Литмир - Электронная Библиотека

2001

БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ

1

Малады Ўладар падкраўся да Барліса ззаду, асцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі — ня дзіва, што ён яго не знайшоў.

Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся спінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў гайдалася гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя — у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі — іх можна было перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы — узімку іх ня знойдзеш.

Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў. Для дарослых яны, натуральна, былі — выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы. Сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся — пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая — польскай веры, дзяды ўсякія, затым — заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.

Хлопчык пераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд — сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.

— Увага! Увага! Увага! — Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзон! — закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры. — Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня, — чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым. — Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленне — для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў…

Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.

— … і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасьні — унікальная праграма… Беларусы на крыштальных шарах! — нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.

Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.

2

Цудоўнае цыркавое прадстаўленне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. «Ты ж ведаеш,»— сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату слёзы, да якіх яе давяла цыбуля. «Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.» Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю.

— Цырк — гэта добра, — сказаў бацька, пагладжваючы жывот. — Сланы, удавы! Толькі клоўнаў не люблю. Вось у наш час былі клоўны! Як цяпер памятаю — Пончык і Чэмберлен.

Хлопчык распавёў бацьку, што справа зусім не ў сланах або клоўнах. Ён паспрабаваў патлумачыць, як гэта прыгожа — беларусы на крыштальных шарах, але заблытаўся й неўзабаве заўважыў: бацька толькі ўдае, што слухае, а насамрэч глядзіць сэрыял пра міліцыю. Хлопчык і сам любіў гэты сэрыял, любіў уладкавацца на канапе, пагладжваць жывот, як бацька, і з захапленьнем назіраць, як вясёлыя сябры забіваюць злых бізнэсмэнаў. Ён любіў гэты сэрыял да сёньняшняга дня, калі зразумеў — прыгоды міліцыянтаў — казка для немаўлятаў у параўнанні зь Беларусамі на крыштальных шарах.

На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. «Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!»— узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: «Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?»

Бацька раптам стаў вельмі сур'ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. «Паслухай,»— сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка. — «Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям'я, і ты будзеш распараджацца грашыма… сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы — кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?»

Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна.

3

Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: «Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі…»

Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны — пяць за адказ у дошкі і два — за паводзіны, а плюс да ўсяго — чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі — прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.

4

У нядзелю ўся сям'я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чакальні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаныя, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня.

10
{"b":"825743","o":1}