Литмир - Электронная Библиотека

Разьюшана молячыся на абраз халоднага кампоту, я ўсё ж падымаюся. Адразу ж хапаюся за сьпінку крэсла, і тое помсьціць мне — наступае на пальцы правай нагі сваёй вострай мыліцай і яшчэ націскае потым. Страшэнны, жудасны боль кідае мяне ў кут. Крэсла грукоча, у суседнім пакоі нехта варочаецца. Пальцы на назе баляць невыносна. Узьняўшы нагу, я гляджу на яе, з вачэй маіх выкатваюцца сьлёзы — імі, відаць, можна пахмяліцца. Магчыма, адзін з пальцаў раздроблены. Цалкам магчыма.

Кульгаючы, я йду да дзьвераў. Трэба прайсьці праз суседні пакой, дзе сьпіць нехта з гасьцей, калідор, а за ім — кухня. Я бяруся за дзьверы, і яны б'юць мяне, адскокваюць і займаюць абарончую пазыцыю. Валачу распухлую нагу па падлозе, пад нагой хрумсьціць шкло, я ледзь не наступаю на храпячае цела. Не хачу, каб яны прачыналіся. Як бы яно ні было, мне зусім ня хочацца бачыць аніякіх твараў, нават намаляваных і нямых, нават уяўных, нават слова такога не хачу ведаць — твар. Я паняцця ня маю, што такое твар… бязглуздае слова… колькі іх прайшло перада мной… колькі праходзіць… мільярды… на экранах, карцінах, грошах, цыгарэтных пачках, у кнігах, на фатаграфіях, а маюцца яшчэ жывыя твары… яны пладзяцца як трусы… колькі я бачыў… кожны новы абясцэньвае наступны… твар… равт… варт… трав… врат… арвт… Хістаючыся, я йду праз залю… бягу… мне падаецца, я бягу, хаця не дайшоў яшчэ да сярэдзіны. Храп і прах. Забіў бы каго-небудзь за кампот.

Нарэшце нейкі аскепачак, які стаіць тарчма, упіваецца мне ў пятку. Трапіў якраз над мазалём, для якога ніякае шкло, ніякія голкі, ніякія гарачыя вугольлі ўжо не ўяўляюць небясьпекі. Аскепачак трэба вынуць. Мне, праўду сказаць, на яго пляваць, і на боль, і на кроў, але нейкі інстынкт, што захаваўся зь дзяцінства, падказвае — трэба выдастаць, хадзіць ня здолееш. Нахіляюся — і ў гэты самы момант нехта ўпарты зноў зносіць туманную, цёмную карцінку сьвету з-пад вачэй. Я — лётчык, якога зьбілі. Зямля імкліва набліжаецца. Кажуць, расейцы «парашют» будуць пісаць праз «у». Я валюся на калені ля шафы. Перадышка. Выціраю далоняй вусны. Наперад.

Вантробамі адчуваю, што ў калідоры мяне чакае засада. Гэтак і ёсьць. Толькі я ступаю туды, левая сьцяна весела, нібыта гуляючы, б'е мяне нагой у зад. Даволі адчувальна для таго, хто пераплывае Стыке. Правая лупіць каленам у пахвіну. Паветра, якое я толькі што ўдыхнуў — сумесь дыму, перагару, выпарэнняў нямытых целаў і сьметніцы — ніяк ня хоча выходзіць зь мяне. Я ўпіраюся рукамі ў сьцены, якія ссоўваюцца, каб спрасаваць мяне ў блін і стаць на сваё мейсца як ні ў чым не бывала. На падлозе застаўся б пляскаты прадмет, засохлы й зялёны, невядомага паходжаньня, зь невядома адкуль узьніклым саском у правым верхнім куце. Я паміраю. Драўляная падлога ўвагнала мне пад пазногаць доўгую трэску, якую я беспасьпяхова спрабую дастаць, але толькі заганяю яшчэ глыбей. Зьняможаны, я падаю на падлогу калідора. Да кухні сто тысячаў кілямэтраў. Я плачу. Прачынаецца кот — белы з чорнаю плямай, якая распаўзаецца па сьпіне й сьцякае на жывот, калі можна назваць жыватом гэтую кашчавую, рабрыстую частку ягонага згаладалага цела. Кот прыбягае ў калідор ды крычыць, нібы хворы на шаленства будзільнік. Ён абмінае мяне, дабягае да кухні й спыняецца на парозе, крычыць, глядзіць на мяне зь нянавісьцю ў жоўтых вачох. Жэрці хоча. А няма чаго. Кот на імгненьне замаўкае, падыходзіць да сьцяны, дзярэ кіпцюрамі шпалеры, ужо да такой ступені закатаваныя, што нагадваюць нейкую расьліну, плюшч там, або бярозку Потым ён набліжаецца да мяне зноў і пачынае выць. Вось каго б я забіў. Вось каго трэба прынесці ў ахвяру богу кампота, каб маю высахлую глотку акрапілі парэчкавыя, вішнёвыя, яблычныя, грушавыя, сьлівовыя дажджы. Кот кідаецца на мяне, кусае за нагу — ня вельмі балюча, але невыносна нахабна. Потым адыходзіць і, гіпнатызуючы крыважэрным позіркам, зноў паласуе мой сьвежапраапэрыраваны слых. Заб'ю. Я раблю крок насустрач гадзіне, кот не ўцякае, ён падыходзіць і трэцца аб укушаную нагу, не перапыняючы енку. Я размахваюся й б'ю яго ў жывот. Здароўе ў мяне ня тое, але кот адлятае да кухні. Ягоная пашча закрываецца, але ненадоўга. Пакрыўджана нешта вякнуўшы, ён — вось тупы! — трэцца аб ногі па новай. Тады я, карыстаючыся часовай палёгкай, бяру яго ў рукі й кідаю як камень, у кухню, туды, дзе сьвятлее вакно. Кот б'ецца галавою аб ножку стала і, кульгаючы, ратуецца за халадзільнікам. Я ўваходжу ў кухню й саджуся на крэсла, выцягнуўшы пакалечаную нагу паміж ракавінай і сталом. Вада ўжо зусім блізка, але смага зьнікае. Зараз пасяджу трохі ды адзьдзячу сабе за пакуты. Засьнежаная вуліца за вакном мяккая й празрыстая, падобна на тое, як калі б на начным небе працаваў агромністы тэлевізар, і ягоны экран асьвятляў зямлю. З-пад шыбаў дзьме, і скура мая становіцца нібы скура ашчыпанай курыцы. Гэтак мы сядзім на кухні, я і Вова Калатун, і дрыжым, грэючы рукі паміж ссунутых ног. Я пачуваюся гіпсавай статуэткай, у якой зараз адломіцца шыя. Нехта, хто ўжо зусім надакучыў, наноў спрабуе скрасьці карцінку сьвету ў мяне з-пад вачэй, але на гэты раз я яго апераджаю — затрымліваю дыханьне, дранцьвею, заплюшчваю вочы. Цяпер адплюшчыць — і, здаецца, усё цярпіма. Але вось кот… З-за халадзільніку чуецца ягоны мінорны лямант. Далібог, зараз адным мурлыкам на сьвеце стане меней. Злосьць апаноўвае мной, яна нібы выкід насеньня, яе не спыніць. Я ўскокваю, падбягаю да халадзільніку, кот у паніцы хаваецца ў кут — я хапаю яго за хвост і выторгваю, як пустазельле з градкі. Кот ужо проста хрыпіць, круцячыся ў руцэ, як прашча. Я б'ю яго аб сьцяну й выпускаю. Некаторы час ён ляжыць нерухома — краем вока я гляджу на яго, смокчучы кран. Першая смага мінула хутка, але за ёй — невычарпальныя пласты, другі, трэці, чацьверты. Вада асядае ўнутры непатрэбным грузам, а піць хочацца ўсё адно. Мне ўжо млосна ад вады. Смактаць кран — гэта, відаць, ня вельмі прыстойна выглядае збоку. Кот торгаецца — жывы… Вочы — вочы несправядліва пакаранага дзіцяці. Сорамна мне становіцца, ці што?.. Як-як? Сорамна. Я яшчэ памятаю гэтае слова? Заткні свой сьмярдзючы рот! Я саджуся за стол і запальваю цыгарэту — у пачаку ёсьць яшчэ тры. У попельніцы, быццам зграя лісічак, тырчаць жоўтыя, фільтрам уверх, недапалкі — некаторыя зусім вялікія, амаль ня паленыя, сплюшчаныя гармошкай. І тут пачынаецца… Я, напэўна, зараз памру, і апавяданьне застанецца недапісаным. Карціну ўжо не ўносяць, яе звозяць у браніраваным лімузіне. Кабзьдзец. Трыньдзец. Сэрца заціснутае ў незнаёмым моцным кулаку, і зь яго крапае. Цыгарэта падае на стол, і зь мяне… Не, гэта не катарсыс блаславёных ванітаў, гэта маленькія згусткі жоўці вісяць у мяне з роту, падаюць на цыгарэту, тая шыпіць. Гэтак пагана мне яшчэ не было. Плюнь на апавяданьне, мілы чытач, выратуй мяне. Вазьмі на рукі й занясі на ложак. Я сам вінаваты. Калі б я ведаў хаця б адну малітву… Мяне трасе, гне да падлогі. Цяпер я разумею, пекла напраўду ня ў нас саміх, яно — пад зямлёю. Я дохну. Жоўць блішчыць на брудным стале.

Кот перастае крычаць і мякка ўскоквае да мяне на калені. І паступова ўвесь боль майго беднага, беднага, гэткага беднага цела сыходзіць кудысьці. Становіцца добра й сьветла, хочацца адплявацца й зубы пачысціць… І, відаць, у душ. Не, падымацца яшчэ зарана, але я папраўляюся. Кот сядзіць у мяне на каленях, погляд ягоны сур'ёзны, нібы ён заняты надзвычай важнай справаю. Поўсьць яго грэе мае зусім замерзлыя ногі. Кот маўчыць, толькі зрэдку мружыцца, пазіраючы на мой жывот у корцы засохлай гідоты. Коцік… Каты забіраюць у людзей боль… Калі нам балюча, да нас прыходзяць каты й праганяюць яго… а можа, прымаюць у сябе. А мы… мы нават не цікавімся, што адбываецца ў катох далей, куды яны дзяюць гэты боль, — магчыма, адчуваюць замест нас. О, мой гаючы, чароўны кот! Калі ў мяне забаліць душа, дазволь мне прыкласці цябе да яе.

2001

УСЁ, ШТО АД НАС ЗАСТАЛОСЯ

Кабінэт зьзяў адмысловай, стэрыльнай белатою. Толькі зрэдку па ўзбоччы шафаў, па роўнядзі апарату УЗІ, па гладкай — ні складкі — прасьціне на пустой кушэтцы, па акругленых кутох скрыні для інструмэнтаў, па бляску ўмывальніку, які густа мазаў вочы, праслізгвалі зігзагі ценяў. У вакно біла зімовае сонца.

12
{"b":"825743","o":1}