Литмир - Электронная Библиотека

На што я разьлічваў? На выпадковае знаёмства, на тое, што ў мяне спытаюць цыгарэту (у мяне заўсёды быў пачак у кішэні, хаця я й не паліў), на пальчатку, якая выпадзе з маленькай і спакуслівай рукі, на ўважлівы погляд, на гаваркую спадарожніцу ў паўпустым аўтобусе — на ўсё, з чаго мог бы завязацца хаця б нейкі вузельчык. На маркотную студэнтку, на дзяўчыну, якая сыйшла з дому, пасварыўшыся з бацькамі й цяпер ня ведае, дзе б пераначаваць, на выгнаную з дому п'яным мужам жонку, на шукальніцу прыгодаў, урэшце. Мне нічога адмысловага ад іх ня трэба было — толькі бачыць, чуць, адчуваць водар, ляжаць побач — блізка-блізка — на канапе ў маёй кухні, абдымаючы адной рукой гарачы выгін сьпіны, які мроіўся мне цяпер у ва ўсім, нават у падлакотніках вунь тых крэслаў. Дзед не заўважыў бы нічога — яго цікавілі адно высокія сфэры. Я хадзіў па зьзяючых вуліцах і цёмных завулках, я ўваходзіў у тралейбусы, якія рушылі невядома куды, я вар'яцеў, спускаючыся па прыступках, падобных на клявішы, што паўтараюць адзін і той жа матыў. Я шэршэляфаміў на ўсю катушку. Магу сабе ўявіць, якім прагным і жахлівым падаваўся ім мой позірк, калі на твар мне падала сьвятло ліхтара або вітрыны. Ніхто не рэагаваў на маю не эрэгаваную, але надта далёка закінутую вуду. Апоўначы я быў згодны ўжо на любую істоту жаночага полу, нават на гэтых двух таўстух. Я ляжаў бы паміж імі, заплюшчыўшы вочы, і на раніцу ператварыўся б у шчасьлівае шашлычаня. Але ні ў вадзін з гэтых дзікіх вечароў я так і не знайшоў у сабе моцы з кім-небудзь загаварыць. Я вяртаўся дахаты й засынаў.

Але аднойчы загаварыў дзед. Гэтак я цешыўся толькі пятнаццаць год таму, недзе на саракавой хвіліне фільму «Вяртаньне Шэрлака Холмса». Дзед ажыў. Гэта здарылася апоўдні. Я якраз наліваў гарбату ў вялікі патрэсканы кубак, калі за маёй сьпінаю пачуўся ціхі голас: «Я хачу агуркоў. Сьвежых агуркоў.» Я павярнуўся. Дзед стаяў ля дзьвярэй і глядзеў на мяне з папрокам. Я засьмяяўся, я сьціснуў дзеда ў вабдымках гэтак, што ён ледзь ня страціў прытомнасць. Яму лепш, ён папраўляецца! Я пасадзіў яго на канапу, я паабяцаў хутка быць з самымі свежымі агуркамі на сьвеце. Адзіная праблема была ў тым, што агуркі ў гэтую пару году прадавалі толькі ў вадной краме, дзе неабходна размаўляць з прадаўцом. Я ненавіджу гэткія крамы — яны, відаць, створаныя адмыслова дзеля майго мэтанакіраванага прыніжэння. Мне даспадобы тыя крамы, дзе можна ўзяць тавар і моўчкі заплаціць за яго на касе. Але рабіць было няма чаго. Узрушаны ўваскрашэннем дзеда, я доўга вычвараўся перад прадаўцом, спрабуючы патлумачыць мэту майго візыту, пакуль ня страціў цярпеньне, не перагнуўся праз прылавак і ня тыцнуў пальцам у купку запаветных агуркоў. На гэты абед я не забудуся ніколі. Мы елі пюрэ ды салат са сьмятанаю й гаманілі, выдатна разумеючы адзін аднаго. Потым дзеду захацелася паляжаць. Я зрабіў яму ўкол, перасьцяліў ложак і пайшоў на сваю канапу.

Увечары дзеду зрабілася блага. Белы й голы, як накрэсленыя на адпрасаванай прасьціне контуры чалавечага цела, ён ляжаў і задыхаўся. Я зрабіў некалькі спробаў выправіць становішча, аднак неўзабаве зразумеў — трэба выклікаць хуткую дапамогу. З маім заіканнем гэта было цяжка, але магчыма. Я крутнуў дыск тэлефону, але ледзь на другім канцы зьнялі слухаўку, я ўжо ведаў, што сказаць анічога ня здолею. Я тужыўся й напінаўся, я рыкаў і ікаў у гэтае паўтараючае сваё алё чорнае сіта, але сказаць нічога так і ня змог. Я зрабіў яшчэ тры ці чатыры спробы, ня памятаю. Безвынікова. Я патэлефанаваў бацьку, ён ў любым выпадку правільна зразумеў бы мае сутаргі. Але яго, на злосьць, не было ні на працы, ні дома.

У вадчаі я кінуўся басанож, у вадных джынсах, да суседзяў. Але было яшчэ надта рана, усе былі хто на вучобе, хто на працы. Адно толькі ў крайняй справа кватэры мне адчыніла зусім незнаёмая жанчына ў белым махравым халаце. «Ішоў бы ты спаць, дружа,»— сказала яна ласкава й бразнула дзьвярыма. Я ціснуў званок яшчэ і яшчэ, але вочка, дагэтуль жоўтае й поўнае надзеі, цямнела цяпер на светлым блакіце дзьвярэй. Я пабег уніз, але на пляцоўцы між паверхамі ўспомніў, што стары дома адзін, і можа, яму ўжо лепш, а можа… Рэзка павярнуўшыся, я пабег назад, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў тынк, што сыпаўся са сьценаў. У некалькі скачкоў я апынуўся ля ложку, пад расхістанай, узьнятай на дыбкі столяй. Але стары быў ужо м-м-м-м…

2001

НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ

— Сабака — гэта сабака, — сказаў Радзівіл і рухам гульца ў кеглі падштурхнуў Фэлікса ў круглы азадак, быццам запусьціў шар. Фэлікс паслухмяна рвануўся наперад, кінуўся да выхаду і ўскалыхнуў бамбуковую фіранку, якая толькі што супакоілася. — Сабака — гэта сабака. А гэта — Кашкін.

На мэталічнай калясцы ляжала нешта, падобнае на чалавечыя клубы, якія прыраслі адно да ад нога. Апрача прадаўгаватай шчыліны ўверсе, уся астатняя паверхня гэтай істоты была зацягнутая ружовай дзіцячай скурай. Істота ляжала нерухома, трохі правісаючы ўнізе між прутоў.

— Як? — хмура перапытаў Андатраў.

— Кашкін, — адказаў Радзівіл, зь любоўю гледзячы на зьмесьціва каляскі. — Гэтак я яго назваў. Як на мой погляд, дык гэтае ймя вельмі яму пасуе.

— Ня ведаю, ня ведаю… Гэта хутчэй нейкая філейная частка сьвіньні.

— Якая сьвіньня! Ды любое мяса згніла б за ўвесь гэты час! Не, тут няма сумненьняў, гэта жывое, зусім жывое… Кашкін завітаў да нас з усялякіх дзіцячых казак.

З агідаю паглядзеўшы на Кашкіна, Андатраў запаліў цыгарэту.

— Дурка нейкая, — сказаў ён і расшпіліў верхні гузік на кашулі.— А можа, яно таго — засланае? Можа, Міхей падсунуў, а?

Радзівіл падсунуўся бліжэй да каляскі й пагладзіў Кашкіна па загадкавай шчыліне. Было прыкметна, што Кашкін крыху напружыўся, скура ягоная дзе-нідзе пасьвятлела.

— Спадабалася, — сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.

— Дзе ты яго ўзяў? — спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.

— Знайшоў,— адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. — Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай сьцябліне, сярод матылёў ды кветачак, і я яго сарваў.

— А калі сур'ёзна?

— Знайшоў, набыў ці ператварыў у Кашкіна аднаго са сваіх даўжнікоў — ня так істотна, Грыгоры Паўлавіч. Мае значэньне тое, што па сутнасьці Кашкін — напраўду расьліна. Я ўжо правёў некаторыя… хм, досьледы. Прызначэнне гэтай дулы мне зразумелае, і, мяркую, усялякіх вучоных мудакоў яно вельмі б зацікавіла.

Радзівіл узьняў келіх, аглядзеў на сьвятло густую вадкасьць, у якой плавалі рухавыя, нібы жывыя, валаконцы, прымружыў вочы.

— Але я люблю справу, і люблю атрымліваць са справы вынік. Прызначаны Кашкін дзеля таго, каб цярпець.

— Каб што? — раздражнёна перапытаў Андатраў.

— Каб цярпець. Кашкін жывы, але ён ня здольны ні на якія дзеяньні. Ён папросту кавалак плоці, так, бяз лапаў, без хваста, мазгоў, зубоў і таму падобных прыбамбасаў. Ня маю аніякага ўяўленьня, як ён харчуецца, ды мне й пляваць — жэрці ён ня просіць ужо месяц і, як бачым, выдатна пры гэтым пачуваецца.

Радзівіл паляпаў па Кашкіне рукой.

— Ён ня сера й ня вые ўначы. А галоўнае… Ён трывае які заўгодна боль, толькі напружваецца й стогне так… досыць жаласьліва. Раны, дарэчы, загойваюцца ня больш чым за дзень. Падаруначак, а?

У пакой убег Фэлікс, лёг ля ног гаспадара, ляпнуў хлыстом хваста па канапе, якая адказала пакорлівым уздыхам спружынаў. Андатраў недаверліва паглядзеў на Радзівіла й запаліў новую цыгарэту.

2
{"b":"825743","o":1}