Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Паабапал алеі стаялі туманна-блакітныя дрэвы. Яны павольна адплывалі назад.

А Майцы ўсё гэта было нова. І тое, што хлопчыкі эскартавалі іх, і тое, што ўсе маўкліва прызнавалі правадыром гэтага трошкі няўклюднага хлопчыка, які ехаў наперадзе ўсіх на арабе, і тое, што побач з ёю сядзела гэтая, зусім не непрыемная, сялянская дзяўчынка з дзікаватымі сінімі вачыма.

— Ён жыў у вас, — шапнула яна. — Які ён?

— Го-ожы, — сказала Янька. — І сме-елы. Ён ад мяне бычка-гадавіка адцягнуў. Я з таго часу баюся кароў.

І Майка чамусьці была ўдзячная ёй за добрыя словы.

— Алесь, — сказала яна.

Алесь прытрымаў Ургу, паехаў побач.

— Ты малайчына, што зрабіў так.

— Як?

— Ну… што мы без дарослых.

Блізнюкі пераглянуліся, заўважыўшы манеўр Алеся. Бадай што, гэта было непатрэбна яму: аставацца з дачкой чалавека, у парку якога яны пазаўчора былі. Але яны змоўчалі. Яны, наогул, нічога не расказалі Алесю аб начных сваіх прыгодах, калі ўбачылі, што раніцай прыехала Раўбічава дачка. Не варта. Тым больш што яна ніштаватая. Бываюць жа і ў чараўнікоў добрыя дочкі — гэта ўсе ведаюць, хаця б па дзедавых казках. Прыедзе каралевіч, дык яны яго яшчэ і ад злога бацькі ўратуюць, вядома, калі закахаюцца.

Мсціслаў сядзеў на месцы фурмана, і таму Алесь і Майка не абмовіліся і словам пра медальён.

Калі выехалі з парку — усход ужо моцна чырванеў. Хлопцы пачалі дурэць, ганяцца адзін за адным. Ад'язджалі так далёка, што рабіліся лялечнымі, а потым намётам, з дзікімі выгукамі, ляцелі проста на брычку.

Потым паехалі паплавамі ўздоўж Папараці. Тут травы ніхто не касіў — занадта далёка было, — і коні хаваліся ў ёй вышэй жывата. Буяна цвіў малінавы скрыпень, жоўтыя конусы магутнага царскага бэрла хісталіся, як сягала вока. Кандрат на хаду зрэзаў полае сцябло дудніку і зрабіў з яго пісталет, а потым, нечакана наляцеўшы на брычку, наставіў яго на Мсціслава.

— Хто такі? — спытаў Мсціслаў.

— Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму.

І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.

Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:

Што то за сцежка — без краю, без краю?
Што то за конік — ступою, ступою?
Злыя татарнікі пад капытамі,
Воўчае сонейка над галавою.

А потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:

Я, жывучы, валоў нажыву,
А цябе, сыночак, увек не знайду.

Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.

Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.

— Што ж гэта яна? — жаласна спытала Майка. — Нашто знікла?

— Чакай, — сказаў Андрэй, — зараз будзе табе ўзнагарода.

І ўзнагарода з'явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з'явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.

— Ты адкуль ведаў? — спытала Майка з павагаю.

— Ведаў, — проста адказаў Андрэй.

Майка з павагаю ўздыхнула.

…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з'явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.

Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.

Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.

— Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, — сказаў Алесь.

Майка міжвольна зірнула на Андрэя.

— А што ж, — сказаў Андрэй. — Што мы, зломкі?

А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:

— Злазь ужо, галата! Злазь!

— Прывязка, — сказаў Андрэй.

— Злазь! — крычаў Мсціслаў. — Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.

Раззлаваны за «цівуна Пацука», Андрэй палез уніз.

А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.

— Ты атрымаў? — спытала яна.

— Атрымаў.

— Хораша тут?

— Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.

— Давай, — уздыхнула яна. — На ўсё жыццё?

— На ўсё жыццё.

Пасля таго як пад'елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.

Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.

Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.

Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.

Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.

Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.

Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.

…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.

Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.

Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.

— Аднаго ведаю, — шэптам сказаў ён. — Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…

Паківач спалохаўся.

— Ты што?

На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:

— Іх усіх — пад корань… панянят, княжат…

— Ну і дурань, — сказаў Грынь. — З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.

— Залішняй злосці не бывае, — сказаў Корчак. — Хадзем адсюль.

Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.

А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.

Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы «гейзер», амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.

— Бацька вады, — шэптам сказала Майка.

35
{"b":"829351","o":1}