Литмир - Электронная Библиотека

— А цяпер мы запрашаем на сцэну ансамбль «Яромка»!

Заля ўзвыла, у паветра ўзьняўся воблак з насліненых папяровых снарадаў. Павярнулі да сцэны цёмныя твары карцёжнікі, крыважэрна павяла ноздрамі дарослая публіка. Выйшлі Ягор і Вікторчык, сеў на падрыхтаванае крэсла Мікола. Каля Ягора стала Дзіна, поруч зь Вікторчыкам — Жэня. Марыя Пятроўна з заплюшчанымі вачыма выйшла апошняй. Заля прыціхла. Прыціхла. Прыціхла.

— Ну пачынайце ж, — гучна, на ўсю залю шапнула Эла Сямёнаўна.

— Балалайка, скажы ўсім, хто табе сёньня зуб выбіў? — крыкнуў са свайго мейсца адзін з гледачоў. Вікторчык з жахам пазнаў у ім хлопца зь сякераю. — Ладна, лабай давай!

Марыя Пятроўна адкашлялася й заравела, нібы мула зь мінарэту:

— Хто песьню бае — той розум мае,
Хто лён кідае — той аддыхае,
Хто любіць чарку — любіць і скварку,
Хто любіць катацца — любіць і…

— Ябацца, — крыкнуў нехта з гледачоў радасна.

— Хто хлеб пасее — той і пажне, — не зьвярнула на яго ўвагі Марыя Пятроўна. — А хто нас слухае — той…

Тут па задуме патрэбны быў хор астатніх удзельнікаў «Яромкі», але кожны змрочна думаў пра нешта сваё, і толькі Ягор віскнуў, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы ў руках сваю бочку: «…той з намі сьпяе!» Эла Сямёнаўна, якая ўласнаручна склала ў Менску вышэйпамянёны тэкст, са звычнай прыкрасцю апусьцілася на крэсла.

Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальнення. Яны грукалі, шчыпалі струны й расцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяцігадовы плян у Бадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала.

Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваннем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў:

— Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену!

— Ну карова, — сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа:

— Ты жопу ейную бачыў?

Ягоны сусед, падобны на п'янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў:

— Яйкі мне пачашы, карова!

Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. «Балалайка ня ладзіць,»— сказаў Вікторчык. — «А я тут сала раздабыў і самагону.» «Вось у Хмельніках самагон быў — сьляза,»— прамовіў летуценна Ягор. «Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?»— спытала Эла Пятроўна. «Паняў,»— сказаў бадзёра Жэня. — «Выправім.» «А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,»— накінулася худрук на бубнача. «Яшчэ тры граем,»— пазяхнуў Мікола. «Чатыры,»— удакладніла Эла Сямёнаўна.

— А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык, — звонка сказала за дзьвярыма Анжэла.

На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паўзы, прад эк лямаваў:

На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся
І ўрэшце закрапаў
Падарожнік у кнізе закладку зрабіў
Узіраецца ў мапу
І нібы кінакадры, на шкле лабавым
Гэтак хутка зьмяняецца ўзор
У кабіне няроўны хістаецца дым
І аўтобус адольвае ўзгор
Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала
На палеткі, як бомба, дарожнае сонца ўпала
Хмара з назвай вясковай — «Дражэ» —
Навакольле асыпала дробам
Град на гразкіх гародах
ўпалову з каменьнем і бобам

Добрык павярнуўся да паўадчыненых дзьвярэй у бакавы пакойчык, дзе адпачывала «Яромка», і чатырма кантрольнымі стрэламі прагрымеў:

Нібы рот, учарнелы ад кіслых, парэчак
Зь цемнаты праступае чарговае з тысяч мястэчак
Паспрабуйце, бадзягі, такое скарыце!
Хіба толькі зваліцца на мэтэрыце
На гарматным ядры, як Мюнгхаўзэн, вярхом
На плякат не зважаючы: «Госьці, гоў хом!»

Вельмі сур'ёзна заля запляскала ў потныя далоні. Выхад «Яромкі» быў сустрэты сьвістам. Пад градам папяровых шарыкаў было адграна яшчэ дзьве кампазыцыі — «Вясна» і «Камар». Цяжка дыхаючы, Марыя Пятроўна арала носам сцэну. Зноў надыйшоў перапынак, падчас якога дзяўчынка гадоў дзесяці, пастаянна зьбіваючыся, выканала на цымбалах дзяржаўны гімн. Выйшла Эла Сямёнаўна, зь недаўменьнем, як муха ў баршчы, успрынятая гледачамі (яны й не падазравалі, што ў бакавым пакойчыку ёсьць нехта яшчэ), уручыла дзяўчынцы плякат, на якім «Яромка» пры поўным парадзе шыхтаваўся на фоне камышовых зарасьнікаў.

«Яромка» адграў палову наступнай песьні, калі ў залю, грукаючы ботамі, увайшоў нізкалобы мужычок перадпэнсыйнага веку. Разьмераным крокам ён наблізіўся да сцэны і ўважліва паглядзеў на экзэрсысы Марыі Пятроўны. Тая пачала скакаць з падвоенай энэргіяй. «Здарова, Грысь,»— крыкнулі мужыку карцёжнікі. Грысь рушыў да іх, парукаўся з кожным, пагладзіў па. макаўцы, потым падняўся на сцэну і ўзмахам далоні спыніў Вікторчыка. Музыка абарвалася, абярнулася Марыя Пятроўна, зь незразумелым захапленьнем гледзячы на Грыся. Той узяўся за грыф бас-балалайкі, сьціснуў яго, быццам руку суперніка па армрэстлінгу, цяжка паглядзеў на музыкаў, потым на ўзьніклую ў дзьвярох Элу Сямёнаўну. Усе маўчалі як загіпнатызаваныя. Нечакана Грысь усміхнуўся, і яромкаўцам стала неяк адразу цяплей, нібы зьяўленьне гэтага мужыка вырашыла ўсе праблемы, надала сэнс гэтай усеагульнай лухце.

— А давай Таганку, — душэўна прамовіў Грысь і нават павярнуўся да залі, шукаючы падтрымкі.— Ты ж Таганку магёш?

Вікторчык ацепаўся.

— Я кажу, ты Таганку магёш? — павысіў Грысь голас, але вочы ягоныя працягвалі глядзець пяшчотна й лагодна.

— Гэта бас-балалайка, — сьцяўся Вікторчык. — Басовы інструмэнт… Рытмічны малюнак…

— Я не маляваць цябе прашу, — раздражнёна сказаў Грысь. — Я Таганку прашу злабаць.

Вікторчык стаяў у здранцьвеньні, вочы ягоныя прасілі літасьці, але пальцы ўжо запрацавалі: цыганка з кар-тамі-і-і…

— А казаў не магёш, — працягнуў Грысь. — Гаварыў інструмэнт… Дарога дальняя… Ну давай, давай…

Грысь вельмі спрытна разьмінуўся з Марыяй Пятроўнай, заграбаючай паветра лапатападобнымі далонямі, падыйшоў да мікрафону й захрыпеў:

— Казённы дом…

Да Вікторчыка далучыўся, адбіваючы просты — прасьцей няма куды — рытм, Ягор. Ня гледзячы на бубнача, Грысь падняў вялікі палец, і раптам заспяваў прыгожа й глыбока, нагнятаючы тугу, якая чакала за сьценамі клюбу й цяпер уварвалася ў залю, несучы прыемнае ачмурэньне. Захацелася быць шырокім, як кашуля, разарваная на грудзёх. Пілікнуў, падладжваючыся, гармонік, і затым разыйшоўся — надрыўна, прасторна. Марыя Пятроўна загрукала нагой, Жэня й Дзіна сьпявалі, як перад расстрэлам. «Па новай ждёт,»— вымавілі вусны Элы Сямёнаўны, і ёй закарцела дакрануцца да чорных вусоў Грыся — зараз жа, грудзьмі, шыяй, жыватом, шчакамі. Мікола спачатку граў неахвотна, але цяпер ягоны гармонік выдаваў пад падаючую ў залю песьню гэткія мудрагелістыя варыяцыі, што аж задыміўся… не, гэта запаліла першую ў жыцьці цыгарэту дзяўчынка, якая выконвала на цымбалах дзяржаўны гімн, і прысланілася да пляча падобнага на чорціка хлопчыка. Засьпявалі карцёжнікі, зьмяшаліся з грашыма законы й шасьцёркі. Кірыла Добрык падыйшоў да Ніны Саламонаўны й лёгка ўсадзіў ёй у жывот нож. Тая з удзячнай усмешкай села ў другім радзе, восьмае мейсца зьлева. Школьнікі пацягнуліся да дзьвярэй. Над заляй, выглядаючы здабычу, лунаў бусел.

9
{"b":"825743","o":1}