З гадамі Боб стаў гаварыць больш павольна і працяжна, на аўстралійскі лад, затое карацейшымі фразамі. Яму ўжо было пад трыццаць, і, на немалое расчараванне Мэгі, не прыкметна было, каб ён паддаўся чарам якой-небудзь добрай дзяўчыны з тых, каго сустракаў на святах і вечарах, на якіх зрэдку дзеля прыстойнасці трэба было паяўляцца. Па-першае, ён да жудасці сарамлівы, а па-другое, усёй істотай прывязаўся да драгедскай зямлі і, відаць, любові гэтай вырашыў аддацца непадзельна. Джэк і Х’югі паступова робяцца ўсё больш падобныя на яго; іх можна прыняць за братоў-трайнятаў, калі яны рассядуцца побач на адной з мармуровых лавак — больш папесціцца яны сабе дома не дазваляюць. Мусіць, ім і сапраўды больш даспадобы начлег на выганах, на прыволлі, а калі яны начуюць дома, дык расцягваюцца ў сваіх спальнях на падлозе, нібы баяцца, што пасцель размякчыць іх. Сонца, вецер і суш выдубілі, афарбавалі іх светлыя вяснушкаватыя твары пад крыху рабаватае чырвонае дрэва, і тым ясней на іх свецяцца бледна-блакітныя спакойныя вочы з глыбокімі зморшчынкамі па кутках — сведчанне таго, што гэтыя вочы бясконца ўзіраюцца ўдалеч, у зарослую серабрыста-бэжавай травой раўніну. Амаль немагчыма на выгляд сказаць, колькі братам гадоў, хто з іх старэйшы, хто маладзейшы. Ва ўсіх трох, як і ў Пэдзі, простыя добрыя твары і рымскія насы, але сыны лепш складзеныя, бо многія гады працы стрыгалём сагнулі спіну Пэдзі, і рукі сталі непамерна доўгія. А постаці сыноў зрабіліся тонкія, зграбныя, някідка прыгожыя — ад пастаяннай язды верхам. Але да жанчын, да ўтульнага, спакойнага жыцця і да ўцех іх не цягне.
— Гэты новы работнік жанаты? — папыталася Фія, праводзячы на паперы пад лінейку акуратныя рысы чырвоным чарнілам.
— He ведаю, не пытаўся. Прыедзе заўтра — даведаюся.
— Як ён да нас дабярэцца?
— Джымі падвязе, нам з Джымі трэба пагаманіць наконт тых старых бараноў, што на Бакавым выгане.
— Што ж, будзем спадзявацца, што ён у нас крыху папрацуе. Калі нежанаты, праз некалькі тыдняў паедзе, думаю, ад нас. Няшчасныя людзі гэтыя аўчары, — вывела Фія.
Джымс і Пэтсі ўсё яшчэ жылі і вучыліся ў пансіёне Рыверв’ю, але прысягалі, што і мінуты лішняй не застануцца ў школе, няхай толькі ім споўніцца чатырнаццаць гадоў, тады закон будзе на іх баку. Яны не маглі дачакацца таго дня, калі паедуць на авечыя пашы разам з Бобам, Джэкам і Х’югі, тады ў Драгедзе зноў можна будзе гаспадарыць адной сям’ёй, а чужыя няхай прыходзяць і ідуць ад іх, калі ім уздумаецца. Джымс з Пэтсі таксама мелі ўласцівую ўсім Кліры цягу да чытання, але школа ад гэтага ніколечкі мілейшай не стала: кнігу можна браць з сабой у седлавой сумцы ці ў кішэні курткі, і чытаць яе ў поўдзень у цяні вілгі нашмат прыямней, чым у класе езуіцкага каледжа. Хлопчыкам з самага пачатку было не даспадобы жыццё ў пансіёне. Іх зусім не радавалі ні светлыя класы з вялікімі вокнамі, прасторныя зялёныя пляцоўкі для гульняў, пышныя сады і зручнасці быту, ні сам Сідней з яго музеямі, канцэртнымі заламі і карціннымі галерэямі. Яны завялі дружбу з сынамі іншых фермераў-жывёлаводаў і ў вольныя часіны аддаваліся марам аб доме і хваліліся неабсяжнасцю і хараством Драгеды перад анямелымі ад здзіўлення і павагі, але даверлівымі слухачамі: на захад ад Барэнскага скрыжавання не было чалавека, да якога не дайшла б слава Драгеды.
Новага аўчара Мэгі ўбачыла толькі праз некалькі тыдняў; у Вялікім доме пра яго гаварылі куды больш, чым звычайна, калі паяўляўся новы работнік. Пачаць з таго, што ён адмовіўся ад ложка ў бараку для навічкоў і пасяліўся ў апошнім, яшчэ не занятым, доміку каля рэчкі. А яшчэ ён адрэкамендаваўся місіс Сміт і заваяваў прыхільнасць гэтай шаноўнай жанчыны, хоць звычайна аўчароў яна не мілавала. I Мэгі пачала адольваць цікавасць да новага аўчара яшчэ задоўга да першай сустрэчы з ім.
Сваю буланую кабылу і варанога каня Мэгі трымала не на агульным конным двары, а ў стайні, а з дому яна звычайна выпраўлялася пазней за мужчын і таму падоўгу не бачыла нікога з наёмных работнікаў. Але аднаго дня, пад вечар, калі летняе сонца пунсова палымнела ўжо нізка над дрэвамі і доўгія цені папаўзлі насустрач начному спакою, яна нарэшце твар у твар сустрэлася з Люкам О’Нілам. Мэгі вярталася са Свідравіннага выгану да броду цераз рэчку, а Люк ехаў з далёкіх паўднёва-ўсходніх пашаў і таксама кіраваў да броду.
Сонца сляпіла яму вочы, і Мэгі першая ўбачыла яго. Пад ім была рослая гнядая наравістая кабыла з чорнымі лапінамі на поўсці, з чорнай грывай і чорным хвастом; Мэгі ведала гэту жывёліну — у яе абавязкі ўваходзіла мяняць рабочых коней, і ўсё дзівілася, чаму зверыны гэтай даўно ўжо не відаць на конным двары. Усе работнікі недалюблівалі гнядую, не хацелі ездзіць на ёй. А новаму аўчару, відаць, хоць бы што, значыць, ён добры яздок, бо гнядая — каварная, подлая скаціна і, ледзь сядок спешыцца, так і глядзіць, каб цапнуць яго зубамі за чэрап.
Калі чалавек сядзіць на кані, цяжка сказаць, якога ён росту: аўстралійскія жывёлаводы звычайна ездзяць у невялікіх англійскіх сёдлах, у адрозненне ад амерыканскіх у іх няма высокай пярэдняй і задняй лукі, у такім сядле сядок трымаецца вельмі прама, крута сагнуўшы ногі ў каленях. Новы аўчар здаваўся чалавекам высокім, але бывае, што тулава доўгае, а ногі праз меру кароткія, і Мэгі вырашыла пачакаць з вывадамі. He як у большасці аўчароў, на ім была не шэрая фланелевая рубашка і шэрыя штаны, а белая кашуля і белыя малескінавыя брыджы; сапраўдны франт, падумала Мэгі крыху насмешліва. Што ж, на здароўе, калі яму не абрыдае бясконцае мыццё і прасаванне.
— Здарова, гаспадыня! — аклікнуў ён Мэгі, калі яны з’ехаліся каля броду, прыўзняў стары патрапаны капялюш шэрага фетру і зноў зухавата ссунуў яго на патыліцу.
Праз брод яны паехалі побач, і яго смяшлівыя сінія вочы глядзелі на Мэгі са шчырым захапленнем.
— Ды не, вы, пэўна, не сама гаспадыня, а дачка яе, — сказаў ён. — А я Люк О’Ніл.
Мэгі нешта прамармытала ў адказ, але больш на яго не глядзела, ад замяшання і гневу не магла знайсці слоў для звычайнай у такіх выпадках пустой гаворкі. Так несумленна! Як смее хто-небудзь яшчэ, апрача айца Ральфа, мець такія вочы і такі твар! He ў тым падабенства, як ён глядзіць на яе, ён радасна глядзіць, але неяк па-свойму, і позірк яго зусім не гарыць любоўю; а ў вачах айца Ральфа з той першай мінуты, калі на вакзале ў Джылі ён апусціўся на калені проста ў пыл, Мэгі заўсёды бачыла гэту любоў. Глядзець у ягоныя вочы і не бачыць яго! — Жорсткі жарт, цяжкая кара!
Люк О’Ніл не ведаў, якія думкі адольвалі яго спадарожніцу, і, калі коні з плёскатам пераходзілі рэчку, яшчэ паўнаводную пасля нядаўніх ліўняў, ён прымушаў сваю наравістую гнядую трымацца бок у бок з буланай кабылай Мэгі. Яна ж проста прыгажуня, далібог! А валасы якія! У братоў Кліры яны проста колеру морквы, а ў гэтай паненачкі зусім іншая справа. Толькі вось твару добра не разгледзець, хоць бы галаву падняла! I тут Мэгі падняла галаву, і такі ў гэты момант быў у яе твар, што Люк азадачана нахмурыўся — яна паглядзела на яго не тое каб з нянавісцю, але так, быццам шукала нечага і не знайшла, ці, наадварот, убачыла нешта такое, чаго бачыць не хацела. Ну, нешта накшталт гэтага. Ва ўсякім разе, яе нешта засмуціла. Люк не прывык, каб жанчыны, ацэньваючы яго позіркам, былі нечым незадаволеныя. Ён папаўся на яе цудоўныя валасы колеру захаду сонца і лагодныя вочы, і яўнае незадавальненне і расчараванне, якое ён убачыў на яе твары, яшчэ больш распаліла яго цікавасць да дзяўчыны. А Мэгі ўсё прыглядалася да яго, ружовыя вусны крыху растуліліся, на верхняй губе і на лбе ад гарачыні выступілі серабрыстыя расінкі поту, чырвонае золата яе броваў дапытліва, неўразумела выгнулася ў дугу.
Люк шырока ўсміхнуўся, паказаўшы вялікія белыя зубы, такія, як у айца Ральфа; але ўсмешка была не Ральфава.
— У вас твар, скажу я вам, такі здзіўлены — як у малога дзіцяці, якому ўсё ў навіну.
Мэгі адвярнулася.
— Прабачце, я зусім не хацела вылупліваць вочы на вас. Проста вы нагадалі мне аднаго чалавека.
— Вылуплівайце іх, колькі пажадаеце. Гэта куды прыямней, чым пазіраць на вашу макаўку, хоць яна і прыгожанькая. А каго ж я вам нагадваю?