Звонку дом быў пакрыты мяккай цьвільлю ранішняга туману. Стах вымыўся ледзяной вадою зь вядра, недзе вельмі блізка, падалося, у самага пляча, цішыню разарваў лямант электрычкі. Уздыхнулі дрэвы, стала яшчэ халадней. Гэткае пачуцьцё сярод туману, што знаходзішся ў прасторнай залі, дзе толькі што адчынілі ўсе вокны. Стах вярнуўся ў дом і запаліў газавую пліту.
Ён прыехаў на лецішча ўначы, ледзь паспеўшы на апошнюю электрычку. Яшчэ на вакзале дрогкі тамбур сустрэў яго прадвесьцем нейкага паэтычнага натхненьня, але вагон быў амаль пусты, і Стах уладкаваўся ля вакна, пасадзіўшы побач заплечнік. Спазьніцца баяўся ня ён адзін, перад самым адпраўленнем у вагон уваліліся дзьве цёткі, якія разьмясьціліся ў Стаха за сьпінай. Электрычка кранулася зь месца, цёткі пачалі гамонку, і Стах міжволі прыслухаўся. Размова йшла нібыта пра параўнальныя вартасьці невядомага маньяка, што яшчэ ня трапіў у лапы правасудзьдзя… ён пасьпеў ужо насваволіць у тым самым дачным пасёлку, куды ляжаў і ягоны, Стахаў, начны шлях. Безумоўна, натхненьне было дарэшты зьлізанае языкастымі цёткамі, і слупы ды падсвет леныя яліны, што ўсё шпарчэй праплывалі за вакном, так самі сабою й засталіся. Ды яшчэ незадоўга да станцыі з тамбуру зьявіліся двое амонаўцаў, якія запатрабавалі ў яго дакумэнты. Стах паказаў ім свой навюткі пашпарт, і яны некалькі хвілінаў правяралі графу «Хваробы й калецтвы», а потым нават не казырнулі на разьвітаньне. На станцыі цётак сустракалі п'яныя мужчыны, Стах лёгка падхапіў заплечнік, хутка прамінуў кароткія цёмныя вулкі, адшукаў ключ пад ганкам і, упаўшы на сыры ложак, адразу заснуў.
Цяпер дачны пасёлак няўхільна прачынаўся. Стах ускіпяціў сабе гарбаты, намазаў маслам хлеб і пачаў распакоўваць заплечнік, які ўжо пасьпеў набыць пах нейкіх сутарэньняў ды прамокнуць зьнізу. Бутэрброд, які Стах зрэдку кусаў ды перакладваў з трумо на тумбачку, з тумбачкі на падваконьне, з падваконьня на стос старых газэтаў, стаў урэшце да агіды гнуткім, і Стах выкінуў яго ў вакно.
У юнацтве ўлюбёным заняткам Стаха было стварэнне тэкстаў. У нейкай меры гэта была самая арыгінальная літаратура на сьвеце. Стах пісаў артыкулы пра сябе для энцыкляпэдычных даведнікаў, якія стаялі на паліцы ў ягоным пакоі. Напрыклад, такія:
Аляксандр СТАХОЎСКІ (г.н. 1970) — выдатны — скі археоляг, доктар навук. Сярод ягоных заслуг — адкрыцьцё й вывучэнне знакамітага Стыр'еўскага кургану (1987), Пархоміцкай пячоры, Верхнекорчынскіх магільнікаў. Аўтар працаў «Быт усходніх Славянаў на аснове вывучэння Стыр'еўскага кургану», «Параўнальнае вывучэнне Стыр'еўскага кургану й паўночнаўкраінскіх магільнікаў», «Стыр'еўскі курган як сьведчаньне паходжаньня культу грыба ў паўднёвых плямёнаў Пакемоньня», «Верхнекорчынскія магільнікі й крах яраўлянскага паганства», навукова-папулярных кніг «Славянскія сталакціты», «Сталагміты клічуць» і «Легенды аб Верхнім Корчыне». Член-карэспандэнт Акадэміі навук і Ганаровы член сусьветнай асацыяцыі археолягаў.
Або такія:
Віктар СТАХОВІЧ (г.н. 1970) — вядомы — скі паэт, ляўрэат Маладзёжнай прэміі імя Ў. Дубатоўка, Дзяржаўнай прэміі БССР, італьянскай прэміі П. Пазаліні. Творчасьць спалучае ў сабе вострую актуальнасць, пранізьлівы псыхалягізм і своеасаблівую, пабудаваную на супярэчнасьцях, лірыку. Лёс В. С. трагічны. Прайшоўшы афганскую вайну, эміграцыю (з 1991 г. — у Кітаі, потым перабраўся ў Парагвай) і некалькі хваробаў 1-ай ступені, В. С. скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна сваёй сядзібы ў Асунсьёне. Позьняя творчасьць B.C. адзначаная несумненным уплывам старажытнакітайскай паэзіі. Аўтар паэтычных зборнікаў «Аслепленыя месяцам», «Хованкі», «Кола акрэсліць вораг», «Анёлы пужаюць мяне», «Парабала», «Выпрабавальнік сэрца», «Бывай, Гуарані!».
Ці яшчэ:
Алег СТАХАЎ (г.н. 1969) — знакаміты — скі інжынэр, вынаходнік Кантралятара (ем. Кантралятар). Нар. у — ску, скончыў Дзяржаўны політэхнічны інстытут па сацыяльнасці «Аўтаматызацыя кантрольных сістэмаў рэгуляцыі». Ганаровы рацыяналізатар — cii. Супрацоўнік Інстытута аўтаматызацыі імя Ф. Э. Шляпкова.
Ажыццяўлялася ўсё гэткім чынам. Той артыкул у энцыкляпэдыі, які меў няшчасьце пачынацца на Стах-, бязьлітасна, але ахайна выразаўся. На ягонае месца Стах уклейваў свой, аддрукаваны на пішучай машынцы, папярэдне наклеіўшы на зваротны бок перавернуты выразаны. Усе без выключэння таўстыя, цяжкія кнігі — спадчына вялікага бацькі — што сытымі прысяжнымі паселі на доўгую паліцу ў пакоі Стаха, падвергліся падобнай апэрацыі. У ва ўсіх цяпер быў ён, Стах, які ўвабраўся ў маналіт старонак і выдаваў сябе хіба што буйнейшым шрыфтам. Стах-вынаходнік, Стах-палітык, Стах-літаратар, Стах-археоляг, Стах-скульптар, Стах-касманаўт, не кажучы ўжо пра Стаха-урача.
Стах-Стах-Стах — мара, якая звычна ўяўляецца ў форме не каўбасы, але птушкі, уздымаецца ў паветра з падваконьня дзіцячага пакоя, ляпаючы вялізнымі крыламі, і зьнікае за сьцяной суседняга дзевяціпавярховіка. Тады ён напраўду хацеў стаць знакамітым, трэба толькі было абраць усё-ткі, да чаго прыкласці свае таленавітыя, у чым ён не сумняваўся, рукі. Вясёлае юнацтва, якое гэтак лёгка кідае водсьвет у будучыню — зманлівы водсьвет ад неіснуючага вагню. На якім стале, між якіх анкетаў і ведамасьцяў на заробак яно забытае, разам з асадкаю, якой ты падпісваў смяротны прысуд самому сабе. Птушка зьнікала, і вярталася, і глядзела праз ваконнае шкло ў дзіцячы пакой, што стаў ужо надта вузкім, і аднойчы зьнікла за дзевяціпавярховікам назаўжды. І паспрабуй параўнай мару з чым-небудзь іншым.
У інстытуце ён паводзіў сябе ўсё яшчэ як знакамітасць, за што бываў згвалтаваны доўгімі жоўтымі калідорамі з вострымі крукамі на канцох, але ўжо з сумневам азіраўся на свой вялікі й непатрэбны, а галоўнае, сонны талент, што вісеў за вузкімі плячыма. На выпускным узгадаў, нябачны, няўдзячны, як у школьныя часы прыбіваў на дзьверы кватэры абвестку: «Тут сьвяткуецца дзень народзінаў паэта й філёзафа Стаха», пазіраючы ў вакно ля сьмецьцеправоду, ці ня йдуць сябры, якія, зрэшты, пастаянна рабілі ў яго за сьпінай усялякае брыдоцьце, кшталту вечарынак зь дзяўчатамі. Сябры прыйшлі, зжэрлі торт, пасьмяяліся з шампанскага, падарылі нейкія бабіны ды сыйшлі да нейкіх бабінаў. Праважаючы іх, ён заўважыў, што абвесткі на дзьвярох няма — маці, як высветлілася, зьняла бяскрыўдны лісточак яшчэ да прыходу гасьцей.
«Пасрэдных здольнасцяў,»— пачуў ён аднойчы яе голас, гэта здарылася ўжо пасьля выпускнога ў інстытуце. — «Пасрэдных… ой, ты што… Калі геніяльны бацька, гэта яшчэ ня значыць, што такім жа будзе й сын.» Маці дамаўлялася зь сяброўкай, каб Стаха ўзялі на працу ў нейкі БзіР. Стах сам зьдзівіўся, як мала яго гэта закранула.
Войска зрабіла зь лянотнай пасрэднасьці пасрэднасць мужную. Пачуўшы ад лейтэнанта адразу ж пасьля каранціну, хто ён ёсьць насамрэч, Стах вырашыў, што будзе бясьпечней заставацца гэтым рэчывам да канца службы. Вярнуўшыся, ён займаўся тым, што траціў пэнсыю маці на халсты й тоўстыя сшыткі. Стомлены, ён прыходзіў дахаты, наядаўся да адвалу кніг ды катлет і пераключаў тэлеканалы, якіх штомесяц болела й болела. Набыцьцё ў растэрміноўку новага тэлевізара са стракатым пультам палегчыла яму задачу і ўрэшце давяло да поўнага абсурду. Празь месяц таямнічы БзіР насьцігнуў яго, апынуўшыся затхлым бюро па нарыхтоўцы і яшчэ чымсьці, што пачыналася на картавае «Р». Там усё было пафарбаванае ў жоўты колер: сцены, сталы, столі, падлога, нават попельніцы ў прыбіральнях. Ён уцёк адтуль праз паўтара месяца па ўласным жаданьні, і нават зараз памятаў, як у слова «желанию», так прыгожа выведзенае на жоўтым лісьце (у пасрэднасьцяў звычайна цудоўны почарк), ён уставіў прадыктаванае навакольлем «т». Зноў пачаліся бясконцыя Дні Маці. Сябры паступова ўгрузалі ў сваіх сямейных праблемах — спачатку ім завальвала вобласць тазу, затым ногі, потым з-пад бясконца падаючых з разнастайных раёў пральных машынаў, дзіцячых калясак і гаражоў заставаліся відаць адно безнадзейна вытыркнутыя рукі й галава… нішчыліся ў ненавязьлівай смузе твары — задаволена і ў той жа час трохі маркотна яны пазіралі на Стаха. Апошнім, што нагадвала пра сяброў, былі галасы, што ўсё часьцей паўтаралі: «Прабач, няма калі.»