Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I раўнуў на Змiтра:

— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!

Уздыхнуў:

— Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.

— Глорыю хiба? — спытаў Змiцер.

— Каб галаву скруцiў?

— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.

— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.

— Добра, — сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.

Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.

— То гэта малады князь? — спытаў англiчанiн. — Будучы гаспадар?

— Але, — сказаў бацька.

— Новы мятла будзе месцi па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?

— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.

— Кажы.

— Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.

Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.

— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.

Засаромлены бацька адвёў вочы:

— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.

— Нашто мне гэта? — сказаў Крэбс. — Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.

— Добра ўжо, Крэбс, прабач, — сказаў бацька. — Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.

Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней.

— Ну, якую кабылку бярэш? — сказаў бацька.

Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як стопачкi.

— Гэту, — сказаў Алесь.

Англiчанiн пажвавеў:

— У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзi… Галоўка маленькая, але не злая; шыя — дзiва шыя.

Звярнуўся да бацькi:

— Але вашы iмёны… Бог мой, што за iмя… Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.

— Касюнька! — вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.

— Цукар вазьмi, — сказаў бацька.

Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.

— Касюнька мая, Касюнька.

— Вядзiце яе, — сказаў бацька. — Выбiрай другога, Алесь.

Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.

— Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, — сказаў бацька.

Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з'явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.

Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.

Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.

«Вы, маленькiя людцы, — здаецца, казаў зрак каня. — Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку. І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…»

Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.

— Логвiн, — сказаў бацька конюху, — вядзi Ургу сюды.

Малады i сур'ёзны хлопец падвёў араба да ix.

— Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, — сказаў пан Юры. — Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.

Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.

— Панiча намуштраваць, — сказаў Загорскi. — Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.

— Зробiм, — сказаў Логвiн.

— То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.

Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.

— Карп, — сказаў бацька, — старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.

Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:

— Юнка адышла, пан Загорскi.

— Ведаю, — сказаў бацька, — старасць. А добрая была.

— Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Праз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.

— Вось гэта добра. Хадзем, Карп.

Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п'яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.

Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi[14]. Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.

Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.

— Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, — сказаў ён. — Хвалюецца.

Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.

Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.

— Бачыш, — сказаў Алесю пан Юры, — на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.

— Я вазьму аднаго шчанюка, — сказаў Алесь.

— Ну вось, — сказаў бацька, — цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе — Алма.

Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i — здалёк — багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.

— Ты куды iдзеш?

— Га?

— Куды iдзеш, кажу?

— А-а… У анвалiдны дом.

— Ну i як там?

— Нiшто-о.

— Кормяць хаця добра?

— До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з'еш, хочаш — раздзялi.

I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:

— Гэта праўда, што iм адразу даюць?

— А што iм, дрэнна?

— Але чаму адразу?

Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.

Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.

— Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў — аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.

— Ну i дурань, — сказаў сын. — Я i чуў, што гадзюка.

— Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi — згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?

— Не.

— Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых — каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа — па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта — гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы — жывога праглынуць.

вернуться

14

Шчыпец — пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).

13
{"b":"829351","o":1}