Бі яго!» О, як ён прагнуў сысціся з кім-небудзь у бойцы, але такой магчымасці ў яго не было з таго самага дня, як ён апынуўся ў Драгедзе. Кулачны бой — адзіны даступны яму спосаб выліць свой боль і гнеў, і цяпер, калі ён наносіў знішчальны ўдар, яму здавалася, што той самы магутны настойлівы голас спявае ўжо другую песню: «Забі! Забі! Забі!»
Нарэшце супраць яго выставілі сапраўднага чэмпіёна-лёгкавагавіка, якому загадалі трымаць Фрэнка на адлегласці, каб высветліць, ці такі ж ён умелы ў дальнім баі, як у бліжнім. У Джыма Шармана аж вочы заблішчалі. Ён заўсёды быў напагатове ў пошуках першакласных баксёраў, і на такіх вось правінцыяльных кірмашах знайшоў ужо некалькі будучых чэмпіёнаў. Лёгкавагавік сумленна выконваў загад, і яму туга даводзілася, хоць рукі ў яго былі даўжэйшыя, а Фрэнк, апанаваны сляпым жаданнем знішчыць гэту ўніклівую істоту, што ўсё скача перад ім, упарта насядаў на яго. Кожны захоп і прапушчаны град удараў служыў яму ўрокам, бо ён належаў да той пароды людзей, якія нават у нястрымнай лютасці здольныя думаць. I ён пратрымаўся да канца, як ні мясілі яго натрэніраваныя кулакі чэмпіёна; адно вока падпухла, брыво і губа рассечаныя. Але ён заваяваў дваццаць фунтаў і павагу гледачоў.
Айцец Ральф на момант расслабіў пальцы, і Мэгі выкруцілася ў яго з рук і куляй памчалася з шатра, ён не паспеў дагнаць яе. Выйшаўшы следам, убачыў, што дзяўчынку вырвала і яна спрабуе пачысціць маленькай насовачкай свае запырсканыя чаравічкі. Ён моўчкі даў ёй сваю, пагладзіў яркую галоўку, што ўздрыгвала ад рыданняў. У балагане яму і самому было моташна, і толькі сан не дазволіў расслабіцца на людзях.
— Пачакаць хочаш Фрэнка ці, можа, пойдзем?
— Пачакаю Фрэнка, — шэптам адказала дзяўчынка і прыхінулася да яго, удзячная яму за памяркоўнасць і спагаду.
— Розуму не дабяру, чаму ты так трывожыш маё адсутнае сэрца, — сказаў ён у роздуме, падумаўшы, што аслаблая і няшчасная, Мэгі наўрад ці чуе яго; як многія з тых, што жывуць у адзіноце, ён часам адчуваў патрэбу выказаць свае думкі ўголас. — Ты зусім не падобная на маю маці, сястры ў мяне ніколі не было, і проста даўмецца не магу, што ж такое ёсць у табе і ў тваёй сям’і... Вельмі табе цяжка жывецца, маленькая мая Мэгі?
Прамакаючы насоўкай рассечаную губу, з балагана выйшаў Фрэнк, над вокам красаваўся кавалак пластыра. Першы раз пасля сустрэчы на вакзале айцец Ральф убачыў на твары Фрэнка задаволенасць; такі выгляд, напэўна, бывае ў большасці мужчын, якія, так сказаць, «нядрэнна прабавілі ноч з жанчынай», падумаў свяшчэннік.
— А што Мэгі тут робіць? — рыкнуў Фрэнк, яшчэ да канца не астыўшы пасля схваткі на рынгу.
— Утрымаць яе быў толькі адзін спосаб — звязаць па руках і нагах і не забыць рот кляпам заткнуць, — ядавіта сказаў айцец Ральф, не вельмі задаволены, што даводзіцца апраўдвацца: хто ведае, Фрэнк яшчэ накінецца і на яго з кулакамі. He, Фрэнка ён не баяўся — баяўся публічнага скандалу. — Яна спужалася за вас, Фрэнк, хацела быць бліжэй да вас, на свае вочы ўбачыць, што вам нічога не пагражае. Злаваць на яе не трэба, яна і так расстроеная.
— Глядзі ж, не кажы тату, што хоць адным вокам бачыла гэты балаган, — загадаў Фрэнк Мэгі.
— Калі вы не супраць, дык, можа, на гэтым і скончым нашу прагулку? — сказаў свяшчэннік. — Усім нам, думаю, не пашкодзіць крыху адпачыць і чайку папіць у мяне дома. — Ён лёгенька ўшчыкнуў Мэгі за кончык носа: — А вам, юная лэдзі, не грэх і як мае быць памыцца.
Пэдзі ўвесь дзень прамучыўся з сястрой, выконваў усе яе прыхамаці і загады — Фія ніколі ім так не камандавала: памагаў старой прабірацца ў заморскіх гіпюравых туфельках па джыланбаўнскай гразі пад яе капрызнае і прыдзірлівае бурчанне; усміхаўся і нешта гаварыў людзям, якіх яна вітала велічным жэстам; стаяў пры ёй, калі яна ўзнагароджвала пераможцу галоўнага заезду Джыланбаўнскім прызам — смарагдавым бранзалетам. Чаму ўсе прызавыя грошы ўбухалі ў жаночую бразготку, замест таго каб уручыць кубак з залатой пласцінкай і салідны мяшэчак звонкай манеты, яму было няўцям — ён не пранікнуўся разуменнем чыста аматарскага характару джыланбаўнскіх скачак, апекуны якіх зыходзілі з пераканання, што людзі, адданыя коннаму спорту, не прагнуць нікчэмнага металу, а каштоўную забаўку, сваю ўзнагароду, могуць кінуць нядбалым жэстам у шкатулку любай жанчыны. Хоры Хоўптан, гняды скакун якога прынёс яму гэты смарагдавы бранзалет, за апошнія гады стаў уладальнікам рубінавага, брыльянтавага і сапфіравага бранзалетаў, але, маючы жонку і пяць дачок, сказаў, што не супакоіцца, пакуль не набярэ іх паўтузіна.
Крухмальная кашуля і цэлулоідны каўнерык мулялі, націралі шыю, сіні касцюм з камізэлькай уганяў у пот, страўнік, прывыклы да бараніны, дрэнна ладзіў з экзатычнымі сіднейскімі дарамі мора, што падавалі да шампанскага на ўрачыстым снеданні. I ён адчуваў сябе дурнем і здагадваўся, што і выглядае як дурань. Ад параднага касцюма так і тхне тандэтам і правінцыяльнай старамоднасцю. А навокал усе чужыя, усе гэтыя грубавата-дабрадушныя жывёлаводы-скватэры ў твідавых гарнітурах, іх пыхлівыя кабеты, і зубастыя, як жарабіцы, маладыя жанчыны — вяршкі таго, што джыланбаўнскі «Бюлетэнь» ахрысціў «скватакратыяй». Таму што яны з усіх сіл намагаліся забыцца пра тыя дні, калі ў мінулым стагоддзі перасяліліся ў Аўстралію і захапілі вялікія абшары зямлі, якую потым, калі былі створаны Федэрацыя і самакіраванне, улады маўкліва прызналі іхняй уласнасцю. Гэтай эліце зайздросцілі на аўстралійскім кантыненце ўсе, яна стварыла сваю партыю, пасылала дзяцей у прывілеяваныя сіднейскія школы, па-панібрацку прымала прынца Уэльскага ў час яго візітаў у Аўстралію.
А ён, Пэдзі Кліры — рабочы чалавек. I нічога ў яго няма агульнага з гэтымі каланіяльнымі арыстакратамі, якія занадта ўжо непрыемна нагадваюць яму сям’ю яго жонкі.
Калі ў доме свяшчэнніка Пэдзі застаў у гасцінай Фрэнка, Мэгі і айца Ральфа — спакойна сядзяць сабе перад распаленым камінам, дзень, відаць, правялі весела і бесклапотна, ён ускіпеў. Цэлы дзень яму страшна не хапала тактоўнай падтрымкі Фіі, і цяпер ён быў пад уладай пачуцця непрыязнасці да сястры не меншай, чым калісьці ў дзяцінстве там, у Ірландыі. I раптам заўважыў заклейку над вокам у Фрэнка, убачыў яго апухлы твар — сам бог паслаў яму прычыну спагнаць на кім-небудзь сваю злосць.
— Як ты мацеры на вочы пакажашся такі? — зароў ён. — Паўдня за табой не ўсачы, ты зноў за сваё, ледзь хто зірне на цябе не так, адразу лезеш з кулакамі!
Занепакоены айцец Ральф усхапіўся з крэсла — хацеў умяшацца, але сказаць нічога не паспеў, толькі выгук нейкі з вуснаў сарваўся — Фрэнк апярэдзіў яго.
— Гэтым я грошай сабе зарабіў! — спакойна сказаў ён, паказваючы на пластыр. — Дваццаць фунтаў усяго за некалькі мінут работы, цётачка Мэры нам з табой разам і за месяц столькі не плаціць! У балагане Джымі Шармана я сёння накаўтаваў трох класных баксёраў і цэлы раунд пратрымаўся супраць чэмпіёна ў лёгкай вазе. I зарабіў дваццаць фунтаў адзін. Табе, можа, не па нутры ўсё гэта, затое цяпер мяне паважаюць усе, хто бачыў мяне на рынгу.
— Зваліў парачку знямоглых перастаркаў з выбітымі мазгамі і нос задраў! Пара падрасці, Фрэнк! Росту табе ўжо больш, канечне, не набраць, але хаця б дзеля маці пастараўся б розуму набрацца!
Фрэнкаў твар зрабіўся белы-белы. Як выбеленая сонцам косць. Горшай абразы ён не мог пачуць, і ад каго пачуў — ад бацькі, а здачы даць нельга. У грудзях у яго пачало клекатаць, ён задыхаўся, ледзь стрымліваючы сябе, каб не даць волі рукам.
— Ніякія яны не перастаркі, тата. Ты не горш за мяне ведаеш, хто такі Джымі Шарман. I сам Джымі Шарман сказаў, што мяне чакае бліскучая баксёрская кар’ера; ён хоча ўзяць мяне ў сваю каманду, сам і будзе трэніраваць. Ды яшчэ грошы плаціць! Большы ростам, можа, я і не стану, але і ў такога ў мяне сілы хопіць — каго хочаш размачалю, нават цябе, стары ты смярдзючы казёл!
Пэдзі зразумеў намёк, схаваны ў апошніх словах Фрэнка, і таксама пабялеў як смерць.
— He смей называць мяне так!
— А хто ж ты? Паганая скаціна, горшая за барана юрлівага!