Литмир - Электронная Библиотека

— Даруй, — сказаў Стах ціха. — Я выходжу. Тая засьмяялася зноў, паспрабавала паланіць прарэх на Стахавых нагавіцах, ён скінуў яе руку и з агідаю адвярнуўся да вакна.

— І што я ў табе знайшла… Сказала б Дынкіну — і зараз бы ты быў ужо кастратам. У лепшым выпадку. А сама размаўляю, сьмяюся… Трэба яшчэ так палячыцца, каб кабель гэты не зразумеў нічога.

І чаму я цябе так…

Тая пазяхнула — драпежна, барвова.

— …шкадую. А?

Таксі спрытна разьмінулася з апранутай у вечаровы строй іншамаркай, што паважна вылазіла зь цёмнага дворыку, кіроўца загроб пад сябе руль, і празь некалькі хвілінаў Тая ўжо цягнула Стаха па вузкай лесвіцы, якую паўдохлая лямпачка рабіла яшчэ больш бруднай. Яны падняліся на трэці паверх, і неўзабаве іх прыціснула тварам да твару вузкая вітальня аднапакаёвай кватэры. Люстра трумо адбівала нечыя доўгія ногі, што ўзвышаліся на канапе, і зусім лысую галаву, прыслоненую да сьцяны. Стах наступіў на высокі жаночы чаравік, спатыкнуўся аб гіганцкія красоўкі й ледзь не паваліўся на цэлы гурт падрамнікаў, якія былі ахайна выстаўленыя насупраць дзьвярэй у прыбіральню. У куце рабілі камусьці цёмную зваленыя проста на падлогу плашчы курткі ды паліто. На гэтай кучы адзення спаў, прыкрыўшы хвастом жывот, чорны, нібы пафарбаваны алеем, кот. Тая пацягнула Стаха ў пакой.

Першы лысы сядзеў на падлозе й маўчаў, засяроджана гледзячы на выключаны тэлевізар. Другі, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх, горача даводзіў непрыгожай, як Джаконда, дзяўчыне, што Харашэвіч — няўдалы пасьлядоўнік Пранішнікава. Дзяўчына ляжала жыватом на падлозе й паліла, выпускаючы дым з носу — струмяні ўтыкаліся ў пажоўклы дыван і іх ашмецьце зноў вярталася да ноздраў. На канапе, па якой, нібы наўмысна, былі маляўніча раскіданыя кроплі фарбы, сядзеў чалавек, які на фоне астатніх выглядаў найбольш прыстойна — прычоска як у Мурла, швэдрык, самалёцік каўняру кашулі на паголенай шыі, нагавіцы. У іншых жа вушы, дый ня толькі яны, прагіналіся пад цяжарам жаночых завушніцаў, грубыя паласатыя кофты, узятыя невядома ў якім сэканд-хэнду, абцягвалі дзіцячыя торсы без намёку на цягліцы, а шырачэзныя джынсы выдавалі хутчэй на дзьве спадніцы, зьнятыя з дзесяціклясьніцаў-блізьнятак. За мальбэртам (куды ж безь яго) хаваўся голы па пояс хлопец з гітараю на ўпацелым жываце. У зашклянелых вачох абыякава адлюстроўвалася савецкая лямпа, што матлялася на доўгім шнуры. Пальцы гітарыста ўтапалі ў струнах, правальваліся ўглыб інструмэнту, аднак жа ён разяваў рот і нудзеў пад нос нешта па-ангельску. У цэнтры на падлозе выгіналіся пад рухомым сьвятлом бутэлькі рознае масьці, смачна пахнуў слоік з кабачковай ікрой, чакалі шакалаў трупы бутэрбродаў. Тая наступіла пяткай на шкло, махнула рукой. — О! — заравеў першы лысы. — Тайка! — Ціха ты, — шчоўкнула пальцамі Тая ў яго перад вухам. Стах дрыжачым голасам назваў сваё ймя й сеў на край канапы, бліжэй да самага прыстойнага з Таіных сяброў, працягнуў руку лысаму. — Ты яму пацалуй лепш, — паморшчыўся другі лысы. — Ён у нас не зусім мужчына. Ён міс Магдаліна. Я Джоні. Гэта Савелій…

— Якая розьніца, хто ёсьць хто, — сказаў міс Магдаліна. — Імя — адно цэтлік, які старасьць навешвае на маладосць. Імя ня мае значэньня. Калі я пабачу гэтага маладога чалавека ў другі раз, я не пазнаю яго, а, значыць, і не ўзгадаю імені. У яго вельмі незапамінальная зьнешнасьць, згадзіся, Долі.

Дзяўчына паглядзела на Стаха скрозь струмяні дыму, кудысьці яму за вуха, памацала позіркам Стахава падбародзьдзе, правяла ўказальным пальцам па сваім, села, пругка пацягнуўшыся, наліла сабе віна.

— Ну ты бы змог яго намаляваць, а, Магда? — спытала Тая, запаліўшы й паклаўшы нагу на калені Стахавага суседу.

— Як нефіг нафіг, — спакойна адказаў міс Магдаліна. — Як чэляс, як грыб, шапка якога пераходзіць у твар. А на твары — ні носу, ні вачэй, ні роту. Чалавек з натоўпу.

— Чалавека з натоўпу мы не ўспрымаем як уладальніка пэўнага твару, — патлумачыў Джоні.— Згадзіся, калі мы едзем, напрыклад, у аўтобусе, іншыя часткі ягонага цела… іхных целаў, сотняў целаў, набітых у гэтую жоўтую падарачную каробку, у гэты басэйн крыві й плязмы, — іншыя часткі цела настойліва спрабуюць зьвярнуць на сябе натую ўвагу. І гэта ім удаецца. Мы адчуваем дотыкі чужых чэлясаў, сьпінаў, грудзей, адчуваем пах з роту рабацягі, пукатасьці цяжкіх валізаў хатніх гаспадыняў… На твар не застаецца ўвагі.

— Так, сярод натоўпу мы сканцэнтраваныя на целе… — сказаў Магда. Стахаў сусед сядзеў усё так жа маўкліва.

— Ты што будзеш піць, Тайка? — спытаў Джоні, кладучыся грудзьмі на дыван.

— Гарэ-э-лкі,— зь вялікай літары выдыхнула Тая. — Поўны келіх.

Джоні паціснуў плячыма й наліў. Долі легла ля Таіных ног, прысланіла галаву да яе калена, узяла з Таіных пальцаў недапалак.

— Загрузілі мы твайго чалавечка, — усьміхнуўся Джоні, вусны якога пасьля праглынутага падлеткава, рабінава расквеціліся. — Давайце я вам лепш прачытаю фернш-квам-пэрфэкт. З апошняга зэ-бэст оф джоні кулікоў.

— Не заебло? — смурна спытала Долі.— Пушкінг свой прапіхваць не бло-бло, кажу?

— Лат іт бі,— кінуў Магда, рыгнуўшы. — Калі ёсьць паэты, камусьці трэба пад іх класьціся.

— Хлопчыкі й дзяўчынкі,— нечакана ясным голасам прамовіў той, што з гітарай, і ўсе здрыгануўшыся азірнуліся. Вочы гітарыста засталіся такімі ж шклянымі, так што ясны выразны голас яму, відаць, прысніўся. — Не будзем гуляць у сарокінскія кніжкі. Давайце блюзон. І ўсе згодныя.

— Чытай, — сказала Тая, нагбом выпіла келіх гарэлкі, у якім чамусьці плавала карабельнае дрэва корку, і яе ледзь не званітавала. Страшэнным намаганнем яна ўтрымала каштоўны напой за мужна сціснутымі вуснамі, Долі засунула ёй туды кавалак бутэрброду. Пару кропель гарэлкі, зьмяшаных са сьлінай, усё ж трапіла Долі на запясьце й тут жа былі зьлізаныя.

— Мы не ў сарокінскія кніжкі гуляем, а ў першых хіпі,— лянотна сказаў Магда, паглядзеўшы безуважна на Стаха. Стаху ўсё падавалася дрэнным кіно. Ён машынальна ўзяў у Джоні танцуючы кілішак, выпіў яго, анічога не адчуўшы. — Сьвятая мудрасьць мастацтва плюс заганная наіўнасць юнацкай гіпэрсэксуальнасьці. Але мы гуляем, так, гуляем. Хто мастак без гульні?

— Давайце блюзон, — сказаў чалавек з гітарай. — І ўсе згодныя.

— Тайка, мне трэба грошыкі,— Долі дакранулася вуснамі да Таінага калена, ашуканская цеплыня якога масіравала Стахаў хрыбет нават на такой адлегласьці.— Тайка, мне трэба шмат. Пяцьсот касых. Інакш я дзяўчынка-капучынка.

Тая падміргвала Нэфэрціці ў келіху.

— Я чытаю, — урачыста папярэдзіў прысутных Джоні, узьняўся, шчыплючы зацёклую нагу, і заплюшчыўшы вочы прадэклямаваў:

Вісеў ля нашага вакна
Сівы маляр самотны
Распасціралася сьцяна
Пад пэндзлем, як палотны
Ён быў прыгожы, бы Ван Гог
У каптуры спартыўным
Ён быў амаль паганскі бог
Ён быў плэйбой! Сэкс-сымбаль!
Дастаў ён прымы, запаліў
З суворай прыгажосцю
Ён бачыў лес, раку, палі,
Варонаў на пагосьце
Так, толькі ты ды я —
Мы ведаем сакрэт
Чаму сівы мастак (маляр?)
Зламаў сабе хрыбет
Чаму ён з трэцяга паверху
Зьляцеў, нібыта альбатрос
Чаму тырчэў зь яго прарэху
Цяжкі сталёвы трос. Усё.

— Ну і што? — млява сказала Тая й прасунула пальцы ў курчастыя валасы Долі.— І што гэта значыць? Што ты хацеў, ізьвініця за выражэнія, гэтым сказаць?

— Фігня, — сказаў Магда ды адвярнуўся. Голаспадаў гітарыст.

— А давайце лізаць, — прамармытаў ён жаласліва. — І ўсе згодныя.

— Можа, усё-ткі блюзон? — насьмешліва запытаўся Магда.

— М-можна, прамовіў гітарыст, і ніжняя струна нарэшце лопнула.

40
{"b":"825743","o":1}