Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Тата! Татачка! — спалохана, на ўвесь голас, паклікала Мэгі.

На яе пранізлівы крык на кухню прыбег Пэдзі ў не зашпіленай да канца сподняй фланелевай кашулі, за ім — Боб, Джэк, Х’югі і Сцюарт. Мэгі моўчкі паказала рукой на маці.

У Пэдзі сэрца абарвалася і нібы засела ў горле. Ён нахіліўся да Фіі і падняў яе млява павіслую руку.

— Што з табой, дарагая? — спытаўся ён з такой пяшчотай у голасе, якой ніхто з дзяцей ніколі яшчэ не чуў; але ўсе яны чамусьці адразу зразумелі, што менавіта так ён гаворыць з мамай, калі нікога з іх паблізу няма.

Гэты своеасаблівы тон вывеў Фію з шоку, яна ўзняла на Пэдзі свае вялікія шэрыя вочы і глянула на яго добры, стомлены, немалады ўжо твар.

— Вось, — сказала, паказваючы на невялікую нататку ўнізе старонкі.

Сцюарт падышоў да маці ззаду і лёгенька паклаў ёй руку на плячо; перш чым пачаць чытаць, Пэдзі паглядзеў на сына, у яго вочы такія самыя, як і ў Фіі, і кіўнуў галавой. Да Сцюарта ён ніколі не раўнаваў, як раней да Фрэнка: любоў да Фіі не падзяляла іх, а толькі як бы яшчэ мацней звязвала.

Пэдзі пачаў паволі чытаць услых, і голас яго паступова ўсё больш наліваўся сумам і горыччу. Кароткі загаловак гаварыў: «Пажыццёвае зняволенне баксёру».

«Фрэнсіс Армстронг Кліры, дваццаці шасці гадоў, баксёр-прафесіянал, асуджаны сёння акруговым судом у Гоўлберне за забойства Рональда Элберта Камінга, работніка фермы, трыццаці двух гадоў, учыненае ў ліпені гэтага года. Прысяжныя радзіліся ўсяго дзесяць мінут і ў сваім рашэнні рэкамендавалі суду ўжыць самую суровую меру пакарання. Як заявіў суддзя Фітц-Х’ю Канелі, справа гэтая простая і ясная. 23 ліпеня ў бары гасцініцы «Гавань» паміж Камінгам і Кдіры завязалася моцная сварка. Пазней тым жа вечарам сяржант гоўлбернскай паліцыі Том Бэрдсмар у суправаджэнні двух канстэбляў прыбыў у гасцініцу па выкліку яе гаспадара містэра Джэймса Огілві. У завулку за гасцініцай паліцэйскія засталі Кліры — ён біў нагой па галаве Камінга, які ляжаў непрытомны на зямлі. Кулакі ў Кліры былі ў крыві, паміж пальцаў тырчалі пучкі валасоў Камінга. Пры арышце Кліры быў у стане ап’янення, але пры ясным розуме. Яму прад’явілі абвінавачанне ў злачынным нападзе з мэтай нанясення сур’ёзных фізічных пашкоджанняў, але на другі дзень Камінг памёр у гоўлбернскай акруговай бальніцы ад кровазліцця ў мозг, і Кліры быў абвінавачаны ў забойстве. Каралеўскі адвакат містэр Артур Уайт спрабаваў даказаць невінаватасць свайго падабароннага, спасылаючыся на тое, што ён псіхічнахворы, але чатыры медыцынскія эксперты з боку абвінавачання рашуча заявілі, што, зыходзячы з крытэрыяў М’Нэгтана, Кліры нельга прызнаць псіхічнахворым. Звяртаючыся да прысяжных, суддзя Фітц-Х’ю Канелі сказаў, што пра невінаватасць і гаворкі быць не можа, падсудны безумоўна вінаваты, але папрасіў прысяжных не спяшацца і добра абдумаць, якую меру пакарання ўжыць — мяккую ці суровую, бо, выносячы прысуд, ён будзе лічыцца з іх думкай. У прыгаворы суддзя Фітц-Х’ю Канелі назваў дзеянні Кліры «жорсткасцю дзікуна» і выказаў жаль, што ненаўмыснае забойства без ужывання зброі ў стане ап’янення выключае магчымасць паслаць яго на шыбеніцу, бо кулакі Кліры можна прыраўняць да зброі не менш смертаноснай, чым рэвальвер альбо нож. Кліры прыгаварылі да катаржных работ пажыццёва з адбываннем у Гоўлбернскай турме, спецыяльна прызначанай для асабліва небяспечных злачынцаў. На пытанне, ці не жадае Кліры што-небудзь сказаць суду, ён адказаў: «Толькі не паведамляйце маёй маці».

Уверсе газеты Пэдзі прачытаў дату — 6 снежня 1925 года.

— Больш за тры гады мінула, — бездапаможна прамовіў ён.

Ніхто не адказаў, не варухнуўся, ніхто не ведаў, што рабіць ці казаць; з пярэдніх пакояў даносіўся вясёлы смех блізнятаў, дзіцячая іх балбатня зрабілася мацнейшай.

— «Толькі... не паведамляйце... маёй маці»... — памярцвелымі вуснамі паўтарыла Фія. — I ніхто не паведаміў. О божа! Бедны, бедны мой Фрэнк!

Тыльным бокам незанятай рукі Пэдзі выцер свой мокры ад слёз твар, потым апусціўся перад Фіяй на кукішкі і лёгенька паляпаў яе па каленях.

— Фія, даражэнькая, давай збірайся ў дарогу. Паедзем да яго.

Яна прыўзнялася, але адразу ж млява асела ў крэсле, вочы на счахлым, збялелым твары свяціліся мёртвым бляскам, расшыраныя зрэнкі завалакліся залацістай пялёнкай.

— He магу я ехаць, — сказала яна вонкава спакойна і стрымана, але ў голасе яе ўсе адчулі пакутлівы боль. — Калі ён убачыць мяне, гэта заб’е яго. Гэта заб’е яго, Пэдзі! Я добра ведаю Фрэнка, ён вельмі горды, самалюбівы, так імкнуўся дамагчыся чаго-небудзь у жыцці. Хоча несці сваю ганьбу адзін, няхай так і будзе. Ты ж прачытаў: «Толькі не паведамляйце маёй маці». Мы павінны дапамагчы яму захаваць яго тайну. Што добрага прынясе яму ці нам спатканне з ім?

Пэдзі ўсё яшчэ плакаў, але не па Фрэнку — па тым, што жыццё згасла на твары Фіі і позірк яе памярцвеў. О гэты Іона, заўсёды быў ім, заўсёды прыносіў бяду, вечна стаяў паміж ім, Пэдзі, і Фіяй, гэта праз яго адгарадзілася яна ад сэрца мужа і ад сэрцаў яго, Пэдзевых, дзяцей. Кожны раз, калі здавалася, вось-вось Фія нарэшце будзе шчаслівая, Фрэнк пазбаўляў яе шчасця. Любоў Пэдзі да жонкі была такая ж глыбокая і невычэрпная, як і любоў яе да Фрэнка. Але пасля таго памятнага вечара ў доме свяшчэнніка Пэдзі ўжо не мог спаганяць на ім сваю крыўду.

Ён сказаў:

— Ну што ж, Фія, раз ты лічыш за лепшае не дабівацца сустрэчы з ім, дык не паедзем. Я хачу толькі ведаць, як ён там, і, калі можна, што-небудзь зрабіць для яго. А што, калі напісаць айцу дэ Брыкасару і папрасіць разведаць?

Вочы Фіі не ажывіліся, толькі шчокі ледзь прыкметна паружавелі.

— Добра, Пэдзі, напішы. Але папярэдзь, каб ён не выдаў Фрэнку, што нам усё вядома. Няхай Фрэнк думае, што мы нічога не ведаем, так яму, можа, лягчэй будзе.

Праз некалькі дзён сілы вярнуліся да Фіі, і клопаты з пераўладкаваннем Вялікага дома не пакідалі ёй вольнай хвіліны. Але спакой яе зрабіўся зноў пануры, хоць і не такі змрочны, як раней, — яна нібы замкнулася ў шкарлупіну маўклівай абыякавасці. Здавалася, тое, як будзе ўрэшце выглядаць Вялікі дом, турбавала яе больш, чым дабрабыт сям’і. Магчыма, яна лічыла, што ў духоўным сэнсе ўсе яны могуць абысціся і без яе, а пра ўсё астатняе, пра надзённыя патрэбы, паклапоцяцца місіс Сміт і абедзве пакаёўкі.

Між тым лёс Фрэнка моцна ўзрушыў усіх. Старэйшыя сыны глыбока пакутавалі за маці, начамі не спалі, прыгадваючы яе твар у тую першую горкую хвіліну. Яны любілі маці, нямногія апошнія тыдні ўпершыню бачылі яе вясёлай і ўжо ніколі не забудуць яе новага вобразу, у душы іхняй вечна будзе гарэць жаданне зноў убачыць яе такой. Раней воссю, вакол якой круцілася ўсё іх жыццё, быў бацька, але з той памятнай хвіліны маці стала побач з ім. Цяпер яны пачалі абыходзіцца з ёю з пяшчотным, самазабыўным клопатам, якога не магла ўжо пагасіць абыякавасць Фіі, з якой бы сілай яна ні выяўлялася. Усе мужчыны ў сям’і Кліры, ад Пэдзі да Сцюарта, згаварыліся: няхай Фія жыве так, як ёй хочацца, і патрабавалі, каб ніхто не парушаў гэтай дамоўленасці. Больш ужо ніхто ніколі не павінен крыўдзіць яе ці засмучаць. Калі Пэдзі паднёс ёй жамчужнае калье і завушніцы, яна коратка і неяк невыразна падзякавала, агледзела падарунак без асаблівага задавальнення, без цікавасці, але ва ўсіх мільганула думка, што яна зусім інакш прыняла б яго, калі б не няшчасце з Фрэнкам. Каб не пераезд у Вялікі дом, на бедную Мэгі навалілася б яшчэ больш працы, таму што, хоць бацька і старэйшыя браты і не прынялі яе ў іх чыста мужчынскую «суполку па ахове мамы» (магчыма, разумелі, што Мэгі ўвайшла б у яе не без затоенай крыўды), яны лічылі, што яна павінна ўзяць на сябе ўсе справы і абавязкі, якіх Фія цяпер з агідай цуралася. Але потым аказалася, што цяжар гэты падзялілі з Мэгі місіс Сміт і пакаёўкі. Самым непрыемным для Фіі абавязкам быў догляд малых, але місіс Сміт узялася цалкам апякаць Джымса і Пэтсі, ды яшчэ з такой заўзятасцю, што Мэгі нават не адчула да яе жалю, наадварот, толькі ўзрадавалася, што аканомцы ўдалося нарэшце зусім завалодаць блізнятамі. Мэгі таксама перажывала за маці, але не так глыбока, як браты і бацька, — занадта цяжкія выпрабаванні зазнала яе доччына адданасць; мацярынскі яе інстынкт балюча раніла ўсё больш і больш прыкметная абыякавасць Фіі да Джымса і Пэтсі. Калі ў мяне будуць дзеці, думала Мэгі, я ніколі, ніколі не буду любіць каго-небудзь аднаго больш за астатніх.

51
{"b":"828993","o":1}