. Ён меў магчымасць назіраць за канцом усіх колькі-небудзь значных людзей твае і мае радзімы. І ён быў бы самы дасведчаны, бо толькі ён адзін мог ведаць, колькі патаемных запаветаў перадалі яны пласе сваімі абяскроўленымі вуснамі… Больш ніхто не ведаў. Больш ніхто не чуў…

Алесь даўно пакінуў запісваць. Але стары не заўважаў гэтага.

— Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон… Гэта — пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою… Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў… І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў…

Алесь, трошкі зачараваны гэтай жоўчнай логікай, пакрысе пачынаў супраціўляцца.

— Ёсць жа зброя, каб ваяваць. Можна пераконваць, спрачацца, збіраць сяброў…

— Гэта значыць, палітыка? — бязлітасна пытаў стары.

— Як бы ні звалася.

— Палітыка — брудная справа. Ты ведаеш, у чым яна, палітыка?

— Напэўна, ёсць і добрая палітыка.

— Хто гэта табе сказаў? Тыя, што ўбіраюць свае справункі ў павінае пер'е? А самі яны, кажучы прыгожыя словы, што робяць? Ты на іхнія справы глядзі, — ваўкі. Mon fils, il n'y a qu'une politique, c'est de tenir le pot de chambre l'homme au pouvoir, et de le lui verser sur la tête quand il n'y est plus[60].

I князь адсоўваў келіх. Уставаў.

Потым разам ішлі гуляць. Аглядалі пакоі, залы для баляў, малых прыёмаў, грэчаскую залу для антычных статуй, егіпецкую для манет, затым самую вялікую, версальскую — для фарфору і новых карцін. Версальская зала здавалася бясконцай: верхняе святло халаднавата лілося сюды, адбіваючыся ў люстрах. Мармур высачэзных калон з канелюрамі трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць.

Аглядалі жылыя пакоі, удвая ніжэйшыя, чым парадныя, аглядалі бібліятэку з бясконцымі шафамі, у якіх чарнелі старажытнымі дошкамі і залаціліся новым цісненнем незлічоныя кнігі.

І ўсяго гэтага было так многа, што рабілася непрытульна. Нашто гэта? Адразу зразумела, чаму ў іх амаль не жывуць, чаму аддаюць перавагу пакойчыкам, удвая ніжэйшым і прытульнейшым.

Увечары Алесь ішоў у тэатр і там смяяўся і абліваўся слязьмі над гаротным лёсам Аглаі з «Палескага разбойніка» і дрыжаў ад шкадобы і тугі, калі ў «Рычардзе ІІІ» пачвара кароль, забіўшы Яе мужа, з д'ябальскай хітрасцю ашукваў Яе. Яна стаяла, гордая ў сваёй нянавісці, і пакрысе той, гарбаты, абуджаў у ёй гонар жанчыны, якую кахаюць. На вачах у Алеся нараджалася каханне, аб якім ён толькі невыразна чуў… У яе мокрых вачах, цьмяна асветленых нянавісцю, нараджаўся аднекуль цэлы свет: давер, боль, а за ім святло саміх нябёс.

Ён яшчэ не мог стрымлівацца, і таму ў зале часта гучалі яго рыданні. І людзі на сцэне адчувалі, што адзін удзячны глядач замяняе ім поўную залу.

Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:

— Памятаю. Але гэтага ніхто не бачыў. Толькі адзін. Усё маё астатняе толькі падробка пад тыя дні. Толькі для аднаго я магла так іграць.

— Дзе ж ён, гэты шчаслівец?

— Шчаслівец?.. Не…

Яна болыш нічога не казала. І невядомы «адзін» стаў легендай.

Нельга сказаць, што ў яго не было засмучэнняў. Неяк дзед расказаў, як два гады таму назад некалькіх «фалангістаў» захуталі ў саваны і, прывязаўшы да слупоў, трымалі, з мяхамі на галовах, доўгі час пад рулямі, а потым загналі ў Сібір. Гэта было ў Пецярбургу, і сярод «фалангістаў» быў пісьменнік. Як не прачытаць такога? У дзеда знайшоўся часопіс з яго аповесцю. Аповесць звалася «Бедныя людзі», і Алесь, з цяжкасцю адольваючы мову, прачытаў яе за два дні…

У гэтыя дні якраз скончыўся тэрмін, які вызначыў дзед. Алесю трэба было ехаць. Дзед хадзіў змрочны, дый Алесь месца не знаходзіў. Дзед, зведаўшы ўнука за гэтыя дні, цяпер жахаўся, што мог адштурхнуць яго ў першы ж дзень. Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прададчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага, і ганарыўся гэтым.

Напярэдадні стары не вытрываў.

— Едзеш? Напэўна, рад?

— Дзядуля… — з дакорам сказаў унук.

— Едзеш толькі на некалькі дзён… Вядома, бацькі… Але за навукай тваёй буду сачыць я. Прынамсі, год-два, пакуль мне не стане цяжка. І калі я захачу цябе бачыць — па першаму ж майму слову ты павінен ляцець сюды і жыць столькі, колькі я захачу.

— Я зраблю гэта… — сказаў унук.

Алесь папрасіў дзеда даць яму з сабою часопіс, каб паказаць аповесць маці.

— Тут усё тваё, — змрочна сказаў стары. — Зрабі ласку ніколі не пытацца.

…У Загоршчыне хлопца сустрэлі радасна, нават з гордасцю, што ён змог заваяваць сэрца старога. Сінія вочы бацькі ззялі цеплынёй, маці ўсміхалася сыну пяшчотна і сумна, як заўсёды.

Маці прачытала аповесць і засмуцілася. Потым яна сядзела ў загоршчынскім архіве і нешта шукала па «Прывілею», «Аксамітнай кнізе», «Срэбнай кнізе Загорскіх» і па граматах і з'явілася на вячэру трошкі заспакоеная, быццам зразумеўшы нешта…

— Загубiлi генiя, — сказала яна.

Алесь маўчаў.

— Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны, — сказала матуля. — Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці — хіба ён вытрымае?

Яна адышла да балюстрады і пачада глядзець у цёмны парк.

— Загубілі не толькі генія, — сказала яна ўрэшце, — загубілі чалавека адной крыві з намі і нашага далёкага сваяка.

— Сваяка? — Алесь ускінуўся. — Як сваяка? Усе казалі, што ён сын лекара.

— 3 нашых, — сказала маці. — Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат — Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад. Яны — ад «сына кахання» аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні — «Радван».

— Не можа быць.

— Глядзі, — маці разгарнула аркуш з выпіскамі. — Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне «Радвана». Глядзі: 1607 год — працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч… Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 — Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 — селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску…

вернуться

60

Мой сын, iснуе толькi адна палiтыка: трымаць начны гаршчок перад чалавекам, якi знаходзiцца пры ўладзе, i вылiць гэты гаршчок на ягоную галаву, калi ён пазбаўляецца гэтай улады (франц.)

47
{"b":"829351","o":1}