Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Той зімой дзьмулі моцныя вятры, то сухія, то з дажджом, а вясной і летам хлынулі такія шчодрыя ліўні, што трава ў Драгедзе паднялася небывала высокая, густая, сакавітая.

Джымс і Пэтсі за кухонным сталом місіс Сміт адужвалі ўрокі, якія атрымлівалі па пошце, і весела балбаталі пра тое, як яно будзе, калі яны паедуць вучыцца ў пансіён Рыверв’ю. Але ад такіх размоў місіс Сміт рабілася сярдзітая і хмурная, і дзеці патроху навучыліся пры ёй нават слова не прамовіць пра той час, калі яны паедуць з Драгеды.

...Зноў настала сухая пара — высокая, ледзь не па пояс, трава за лета без дажджоў высахла, прапяклася сонцам так, што стала серабрыстая і ломкая. За дзесяць гадоў на гэтых чарназёмных раўнінах усе папрывыкалі да ўзлётаў і спадаў — угору-ўніз, угору-ўніз, да частых змен засухі і паводкі, і толькі паціскалі плячамі і рабілі сваю будзённую справу, быццам адзін сённяшні дзень мае значэнне, а ўсё астатняе не. Яно гэтак і было: самае галоўнае — пратрымацца ад аднаго добрага года да другога, калі б ён ні настаў. Ніхто не можа загадзя сказаць, калі пойдзе дождж. Аб’явіўся ў Брысбене, праўда, нейкі Ініга Джонс, няблага прадказваў надвор’е нашмат часу наперад, зыходзячы з нейкай новай тэорыі сонечных плям, але тут, на гэтых аддаленых чарназёмных раўнінах, ніхто надта не верыў яго прагнозам. Няхай ходзяць да яго па прадказанні сіднейскія і мельбурнскія нявесты; жыхары чарназем’я давяраюцца толькі ўласнаму чуццю.

Зімой 1932 года зноў наляцелі сухія вятры, прынеслі з сабой страшэнны холад, але густая сакавітая трава не давала разыграцца пыльнай буры, і мух развялося таксама менш, чым звычайна. Але што за ўцеха стрыжаным авечкам, яны аж калаціліся ад холаду. Місіс Домінік О’Рорк, што жыла ў драўляным, нічым не адметным доме, любіла прымаць гасцей з Сіднея; каб пазабаўляць іх, вазіла па суседзях, і адным з гваздоў яе праграмы было наведанне Драгеды — трэба ж паказаць сіднейцам, што і тут, у далёкай глушы, на чорных землях, сёй-той ухітраецца жыць прыемна і прыгожа. I любая гутарка непазбежна пераходзіла на авечак, схуднелых, скура ды косці, падобных да ўтопленых пацукоў — без доўгай, на пяць-шэсць цаляў, воўны, якая адрасце толькі да летняй спёкі. Але затое воўна будзе найлепшай якасці, з усёй сур’ёзнасцю растлумачыў Пэдзі аднаму такому госцю. Галоўнае ж не авечкі, а воўна. Неўзабаве пасля такой заявы газета «Сідней Морнінг Геральд» змясціла пісьмо, аўтар патрабаваў, каб парламент прыняў закон, які пакончыў бы з «жорсткасцю жывёлаводаў». Бедная місіс О’Рорк у жах прыйшла, а Пэдзі толькі смяяўся, аж заходзіўся.

— Добра яшчэ, што ёлупень гэты не бачыў, як які-небудзь стрыгаль незнарок прапора авечцы жывот, а потым зашывае шаршаткай, — суцяшаў ён расхваляваную місіс Домінік О’Рорк. — Ды вы не хвалюйцеся так, місіс О’Рорк. Гэтыя гарадскія і паняцця не маюць, як жыве астатняе чалавецтва, і могуць дазволіць сабе раскошу няньчыцца са сваімі пакаёвымі жывёлінамі, як з дзецьмі. А ў нас тут усё інакш. Калі хто трапіў у бяду — мужчына, жанчына ці дзіця малое — мы нікога без дапамогі не пакінем, а ў горадзе яны толькі пра сваіх пестуноў — кошачак ды сабачак — клапоцяцца, а калі чалавек пакліча на дапамогу, прыкідваюцца глухімі.

Фія падняла галаву.

— Яго праўда, місіс О’Рорк, — сказала яна. — Ніхто не цэніць таго, чаго занадта шмат. У нас тут — авечак, а ў горадзе — людзей.

У той жнівеньскі дзень, калі наляцеў ураганны вецер, толькі адзін Пэдзі аказаўся далёка ад дому. Ён злез з каня, надзейна прывязаў яго да дрэва і сеў пад вілгай, намерыўшыся перачакаць тут буру. Паблізу, калоцячыся ад холаду, ціснуліся адна да адной пяць аўчарак, а авечкі, якіх ён пераганяў на другую пашу, неспакойна разбіліся на кучкі і трушком паразбягаліся ў розныя бакі. Вецер быў жудасны, але зусім разлютаваўся, калі стрыжань віхру апынуўся якраз над Пэдзі. Ён заткнуў вушы, заплюшчыў вочы і пачаў маліць бога аб збавенні.

Недалёка ад вілгі, якая ўсё мацней шумела ніцым веццем пад усё мацнейшымі парывамі ветру, віднелася напалову схаваная ў высокай траве купка пнёў і паваленыя ствалы дрэў. А пасярод гэтага выбеленага, як косці шкілета, буралому адзінока тырчаў мёртвы эўкаліпт, голы ствол узнёсся на сорак футаў угору, нібы працінаючы чорныя, як ноч, хмары калючай, з вострымі зазубінамі, вяршыняй. I раптам нават праз стуленыя павекі Пэдзі асляпіла зіхотная ўспышка сіняга агню, ён ускочыў на ногі, але магутны выбух адразу, як цацку, шпурнуў яго вобзем. Ён адарваў галаву ад зямлі і ўбачыў: на стромкім ствале высахлага эўкаліпта скакалі мігатлівыя, сінія і барвовыя, венчыкі агню — заключны, трыумфальны акорд маланкі; не паспеў Пэдзі апамятацца, усё запалала. У гэтым навале мёртвага дрэва не засталося ўжо ні кропелькі вільгаці, а высокая трава наўкол была сухая, як трут. Зямля нібы прыняла выклік нябёсаў — над эўкаліптам, над яго вяршыняй, шугануў высокі слуп полымя, і ўраз заняліся абломкі дрэў і пні, і пад гонам ветру пайшлі кружыць і палыхаць палотнішчы агню — усё шырэй, шырэй, шырэй... Пэдзі не паспеў падскочыць да каня.

Ад жару вілга раптам занялася полымем, смалісты і крохкі яе стрыжань узарваўся, снапамі іскраў пырснуў у бакі. Куды ні глянь — суцэльная сцяна агню, на траву пад нагамі з ровам накідвалася полымя. Пранізліва заржаў конь. Пэдзі ўсёй істотай ірваўся да яго — нельга ж даць загінуць няшчаснай жывёліне, прывязанай, бездапаможнай. Адчайна завыла аўчарка, выццё перайшло ў жудасны, амаль чалавечы, крык болю. На імгненне аўчарка ярка засвяцілася, як жывы факел, падскочыла і ўпала ў ахопленую агнём траву. Яшчэ адно выццё і яшчэ — сабак аднаго за адным даганяла і пажырала імклівае полымя, якое гнаў шалёны вецер так шпарка, што не ўцячы было ні зверу, ні птушцы. Нейкую долю секунды Пэдзі ўзважваў, як дабрацца да каня, і раптам валасы яго абпаліў вогненны метэор і ўпаў да яго ног, Пэдзі глянуў уніз — зажыва падсмажаны папугай-какаду.

I тут ужо Пэдзі зразумеў — канец. З гэтага пекла выйсця няма — ні яму, ні яго каню. Толькі падумаў, і за яго спінай успыхнуў яшчэ адзін сохлы эўкаліпт з валакністай смалістай карой, дрэва ўзарвалася і стрэльнула полымем на ўсе бакі. Скура на руках у Пэдзі пачарнела і зморшчылася, агністыя валасы зацьміў агонь яшчэ больш яркі. Няма слоў, каб апісаць падобную смерць: агонь прадзіраецца звонку ўсярэдзіну. I апошнімі згараюць, апошнімі перастаюць жыць сэрца і мозг. Запалала адзежа, і ў ахвярным гэтым агні Пэдзі рваўся і кідаўся, і крычаў, роспачна крычаў. I ў кожным яго немым крыку — імя жонкі.

Астатнія мужчыны паспелі вярнуцца яшчэ да буры, завялі коней на конны двор і разышліся хто ў Вялікі дом, хто ў баракі для наёмных аўчароў. У ярка асветленай гасцінай Фіі каля мармуровага крэмава-ружовага каміна, у якім з гудам гарэлі круглякі, сядзелі ўсе хлопцы Кліры, прыслухоўваючыся да выцця ветру — у гэтакі холад іх не цягнула выйсці і паглядзець, як бушуе бура. Такім прыемным, даўкаватым пахам несла ад ахопленых полымем эўкаліптавых паленаў, так спакусліва вабілі горкі піражкоў і сандвічаў на чайным століку-каталцы. Пэдзі на гэты час ніхто не чакаў.

Недзе а чацвёртай гадзіне хмары адкаціліся на ўсход, і ўсе міжволі ўздыхнулі з палёгкай: у час сухіх бур трывога не адпускала нікога, хоць на ўсіх будынках у Драгедзе былі громаадводы, Джэк і Боб падняліся і выйшлі з дому — сказалі, што хочуць падыхаць свежым паветрам, а на самай справе хацелі крыху адпачыць ад нядаўняга трывожнага напружання.

— Глянь! — Боб паказаў рукой на захад.

Над вершалінамі дрэў, што кальцом абкружалі Прысядзібны луг, разрасталася вялізнае бронзавае воблака дыму, шалёны вецер матлашыў яго краі, і яны трапяталіся касмыкаватымі вымпеламі.

— Божа мой! — вырвалася ў Джэка, і ён кінуўся ў дом да тэлефона.

— Пажар! Пажар! — закрычаў Джэк у трубку, і ўсе здзіўлена ўтаропіліся на яго. — У Драгедзе пажар, вялікі! — Джэк паклаў трубку — больш нічога не трэба было гаварыць тэлефаністцы ў Джылі і ўсім, хто карыстаецца агульнай лініяй: яны, ледзь дзынкне апарат, адразу паднімаюць трубку. I хоць за той час, што Кліры жылі ў Драгедзе, у Джыланбаўнскай акрузе ніводнага вялікага пажару не было ні разу, усе ведалі, што трэба рабіць у такіх выпадках.

57
{"b":"828993","o":1}