Литмир - Электронная Библиотека

— Ну, а што… Не крычыце на мяне! — залямантавала раптам Жана. — Ведаю. Сказаў. Табе што з гэтага?

— Можа й мой Юрачка — гэта… — сказала Ала. — Кіно-о-о…

— Як ён выглядае? — спытала Тая, ускочыўшы з крэсла. — Як? Гавары!

— Росту невысокага, моцны. Абязьян такі.

— Апранаецца як?

— Нармальна апранаецца. Куртка, джынсы, швэдар шэры… касьцюм зрэдку…

— З горлам швэдар? З горлам?

— Ну, пад горла. Тая…

— Майткі якія? Кажы, сука!

— Сінія ёсьць… з рыбамі… сямейнікі такія… Кітай яшчэ… там драконы сьпераду.

— Я ж заб'ю цябе, — як злы гном, Тая прабегла да століку ля сьцяны, схапіла мэдыцынскія нажніцы. «Яна зараз як афігелая бабулька,»— адзначыла пра сябе Ала, здымаючы футра — папсуе яшчэ, і павольна рушачы да кабінэту Жаўткова. — Я ж заб'ю цябе, — ціха паўтарыла Тая, падыходзячы да Жаны зусім блізка. Жана, вышэйшая за Таю на дзьве галавы, плакала, але ня рухалася зь мейсца. «Ратаваць,»— вырашыла Ала й крыкнула: «Я ж зь ім сплю таксама!» Тая азірнулася на яе, потым кінулася да шафы, дастала пад дружны звон падаючых флякончыкаў нейкую бутэлечку й вельмі трапна запусціла Але ў твар. Пакуль Ала, пратрубіўшы нешта нецэнзурнае, вызвалялася ад рэшткаў футра, Тая ткнула Жану нажніцамі ў жывот. Але ўдар быў слабы, лязо застрала ў Жанінай кофце, Жана адплюшчыла вочы й схавала галаву ў плечы. Тая сядзела на падлозе, уся ў ваконным яркім сьвятле, якое распадалася на геніяльна выяўленыя, зручныя для лоўлі маленькія вясёлкі. «Сукі, блядзі, посьцілкі, курвы… Я ж усё Юры распавяду, я Андатраву скажу, у яго пісталет,»— мармытала Тая, размазваючы па твары соплі.

— Ну-ну, — сказала Ала прымірэнчым голасам і падняла з падлогі бутэльку. — Адкуль жа мы ведалі…

— Гэта жыцьцё, Тая, зразумей, — сказала Жана. — Мы ж цябе ўсе любім. Ну падзялілі твайго мужыка, так ужо атрымалася. Цікава атрымалася. Ты ж сама баба, зразумей нас.

— А зь Юрачкам разьвесьціся трэба, — пагладзіла Ала Таю па валасах. — Дзяцей няма, нічога не трымае.

Яна прысела побач з Таяй на кукішкі, абняла.

— Не, я падумала, гэта ж трэба — усё складваецца… Усе яны кабялюгі, ёбары даўбаныя.

— Каб я… каб я паміж вамі яго падзяліла… — Тая была падобная на варанага пяцісотгадовага карузьліка.

— Гісторыя, вядома, — проста кіно здымай, — пагадзілася Ала. — Але сама падумай. Яму адно трэба — блядаваць. А ты, дзяўчо, памылілася адрэсаю. У свае дзьверы грукаць трэ было, а ня лезьці да бараноў гэтых.

— Вы, вы ва ўсім вінаватыя… — усхліпнула Тая.

— Таечка, не для цябе ён, — падсела да іх Жана. — Ня трэба ты яму.

— Я пра вас забыць хачу! Курвы! — зноў заравела Тая. — Вы ва ўсім вінаватыя.

Ала й Жана саркастычна пасьміхнуліся адна адной.

— Мы, мы вінаватыя, — сказала Ала, усаджваючы паслухмяную Таю на крэсла. Жана кінулася дапамагаць ёй апранаць спадніцу. — Мы, — паўтарыла Ала, дастаючы са стала «Клоназэпам». — Толькі супакойся. У таксі паплачаш.

— Я яго заб'ю, — прашаптала Тая. — Атручу… яйкі адрэжу… Ён жа й вас… гэтак прынізіў…

— Ты ж сама разумееш, што не заб'еш і не адрэжаш, — прыкрыўшы далоняй вочы, сказала Ала. Спадніца на Таю ўрэшце была апранутая. Жана глядзела на сябе ў люстэрка і адначасова мацала жывот. — Развадзіся.

— Што ж мне рабіць? — прамовіла Тая празь сьлёзы. Дзьверы ў суседні кабінэт расчыніліся, і адтуль паказалася паў-Жаўткова.

— Што за крыкі? — рыкнуў ён, але, убачыўшы Таю, палагаднеў.— Што здарылася? Па тэлефоне размаўляю, чую — крычаць.

— Палец дзьвярыма прышчаміла, — хутка сказала Ала й кінулася да дрыжачага таінага мезенца. — Усё, зараз усё будзе добра.

— А, — сказаў Жаўткоў і ператварыўся ў гладкія белыя дзьверы.

Тая, усё яшчэ румзаючы, накінула паліто, выйшла і тут жа вярнулася.

— Я прыдумала, — Тая ўсьміхнулася, мінулая Тая заплакала зноў, але шанцаў на перамогу ў яе ўжо не было. — Прыдумала. Дасканалая помста. Прыгожая, элегантная. Вы таксама ў гэтым возьмеце ўдзел.

Ала й Жана разам уздыхнулі.

— Мы напішам кнігу. Патаемна. Я буду пісаць, пакуль ён на працы. Кожная з вас апіша Ю… не магу яго так называць… Ю-юру такім, якім ён быў з намі…

Павярнуўшыся да вакна, Ала ўсьміхнулася. Быў. Каму быў, а каму… Выперці б яе хутчэй, дурніцу.

— … усё: інтым, быт, звычкі. Нічога не хаваючы. І пра тое, што на майтках вечна плямы брунатныя… І галоўнае — назваць яго сапраўдным імем… І прозьвішчам… Усю праўду. Атрымаецца Юра як бы праз тры мікраскопы, у трох ракурсах. Мы зь яго труса пад досьледам зробім. Кшталту за шклом. Пра яго кожны даведаецца. А потым я зь ім разьвядуся.

Па яе твары беглі сьлёзы, на якія Тая ўжо не зьвяртала ўвагі. Інтрыга — супэр.

— Я за свае грошы знайду выдавецтва, дый любое прыватнае за такія страсьці ўхопіцца.

Жана закаціла вочы. Ну й дзіцё. Грошы няма куды дзяваць.

— І вось выходзіць гэткі бэстсэлер… пад назваю… ну, назву потым прыдумаем. Ну як?

Гордая сваім плянам, Тая нават адчула задавальненьне ад таго, у які складаны, пранізьлівы пераплёт яна трапіла. І астроляг яе, гэты Кропышаў, казаў: «У пятніцу жыцьцё можа крута зьмяніцца.» Вось і ня вер пасьля ўсяго гэтага зоркам.

— Пісаць пачынаем сёньня ж, — скончыла Тая й тут жа дастала з паліто тэлефон. Бліснуўшы вачыма, яна набрала нумар. У прыёмным пакоі чуўся нечы абураны голас.

— Юра? Гэта я. Не, усё нармалёва. Дома распавяду. Не, сама. Ну, выязджаю. Чакай.

Яна пацалавала слухаўку, паказаўшы роўныя, белыя, у вясельнай кужэлі сыпны зубы й выйшла.

— Не, менш за сотку за гэтае шоў я з Жаўткова не вазьму, — уздыхнула з палёгкаю Ала.

— Ндаа, — працягнула Жана, з інтарэсам разглядваючы зацяжкі на сваёй кофце, на ўзроўні пупка.

Дзьверы ў жаўткоўскі кабінэт адчыніліся павольна і ўрачыста. Доктар спыніўся на парозе, потым, кульгаючы, прайшоў на сярэдзіну, стаў у асветленае кола паміж Алай і Жанай.

— Уладзімір Барысавіч, гэта геніяльна… — залямантавалі яны, але доктар узмахнуў рукой, і жанчыны замоўклі. У вачох Жаўткова гайдалася цемра глядзельнае залі, у вушах шумеў акіянскі прыбой воплескаў. Лепшая рэжысэрская праца году. Ён зьняў халат і кінуў яго ў кут.

2001

НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА

На сямі ўзгорках, у самым цэнтры вялікага гораду, ляжыць Прадпрыемства. Ня так важна, што за прадукцыю яно вырабляе, мы ж усе й так, пагадзіцеся, гэта ведаем. Мы нарадзіліся ў гэтым горадзе й пражылі ў ім усё жыцьцё, ніколі нікуды не выязджаючы, быццам на горад надзеты празрысты каўпак, межы якога схаваныя недзе ў прыгарадных лясох. Ды нам і так добра. Колькі год мы садзімся ў трамвай ля Прадпрыемства, шпацыруем уздоўж ягоных высокіх сьценаў з маці або каханай дзяўчынай, з жонкай і дзецьмі, вымаўляем ягоную назву. Але туды, за гэтыя сьцены, нам не патрапіць. Золатазубыя жанчыны паўстануць на нашым шляху, зарычыць каменная ваўчыха, што стаіць пры ўваходзе як напамін пра тую зьвяругу, якая выкарміла некалі бацькоў Прадпрыемства — тых, хто першымі ўсадзілі лапаты ў зямлю на месцы вырубленага гушчару. І мы адступім, лісьліва ўсміхаючыся, і пабяжым прэч ад Прахадной. Бо пропуску ў нас няма, мы забылі яго дома, згубілі, выкінулі — даўным-даўна, вельмі шмат анічога ня вартых гадоў таму. Да самае сьмерці нам будзе невядома, што ўсё ж робіцца за цяжкімі варотамі і аблытанымі калючым дротам мурамі. І толькі потым, пакідаючы нарэшце горад, мы зірнем у ілюмінатар, каб паглядзець на Прадпрыемства хаця б зьверху. Але й тады, забіваючы наш апошні шанец, Яго скрыюць абачліва ссунутыя аблокі.

А ўначы, як высветлілася, прайшоў сапраўдны яблычны дождж. Спаўзаючай коўдрай па-над садам вісела цішыня, халодная, вогкая. Стах зь яшчэ паўзаклеенымі сном вачыма басанож выйшаў на ганак, наступіў на мацярынскія туфлі і ўжо далей тройчы прагрукаў сваё прабуджэньне. У траве ляжалі яблыкі, тоўстыя, рыпучыя, гэткія празрыстыя, што, калі захацець, у глыбіні іх можна было разгледзець маленькія цёмныя шкілеты. Стах таўхануў адзін яблык нагой, той зьнік у кветачных джунглях, цьвёрды й бескарысны.

14
{"b":"825743","o":1}