Тфу! Раней гэтага не было! I як не разумеюць, што сядло ў галавах зручней?.. Псяры!!!
Ён не піў віна. Яшчэ калі ён быў дзіцем, настаўнік аднойчы замкнуў яго ў камору за нейкае свавольства. Там ён налізаўся налівак. Ніхто не лаяў яго, але ён даў сабе слова заўсёды быць гаспадаром самому сабе.
Гэта быў адначасова чалавек вельмі харошы і вельмі дрэнны. Яго добрыя якасці былі прыродныя. Яго недахопы — недахопамі стагоддзя. І ўсё, што ён ні рабіў, сведчыла аб гэтым.
Ужо за год да смерці бацькі яго паважалі і баяліся як агню. Гэта пачалося так. У тысяча семсот дзевяноста чацвёртым годзе новаспечаная прыдняпроўская памешчыца Праскоўя Зубава папрасіла ў імператрыцы дазволу здаваць сваіх магілёўскіх сялян у рэкруты замест сялян з яе разанскіх вотчын, «равным образом и впредь так поступать». Дазвол далі.
— Несправядліва, — сказаў Даніла, пачуўшы пра гэта. — Чаму павінна ўдвая ісці ў салдаты тых, хто яшчэ дваццаць два гады таму зусім не ведаў рэкруцтва? Што ж, выходзіць, мы не роўныя дзеці?
Прыклад Зубавай здаўся зманлівым. Магілёўскія сяляне былі дзёрзкія. Пазбавіцца ад некаторых было проста дабротай. І вось, адразу пасля Зубавай, аб тым самым папрасілі яшчэ тры паны, у якіх маёнткі былі ў Прыдняпроўі і за яго межамі, — Дзмітрыеў, Іваноў і Суканевіч.
І тады пачалося незвычайнае. Даніла не сцярпеў. Ён скарыстаў губернскі баль і выклікаў усіх трох. Яны паспрабавалі апраўдвацца — і тады Загорскі даў Суканевічу поўху, а Іванову кінуў у твар пальчатку.
Сябры ўрэзоньвалi яго, але ён цадзiў праз зубы:
— Справядлівасць дык справядлівасць. Што-о гэта?
— А Зубава?
— Яна баба, чаго вы хочаце? Калі будзе такое рабіць — ёй самі мужыкі чырвонага пеўня пусцяць.
Назаўтра ён на месцы паклаў Дзмітрыева і Суканевіча стрэламі з пісталета, а Іванову пракалоў шпагай грудзі.
Новы звычай вывеўся адразу. Нават Зубава вымушана была адступіць.
Бацька нічога не сказаў, пачуўшы аб тым, што ўчора тры чалавекі далі сваю апошнюю сатысфакцыю яго сыну. Два з іх былі ваенныя і ўмелі бараніцца. Сын рызыкаваў, як і яны.
Даніла любіў бацьку. Бацька разумеў яго, як ніхто. І вось цяпер маўзалей і малахітавая глыба ля яго. Хоць бы хто побач!
Праз тры месяцы ён заблудзіў на паляванні, трапіў у маёнтак небагатага двараніна Багданоўскага, убачыў яго дачку, Ксені, і — былы летуценнік, які чакаў каралевы і таму ставіўся да іншых жанчын з лёгкай пагардай, — закахаўся ў яе з першай сустрэчы і праз тыдзень ажаніўся.
Маладая была прыўкрасная, як Куцеянская маці божая[52]. Доўгія вочы, бровы да скроняў, журботны маленькі рот. Але яна не паспела пакахаць мужа яшчэ і таму, што лічыла ўсё падобнае за грэх. Жэняцца дзеля дзяцей і каб не жыць век аднаму. А жадаць абдымкаў мужчыны, самой ісці насустрач ім — гэта немагчыма. Даніла пасмейваўся, але потым махнуў рукою. Праз год, якраз калі памерла імператрыца, нарадзілася дачка. Загорскі ўжо адзінаццаць месяцаў служыў ганаровым губернскім суддзёй і намерваўся нават падавацца ў вярхі: ён ведаў, што працавітасці і здольнасцей у яго хопіць.
І тут на прастол уступіў Павел, якога Загорскі не паважаў і на шэлег, насуперак усяму ўпэўнены, што ён не родны сын Той.
— Падменыш, — пры ўсіх казаў ён. — Зязюліна яйка.
Пачалася вакханалія. Імператар нюхаў падазроных, на Украіне секлі галовы, жанчынам рэзалі раброны, сустракаючы на вуліцы. Як вышэйшая непрыстойнасць, быў забаронены вальс. Палкі маршыравалі з разводу прамым ходам у Сібір. З кулінарных кніг выкрэсліваліся словы аб смажаных парасятах, якіх трэба, «не таміўшы, ставіць на вольны дух».
Загорскі адышоў ад спраў. Дэманстратыўна заняўся пакланеннем таму, што ён разумеў пад екацярынінскім духам і што на самай справе было якабінствам.
Не дзіва, што на яго нехта склеіў і паслаў у Пецярбур данос. І дастукаўся б, пэўна, Даніла да Сібіры, але тут Паўла задушылі афіцэрскім шалікам.
— Ці далі б вы, пане Загорскі, свой шалік для такой мэты?
— Я ў свайго свінара, Янкі, шыла пазычыў бы, якім ён свінні коле, дый паслаў бы ім. Яны, мяснікі, іншага не варты… Дый ён, свіння, таксама.
На службу ён так і не вярнуўся. Тым больш што і без службы мог адным сваім словам паставіць на сваім, калі бачыў, што хочуць загубіць нявіннага.
Праз чатыры гады пасля смерці Паўла ён прадаў у дзяржаўнае ведамства і прыватным асобам свае паўднёвыя землі, атрымаўшы за іх нешта каля двух мільёнаў, і адразу выдаткаваў трыста тысяч на пашырэнне парку і розныя пабудовы ў сваім вежынскім маёнтку.
Чаго яму было жадаць? Уладар дваццаці тысяч мужчынскіх душ і бясконцых земляў на Магілёўшчыне, радавіты. І, аднак, поўнага шчасця не было. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Зацяты вальтэр'янец змірыўся б з яе верай, толькі каб яна кахала яго.
Ён хацеў сына ад каханай, «сына кахання», верачы, што такія дзеці асабліва ўдалыя.
Выпадак памог яму. Палюючы на япрукоў, яны натрапілі на статак іх і конна рынуліся на яго з аднымі дзідамі. Пан Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам.
…Загорскага прынеслі дадому непрытомнага, з трыма ранамі. І тут жонка зразумела, што патаемна, сабе не прызнаючыся, кахала яго ўсё больш і больш.
— Божа, каб толькі ачуняў! Божа, каб толькі ачуняў!
Яна цалавала яму рукі. Па некалькі разоў на дзень млела так страшна, што лекары баяліся за яе жыццё. Начамі прастойвала на каленях у малельні, але пры стогне параненага была ўжо ля яго.
— Маці божая, Ісусе найсалодшы! За што? Я дзеля вас яго забыла? Дайце магчымасць акупіць грэх грахом перад вамі.
Параненаму стала горш. І тады Загорская пачала блюзнерыць.
— Што вы можаце! Вы, напэўна, проста не можаце! Нават дзеля мяне! Дзеля той, хто праз вас яго забіў. Лепей ужо з д'яблам… Каб толькі ачуняў! І зірнуць бы на вас не зірнула.
Загорскі ачуняў. Зажылі раны. І жонка стрымала слова: перастала і заглядаць у малельню, усю страснасць перанесла на мужа, на яго аднаго.
Пан Даніла ачуняў. Закінуў паляванне. Больш яму нічога не трэба было ад жыцця. Калі яна сама, упершыню пасля пяці год, прыпала да яго, здалося, што сэрца яго разрываецца. А тая, здаецца, з кожным днём рабілася ўсё больш пяшчотная, заўсёды хацела быць побач.
Ды ён, пасля яе хулы на бога, і сапраўды быў апошнім выратаваннем, тым, які абароніць ад цемры ўначы і не дасць злу ўдзень.
У шчасці прайшоў год. Ксені загрубела. Ён быў упэўнены, што будзе сын, і быў спакойны. А яе мучылі жахі, ёй здавалася, што яна памрэ. Цяжарнасць ударыла па хворым, збалелым сумленні той, якая баялася верыць, бо не чакала літасці за свой учынак. Ён супакойваў, цалаваў яе ў вочы і казаў, што ў сына абавязкова будуць такія самыя.
У сына, Юрыя, сапраўды былі яе вочы. Вежа грукатала гарматамі (у Загоршчыне не стралялі, зберагалі спакой парадзіхі). А пану Данілу хацелася абняць увесь свет.
І тут у маёнтак Багданоўскага прыйшлі ўначы салдаты на чале з афіцэрам і арыштавалі старога пана і сыноў, братоў Ксені, за сепаратызм і ўдзел у змове супраць гасудара-імператара і ўлад.
Гэта быў канец. У арышце бацькі яна ўбачыла перст божы. Дарэмна муж казаў, што ўсё натуральна, што ў людзей ёсць права паўставаць, калі ім не падабаецца ўрад, а ва ўрада ёсць права арыштоўваць тых, што паўстаюць. Дарэмна ён казаў, што зробіць усё, каб іх выпусцілі.
— Не, — казала яна, — гэта Ён хоча пакараць мяне.
І яе вочы мёртва глядзелі кудысь.
Загорскі зрабіў немагчымае: сувязямі і вялізнымі хабарамі дабіўся, што Багданоўскіх выпусцілі на парукі і абяцалі апраўдаць. Але не сказаў жонцы, што гэта зрабіў ён.
— Бачыш, іх выпусцілі. Усё добра.
— Так, усё добра, — сказала яна. — Ён літасцівы. Гэта Ён папярэдзіў мяне, каб я рыхтавалася.
Назаўтра ў яе пачалося нешта накшталт запозненай радзільнай гарачкі. Жанчына раставала, як воск.
— Адумайся, — маліў ён. — Не пакідай мяне.