Литмир - Электронная Библиотека

Вуліца перад Стахам пахіснулася. Раздваіўся паўзучы тралейбус на прыпынку, і двайніка ягонага панесла ўбок, проста пад колы міралюбнай белай таёты, што стартавала ад чырвонай плямы сьветлафору, плаўна апусьціліся на плошчу фосфарныя аблокі, бы падбітыя цэпэліны; з будынку палацу культуры, які сядзеў за дарогай, выскачылі доўгія пліткі асветленых вокнаў і рухнулі на прадаўцоў кветак. Але вуліца адразу ж стала на месца, у напрацаваныя гадамі звычныя пазы, і двайнік тралейбуса зьнік, і аблокі, надзьмуўшыся, імгненна ўзьляцелі ўверх, і нечая руплівая рука засунула вокны назад, бы шуфляды ў Ясіраўскім стале. І зноў перад Стахам стаяла ў злой адзіноце насупленая Тая, трымаючы за спінай заплечнік з абы-як упакаваным у яго горадам.

— Чым я мог цябе заразіць?… — Стах раздражнёна пахітаў галавой. — Што ты вярзеш?

Нібы сабака, які доўга чакаў загаду ля Таінага сьцягна й вось цяпер нарэшце яго атрымаў, нага яе маланкава кінулася наперад, і мысок цудоўна пашытага боту ўпіўся Стаху ў калена. Ён прысеў, давячыся незвычайна вострым болем.

— Пранцы. Хламідыёз. Трыхаманіяз, — салодкім голасам пералічвала яна, нават цяпер узвышаючыся над Стахам усяго на некалькі сантымэтраў.— Ганарэйны урэтрыт, пахавы лімфагранулематоз, мяккі шанкр, вэнэрычная гранулема, трыхаманадны вагініт… Выбірай, што даспадобы. Чымсьці з гэтага ты заразіў мяне, смярдзючы лох, паскуда ты гнойная. Аналізы пакажуць. І маліся, каб гэта быў хламідыёз, а не, напрыклад…

Хістаючыся, Стах падняўся.

— Чаму ты думаеш, што гэта я?… — сказаў ён хрыпла. — У мяне ня можа гэтага быць. Ніяк ня можа. Я ж толькі з табой, Тая…

— А хто ж? — амаль крыкнула яна. — Што? Што ты там шэпчаш, урод?

— Муж, — паўтарыў ён ледзь чутна, апусціўшы галаву.

— Муж?

— Ты сама казала… ну, што ён табе здраджвае… ты пісала…

— Гэта ня ён, — хутка прамовіла Тая. — Гэта ня можа быць ён. Я зь ім ужо паўтары гады як… ня сплю. Ну, не зусім ня сплю, мы… карацей, не твая гэта справа, няважна. Гэта ты, ты мяне заразіў, і ты адкажаш. Адкажаш як мае быць, не сумнявайся, пралетар смярдзючы. На тваім дзёўбаным прадпрыемстве ўсе, відаць, гнойныя такія… Калі б жа я ведала…. Блін, анэкдот на анэкдоце.

Пясьменьнік…

— Ня будзь такой без… безапэляцыйнай, Тая, — цяжка сказаў Стах, нэрвова чэшучы шчаку. — Паразважай, гэта напэўна ён… Юра.

— Баішся? — горка пасьміхнулася яна. — Мяшок з гнілой спэрмай… Як я не здагадалася. Маляр з заводу! Гэта ж трэба! А прыкінуўся як… Словы якія казаў… пра літаратуру, блін, пра мастацтва. А сам на прадпрыемстве гаўно калупае…

— Тая, — сказаў Стах, набраўшы ў рот паболей сур'ёзнасьці. Ён паглядзеў ёй у вочы, перадолеўшы млосны страх, які выклікалі цяпер гэтыя лялечныя шчылінкі, заўважыў там слабое, але ўсё ж існае сумненьне, і, акрыяўшы, прашаптаў:

— Можна быць маляром на прадпрыемстве й пры гэтым — геніям… Кафка ўсё жыцьцё працаваў страхавым агентам. Горкі быў бурлаком. Тая…

— Што ты мне мазгі накручваеш? — ашчэрыла яна зубы. — Чакай, за табой прыедуць.

Яна павярнулася й пайшла да стаянкі таксі, дзе, зашпіліўшыся на ўсе форткі, драмалі на рулёх няверныя адтулінцы. Можна было пабегчы, дагнаць, паспрабаваць усё растлумачыць. Стах міжволі засунуў руку ў кішэню нагавіцаў, памацаў, яму падалося, што толькі гэта можа зараз прынесці супакаенне. Сьняжана. Калі ня Юра, то яна, каралева маляроў. Стах адвярнуўся, каб ня бачыць маленькай постаці, якая ўжо падыходзіла да першай машыны, запаліў цыгарэту. А яна ж, калі ўсе яе аповеды — праўда, адпомсьціць. Жорстка. За хлусьню ды за хваробу. Калі хвароба сапраўды існуе.

Няцвёрдым крокам Стах падыйшоў да мэтро. Якія вечныя сюжэты падкідвае жыцьцё. Цікава, дарэчы, як жа яна яго знайшла, як выкрыла падман… Учора каханка, сёньня вораг. Хуткаплынна ўсё, хістка, няўстойліва, брыдка. Ён азірнуўся. Прадпрыемства цягнула назад. Ён стаў тут сваім чалавекам. Гэтыя сьцены мусяць абараніць яго.

— Гэй, ты, гадзючае насенне, падыйдзі сюды.

Таксі спынілася ля самага парапэту. Тая высунулася ў вакно, нафарбаваная наноў, зь незнаёмай усьмешачкай на чырвоным твары. Стах упёрся каленам у мокры каменны бок парапэту й чакаў. Пераход пакорліва зносіў чарговы рамонт, унізе, накідваючы на сустрэчных грубую сетку жоўтага сьвятла, гарэла тоўстая лямпа, некалькі рабочых фарбавалі сьцяну, весела перамаўляючыся.

— Ідзі сюды, халоп. Пралетарый, тваю маць!

Стах падыйшоў, чакальна пазіраючы на гэтае ненавіснае сувэнірнае стварэньне.

— Сядай.

Яна адчыніла дзьверцу.

— Ну вырашайце, рабяты, а то тут спыняцца нельга, — нецярпліва перагнуўся назад кіроўца. — Едзем?

— Залазь, — аблізала яна вусны. — Ды ня здам я цябе сваім, і рэзаць цябе ня буду. Прынамсі, сёньня.

Стах, перажагнаўшыся ўнутры, склаў сябе ўдвая й залез у таксі, дзе ўжо пахла Таяй. Кіроўца пагардліва агледзеў ягоную куртку й сьцебануў каня.

Горад раскручваўся за вакном у зададзеным напрамку, застраючы на ляжачых міліцыянтах, рабочых-рамонтніках, чорна-белых сьветлафорах, грамадзянах Кале, што пераходзілі вуліцу ў забароненых месцах. Яны ехалі кудысьці ў раён цырку, да вакна раз-пораз падплывалі трамваі, падносячы амаль да самых вачэй сваю нязьменную жаўцізну, з суседніх машын выглядвалі лядашчыя бляндынкі, гэткія ж сабакі з п'янымі вачыма й дзеці, шмат дзяцей, што паныла жавалі нешта, выціраючы пальцы аб шкло. Яны ехалі, і рух супакойваў.

— Пісьменнікі й мастакі на заводах не працуюць, — казала Тая, здымаючы пальчаткі.— Што б ты там ні казаў, яны мусяць вучыць публіку, даваць ёй прыклад, перасьцерагаць. А тут, блін, ён тырчыць на заводзе, і думае, што мае права на нешта. Ты ў лепшым выпадку аматар. А мастацтва ня можа… ну ня можа яно быць гэтым самым… ну, хобі. Пісьменнік, гэта калі кнігі, рукапісы, прэміі, тамы, мастак таксама — майстэрня, выстава. Няма грошай — сядзі галодны, але пахаць на заводзе… Так мяне разьвесьці… У цябе ж ніводнай кніжкі, ніводнай публікацыі, ніводнай выставы. Пра цябе ж ня ведае ніхто. І не даведаецца, будзь спакойны. Мастак ён… Маляр! І нікім іншым быць ня здольны. І, дарэчы, пра маю кнігу нікому ні слова. А то…

— У іншай сітуацыі я б паспрабаваў цябе пераканаць, — прамовіў Стах асцярожна. — Павер мне, на прадпрыемстве шмат вельмі таленавітых людзей. А галоўнае… Галоўнае — людзей. Іхнай непасрэднасці, іхнай мудрасьці маглі б пазайздросціць…

— Прадпрыемства, — павольна вымавіла Тая, і ў ейных вуснах слова гэтае прагучала як іншамоўнае. — Хлопчык, што ты ведаеш пра прадпрыемства? Ты хаця б уяўляеш сабе, дзе працуеш?

Яна паклала руку на ягонае калена, якое ўздрыгнула, быццам на яго апусьціў малаточак нэўрапатоляг, уважліва, надзвычай уважліва паглядзела яму ў вочы.

— Я…

— Не ўяўляеш, — уздыхнула яна, і па ўзмаху яе вейкаў было відаць, што адказ Тая знайшла менавіта ў ягоных вачах. — Табе й неабавязкова ўяўляць.

Тая дастала доўгую цыгарэту з абручальным кальцом ля фільтру, запаліла, выдыхнула дым у патыліцу кіроўцы.

— Мастак… Сапраўдных мастакоў ты таксама, я гляджу, ня бачыў. Я вось зараз сама дзіўлюся, як гэта я не замачыла цябе там, ля прадпрыемства гэтага, як гэта я сяджу зараз і спакойна так з табой гаманю… Чым ты мяне ўзяў? Сваімі загрузамі пра мастака? Ці мне так патрэбны быў хто-небудзь цяпер? А? Гляджу на цябе, і не магу нічога зрабіць з сабой… Шкадую. Я кагосьці шкадую. Як школьніца, ё-маё.

— Я мяркую… Трэба нешта рабіць з… — Стах апасьліва паглядзеў на вуха кіроўцы, — з нашай праблемай… з хваробай. Няхай гэта ня я, але я…

Ён замітусіўся на сядзеньні, і кіроўца зацікаўлена зірнуў на Стаха ў люстэрка.

— Я неўзабаве атрымаю грошы, і мы маглі б…

Тая засьмяялася, стомлена, зьдзекліва.

— Не хвалюйся, малыш… Дзякуй богу, я ўжо вялікая і ўсё зраблю сама. Слухай, зараз мы заедзем да маіх знаёмых, і я табе пакажу сапраўдных мастакоў. Каб ты зразумеў і не выдумляў, што ты там геній і ўсё такое. А потым мы разьвітаемся, і калі я цябе ўбачу яшчэ хоць раз… калі пачую… калі будзеш спрабаваць мяне шукаць… вінаваты будзеш сам.

39
{"b":"825743","o":1}