Литмир - Электронная Библиотека

— Пачакайце, Грыгоры Паўлавіч, — рука Радзівіла неверагодна грацыёзна выгнулася і ўзяла з далоні Андатрава змайстраваную ў форме кулі цяжкую запальнічку. — Вось зірніце.

Радзівіл паднёс паслужлівы агеньчык да ружовага боку Кашкіна й з захапленнем пачаў глядзець, як задрыжэла скура, як праступіла на ёй выразная пляма, падобная на зуб, якім яго малююць на рэклямных абвестках стаматалягічных лякарняў. Пляма неўзабаве з бледна-чырвонай стала пунсовай, а потым і зусім пачарнела. Кашкін маўчаў.

— Не, дайце лепш цыгарэту, — таргануў рукой Радзівіл. — Вось так. Бачыце? Ды падсуньцеся бліжэй, або вам бінокль прынесці?

Прыкладна праз хвіліну Кашкін тонка і адрывіста завішчаў. Радзівіл прыклаў цыгарэту не туды, дзе нядаўна пабывала запальнічка, а ля самае шчыліны. На пах смажанага Кашкіна падняў галаву Фэлікс, які да гэтага абыякава драмаў каля стала, — пачалі рухацца ноздры, усталі тарчма й быццам зацвярдзелі шэрыя, у бліскуча-чорных паўмесяцах, вушы.

Радзівіл прыбраў цыгарэту, затушыў у попельніцы. Андатраў запаліў другую. Кашкін усё яшчэ вішчаў — ужо гучней, але можна было трываць.

— Фэлікс! — позірк Радзівіла, які весела блукаў па пакоі, трапіў урэшце на сабаку. — Фэлікс, вораг! Вораг!

Сабака ўскочыў, аддана паглядзеўшы Радзівілу ў вочы, — ён яшчэ не разумеў, чаго ад яго хочуць, але ўжо быў гатовы выканаць любы загад. Абвёў разумнымі вачамі Андатрава (той увесь сьцяўся) — ці не яму пракусіць які-небудзь жыцьцёва важны орган? — потым уцяміў, у чым рэч. Фэлікс зарыкаў, з размаху брахнуў па нікчэмным, як мокрая нітка, віскаце Кашкіна.

— Фэлікс, узяць! Узяць! Кусьсі! — заравеў Радзівіл.

Фэлікс, які вырас амаль удвая, кінуўся да Кашкіна, ударыў пярэднімі лапамі пруты каляскі, якая павалілася на дыван. Кашкін выпаў зь яе, пастаяў імгненьне на баку й мякка лёг на пухнаты ворс, не перапыняючы віскату. Фэлікс рвануў нерухомае цельца лапай, адначасова замкнуўшы на ружовай скуры свае строгія маршальскія сківіцы. Вельмі натуральна й чакана з Кашкіна пацякла кроў. Цяпер ён сапраўды нагадваў сьвініну. Енк ягоны стаў пранізьлівым і ўжо не спыняўся, бы высока-высока ўзьнятая нота.

— Цудоўна, цудоўна! — усклікнуў Радзівіл, узьняўся з мейсца й пачаў таптаць Кашкіна — збоку выдавала на тое, што Радзівіл выконвае народны танец. Ногі ягоныя — безвалосыя, моцныя, з пляскатымі каленямі — сінхронна выскоквалі з-пад халату, як быццам падпарадкоўваючыся схаванаму пад ім бубну. Фэлікс, якому адна з ног гаспадара выпадкова стукнула па пысе, адыйшоў ад Кашкіна, але з задавальненьнем працягваў глядзець, як той ператвараецца ў акрываўлены кавалак мяса. — Цудоўна!

— Цудоўна… — стомлены Радзівіл апусьціўся на канапу, выцягнуў перад сабой ногі, памачыў вусны сокам. Кашкін скуголіў, Фэлікс паспрабаваў заняцца ім зноў, але крык Радзівіла «Нельга!» спыніў яго, і ён, пазяхнуўшы, аблізваючы ружовыя зубы, усеўся напагатове каля каляскі. Пакрысе Кашкін сьціх.

— Здох, ці што? — усьміхнуўся Андатраў.

— Ды не, Кашкін у нас жывучы, — сказаў Радзівіл, аддыхаўшыся. — З гарматы па ім страляй — не падохне.

— Што, праўда зажыве як на сабаку?

— Вы сабакаў не чапайце, Грыгоры Паўлавіч, — з крыўдаю прамовіў Радзівіл. — Сабакі — яны дзеля іншага, яны — ваяры, яны — верныя пешкі. Люблю я іх, гадаў. Ды і яны мяне любяць. Сабака за мяне пад нож пойдзе. Гэта вам не каты, паскуды. Сабака — гэта моц, гэта прыгажосць. У сабакаў мазгі ёсьць. А вы Кашкіна зь імі параўноўваеце. Я ж кажу, Кашкін — ён расьліна.

— А я, здаецца, пачынаю разумець, куды ты, Радзівіл, хіліш… — сказаў Андатраў.— Цікава…

Ён пастараўся надаць твару непранікальнасьць. Адкуль ён узяўся, гэты Радзівіл? Размаўляе дзіўна, сапляк яшчэ, але ж вось камітэт сабе набыў, і ўвогуле прыемна, і справу зь ім мець, і паслабленьне сабе наладзіць.

Радзівіл узяў са стала два чыстыя келіхі, напоўніў іх віном, сабе — паменей, Андатраў прыняў келіх зь ягонай рукі, пальцы іхныя лёганька судакрануліся.

— Кашкін — ён, натуральна, нейкая невядомая навуцы жывёла, мутант, магчыма, — пачаў Радзівіл ціха. — Але калі разглядаць паводзіны, ён — расьліна. Сапраўдная жывёла, самая небясьпечная, драпежная, крыважэрная — гэта чалавек, вы ж ня будзеце спрачацца з гэтай відавочнай ісьцінай? Нематываваная агрэсія — вось што адрозьнівае нас ад астатняга жывёльнага сьвету. Трэба ж кудысьці падзець тое, што падсыпаў у начыньне ў руках бога д'ябал. Чаго вы сьмеяцеся?

— Бог, д'ябал… — прыкрыў рот рукой Андатраў.— Сьмешныя словы. Я такія ў жыцьці ніводнага разу не вымаўляў. Дзіўны ты, Радзік. Бог — гэтае слова ў нармальнага чалавека, ну, такога, які цяпер жыве, столькі ж сэнсу ўтрымлівае, як «бля» або «мудак». Ну добра, добра, працягвай, — махнуў ён указальным пальцам.

Радзівіл усьміхнуўся некуды ў сябе і Андатраву, які захоўваў на твары скептычную міну, застаўся адно від ззаду ягонай мімалётнай усьмешкі.

— Вось глядзіце. Мужык вяртаецца з заводу пасьля дзьвюх зьменаў запар, прыняўшы чарліка на грудзь… дома натыкаецца на жонку, якая, само сабою, піліць яго, піліць… Пацан саплівы торгае яго за рукаў: «Тата, дай грошай!»

Твар Радзівіла сказіўся так, што Андатраў міжволі зморшчыўся.

— Што мужык зробіць? Жонцы ў зубы, пацану — выспятка. Жонка параве, і ў мянтуру званіць. Пацан — на двор, і каго-небудзь замочыць. Мужык потым зноў — жонцы й пацану. Выхоўваць жа трэба. Другі прыклад. Адмарозкі йдуць па вуліцы й невядома з чаго будку тэлефонную — у шматкі. Ці тачку тваю, Грыгоры Паўлавіч. Альбо яшчэ. Урач, які за месяц гнойнікаў нагледзецца, а потым заробку атрымае гэткі ж гнайнік. І зарэжа каго-небудзь з расчараваньня.

— Ну, згадзіся, Жаўткову мы ня гнойнік плоцім, — сказаў Андатраў.

— Жаўткова не чапаем. Жаўткоў — бог сярод дактароў. Слухай, Грыгоры Паўлавіч, далей. Вось, памятаю, у вадным апавяданьні герой кажа — гэта самы першы сказ — «Я прачнуўся з жаданьнем каго-небудзь забіць». Заўважце: каго-небудзь. Няважна. Перш-наперш — прага ўбачыць свой боль, які перажывае нехта іншы. І мужыку-рабацягу, і жонцы ягонай, і пацану, і доктару, і ўсім нам мала талерку разьбіць, або ў зубы даць ад злосьці, або дзьвярыма бразнуць, кулаком па стале пагрукаць. Нам трэба кроў сапраўдную ўбачыць, каб ведаць, каб пераканацца — камусьці зараз яшчэ больш хранова за цябе. Толькі гэтае «камусьці» мусіць абавязкова быць жывым, мусіць вішчаць і румзаць, мусіць крывёю сьцякаць. Тады ў нас толькі вернуцца спрадвечная дабрыня, спакой і розум.

— І вось тут Кашкін прыдасца, — сказаў Андатраў, задуменна хітнуўшы галавою. — Ён жа жывы, жывейшы за ўсіх жывых. Але ніхто ня скажа, што ён — жывёла.

— Кашкіна закатаваць — усё адно што дзьмухавец на лузе растаптаць, — пагадзіўся Радзівіл. — Аніякае адказнасьці, ні юрыдычнай, ні маральнай.

Яны трохі памаўчалі.

— Зноў сонца, а я ўсё мерзну, — узяўся за бакі Андатраў.— Сьпіну ломіць, загадай камін затапіць.

— Зараз, зараз, — адгукнуўся Радзівіл. Ён націснуў кнопку недзе ў стале, і ў пакой тут жа ўвайшоў, тузаючы рукавы свайго ватніку, падобны на міністра замежных справаў мужчына.

— Кашкіна — уніз, — распарадзіўся Радзівіл, начэсваючы Фэліксу бліскучую сьпіну. — А камін я зараз сам…

Міністр выйшаў, вярнуўся з лапатаю для прыбіраньня сьнегу, укінуў Кашкіна ў каляску і ўкаціў. Фэлікс праводзіў іх уважлівым позіркам.

— Ёсьць і яшчэ адна рэч, — засьмяяўся Радзівіл, беручы ў рукі вялікі жалезны кій і накіроўваючыся да каміну. — У вас жа ўнук гадуецца, Грыгоры Паўлавіч? Колькі яму ўжо?

— Ды дзесяць, — няўцямна ўсьміхнуўся Андатраў.

— Яму ж хутка сэксу захочацца. Драчыць там, усё такое… А вось будзе ў яго Кашкін — паставіць унучак яму пару палак, у любы час, калі прыпрэ, ну, ведама ж, калі бацькоў дома ня будзе. Патрэніруецца хаця б, а?

— Ды я яму…! У яго ўсё як у людзей будзе!

— Жарт, жарт, але ў кожным жарце… Я спрабаваў. Выключна дзеля дасьледваньня. Сабой рызыкаваў, можна сказаць. Шчыліну ў Кашкіне бачылі? Як дзьве кроплі.

На гэты раз засьмяяўся і Андатраў, хаця на душы ў яго было брыдкавата. Сам не разумеючы, нашто, ён прамовіў:

3
{"b":"825743","o":1}