Литмир - Электронная Библиотека

— Дайду, — сказаў Стах, наступаючы на шнуркі. Апошняе, што ён бачыў,— асуджэньне ў вачох дзядзькавай жонкі, якая накрывала ягоную, Стаха, скульптуру ў поўны рост мокрай анучай. Дахаты ён дайшоў не зусім сам — пад абедзьве рукі яго падтрымлівала натхненьне, зусім блізкае (Стах нават адчуваў паэтычны перагар на скрыжаваннях), але няўлоўнае. «Глупае знаёмства…»— паўтараў ён шчаслівым п'яным шэптам, лыбячыся па-ялавічнаму кожнаму сустрэчнаму гопніку, але некранутай часткай мозгу ўсьведамляў, што дзядзькаў тэлефон запомніў назаўжды. Маці адчыніла дзьверы, нічога не сказала — здань з друзлай скурай на рухавых грудзёх.

…Стах намацаў цыгарэты на падваконьні. У доме было сьмярдзюча й цёпла. З вакна — таго, што выходзіла на суседнюю цагляную сядзібу — даносіліся галасы, мужчынскі й жаночы, які з цнатлівым зьдзіўленьнем паўтараў пасьля кожнага неразборлівага слова выразнае і хвосткае «Клас!». Стах намаляваў на запацелым шкле тры кропкі, затым, падпарадкоўваючыся рэху дзяцінства, дужку: punkt-punkt-komma-strich… У дзьверы адрывіста й глуха пагрукалі, нібы яблыкамі кінулі. Стах грузна апусціў ногі на падлогу: «Заходзьце!»

На парозе зьявіўся зацягнуты ў рамні мужчына, і дзіўна было адчуваць тут, у атмасфэры ўсеагульнага дачнага суботніку, водар дарагой туалетнай вады, які хутка зьмяшаўся са смуродам дому. Госьць быў вельмі высокі — прыгнуўшыся й трымаючы за брылёк сваю афганку, ён прайшоў на сярэдзіну пакоя й там спыніўся, разглядаючы Стаха.

— Дарэчы, праветрылі б, няма чым дыхаць, — сказаў мужчына, кашлянуў у кулак і ступіў яшчэ бліжэй. Стах чакальна глядзеў яму проста ў вочы.

— Я ад імя камітэту дачнага пасёлку, — прамовіў мужчына. — Гэта ж ваш участак? Вы, мусіць, чулі ўжо — у Міхайлаўскім лесе арудуе маньяк. Два згвалтаванні, забойства, некалькі крадзяжоў…

— Тады гэта ўжо не маньяк. Маньяк, я маю на ўвазе — сэксуальны, красьці наўрад ці стаў бы. Вы ж сэксуальнага Манька мелі пад увагаю?

Мужчына паморшчыўся.

— Міліцыя ўжо шукае гада. Доўга яму не працягнуць.

— А вы хто? Імя вашае, даруйце, — спытаў Стах усё гэтак жа ціха.

— Дубраўскі Сяргей Мікалаевіч, — адчаканіў камітэтчык. — Мой участак ля самае станцыі, нумар два. Дык вось, камітэт прыняў на надзвычайным сходзе рашэньне кожныя суботу й нядзелю арганізоўваць патруляваньне пасёлку. Усе дарослыя мужчыны ў парадку ачароднасьці зь сямі вечара да сямі раніцы абыходзяць дачны пасёлак, пачынаючы ад станцыі й сканчаючы лясным масівам. Вашая чарга — роўна праз два тыдні.

— А калі я не хачу? — Стах падыйшоў да вакна, на якім выразна віднелася ўсьмешлівая пыса.

— Як гэта не хачу? — шчыра зьдзівіўся Дубраўскі.

— Тыя, хто за жалезкай жыве, таксама патруляваць будуць? — павярнуўся да яго Стах. — Тыя… з джакузямі?

— Гэтая тэрыторыя не належыць да нашага дачнага каапэратыву, — строга сказаў Дубраўскі й засунуў руку за рэмень.

— Ну й дзе расьпісацца? — спытаў Стах нецярпліва.

— На грамадзкіх пачатках, — адказаў загадкава Дубраўскі і, грукнуўшы абцасамі, выйшаў. Стах бачыў з вакна, як госьць ягоны, махаючы невядома скуль узятай лапатай, прайшоў міма цаглянай сядзібы й зьнік за паваротам.

Крыху праветрыць і праўда не перашкодзіла б. Стах адключыў калярыфэр, выйшаў у сад, пакінуўшы рыпець дзьверы. За нізкім плотам ён пабачыў суседзяў, гаспадароў сядзібы.

Мужчына, малады, лысаваты, плячысты, падобны да Стахавага бацькі, якім той быў падчас сваіх выступаў на тэлебачаньні (па-майстэрску загрыміраваная старасьць), сядзеў за ўкапаным ў зямлю сталом і размаўляў па тэлефоне. Нага ягоная, у белым красоўку, задавала размове такт. Недалёка перад брунатай жалезнай бочкай стаяла сьпінай да Стаха маленькая жанчына, якая раптам рэзка павярнулася й звонка крыкнула: «Клас! Юра, паглядзі!»

Яна карміла з рук іржавую бочку, кідала ў ейную пашчу бруднае лісьце. Таючы на ўзроўні валасоў жанчыны, з бочкі высоўваўся тонкі язык дыму. Жанчына была зусім невысокага росту, хутчэй нават маленькая, апранутая ў кароткае паліто колеру кавы. Вакол яе шыі быў туга завязаны тоўсты шарсцяны шарф. Яна была падобная на прыгожага хлопчыка з дарэвалюцыйнай дваранскай сям'і, якімі іх, гэтых хлопчыкаў, паказваюць у кіно. Ашмецьце туману навокал толькі служыла фонам для яе дзіўнага, нэрвовага ачараваньня. Зусім дзіцячыя вочы шырока расплюшчыліся, зь іх пырскала нічым не разбэшчанае захапленьне. Навакольны сьвет саромеўся ў яе прысутнасьці самога сябе і імкнуўся зрабіцца чысцейшым і нават у чымсьці казачным. Мятнай слодыччу патыхаў кожны яе рух — вось яна нахілілася, зь цяжкасцю пераадолеўшы супраціў шарфу і цеснага паліто, узяла са смешнай гідлівасцю ахапак лісьця й, прымружыўшыся, кінула яго ў індзейскі рот бочкі, якая адразу зьмяніла прышчур і пагудзела трохі. Здавалася, гэтую жанчыну можна было спакусіць пры дапамозе плюшавага сабачкі. — Юра! Юра! — запляскала яна ў ладкі. Потым раптам стала сур'ёзнай, дарослай (хаця Стаха не пакідала адчуваньне, што і гэта гульня), задуменна паглядзела на агеньчык у бочцы, які гуляў у хованкі, не разумеючы, чаго ад яго хочуць. — Чаму мы раней ніколі ня езьдзілі на тваё лецішча?

— На нашае лецішча, на нашае, — мэлянхалічна сказаў мужчына, які ўжо скончыў сваю размову й думаў пра нешта іншае, не перастаючы гайдаць нагою з масіўным белым наканечнікам. — Ты ўся прапахнеш дымам, Тая.

Ён запаліў, абмяркоўваючы з кімсьці празрыстым, хто разьмясьціўся ўнутры яго ўважлівым колам, розныя пытаньні, якія, відаць патрабавалі неадкладных рашэньняў. Тая падыйшла да яго, абняла за плечы. — Дай і мне папаліць, — сказала яна пявуча. — Ты ж сама ведаеш, — мякка адштурхнуў яе Юра. — Сама ведаеш, што доктар забараніў…

Ягоны змораны, настаўніцкі голас, відавочна, незвычайна раздражняў Таю. Яна нахмурылася, паціснула плячыма ды зноў накіравалася да бочкі. — А яшчэ ты ведаеш… — мужчына, напэўна, зразумеў, што быў зь ёю надта суворы. — Ты ведаеш… я вось чуў… што нездалёк у лесе водзяцца… водзяцца…

Ён падкраўся да яе ззаду, схапіў за маленькія плечы, падняў на рукі. Тая ў захапленьні завішчала. — …водзяцца маньякі! Я маньяк! Я зараз цябе згвал! ту! ю!!!

Ён заравеў і не адпускаючы з рук Таю, пабег у дом. «Якая мілая дзяўчынка,»— падумаў з зайздрасцю Стах. «Якая мілая, мілая, мілая дзяўчынка.» Халодны ганак апякаў яму пазваночнік. Як быццам аркуш паперы, кінуты ветрам акурат у твар, перад вачыма Стаха зьнянацку зьявіліся радкі: там былі лісіныя вочы, і бочка, і любоўныя цыдулкі на берасцяных граматах. Хутчэй! Пачатак някепскі. Асабліва пра лісіныя вочы. Ён шпарка ўбег у дом, вырваў ліст з паўагульнага сшытку, схапіў сонную, незадаволеную асадку. Запісваць. Такое было… у стылі Айгі. Як там… Вершы катастрафічна спрытна пасьпявалі зьнікнуць за жалезнай заслонай нядаўняга насланьня, якая апускалася ўсё ніжэй і ўрэшце з грукатам закрыла ўваход у запаветную мясцовасьць, па якой прагульваюцца паэты й мастакі. Рука Стаха закранула хісткі стос старых часопісаў, які ляжаў на крэсьле, і верхні ляпнуўся паслужліва пад самыя вочы, разгорнуты на сярэдзіне. Паміраючы Стах прачытаў, і перачытаў наноў дзесяцірадкоўе, у правым ніжнім куце, пад каламутнай фатаграфіяй, на пажоўклай паперы, дзе было ўсё: і бочка, і лісьце, і ліска, і бяроста, і, як водзіцца, каханая, усе анатамічныя падрабязнасці якой былі апісаныя з навуковай уніклівасьцю. Над вершамі стаяла: Алекс Казанкоў, 25 год, Новасібірск. Рубрыка — «Нашы дэбютанты».

Рабіць было няма чаго. Стах кінуў лісток у купу газэтаў. «Дэбютант хераў,»— сказаў ён напаўмасу. І дом, і сад, і нядаўняя мілая, мілая, мілая дзяўчынка — усё зараз страціла фарбы, скінула са сваіх чароўных плечукоў, якія насамрэч апынуліся кашчавымі, прагнілымі вешалкамі прызначаны шарм і абяцаньне бяздумнага, чыстага задавальненьня. Пацямнела, пашарэла, бухнулі раздражнёна дзьверы, дом зарыпеў; з гэткім гукам, нібыта іх ванітавала, крыкнулі за вакном вароны. Стах адчуў смурод нейкага далёкага туалету, як на злосьць прынесенага ветрам акурат на ягоны ўчастак. У выдуманым папом Гапонам Новасібірску палыселы, азызлы Аляксандр Ідыётавіч Казанкоў бяззуба й зласліва пасьміхаўся, кульнуўшы шклянку кедравай самагонкі.

17
{"b":"825743","o":1}