Литмир - Электронная Библиотека

Стах зноў кінуўся на ложак, зноў запаліў, шкадуючы пра выпушчанае на волю цяпло, потым рашуча ткнуў цыгарэту ў запляваную бляшанку. Падняўся пругка й спартыўка, хутка абуўся й выйшаў у сад. За плотам зноў чуўся сьмех маленькай жанчыны. Заела гэты дзень, ці што? Бакавым зрокам ён убачыў Таю, якая цяпер піла каву, цудоўна апякаючы сабе пальцы, — уся ў німбе з найтанчэйшае пары. Стах выйшаў на вуліцу, абыйшоў вольва, таямнічы напаўспалены дамок, каленку, кучу сьмецьця, на якой уладкавалася, бессаромна рассунуўшы ногі, лялька — фарбаваная бляндынка, доўга йшоў праз участкі — сямнаццаты, пятнаццаты, калючы дрот агрэсту, штабэлі шыфэру, блёкі яблыкаў, крыгі дроваў, грэбля грабляў, мокрыя кармушкі, хаўрусы друзу, рай сарайчыкаў, учадзелыя дачнікі, запахла чыгункай: «Дзе тут можна патэлефанаваць?»— «Ля станцыі, на другім участку». Дубраўскі капаўся ў гародзе й Стаха не заўважыў. Праз задратаваную агароджу была відаць электрычка, якая толькі што прыбыла — зь яе ніхто ня выйшаў. Стаху адчыніла шырокаротая дзяўчына. «Прабачце, можна патэлефанаваць,»— сказаў Стах цяжка, па-сабачаму дыхаючы, і ступіў у калідор. Роўна праз тры гудкі слухаўку зьнялі. «Кірылу Антоныча,»— сказаў Стах, усё яшчэ задыхаючыся. «Я Кірыла Антоныч,» — адказаў спакойны, як маць-сыра-зямля, голас. «Кірыла Антоныч, гэта Стах.» — «Ну.» «Гэта, Стах, мы з вамі пілі пазаўчора…»— «Гэта ты піў, а я дома зь сям'ёю адпачываў,»— запярэчыў Кірыла Антоныч — зрэшты, даволі паблажліва. «Так, вы памятаеце, вы казалі… пра прадпрыемства… туды яшчэ м-можна… уладкавацца?»— «Можна.» Стах нібыта ўбачыў перад сабою мудрую ўсьмешку дзядзькі і ўсміхнуўся сам, самому сабе палохаючыся. «Можна. Прыходзь заўтра а дзясятай. Да прахадной.»— «Дзякуй вам, Кірыла Антоныч.»— «Ну, бывай, Стасік,»— сказаў дзядзька й паклаў слухаўку.

— Плаціць, між іншым, трэба за тэлефон, — Дубраўскі стаяў у праёме, у галіфэ й мокрай майцы. Стах машынальна сунуў руку ў кішэнь. — Ну ды добра, — працягнуў Дубраўскі ды выйшаў. Стах выйшаў за ім. — Пра маньяка чулі? — спытала шэптам шырокаротая дзяўчына, зачыняючы за ім дзьверы, але ён утаропіўся на яе няўцямна, і тая, паціснуўшы плячыма, тарганула ручку дзьвераў на сябе.

Для чалавека, які сядзеў перад Стахам, працоўны кабінэт зьяўляўся, відавочна, нечым большым за памяшканьне для штодзённай работы. Лёгка было заўважыць, зь якой асалодаю ён браў у рукі пульт кіраваньня вэнтылятарам, зь якім кепска схаваным задавальненьнем гладзіў беласьнежнаю мышкаю ейны ж уласны дыванок, якім шчасьцем напаўняліся ягоныя вадзяністыя вочы, калі ён высоўваў шуфляды дабротнага, зручнага стала, выгляд якога незямнога раскашаваньня набываў ягоны нібы сплецены з сотняў выкшталцоных кароткіх рысачак твар, калі чалавек гэты закідваў нагу на нагу і аглядаў вялікі плякат зь лягатыпам прадпрыемства, што закрываў напаўпразрыстую сьцяну. Хаця гаспадар кабінэту быў Стаху прадстаўлены па ўсёй форме, і Стах нават мог даведацца, як завуць бацьку гэтага чалавека, тром простым словам так і не ўдалося замацавацца ў Стахавай памяці. Для сябе Стах вырашыў называць гэтага вялікага, як яму сказалі, начальніка, Мурло — падчас вандраваньня па паверху ён бачыў на адных зь дзьвярэй шыльдачку з такім прозьвішчам.

Напачатку Мурло не зьвяртаў на Стаха аніякае ўвагі, быццам знаходзіўся ў кабінэце адзін. Мурло сядзеў перад кампутарам, пальцы ягоныя заклапочана перабіралі плястмасавыя чоткі, зрэдку адцягваючыся на мыш, сьвятло манітора надавала вачам гэтага чалавека ўсялякія яркія ненатуральныя адценьні, проста не Мурло, а Кібэрмурло. Зрэдзьчас Мурло нават начэсваў нагу, какетліва прыпадымаючы калашыну нагавіцы ледзь не да калена. Стах сядзеў у вельмі ўтульным скураным крэсьле, азіраўся навокал. З плякату на яго наўскос глядзеў мужык, які настолькі нагадваў Кірылу Антоныча, што ў Стаха ўзьнікла падазрэньне, ці не займаецца гэты ягоны новы старэйшы сябра пазыраваньнем у вольны ад малярства час. Уласна кажучы, лягатыпам прадпрыемства зьяўляўся сам чалавек — паводле сьмелай задумы мастака анатамічныя асаблівасці мужыка на плякаце плаўна пераходзілі ў стылізаваныя літары. У кабінэце яшчэ пахла Кіры лаю Антонычам — часнок ды адэкалён, а можа, адэкалон «Часночны». Сам Кірыла Антоныч абмежаваўся прадстаўленьнем Стаха й Мурло аднаго адному й зьбег, спаслаўшыся на тэрміновую працу — «пасьля пажару ў агапэ работы проста нямерана».

Нарэшце Мурло пагадзіўся са сваім кампутарам, што чалавеку сапраўды не зашкодзіць зачыніць парачку вокнаў, зірнуў на Стаха й зрабіў да яго паварот на крэсьле-круцёлцы. Стах пастараўся надаць вачам багемнасьці. Мурло надзеў акуляры й глыбока ўздыхнуў, рыхтуючыся да ўсьмешкі.

— Значыць, працаваць.

— Працаваць. Я…

— У нас.

— Так. Мне каза…

— На прадпрыемстве.

— Кірыла Антоныч паведаміў мне, што вам трэба маляры.

— Маляры. Вы маляр?

Стах разгубіўся, і гэта было пагатоў крыўдна, бо яшчэ хвіліну таму ўпэўненасьцю сваёй ён думаў падзяліцца з Мурлом. Самае ж паганае было ў тым, што ён насамрэч ня ведаў, што адказаць. Атрымлівалася глупства, зусім невясёлае, немастацкае й несправядлівае. З аднаго боку, малярствам ён ніколі не займаўся, і, натуральна, маляром сябе назваць ня мог. З другога боку, ну што гэта за прафэсыя — маляр, тут што, дыплём трэба мець, або талент? З трэцяга, і самага неадольнага боку, раз ён не маляр, то нашто ўвогуле ён прыйшоў сюды і адымае час у чалавека — мурло мурлом, але гаспадар кабінэту быў на працы, прычым дзяржаўнай. Існаваў яшчэ й чацьверты бок: не казаць жа Мурлу, што ён, Стах, не маляр.

Мурло сядзеў, апусціўшы галаву, і з інтарэсам разглядваў пальцы, што нядаўна так спрытна перабіралі чоткі клавіятуры. Стаху падалося, што Мурлу нейкім фантастычным чынам усе ягоныя разважанні дасяжныя, і ён адчуў самы натуральны страх. Прычым гэта быў не высакародны страх мастака перад дзяржаваю, а дробненькі, і адтаго гнюсна-млосны страх школьніка, якога спаймалі на хлусьні.

— Маляр, — млява кінуў Стах пасьля недарэчна доўгай паўзы, каб хоць неяк падагнаць разьвіцьцё падзеяў.

— Цудоўна, — у тон Стаху прамовіў Мурло. — А дзе працавалі дагэтуль?

— Я мастак-канцэптуаліст, — заявіў Стах з выклікам. — У мяне было некалькі выставаў. Так што з фарбаю я знаёмы. Не па чутках. Калі мастака з вышэйшай адукацыяй вам ня трэба, калі вам патрэбны ўсяго толькі дасведчаны рамесьнік, то… Ня будзем марнаваць час і разьвітаемся. Я лічу, гаворка можа йсьці пра супрацоўніцтва мастака й прамысловага прадпрыемства. А калі не…

На апошніх словах голас Стаха сарваўся на прыцішаны віскат, як у падлетка, затрымцеў, і Стах адчуў з сорамам, як да шчокаў прылівае здрадніцкае цяпло. Мурло зноў апусьціў вочы і ўсміхнуўся:

— Ды не хвалюйцеся вы так. Усе творчыя асобы…

Пры гэтых словах Мурло выпрабавалі паглядзеў на Стаха — як падзейнічае на яго такая лабавая лісьлівасьць. Падзейнічала, Стах зразумеў, што творчая асоба, пад якой разумеўся ён, была ўведзеная наўмысля, дзеля тонкага садысцкага зьдзеку (Мурло паводле становішча свайго мусіў ненавідзець творчых асобаў за сваім сталом і любіць іх выключна ў тэлевізыйным выглядзе), але на шчацэ Стаха ледзь не зьявілася ўдзячная сьлязіна.

— …такія нэрвовыя. Што ж, я разумею, натхненне — бура, а не Чыжоўскае водасховішча. Проста Кірыла Антоныч не сказаў мне, што на прадпрыемства просіцца працаваць такі таленавіты чалавек. Даруем яму гэта. Не хвалюйцеся, прымем мы вас на працу. Пагатоў рэкамэндацыя ў вас маецца, і не ад каго-небудзь, а ад аднаго з нашых вэтэранаў. Кірыла Антоныч — вельмі паважаны на прадпрыемстве чалавек, да таго ж вайну прайшоў, заслужаны дабэрліншчык…

— Хто, даруйце? — не ўтрымаўся Стах. Яму падалося, што ён не дачуў, або… Або гэта сацыяльнасць нейкая. Тое, што адбывалася ў кабінэце, усе больш нагадвала тэатр абсурду, пофлую фепялявую кафку.

— Да Бэрліну дайшоў,— патлумачыў Мурло абсалютна спакойна. — А праца, можаце не сумнявацца, у вас у кішэні. Маляры, ды й мастакі, на прадпрыемстве заўсёды патрэбныя. Толькі вось… Хаця не, паспрабуем па-іншаму.

Мурло перагнуўся праз стол. За ягонай сьпінаю на экране манітору калыхаліся залатыя рыбкі.

18
{"b":"825743","o":1}