Литмир - Электронная Библиотека

Цыцка — таксама чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Ён адзіны, як заўважыў Стах, хто можа проста, ня робячы пры гэтым нічога, глядзець на пыльныя разводы ў вакне, вывучаць рабрыстае світальнае неба. Кажуць, вершы піша, друкуе ў шматтыражцы.

У першы працоўны дзень Стаху не давалі рабіць анічога. «Стой тутака й вучыся,»— сказаў Стаху Кірыла Антоныч, рукі якога аж трэсьліся ад нецярпеньня ўзяць хутчэй пэндзаль. «Уваходзь у курс,»— дружалюбна пасьміхнуўся Мурло. Стах стаяў ды глядзеў — глядзеў, як брыгада звонку бязладна й неахвотна, а насамрэч вельмі ўмела і арганізавана пафарбавала да абеду палову фасаду цэху зборкі. Трэба зазначыць, што працы на восень у маляроў хапала — прадпрыемства перажывала пару рэканструкцыі, змрочныя хваравіта-цагляныя карпусы, пабудаваныя ў эпоху маладосьці Дзеленстапа Каўкомавіча, мусілі стаць блакітнымі, белымі, ружовымі,— карацей, набыць усе колеры дзіцячых пялюшак. У той жа дзень падчас абеду Стаха адправілі па бліны ў сталовую. Ён зьбегаў. Стаха пахвалілі, але бліноў не далі. Патлумачылі, што традыцыя такая. Кірыла Антоныч за час свайго царавання навогул усталяваў шмат традыцыяў, супраць якіх нікому і ў галаву не прыходзіла выступаць. Навічок у першы дзень нічога ня робіць, у тым ліку й не абедае. А сёмай усе мусяць быць на працы, але на працягу дваццаці пяці хвілінаў усе застаюцца ля сваіх шафак у пакоі для маляроў і пра працу ня кажуць ані слова. За любое нецэнзурнае слова маляр, зноў жа такі згодна з традыцыяй, пазбаўляўся прэміі — разьмяркоўваў іх Кірыла Антоныч. Была яшчэ традыцыя на першы погляд барбарская.

На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.

Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.

— Яшчэ не маляр, ужо ня хлопчык, — так працэнтаваў сітуацыю Дзеленстап Каўкомавіч. Кірыла Антоныч жа выдастаў аднекуль з-пад стала алюміневую лыжку ды малянкоўскія шклянкі. Усе астатнія напружана маўчалі ў прадчуванні чагосьці важнага.

Стах пакрысе ачуняў. Ён нават здолеў правесьці аналіз зьмесьціва вядра й вызначыў, што ў ім утрымліваюцца фарба — на дне, і настой на фарбе — зьверху. Аналіз навакольля падказваў яму, што супраць яго задумваюць нешта нядобрае.

— Сябры мае! — сказаў Кірыла Антоныч так нечакана, што Стах здрыгануўся й ледзь ня ўпаў са стала. — Сябры мае маляры! Усе вы зьяўляецеся паважанымі й запатрабаванымі работнікамі нашага прадпрыемства. Усе вы ведаеце, які нялёгкі хлеб у чалавека нашай прафэсыі. Тым радасней сёньня нам усьведамляць, што ў шэрагі нашыя ўступае яшчэ адзін Адтулінец. Гэты чалавек пажадаў стаць членам нашай малярскай гільдыі, ён добраахвотна пагадзіўся дзяліць разам з намі ўсе цяжкасьці й радасці малярскае працы, пагадзіўся прыняць нашае сьветабачаньне, пагадзіўся служыць прадпрыемству верай і праўдай. Спытаем спачатку ў яго самога — ці йдзе ён у маляры добраахвотна, ці не абяцаўся ён іншай гільдыі?

Цыцка піхнуў Стаха ў бок і прашаптаў яму на вуха: «Кажы — добраахвотна, не абяцаўся». Стах машынальна паўтарыў, але потым спахапіўся й вырашыў у гэтай гульні болей не ўдзельнічаць. Аднак давялося — настолькі абсурдным было наступнае пытаньне.

— Ці не зьяўляешся ты карэспандэнтам якой-небудзь з цэнтральных газэтаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства з мэтаю напісаць пра яго паклёп?

— Не, — адказаў Стах неахвотна.

— Ці пагаджаешся ты ў такім выпадку аддаваць прадпрыемству ўсё, што маеш, працаваць у выпадку неабходнасьці бясплатна, падпарадкоўвацца любым загадам адміністрацыі, усведамляючы, што любая ўлада — ад бога, і не табе вырашаць, чарвяку й рабу, якія законы мусяць вызначаць нашае жыцьцё. Пагаджаешся? Цудоўна…

— Я не сказаў, што пагаджаюся! — ускрыкнуў Стах. — Я супраць. Я звальняюся зараз жа.

— Зваротнага шляху быць ня можа, — мякка сказаў брыгадзір. — Ты ўжо ведаеш надта шмат. Таму…

Стах зьлез са стала, да яго адразу ж падыйшлі Цыцка й Мурло.

— Але як жа так? — запытаўся Стах, краем вока ацэньваючы шанцы на ўцёкі.— Як жа я, чалавек, які вырашыў уступіць у слаўнае племя маляроў, магу быць адначасова рабом і чарвяком?

— Добрае пытаньне, — цярпліва адказаў Кірыла Антоныч. — Чамусьці ад часоў Пролава-дзеда яго ніхто не задаваў. Уся справа, Стасік, у тым, перад якім тварам ты паўстаеш на суд. Калі перад тымі людзьмі, што ніколі не працавалі на прадпрыемстве, то, вядома, ты слаўны маляр, які ў сілу свайго становішча й зьдзейсьненага працоўнага подзьвігу стаіць невымяральна вышэй за іх. Калі ж перад тварам генэральнага дырэктара Марлокіна або каго яшчэ вышэйшага, то ты раб і чарвяк. Бо мы ўсе маем зараз магчымасць мець кавалак хлеба толькі дзякуючы ім. Яны, паводле калектыўнае дамовы — наймальнікі. Выключна ад іх залежыць — караць нас або мілаваць.

— У вас, Кірыла Антоныч, нейкая вычварэнская лёгіка, — нахабна заявіў Стах і зрабіў крок да дзьвярэй. Мурло й Цыцка схапілі яго за рукі. Гэткага са Стахам не рабілі ад часу ягонай службы ў войску. Ён абмяк і даўся пасадзіць сябе ізноў на стол.

— Уладай, дадзенай мне адміністрацыяй, я ўрачыста хачу абвесьціць новага члена нашай брыгады! — усклікнуў Кірыла Антоныч. — І каб завершыць абрад ініцыяцыі, давайце, сябры мае, адведаем малярскае амброзіі, і дамо нашаму новаму сябру ўсмакаваць ад цела багіні Фарбы…

— …каб ніхто ня здолеў сказаць, што маляр гідзіцца таго, чым ён працуе! — хорам сказала ўся брыгада.

— А пэндзаль у задніцу засоўваць ня трэба? — пачуўся голас Стаха. Тут жа магутны ўдар зьбіў яго з ног. Стах, не разумеючы, што гэта зь ім адбылося, павольна падымаўся, трымаючыся за ножку стала. Ён расплюшчыў адно вока (другое чамусьці не хацела) і ўбачыў Кірылу Антоныча, які дзьмуў на кулак, быццам каўбой на рулю пісталету.

— Навошта ж ты так, Стасік? — спытаў пяшчотна Кірыла Антоныч. — Мы ж з табой як з чалавекам…

Астатнія маляры дапівалі фарбавую настойку — маленькімі глыточкамі, нібы апякаючыся. Кірыла Антоныч дапамог Стаху падняцца й працягнуў яму алюміневую лыжку:

— Зачэрпвай, ды еш. Ну, давай.

Стах абвёў вачыма прысутных. Кожны цяпер глядзеў на яго, і ў паглядзе кожнага выразна бачылася разуменьне. А апрача разуменьня — заахвочванне: давай, Стасік, давай.

Стах прыняў у рукі лыжку — старую, адшліфаваную да бляску мноствам пальцаў і далоняў.

Стах падыйшоў да вядра.

Стах нахіліўся па-над ім, імкнучыся ня дыхаць.

«Давай, Стасік, за маму, за тату, за роднае прадпрыемства, за нас, маляроў,»— разабраў ён крэкчаньне Дзеленстапа Каўкомавіча.

Стах зачарпнуў фарбы з прыдоньня вядра. Рука да локця пачырванела, пачала сьвярбець, з лыжкі зьмяіліся жоўтыя ліпучкі.

Стах паднёс да роту лыжку. Кірыла Антоныч увесь сьцяўся, не адводзячы вачэй ад свайго новага падначаленага. От, упарты трапіўся… Нічога, вылячым.

Стах дакрануўся да лыжкі вуснамі і яго званітавала проста на чорныя заводзкія чаравікі Кірылы Антоныча.

— Так ня пойдзе, — сказаў заклапочана Кірыла Антоныч, пакуль Цыцка выціраў з чаравікоў нудоту. — Давай яшчэ.

Але я не хачу…

— Малайчына, Стах. Ну, яшчэ адну. І яшчэ-э-э… Цуд. Гэта проста цуд.

Да наступнай суботы сьнег зьнік, быццам яго й не было. Восень зноў улезла ў свае паношаныя бальнічныя халаты; у кватэру Стаха вярнуўся холад, майткі боўталіся на батарэі як на здранцвелым мерцьвяку, маці заклейвала вокны, дадаўшы гучнасці сваім заўсёд-ным дакорлівым вохам і шматзначным скаргам на раматус; на двары панавала вада; у галерэі сучаснага мастацтва спыніў сваю працу гардэроб. Увечары ў пятніцу Стах ляжаў з кніжкай у сваім ложку й думаў пра тое, што халасцякам шанцуе: іхныя ложкі мерзнуць у вадсутнасьць гаспадара толькі за аднаго чалавека, а ложкі жанатых замярзаюць адпаведна ўдвая мацней. Думка яму спадабалася, ён нават запісаў яе ў блякнот, але потым чалавек па імені Томаш, які закапаў пад яблыкамі сабаку, нешта прашаптаўшы па-чэску, ледзь не давёў Стаха да сьлёзаў. «Якая дурата,»— сказаў ён у падушку й выкінуў блякнот у сметніцу. «Я ніколі не змагу так…»— «Калі дурата, дык навошта чытаеш,»— прабурчала пад ложкам маці. «Атрымаеш заробак, дык, мусіць, на кнігі траціць ня будзеш. Зразумееш, чаго працоўны рубель варты.»— «Ні фіга, ты, маць, ня цяміш у мастацтве,»— прамовіў Стах задуменна. Маці, цяжка аддыхваючыся, выціскала ў вядро анучу. «Ты ўжо разумееш,»— пасьміхнулася яна. — «Маляр — самавучка.» Яна прысела да яго на край ложку. Стах абняў яе, запаліў цыгарэту: «А ці ня выпіць нам гарбаты зь лімонам?» Маці падхапіла вядро і пайшла на кухню. «Ты толькі ня долькі кідай, а сок выцэджвай!»— крыкнуў ёй наўздагон Стах і зноў прылёг на яшчэ не астылую коўдру. Скразняк перарубіў напалову струмень дыму. «Заўтра спаць, спаць-спаць-спаць да дванаццаці. Мілая дзяўчынка. Спўааць…»

21
{"b":"825743","o":1}