Литмир - Электронная Библиотека

Пра вышыню мы ўзгадалі невыпадкова. За пяцьдзесят гадоў існаваньня прадпрыемства здолела ўзгадаваць адмысловую пароду чалавека, якая паводле сваіх антрапамарфічных якасьцяў вылучалася з агульнай масы жыхароў места. Мужчыны тут былі пераважна нізкага росту, каржакаватыя, зь вялікімі прыплюснутымі галовамі, зь якіх, як наросты на бульбе, тырчэлі масіўныя сківіцы. Маленькія, амаль незаўважныя лбы, поўная адсутнасьць шыі, кароткія, але тоўстыя рукі з зеленаватымі абрубкамі пальцаў. Хада іх таксама была спэцыфічнай — яны рухаліся так, як быццам мелі паміж ног крывавую рану, пастаянна падскоквалі, шырока расстаўлялі свае дугападобныя ніжнія канечнасьці, крывілі рты ў грымасах болю ды агіды. Яны рана лыселі. Стах яшчэ не дайшоў да трэцяй вулкі, а ўжо сустрэў трох сваіх аднагодкаў, абыякавасць якіх да галаўных ўбораў дазваляла разгледзець выразныя пляшыны. У многіх, як кветкі з мудрагеліста змайстраваных гаршчкоў, расьлі з вушэй густыя рудыя валасы. Большасць мела смарагдавыя пракураныя вусы, у тон зубам. Размаўлялі тутэйшыя людзі гучна й рэзка, нават калі стаялі зусім блізка адно ад аднаго, і пара з іртоў зьмешвалася, клубілася, засланяючы твары суразмоўцаў, сімвалізуючы сяброўства й паразуменне, спрыяючы хлусьні. Улетку з гэтай задачай пасьпяхова спраўляўся тытунёвы дым.

Сярэдні рост жанчын прадпрыемства таксама не перавышаў паўтары мэтры. Гэта былі пахілыя істоты зь вечна апушчанымі галовамі, нібы кожная зь іх спадзявалася адшукаць у сьнезе згублены кімсьці кашалёк. Залатыя зубы, відаць, зьяўляліся тут асаблівым шыкам. Сонца нібыта дапамагала Стаху, выхопліваючы з ідучых насустрач яму людзей пераважна тых, хто вёў, шырока разяваючы рот, крыклівую гамонку, — золата ўспыхвала то тут, то там.

Прамінуўшы так пяць ці шэсьць скрыжаванняў, Стах вырашыў зьвярнуць з алеі направа. Тут сонца стала паменей, а сьнегу паболей. Двое мужчын прыбівалі да сцяны непаслухмяны белы транспарант, трэці з дыпляматам у руках стаяў трохі воддаль, заглынаючы ўласную пару. Транспарант складаўся з трох кавалкаў матэрыі, на кожным зь якіх было блакітнай фарбай выведзена па слову. З заключным рабочыя ўжо справіліся — зь нейкім анэкдатычным падкітайчваньнем ён абвяшчаў: «Чалавека». Чвякаючы, у сьцяну ўсмакталіся, дзіўным чынам не даючы вуліцы аніякага рэха, два цьвікі, потым яшчэ два. «От так,»— праскандаваў адзін з рабочых зь вясёлай злосьцю. — «Уейбожылі.» Чалавек з дыпляматам нецярпліва пагойдваўся на зьмерзлых нагах. Яшчэ чатыры цьвікі былі ўвагнаныя менш чым за адну сэкунду. «Уейбожылі, ят-табе кажу,»— прамовіў шчасьліва рабочы, падыхаўшы на пальцы і зьвяртаючыся хутчэй да сьцяны, чым да напарніка. Рабочыя селі на нешта чорнае, шурпатае, што валялася недалёка, пацягнуліся па цыгарэты. — Э-эй, — завішчаў чалавек з дыпляматам. — Тут яшчэ спачатку было слова!

Словы на транспаранце — «упрыгожвае чалавека»— сапраўды патрабавалі яшчэ аднаго. Рабочыя, не адляпляючы ад вуснаў цыгарэты, узяліся за працу. Стах прамінуў іх і пайшоў далей. «А вось і атрымаецца, што слова гэтае — зусім ня тое, якое тут просіцца,»— падумаў Стах, нібы пярэчачы камусьці. «А вось і станецца зараз так, што слова гэтае… ну, напрыклад, „сэкс“, або „опіюм“. Вось зараз абярнуся…» Стах абярнуўся й расчаравана ўздыхнуў.

Вакол па тонкім лёдзе сьлізгалі траскія жанчыны на электракарах, спрабавалі акапацца адзінарогія трактары. Над адчыненым люкам круцілася, марна намагаючыся ператварыцца ў джына ці хаця б у бабруйскі джын белая пара. Вецер гнаў яе аж да канца вулкі. За агароджаю ўзвышалася дыстрафічная арабіна — гронкі як казіны гарох. Засьнежаная лавачка.

Ля лавачкі стаяў чарговы рабочы й, са смакам зацягваючыся, паліў клясычную тугую беламорыну. Магутныя плечы падбіралі пад сябе марознае паветра, цешыліся, пераможна ружавеючы, вушы, рухалася пад брудным, зьдзервянелым швэдрам самадастатковая грудная клетка. Кожная з ног напірала сьнег спакойна й грунтоўна, паказваючы свету, што іхны ўладальнік прыйшоў сюды ўсур'ёз ды надоўга. «Які тыпаж,» — прыйшоў у захапленьне Стах. «Трэба загаварыць. Пара ўлівацца. А то стаю тут як…» Ён з зайздрасьцю акінуў вачыма кароткі вожык рабочага й падыйшоў бліжэй, дастаючы цыгарэты. На бяду, запальнічка ў замерзлых Стахавых руках аб'явіла страйк. Пакуль Стах выкалочваў зь яе хаця б каліўца вагню, рабочы з пагардаю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі і энэргічна распраўляўся з рэшткамі свайго перапынку.

— Даўно на прадпрыемстве? — нарэшце запаліўшы, спытаў сіпла Стах. Нічога лепшага яму ў галаву не прыйшло, а выведваць, што азначае надпіс па-над ганкам бліжэйшага будынку — ЦКіУ, яму падалося прыніжальным.

— Табе-та што? — прамовіў насьцярожана рабочы, не варухнуўшыся. — Ты з рэдзіва?

— Што? — Стах зразумеў, што зрабіў памылку. Колькі ён сёньня сустракаў людзей, якія лепш падыходзілі на ролю першага суразмоўцы.

— З радзіва, кажу?

— Не, я… — для свойскасьці чагосьці не ставала, і Стах уцяміў, чаго. — Я, бля, працаваць тут буду з заўтрашняга дня. Маляром, блядзь, узялі, грошы трэба. Ябаць! Ня думаў, што возьмуць. Як тут, бабла плоцяць троху?

Рабочы павольна павярнуў галаву.

— Я ў Кірылы… у Кірылы Антоныча буду працаваць, — сказаў пасьпешліва Стах, заклікаючы бога Дзядзьку ўзяць яго пад сваю абарону.

— У Антоныча? — пазяхнуў рабочы ва ўвесь рот, выставіўшы абломкі брунатых зубоў і белы язык. — Ну, Антоныч цябе хутка адвучыць мацюгацца. Я б сам павучыў цябе… троху, — дадаў ён зьдзекліва. — Але ў Антоныча лепей атрымаецца. Дзе вас бяруць такіх. Загадзілі прадпрыемства. Мазгі бы лепш гадаваў, а не валасы. Люмпэн-малалетка. Рым загубілі раскоша й разбэшчанасьць, а прадпрыемства зьнішчаць такія, як ты — асацыяльныя элемэнты, маргіналы, працоўная моладзь бяз клясавай свядомасці. Меў рацыю Зіневіч — на якім грунце могуць узьнікнуць сіндыкаты, калі прамысловая сфэра ператварылася ў прыстанішча самых неадукаваных слаёў. Пра авангард і галоўную сілу можна забыць…

Ён пацягнуўся ўсім целам і пайшоў абураным крокам да таямнічага ЦКіУ. Недапалак ягоны ўтыркнуўся ў сьнег акурат ля Стахавай нагі.

Пазнаёміцца з чалавекам, якога завуць Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, ужо само па сабе было несумненнай удачай — ня кожнаму ў жыцьці выпадае займець знаёмага з такім мяном. А ўлічваючы тое, што зь Дзеленстапам Каўкомавічам Стаху было наканавана працаваць поруч, у вадной брыгадзе, удача набывала падвоеную каштоўнасьць. Новы калега Стаха працаваў на прадпрыемстве ўжо трыццаць гадоў — гэта быў вёрткі чалавек зь няроўна прылепленай шкваркаю мокрых вусікаў пад тоўстым носам. Ён меў манэру сьмяяцца не расціскаючы вуснаў і вымаўляць галосныя гукі амаль да поўнай іх ліквідацыі. Пра незвычайныя імёны — сваё й бацькава — Дзеленстап Каўкомавіч ахвотна распавядаў усім і кожнаму. Дзед ягоны, армянскі бальшавік Бядрос Зараян, ахрасьціў свайго па-за шлюбам народжанага сына Каўказам Камуністычным. Каўком Бядросавіч жыў, ня ведаючы клопату, да дзесяці гадоў, пакуль не зразумеў аднойчы, які сюрпрыз падкінуў яму бацька. Раззлаваны Каўком адпомсціў тым, што чатырох унукаў Бядроса назваў Дзеленстапам, Ерасацам, Сталінградай і Пабедай. «Калі я прыйшоў на прадпрыемства,»— выжоўваў Дзеленстап Каўкомавіч, — «я ня ўмеў рабіць ні храна. Дзела Леніна-Сталіна — гэта ж ім не абы-што. Не ўзялі б — я скаргу ў вабком!»

Вось ён, пакойчык для дзяжурнай брыгады маляроў у цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў. Каля сваёй шафкі, унутры якой хаваюць жыцьцявызначальныя бацькоўскія ўсьмешкі два дзядулі — савецкі й нямецкі, сядзіць, начэсваючы фатаграфічную сівізну, Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, прыглушана псуе паветра й вядзе свой звычны аповед. Колькі навічкоў брыгады слухала за апошнюю трэць стагодзьдзя сямейную сагу Зараянаў! Сотні, калі ня тысячы. Большасць зь іх даўно на кіраўнічых пасадах, у ЦКіУ, АГТ, а хто нават у АІД або ў РАЙ, а на дзявятай вуліцы прадпрыемства, у аднапавярховым, але шматмэтравым будынку цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў, ля сваёй падобнай на дзіцячую дамавінку многаразовага карыстання шафкі сядзіць на свежым нумары заводзкай шматтыражкі Дзеленстап Каўкомавіч Зараян і, мружачыся ад уласнага бесьсьмяроцьця, жуе: «Майго бацю звалі Каўказ Камуністычны. А дзеда — Бядрос. Бядрос быў спачатку жабрак, а потым…» Мова Дзеленстапа Каўкомавіча нялёгкая для ўспрымання — ангельскае вымаўленне (правільнага быць не магло — Каўкомыч ня ведаў, што такое дантыст), пастаяннае пад-цэкваньне, сапенне, разнастайныя гарлавыя вібрацыі. Дзеленстап Каўкомавіч любіў пераймаць птушыныя маналёгі, ён завучваў іх як актор завучвае свае словы ў п'есе, і пакрысе пачаў карыстацца моваю птушак у жыцьці. Стах сядзіць паблізу, адкалупваючы засохлую фарбу з курткі, потым з-пад пазногцяў — прыемны занятак. Ён мала што разумее, але яму цікава — у васобе Каўкомыча ён бачыць выміраючую жывёлу. З каўкомавіцкай на зразумелую яму перакладае Юра Цыцка — гэты калега Стаха слухае аповеды пра Зараянаў прыкладна столькі ж гадоў, колькі цяпер Стаху. Астатнія члены брыгады сядзяць за ліпучым, нібы мёдам нацёртым сталом, гуляюць у карты, ліжучы пальцы. Кірыла Антоныч, з нагамі ўладкаваўшыся ў сваёй цёплай шафачцы, чытае заводзкую шматтыражку («Жыцьцё й прыгоды сьлесара Пролава»), раз-пораз спадылба аглядае падначаленых: Дзела жуе, карты чмякаюць, новенькі слухае, Цыцка бубніць. Усё ў парадку. У самым куце схіліўся над кніжкай Грыша Мурло — ён пляменьнік таго Мурла, што працуе ў адміністрацыі (але не таго, зь якім размаўляў Стах, ён жа назваў намесьніка начальніку адзьдзелу кадраў Мурлом толькі таму, што бачыў у будынку адміністрацыі шыльду на дзьвярох з гэткім прозьвішчам). Мурло калі-нікалі загортвае кніжку, хаваючы ў ёй як закладку пляскатую далонь, і пазяхае, быццам сядзіць перад стаматолягам — старанна, шырока. Стах зьвярнуў увагу на вокладку: «Энгонскія крошкі. Нашэсце». За сьцяной бурліць рогат — там бавіць перадпрацоўную чвэрць гадзіны жаночая частка брыгады. Зь некаторымі Стах ужо знаёмы: з падобнай да тлустага беляша Танюхаю й барбівалосай Сьняжанай.

20
{"b":"825743","o":1}