Литмир - Электронная Библиотека

— Скажыце мне, толькі шчыра — вы гатовыя тры месяцы працаваць на прадпрыемстве бясплатна, адмовіўшыся ад заробку?

— У вас што, несвоечасова выплочваюць заробак? — расчаравана прастагнаў Стах.

— Не, не, вы няправільна мяне зразумелі. Я прашу вас паразважаць выключна тэарэтычна. Прадпрыемства насамрэч выплочвае ўсім сваім работнікам грошы дакладна і ў поўным аб'ёме. Але ўявіце такую сітуацыю — пагадзіліся б?

— Мусіць, не, — адказаў Стах шчыра. — Навошта ж…

— Рэч у тым, што надзвычай шмат жадаючых тут працаваць з радасьцю пагаджаюцца на такія ўмовы. Працаваць тут, — Мурло паказаў на плякат, — вялікі гонар і адначасова вялікае шчасьце. Значна большае, чым можа сабе ўявіць самы таленавіты мастак. Людзі гатовыя сядзець на вадзе й хлебе, толькі б атрымаць вашае месца. Гэта я да таго, каб вы зразумелі, якая адказнасьць на вас ускладаецца. А цяпер тое, што я хачу вам сказаць ад сябе асабіста — ня як намесьнік начальніка адзьдзела кадраў. Адмоўцеся, пакуль ня позна. Я страшэнна не хачу, каб вы апынуліся ў нашых радох. Вы мне не патрэбныя.

— Я… — на такіх месцах добрыя пісьменьнікі звычайна ўстаўляюць загадзя падрыхтаванае «дыёнвар'ятасяніластахастраш-наяздагадка». Не, усё было ня так — зьдзіўленьне і адчуваньне, што зь яго, Стаха, сьмяюцца людзі, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

— Гэта ня жарт. Прашу, адмоўцеся. Вы нам абсалютна не патрэбныя, малады чалавек.

— А вы пераканайце мяне, — вымавіў ні з таго ні з сяго Стах. Як усё ж не хапае Кірылы Антоныча. За вакном нечакана працягла й страсна заенчыла, а потым, прарастаючы з аблітых звонку сонцам жалюзі, раўнамернымі штуршкамі пачалося грукатанне — глухое, далёкае, нібы блукаеш у лесе, які пры ўважлівым вывучэньні апынаецца валасамі на грудзёх велікана. Гук ішоў з боку тэрыторыі прадпрыемства, і Стах раптам прыўзьняўся над сталом, бо адчуў, што задыхаецца ад гэтага грукату. «Аднойчы, калі мне было пяць гадоў, старэйшы брацік засунуў мяне ў басовы бубен…»

— Пераканаць? Фарба — атрутнае рэчыва, шкодна дзейнічае на ўсе сістэмы арганізму.

— Паленьне больш шкоднае.

— На вас будзе крычаць самы захудалы майстар, самы смярдзючы адзазаб.

— Я вельмі вытрыманы чалавек. Вось вас жа я выслухаў, усё гэтае трызьненьне, і брывом не павёў.

— Вы будзеце працаваць па дзесяць гадзінаў на содні.

— Кірыла Антоныч распавядаў, што заробак на прадпрыемстве адпавядае затрачаным намаганням.

— Я асабіста не хачу браць вас на працу.

— Але возьмеце ў любым выпадку.

— Вы памрэце тут.

— А вы ў вар'ятні, спадар Мурло.

— Распішыцеся вось у гэтым месцы.

— Што гэта?

— Кантракт. Ваш кантракт з прадпрыемствам. Дзякуй. Віншую вас з уступленьнем у слаўную сям'ю работнікаў айчыннай прамысловасці.

— Дарэчы, а… А што за прадукцыю вырабляе прадпрыемства? Такое ўражаньне, што гэта дзяржаўная таямніца.

— Не твая справа, Стасік. Валі з гэтага кабінэту. Сёньня схадзі азнаёмся з рабочым месцам, павывучай нашую геаграфію, разьбярыся, што да чаго. А заўтра выходзіш на працу. Працоўны дзень пачынаецца а сёмай. І запомні — ты працуеш у цэху будынкаў і збудаваньняў. Маляры належаць яму. Вось пропуск, і каб болей, хлопча, я цябе ня бачыў.

Прахадная, уласна, уяўляла сабою мноства турнікетаў, паміж якімі месьціліся шкляныя будкі. У будках, прытуліўшыся адна да адной, сядзелі жанчыны ў вайсковых куртках — дзесяць жаночых параў колеру хакі. Іхныя сьпіны так шчыльна судакраналіся, твары былі настолькі падобныя сваёй пыхлівай безуважнасьцю, а шкло будак гэтак рамантычна падсвечвалася знутры маленькімі ліхтарыкамі, што вартавыя нагадвалі закансэрваваных у аб'ёмных прабірках сіямскіх блізьнятаў. Стах нерашуча спыніўся перад гэтым паноптыкумам. Кожная другая вартаўніца ўпускала на прадпрыемства, астатнія выпускалі, і любая зь іх магла па сваёй прыхамаці заблякаваць запаветны сімсім. Так, арабскія казкі тут таксама былі б дарэчы. Са столі зьвісала камэра на доўгім гнуткім штатыве, і ейнае адзінае вока зацікаўлена сачыла за тым, як Стах падыйшоў да турнікету, зламаў свой картонны пропуск і падаў адной з вартаўніцаў. Жанчына кінула на яго кароткі позірк — картонны Стах, відаць, спадабаўся ёй больш за жывога — і абыякава адвярнулася. Шлях быў вольны. Стах штурхнуў мэталёвы локаць і — перасек прахадную. Лёгкія плексыглясавыя дзьверы пругка расчыніліся, і ён ступіў на тэрыторыю прадпрыемства. О, гэты няўпэўнены, нетрывалы першы крок дзіцяці! — але ён зьдзейсьнены, ты зрабіў яго, ты абарочваешся, бачыш клятчасты адбітак сваіх падэшваў, плянэта адзначаная таўром твайго сьледу — ура.

За доўгі час блуканьня па адзьдзеле кадраў (які разьмяшчаўся ў будынку адміністрацыі, на тым баку прахадной, у тым сьвеце) Стах забыў, што дзень сёньняшні, адметны, між іншым, першым сьняжком, — надзвычай сонечны, разьлінаваны чорным, напоўнены бляскам і ветрам. Падавалася, што на прадпрыемстве сьвятлей, чым там… Стах усё яшчэ губляўся, як называць цяпер той сьвет — аднароднасць жыцьця парушыла прахадная. Ён машынальна зрабіў некалькі крокаў, трохі аслеплы, не ўсвядоміўшы значнасьці падзеі, якая толькі што адбылася. Потым спыніўся і агледзеўся як сьлед. Ён стаяў пасярод невялікага пляцу, што сканчаўся алеяй, абсаджанай ліпамі са старанна ўзьбітымі чорнымі шатамі. Абапал алеі ды пляцу гуртаваліся цагляныя будынкі, за імі хаваліся вузкія вуліцы. Грукат, які Стах пачуў у кабінэце Мурла, тут, натуральна, быў гучнейшы, але больш прыймальны для слыху й на сэрца ўжо ня ціснуў. Цяпер іншыя гукі прыцягвалі ўвагу й не давалі засяродзіцца. Па-першае, з-за бліжэйшай да Стаха будыніны чуўся загадкавы глухі рокат. А дзесьці зьлева, за статуяй багіні Прадукцыі (раскрыты агромністы рот, пукатае, курчастае, быццам скульптар вырашыў паказаць, як яно дыміцца, улоньне й рукі — вялізныя, з распухлымі венамі) валаклі па асфальце нешта жалезнае. І яшчэ дыханьне зямлі пад нагамі, прыглушанае шчыльнасцю забудовы. Стах азірнуўся. Гадзіннік над будынкам адміністрацыі, на першым паверсе якога й месьцілася прахадная, з натугаю таргануў стрэлкай. На даху ўзвышаліся трохмэтровыя літары, якія з таго, звычнага боку, чыталіся як назва прадпрыемства. Адсюль жа, вядома, яны маглі бачыцца толькі ў люстраной выяве. Дваццаць два таямнічыя знакі для абазначэньня сьвету за прахадной. Хаця, чаму таямнічыя? Калі дадаць гэтых двух птахаў, што кружляюць над перавернутай літарай З, атрымаецца… Фраза вельмі непрыстойная, а таму надта папулярная ў народзе. Што ж ты стаіш, Стасік? Дай я пазнаёмлюся бліжэй з тваёй мамаю.

Стах рушыў наперад па алеі. Хутка насустрач яму сталі трапляцца мясцовыя насельнікі. Ён, відаць, трапіў сюды ў самы разгар працы, так што на пляцы рабочым няма чаго было рабіць, а тут, на алеі, іх было досыць шмат. Адныя зь іх існавалі застылымі фотапартрэтамі, што ўсьмешлівай чарадою, бы помнікі на могілках, ціснуліся да ліпаў. Другія крычалі, рухаліся, тупалі, але амаль ніхто не ўсміхаўся. Многія грэлі рукі ў кішэнях рабочых куртак, іншыя былі апранутыя па-лецішчаваму, у ні да чаго ўжо не прыдатныя спартовыя трыко, швэдры, джынсы. Урэшце Стах знайшоў двух рабочых, якія нікуды не сьпяшаліся, проста стаялі й палілі каля голай сіняй сьцяны без намінкі на вокны або дзьверы. Ён прыпыніўся ля іх, упершыню бачачы работнікаў прадпрыемства прыкладна адных зь ім, Стахам, гадоў. Глядзеў Стах на іх, мусіць, залішне ўважліва, бо рабочыя заўважылі ягоны непрыхавана зацікаўлены позірк і пачалі нэрвова мясіць нагамі сьнег. Стах стаяў нібы зачараваны. Гнілазубыя маладзёвы ў лыжных каптурках спынілі лянотную размову і адвярнуліся. Адзін зь іх ня вытрымаў. — Чаго зырыш? Підар, ці што? — спытаў ён, высока загінаючы пасінелую верхнюю губу. — Хадзем, гэта карэспандэнт, відаць, — працэдзіў праз зубы ягоны таварыш і нечакана адчыніў у абсалютна голай сьцяне невялічкія дзьверы. Маладзёвы ўвайшлі ў цямрэчу й перад Стахам зноў весела засінела сьцяна.

Раз-пораз між людзей у спэцадзеньні трапляліся й людзі ў дублёнках і паліто. Чым далей ішоў Стах, тым больш сустракаў народу. Ён пачуваўся сярэдневечным рыцарам, што прыехаў у незнаёмы горад і цяпер, адклаўшы на потым пошукі пастаялага двара, з інтарэсам, але наўздагад прабіраецца па вулачках, назіраючы з вышыні за тубыльцамі.

19
{"b":"825743","o":1}