Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яны ўехалі ў двор з пярэдніх варотаў, так што стайня была бліжэй да іх, чым аўчарні; не вымавіўшы больш ні слова, Мэгі накіравала буланую да стайні і пакінула бацьку; далей ён паехаў адзін.

Спярша Пэдзі ўсё азіраўся, глядзеў ёй услед, але калі Мэгі знікла за агароджай стайні, ён усадзіў абцасы пад рэбры свайго дэраша і пусціў яго наўскач, злуючы на сябе і на абставіны, якія вымусілі яго так гаварыць з дачкой. Прападзі яны пропадам, усе гэтыя амурныя справы! Тут, пэўна, ёсць нейкія свае правілы, ні на якія не падобныя.

Голас айца Ральфа дэ Брыкасара быў халодны, але яшчэ большым холадам абдавалі яго вочы, якія ён ні на момант не зводзіў з бледнага твару маладога свяшчэнніка, і сурова, мерна гучалі словы:

— Вы зрабілі не так, як запаведаў сваім служыцелям гасподзь наш Ісус Хрыстос. Думаю, самі вы ведаеце гэта лепш, чым можам калі-небудзь даведацца мы — тыя, хто вас судзіць, аднак мне ўсё ж даручана асудзіць вас ад імя вашага архібіскупа, бо ён не толькі сабрат ваш па веры, але і старшы над вамі. Яму вы абавязаны беспярэчна падпарадкавацца, і не вам аспрэчваць яго меркаванні і прысуд.

Ці ўразумелі вы да канца, якой ганьбай пакрылі сябе, усю вашу парафію, а галоўнае — святую царкву, любіць якую вы павінны гарачэй, чым каго з людзей. Зарок цноты, які вы далі, свяшчэнны і непарушны, таксама як і іншыя вашы ўрачыстыя абяцанні, пераступаць яго — цяжкі грэх. Само сабой, вы ніколі больш не ўбачыце гэтай жанчыны, аднак наш абавязак — памагчы вам адолець спакусу. I мы прынялі рашэнне, каб вы не марудзячы адбылі на новае месца службы — у парафію ў Дарвіне, на Паўночнай тэрыторыі. Сёння ж вечарам скорым поездам вы адправіцеся ў Брысбен, а адтуль, таксама поездам, у Лонгрыч. У Лонгрычы сядзеце на самалёт кампаніі КАНТАС, які ляціць у Дарвін. Вашы асабістыя рэчы якраз у гэты момант пакуюцца і будуць дастаўлены на поезд да яго адыходу, таму вам няма ніякай патрэбы вяртацца ў вашу цяпер ужо былую парафію.

А цяпер ідзіце з айцом Джонам у нашу капліцу і маліцеся. У капліцы прабудзеце, пакуль не надыдзе час ехаць да поезда. Дзеля вашага спакою і суцяшэння айцец Джон будзе суправаджаць вас да самага Дарвіна. Можаце ісці.

Святыя айцы, надзеленыя царкоўнай уладай, хітра-мудрыя і прадбачлівыя, яны не пакінуць грэшніку ніякай магчымасці і далей сустракацца з дзяўчынай, якая стала палюбоўніцай маладога свяшчэнніка. Гэта грахоўная сувязь мела ў яго парафіі скандальную, вельмі непрыемную агалоску. А дзяўчына — што ж, няхай чакае, і трывожыцца, і губляецца ў здагадках. З гэтай мінуты і да прыбыцця ў Дарвін аблудны свяшчэннік будзе пад пільным вокам высокашаноўнага айца Джона, які атрымаў адпаведны наказ, а ўсе пісьмы маладога свяшчэнніка з Дарвіна будуць распячатвацца, і яму забаронена будзе карыстацца міжгароднім тэлефонам. Каханка яго павек не даведаецца, куды ён дзеўся, a сам ён ніколі не зможа падаць ёй весткі. А завесці новую сувязь яму ніяк не ўдасца. Дарвін — горад на самай мяжы заселенай часткі кантынента, жанчын там па пальцах пералічыш. Зарокі ён даў непарушныя, ад іх яго ніколі ніхто не вызваліць, а калі сам ён па слабасці духу не можа трымаць сябе ў цуглях, дык святая царква бярэ гэты клопат на сябе.

Праводзіўшы позіркам пакаранага свяшчэнніка і яго вартаўніка, пакуль за імі не зачыніліся дзверы, айцец Ральф пайшоў у адзін з унутраных пакояў. Архібіскуп Клуні Дарк сядзеў у сваім крэсле, а бокам да яго сядзеў яшчэ адзін чалавек, падпяразаны ліловым шоўкам і ў круглай шапачцы. Архібіскуп быў чалавек мажны, з пышнай грывай сівых валасоў і яркімі сінімі вачамі, энергічны, поўны жыццёвых сіл, з вострым пачуццём гумару, вялікі гурман. Госць — поўная яго процілегласць: маленькі, шчупленькі, з-пад шапачкі выбіваліся рэдкія пасмачкі чорных валасоў, на вострым жаўтлява-бледным твары аскета — вялікія цёмныя вочы і цемнаватыя абводы ад зголенага шчэцця. На выгляд яму можна было даць і трыццаць, і ўсе пяцьдзесят, але было яму трыццаць дзевяць — на тры гады больш, чым айцу Ральфу дэ Брыкасару.

— Сядайце, айцец Ральф, выпіце чайку, — гасцінна запрасіў архібіскуп. — Мне ўжо падумалася, ці не паслаць яшчэ па чайнічак. Ну як, далі вы гэтаму маладзёну на развітанне належныя настаўленні, каб ён стаў на шлях праведны?

— Даў, ваша высокапраасвяшчэнства, — коратка адказаў айцец Ральф і апусціўся ў трэцяе крэсла, што стаяла каля чайнага стала, які быў густа ўстаўлены ежай і посудам: тоненькія, як аплатка, сандвічы з агурком, пірожныя з ружовай і белай глазурай, з жару гарачыя намасленыя булачкі, варэнне і ўзбітая смятанка ў хрустальных вазачках, сярэбраны чайны прыбор і кубкі эйнслейскага фарфору з тонкім залатым узорам.

— Падобныя выпадкі вельмі засмучаюць, дарагі архібіскуп, — сказаў госць, — але нават мы, слугі любага госпада нашага, усяго толькі людзі і не пазбаўлены слабасцей. Мне вельмі шкада гэтага маладога чалавека, і сёння вечарам я ўзнясу малітву, каб наперад ён быў цвярдзейшы духам.

У яго вымаўленні прыкметна адчуваўся чужаземны акцэнт, гаварыў ён мякка і злёгку шапялявіў. Родам ён быў італьянец, па царкоўнай іерархіі — яго высокапраасвяшчэнства архібіскуп — папскі легат пры аўстралійскай каталіцкай царкве; звалі яго Віторыё Скарбанца ды Канціні-Верчэзе. Ён іграў вельмі тонкую ролю сувязнога звяна паміж царкоўнымі ўладамі Аўстраліі і найвышэйшым нервовым цэнтрам каталіцызму — Ватыканам, а гэта азначала, што ён — галоўны каталіцкі прэлат у гэтай частцы свету. Да таго як атрымаў гэтае прызначэнне, ён, вядома, імкнуўся паехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі, але, паразважаўшы, вырашыў, што і Аўстралія вельмі добра яму падыдзе. Краіна гэтая значна меншая, калі не па тэрыторыі, дык па насельніцтву, затое ў большай меры каталіцкая. У адрозненне ад іншых англамоўных краін, католікаў тут не лічаць другараднымі грамадзянамі, і іх веравызнанне не замінае любому з іх стаць палітыкам, прамыслоўцам ці суддзёй. Да таго ж, Аўстралія — краіна багатая, яна шчодра папаўняе царкоўную скарбонку. Пакуль ён у Аўстраліі, можна не баяцца, што ў Рыме пра яго забудуцца.

Прытым папскі легат быў чалавек тонкага розуму, і позірк яго паверх пазалочанага краю кубка скіраваны быў не на архібіскупа Клуні Дарка, а на айца Ральфа дэ Брыкасара, які меўся неўзабаве стаць яго асабістым сакратаром. Усе ведалі, што архібіскупу Дарку гэты малады свяшчэннаслужыцель быў вельмі даспадобы, але ці прыйдзецца ён даспадобы яму, намесніку папы, вось пытанне. Усе яны такія рослыя, гэтыя аўстралійскія пастыры-ірландцы, як вежа, узвышаюцца над табою, вечна даводзіцца галаву задзіраць, каб бачыць іхнія твары, і гэта вельмі стамляе. З цяперашнім сваім духоўным настаўнікам айцец дэ Брыкасар трымаецца бездакорна — лёгка, раскавана, паважліва, але без ліслівасці і гумар разумее. А як ён падладзіцца да патрона зусім іншага складу? Сакратаром легата звычайна прызначаюць каго-небудзь са свяшчэннаслужыцеляў італьянскай каталіцкай царквы, але да айца Ральфа дэ Брыкасара ў Ватыкана асаблівая цікавасць. Ён не толькі сам чалавек багаты (насуперак шырокаму перакананню, царкоўныя ўлады не могуць узяць сабе яго грошы, а па сваёй ахвоце ён царкве іх не перадаў), але яшчэ і асабістымі намаганнямі прынёс царкве вялікае багацце. Таму ў Ватыкане вырашылі, каб папскі легат узяў яго сабе за сакратара, прыгледзеўся да яго і высветліў, што ён, па сутнасці, за чалавек.

Аднаго дня папу рымскаму давядзецца ва ўзнагароду аўстралійскай каталіцкай царкве ўзвесці якога з яе служыцеляў у сан кардынала, але дзень гэты яшчэ не надышоў. А пакуль што яму, намесніку папы, даручана вывучыць свяшчэннікаў ва ўзросце айца дэ Брыкасара, і, безумоўна, з іх менавіта ён быў самы прыдатны кандыдат. Што ж, няхай будзе так. I няхай айцец дэ Брыкасар праверыць, чаго варты яго характар супроць італьянскага. Мусіць, будзе вельмі цікава. Вось толькі каб быў ён хоць крышачку меншы ростам.

Айцец Ральф з удзячнасцю папіваў чай, але быў незвычайна маўклівы. Легат прыкмеціў — ён з’еў маленечкі трохвугольны сандвіч і не дакрануўся да іншых ласункаў, аднак з ахвотай выпіў чатыры кубкі чаю без малака і цукру. Што ж, так пра яго і дакладвалі: на рэдкасць устрыманы і сціплы ў сваіх прывычках, адна толькі слабасць у яго — выдатны (і вельмі быстраходны) аўтамабіль.

55
{"b":"828993","o":1}