Литмир - Электронная Библиотека

Ля цырку было шматлюдна, у касу стаялі даўжэзныя чэргі, але ім гэта не пагражала, бацька набыў квіткі яшчэ ў сераду. Вуліца каля цырку была ўся застаўленая самымі рознымі машынамі. Зь іх, круцячы плячыма, выбіраліся іншыя хлопчыкі, увешаныя золатам, усе лакіраваныя й добра змайстраваныя. Яны пагардліва акідвалі позіркамі пралетарскіх дзяцей і накіроўваліся ў будынак, звысака ківаючы натоўпу, у той час як іх бацькі, выставіўшы ненармальна белыя зубы, як малпы крыўляліся ў слухаўкі сотавых тэлефонаў: «Ды вось малога ў цырк вяду…» Хударлявыя дзяўчынкі пацягвалі аголенымі плячыма, быццам ім было халодна, хаця на двары быў вельмі цёплы, утульны верасьнёўскі вечар. Нейкі дзіцёнак, трымаючы за руку масыўнага лысага тату, стрэліў у хлопчыка зь пісталету. Хлопчык зарубіў яго лазэрным мечам і пабег даганяць бацькоў.

Фае віравала. «За лёдавам станавіцца няма сэнсу,»— сказала маці, спалохана азіраючыся па бакох. Смурныя дамы аглядалі з пагардаю яе чырвоную зь зялёным сукенку й зьнікалі ў залі. «А па-мойму, яна вельмі ёй пасуе,»— падумаў хлопчык.

Яны занялі свае мейсцы, і пах мокрае замшы тут жа напітаў іх. Гэта быў прыемны і хвалюючы пах, і хлопчыку захацелася, каб ён не выветрываўся ніколі. Ён нават панюхаў рукаво свайго швэдру. Пах быў усёпераможны.

Нарэшце згасла сьвятло, заіржала, як конь, які ўзьняўся на дыбкі, музыка. Той самы чалавек, якога хлопчык бачыў па тэлевізары ў рэклямным роліку, выйшаў на арэну і абвясьціў першы нумар. Гэта былі танцуючыя сабакі. Дзеці навокал з захапленнем лізалі лёдава, яно крапала ім на прарэхі й туфлі. Дзяўчынкі захоўвалі пыхлівы выгляд, часта-часта, быццам міргаючы падносілі да доўгіх вейкаў біноклі. «Наташы Растовы»— чамусьці падумаў хлопчык.

Сабакі саступілі мейсца малпам, потым былі сумныя жанглёры, якія выклікалі ў вачох рабізну.

Пасьля жанглёраў на арэну выйшаў фокусьнік, які ператварыў яйка — у курыцу, шыла — у мыла, а чорнае — у белае. Хлопчык зь нецярпеньнем чакаў запаветнай хвілінкі. Але пасьля фокусьніка выступалі акрабаты, якія, выкарыстоўваючы даўгія вяроўкі, напалі на дзяцей з супрацьлеглага сэктару. «Калі ж будуць беларусы?»— грыз пазногці хлопчык. Але й на мейсца акрабатаў прыйшлі два клоўны, якія ўсіх папросту замучылі. Спачатку яны павыторгвалі дзяцей зь ніжніх радоў, паставілі ўсіх на арэне ў шарэнгу й надавалі кожнаму па попе, а потым доўга й нясьмешна жартавалі, скончыўшы зусім ужо непрыстойным жартам пра насосы, засосы і адсосы. Нават у цемры хлопчык заўважыў, як пачырванела мама і кінула на яго зьбянтэжаны позірк. Клоўны сыйшлі, у залі запалілася сьвятло.

— А дзе ж беларусы? — Хлопчык ледзь не расплакаўся ад расчараваньня.

— Антракт, — працадзіў праз зубы ягоны добра нарублены лазэрным мечам сусед.

Такім чынам, мінула ўжо гадзіна, хлопчык ужо адседзеў сабе азадак, а запаветнага відовішча ўсё не было. У антракце яны сядзелі на сваіх мейсцах, вырашыўшы, што абавязкова згубяцца, калі выйдуць у перапоўненае фае. Стракаталі тэлефоны, гучна сьмяяліся бліскучыя, быццам навагоднія елкі, жанчыны. Стагодзьдзе мінула, пакуль сьвятло згасла зноў.

Усё было так, як у рэкляме, толькі ў мільён разоў больш цудоўна. Як іншаплянэтнікі, беларусы йшлі па рассыпчатай серабрыстай дарозе, якая зьнікала ў космасе. Нібы вельмі багаты дзядзька набыў Млечны шлях і выпусьціў на яго гэтых сумуючых па волі зьвяркоў. Іх грацыёзнасць зачароўвала. Было жудаснае і невыразнае адчуваньне, што зараз увесь Сусьвет упадзе на галаву. «Гэта ж трэба так выдрэсіраваць,»— гучна сказаў нехта за сьпінай хлопчыка. У поўнай цішыні беларусы рухаліся, як міражы, у паветры, то зьнікаючы, то зьяўляючыся зноў. Нейкая дзяўчынка ўскрыкнула ад захаплення. Сьвятло мякка ападала на сьцены цырку, расступалася перад яркай дарогай, якая вяла ў нязьведаныя касмічныя далечы. Беларусы йшлі, павольна круцячы лапамі зьзяючыя шары, але ў гэтым не адчувалася аніякага прымусу. І на самым грэбні хвалі захапленьня, якая захінула цырк, нечакана і ў той жа час вельмі дарэчы загучала ціхая музыка. Такой хлопчык ня чуў яшчэ ніколі. Ад ні з чым не параўнальнага відовішча і плаўных, не вясёлых, не маркотных гукаў хацелася плакаць ды любіць. Маму, радзіму, бабулю, Бісэктрысу Катэтаўну, бацьку, дзяўчынку, якая сядзела ў ніжнім радзе, адкрыўшы рот і не заўважаючы лёдава, што крапала ёй на сукенку. Як гэта было казачна!

Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысмэнтамі. Кагосьці апырсквалі джын-тонікам, вяртаючы ў прытомнасць. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла й пабег — паміж ног-ног-ног — туды, дзе яшчэ калыхалася заслона. Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя й зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. «Можна пагладзіць?»— запытаў ён, дрыжучы ад нецярпення. «Ты як сюды прапоўз?»— вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але й дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку.

2001

ПАЎЗІ!

Піць. Я, відаць, ад гэтага й прачнуўся. Быццам зробленыя з нагрэтага сонцам каменьня, у роце пусціліся зубы, шчокі, нёба — язык тыкаўся ў іх і, здавалася, нават грукаў пры гэтым. Я паспрабаваў аблізаць вусны, але толькі перапэцкаў іх кіслай, цягучай сьлінай. Я ляжаў на падлозе, зусім голы, мокры жывот часаўся, рукі падрыгвалі; я бачыў край прасціны, які зьвісаў з ложку, Эвэрэст пісьмовага стала й фіялетавае неба ў вакне. Апрача ложку, стала й крэсла, у пакоі нічога не было, але цяпер, глыбокай ноччу, я выразна бачыў сябе заціснутым нейкай груваздкай стогадовай мэбляй, якая згуртавалася вакол і разглядвала мяне ўважлівымі крышталёвымі вачыма.

Я прыўзьняў галаву, каб падняцца, — і тут жа карцінку навакольнага сьвету — сапраўдную, не падфарбаваную літрам замбінчыку — нібыта нехта ўзяў аберуч і пераставіў падалей убок. Мяне павяло за ёю, і на імгненьне я страціў сябе ў гэтым дзіўным пакоі, спалохана замерла сэрца — і знутры спакутаванага страўніка, па даўно чаканым сігнале, вырваліся цёплыя струмяні, ляпнуліся на сцёгны, апілоўваючы хутка ногі агідным абручам. Галава зноў упала на падлогу. Цяпер і яна часалася, але руку ўзьняць… Гэта вышэй за мяне… я ня здолею. Трэба дайсьці да кухні. Там ёсьць вада з крану. А вось калі б кампот. Халодны кампот. Кампот. Ня вельмі густы, прахалодны, няхай нават зь ягадамі, націск якіх стрымлівае верхняя губа, драўляная губа, калі сквапны кубачак поіць цябе. Кампот колеру добрай губной памады. Кампот колеру крыві. Досыць салодкі. Цэлы трохлітровы слоік. Адразу тры літры, нагбом, нібы кілішак, выпіць, — заштурхаць у сябе, ужывіць. Таропка пагнуць бліскучую накрыўку, кавалачкі шкла падаюць на дно, і іх нават можна праглынуць. І можна ня з кубку, можна проста са слоіку, які вось-вось высьлізьне з рук. Або астылая гарбата. Чорная, якая розьніцца ад кавы толькі тым адмысловым мігценьнем, якое йдзе з глыбіні, ды плеўкаю, якая цісьнецца да краёў, застаючыся на іх, пакуль халодная гарбата ператварае скрылік жабяціны на зубах у ружовы язык. Гарбата, якая зьдзірае негабляваную дошку, прыбітую да нёба. Гарбата. Кола. Кола! Літровая бутэлька, запацелая, з прызавымі кропелькамі, яна толькі што зь лядоўні, яна чыхае, калі яе адкаркуеш. Калючая зброя супраць абязводжаных арганізмаў. Хаця б вада з варэннем. Цукар, ягады й хлёр у белай пене. Таксама лек. Як жа ўсё-ткі сушыць! Проста вада з-пад крану. Халодная, шэрая, якая пахне басэйнам. Яна адна на кухні і ёсьць. Ды хоць з унітазнага бачка. Яна, па сутнасьці, гэткая ж, як і з-пад крану. Галоўнае — папіць.

Першай напала прасьціна. Мокрая, можа, пот, а магчыма, і абмачыўся ў ва сьне, са мной і такое здараецца. Чатыры канцы, на твар, мокрая пляма на вачох, яна запаўзае ў рот, заціскае нос. Усё-пераможная цемра. Я спрабую вырвацца, але прасьціна заблытвае мяне яшчэ мацней. Няма моцы вырвацца, а самае дзіўнае — няма жаданьня. Ледзь-ледзь вызваліўся ад прыступу гэтай садысцкай любові — проста парваў прасьціну, намацаўшы пацёртае мейсца ў самай сярэдзіне. Я цьвёрда вырашыў дабрацца да кухні. Мне гэтак пагана.

11
{"b":"825743","o":1}