Литмир - Электронная Библиотека

Урэшце скончыліся і яны, перамясціўшыся ў сны. Стах спаў да дванаццаці, сьнедаў, доўга, як па Эрмітажы, хадзіў па кватэры, наталяючыся адсутнасцю маці, пакутліва, нібы бязрукі аматар памастурбаваць, выціскаў зь сябе сюжэт для малюнку — але ж гэта ня ўсё, трэба ж каб гэта было ў адпаведнасці з канонамі абстрактнага жывапісу, які Стах так шанаваў… празь некалькі гадзін малюнак быў гатовы й да абеду трываў няўхільнае паніжэньне ў чыне: ад шэдэўрэнфюрэра да обэр-гаўна. «У мяне крызыс,»— шаптаў Стах бацькаваму фота. Бацька спакойна сядзеў у чорным квадраце і пасьміхаўся. Найлепшая дапамога, якую можа чакаць сын-мастак ад бацькі, матэрыяльная. Ды якое там найлепшая — адзіная.

Потым ён абедаў, хадзіў па выставах, па рэдакцыях, з надзеяй скрасьці кавалачак чужога натхненьня. «Усе геніі гэткія,»— разважаў ён, маючы пад увагаю і сябе недзе там у другім ганаровым дзясятку. «Мы круцімся між простых людзей, і выпадкова выпускаем з кішэні таленту якую дробязь… А потым нехта падбярэ, узвысіцца, можа, і да нас далучыцца.» Не пісалася, хоць ты забі каго-небудзь з гэтых прызнаных майстроў. Стах з дакладнасьцю парадыста мог паўтарыць любімую фразу маці: «Што б з табой ня здарылася, дома цябе заўсёды будзе чакаць талерка баршчу, сынок…» Маці вымаўляла гэтыя словы з патаемнай надзеяй. Але са Стахам не адбывалася анічога. Неяк ён прачытаў «Татарскую пустыню» — за адну млосную, вадкую раніцу, і з таго часу стаў уяўляць сябе гэткім Джавані Дрога, які выглядае за дзевяціпавярховікам сваю славу. Слава там, натуральна, была, так называлася аднапавярховая крама для вэтэранаў, далей ішоў яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і некалькі хрушчовак колеру плямбіру, што ўпаў у гразь, і вуліца, і сквэр, і яшчэ дамы, і прыватны сэктар, і дванаццаціпавярховы будынак інстытуту, і праспэкт (дамы, дамы, дамы!), і вакзал, і новы мікрараён, і прадмесьце, і лес, і яшчэ лес, і яшчэ леслеслес, і яшчэ лес, і дачны пасёлак, дзе ён ня быў некалькі гадоў, дзе стаяў дом, што колісь набыў бацька, — дом, куды ён прыехаў учора, каб рашыць дзіцячую задачку: як жыць далей?

Стах кінуў у кут здзьмуты заплечнік, пагрэў рукі ля калярыфэра, што ўдаваў зь сябе дагараючае вогнішча, і выйшаў у двор. Туман сыйшоў у лес, вакол змрочна дрыжэла бурае лісьце, якое сядзела на дрэвах як галодныя злыя птушаняты; мёртва ляжалі ў выкапаных дажджамі канаўках шэрыя кветкі. Яблыкі раздражнялі невыносна. Нягледзячы на холад, людзей у пасёлак на выходныя прыехала дастаткова шмат — вакол адчуваўся прыхаваны рух, паветра было шчыльнае, звонкае. Недзе на суседняй вуліцы ўжо лупілі сякераю, і зьлева, за закалочаным на ўсе вокны домам, чулася спраўная размова на адмысловы лецішчавы манэр, калі суразмоўцы звычайна знаходзяцца на розных канцох гароду й крычаць пры гэтым адно аднаму рэчы, якія зусім не патрабуюць гучнасці. Яшчэ далей тарахцела машына — у Стаха некалі быў сябра, які ўмеў па гуку рухавіка вызначаць марку. Справа стаяла двухпавярховая цагляная сядзіба — там хадзілі й перасоўвалі нешта груваздкае. Каля сядзібы строіў камусьці вочкі ціхі сіні вольва. Стах запаліў цыгарэту — гэтую звычку ён засвоіў у войску, элэмка раскурвалася марудна, і ён доўга чакаў тую ўсьмешку задавальнення, якую хавае першая за дзень прынятая атрута пад дурманам і млоснасьцю. Дачакаўся, плюнуў, вярнуўся ў дом. Там пахла прасам, які ляжаў на мокрай анучы. Стах лёг на ложак. Ён ляжаў і глядзеў на старое, «зь цьвяточкамі» люстра, у якім падрыгваў ягоны шаснаццацігадовы твар, што стаўся, відавочна, галоўнай прычынаю ўчорашняй падзеі.

Твар Стаха быў, у дадатак да сваёй закансэрваванай маладосці, добрым і прыхільным, як ні імкнуўся ён у хвіліны гневу альбо вушнога болю сказіць яго. Як гэта называюць… прывабны фізыягнамічны тып. Чамусьці менавіта ў Стаха заўсёды пыталіся дарогу да майстэрні па рамонце абутку, чамусьці менавіта ён, на думку прахожых, мусіў ведаць месцазнаходжанне вуліцы Радэка й стрэлак на гадзінніку, чамусьці менавіта Стаха абіраў сярод натоўпу дрымучы жабрак і чамусьці менавіта да яго, расштурхоўваючы лакцямі пасажыраў, імкнулі ў вагоне мэтро старушэнцыі, якія шосты год зьбіралі ахвяраванні на пабудову нейкага часовага храму («Сьвятая царква моліцца за вас!»), чыё месца ў будучым мусіў заняць сабор Маці ўсіх Славянаў. Надзвычай прывабны твар маладога выкладчыка ВНУ перад заўтрашнім вясельлем.

У той вечар, даволі цёплы, Стах вяртаўся са шпацыру па парку. Ухіліўшыся ад сотні лужынаў, ён выйшаў да трамвайнага прыпынку, адкуль да дому было рукой падаць. Вырашыў пачакаць трамвая. З суседняга ўнівэрсаму вылез дзядзька ў доўгай скураной куртцы, з-пад якой выглядвалі ногі ў спартовым трыко й тапках. Беспамылкова абраўшы Стаха між дзясятка нэрвова выцягнутых галоваў, дзядзька папрасіў дзьвесьці рублёў. Не выдумваючы ніякіх хворых дзяцей або кавалка хлебу, проста папрасіў дзьвесьці рублёў на зусім празаічную бутэльку. Не хапіла, а дома ёсьць, але вяртацца, а потым зноў, і… Дай, грошы ж невялікія. Стах даў пяцьсот. Дзядзька зьнік у краме, не прамовіўшы ніводнага слова. Трамвай не зьяўляўся. Стах стаў на край тратуару, камечачы ў кішэні чацьвер. Нехта ляпнуў яго па плячы.

— Ну, ідзем, — сказаў дзядзька, ледзь утрымліваючы белае рыльца, што ўпарта лезла з кішэні. Яны моўчкі перасеклі вуліцу, увайшлі ў двор, прабраліся праз могілкі арэляў, супрацьтанкавыя хмызы і апынуліся ў парку. Той быў амаль пусты — толькі дзяўчынка ў чырвоным вязаным каптурку, што злавесна выдзяляўся на бурым фоне, хадзіла коламі па арэне, трымаючы за аброць задышлівага поні, ды пэнсыянэр падымаўся па стромым схіле. Па-над ракою павольна хістаўся туман. За драўляную вежу апускалася кола агляду, краты агароджы падзялялі на роўныя кавалкі пустэльную вуліцу — Стах выбраў сабе той, што са знакам «Асцярожна, дзеці». Ён выпіў, закусіў працягнутым яму плаўленым сырком, прыязна адрыгнуў. Чарнілы зрабілі парк утульным, колеры вакол — насычанымі, пераліўчатымі. Ён з размаху сеў на лаўку, якая яшчэ імгненьне таму падавалася мокрай. Дзядзька ўшрубаваў у сябе тое, што засталося, панюхаў сырок, паклаў у кішэнь. Запалілі, гледзячы на трамваі, нібыта на паралельны, зашклёны сьвет. Ва ўнутранай кішэні ў дзядзькі апынулася яшчэ адна. — З баршчом, — сказаў дзядзька салідна. — Есьці хочаш? — Хачу, — адказаў Стах, усміхаючыся. Ля самага ягонага нёба гарэзьнічалі малюсенькія яблычныя эльфы. — Мяне… — пачаў ён. — Пфф, — зашыпеў дзядзька. — Рана знаёміцца.

На кухні ў дзядзькі яны ледзьве зьмясьціліся паміж дзядзькавай жонкай і чатырма дзецьмі ў спартовых строях, што пахлі сэканд-хэндам. Стах не марудзячы разьбіў кубачак, але атрымаў прабачэньне і абаршчэньне. Дапілі, закусваючы чорным хлебам.

— Ты кім працуеш? — спытаў дзядзька між справаю. — Пісьменьнік-постмадэрніст, — адказаў Стах з гордасцю. — Ясна. А я вось на прадпрыемстве малярствую, — сказаў дзядзька, ні на каліва не зьдзівіўшыся. — Плоцяць добра. Хапае. Старэйшы ў войску, прыйдзе — жаніцца будзе. — А, — працягнуў Стах ветліва. Вечар прадоўжыўся пад песню фальклёрнага ансамблю «Яромка», якую па-заліхвацку выканала радыёкропка, што суседнічала на сьцяне кухні з лайдачкай-зязюляй. — Добра пяюць, — прабурчаў дзядзька з павагаю. Потым Стах выліў дзядзьку на трыко ўсё: пра энцыкляпэдыі, БзіР, маці й Джавані Дрога. Скончыўшы, узьняў цяжкую, занадта цяжкую, каб адчуваць сорам, галаву, і ўбачыў, што дзядзька сьпіць. Зрэшты, неўзабаве ён прачнуўся й сказаў спакойна:

— Ну-ну, зразумеў. Лячыцца табе трэба, хлапец, і не пігулкамі, а ў рабацяшчых, добрых людзей. Каб дурата з галавы выйшла. Ты вось што — прыходзь, калі хочаш, канечне, у панядзелак да нас на прадпрыемства. Нам якраз чалавек трэба ў брыгаду. У нас, ведаеш, там заробак ды соцкультбыт — ого-го. Ты а дзясятай ці ў вадзьдзеле кадраў будзь, ці… скажы, увогуле… што ад Кірылы Антоныча.

Стах балянсаваў у вітальні, спрабуючы завязаць шнуркі на нейкі ледзь не марскі вузел. Кірыла Антоныч запісаў на лісточку нумар хатняга тэлефону — буйнымі літарамі, каліграфічна, і сунуў Стаху ў кішэню паліто.

— Або патэлефануй, дамовімся, я сустрэну. Да дому дойдзеш?

16
{"b":"825743","o":1}