Литмир - Электронная Библиотека

Пра Сьняжану Стах успомніў толькі напрыканцы працоўнага дня. Яе не было на працы ўвесь дзень, і Стах, як яму гэтага не хацелася, пацікавіўся, хаваючы вочы, у Танюхі, дзе ж падзелася Сьняжынка. «Адгул узяла,»— ашчэрыла гнілушкі Танюха. «Што, сумуеш? Ты ёй пазвані. А то зьезьдзі, праведай. Яна якраз да дзевяці сёньня адна.»— «Пазваню абавязкова,»— адказаў Стах голасам п'янага трактарыста, не наважыўшыся прызнацца, што ні тэлефонам, ні адрэсай Сьняжаны яму ніколі і ў галаву не прыходзіла пацікавіцца.

Шруб жыцьця, так груба вырваны са сваёй адтуліны вар'яцкімі падзеямі серады, на дзіва лёгка стаў на месца. Стах вырашыў жыць як жыў, ні пра што не даносіць, пастарацца навогул забыцца на існаванне гэтай зьніадкуль узьніклай паперчыны, якая ляжала зараз у стале Ясірава. Шчасьце, вядома, што яму дазволілі застацца на прадпрыемстве. Пад сажаю штодзённай працы, пустых размоваў і дзіўных звычаяў, у якіх, праўда, Стах знаходзіў з кожным днём усё менш дзікунскага і нават пачынаў лічыць іх надзвычай павучальнымі для гэтых інфантыльных людзішак адтуль, гэтых самаўпэўненых адтулінцаў (яму надта карцела ўбачыць у брыгадзе якога-небудзь навічка ды паназіраць за ягонымі пакутамі), пад усёй гэтаю сярэднявечнай таямнічасцю хаваліся бліскучыя пэрспэктывы. Мала таго, што прадпрыемства давала яму рэгулярны заробак, адзін з самых высокіх сярод дзяржаўных прадпрыемстваў гораду, так што Стах мог дазволіць сабе завесьці некалькі пародзістых, пухнатых, нявыхаваных і мілых звычак; мала таго, што ён кахаў фарбу мацней за ўсіх жанчын усіх сьветаў і цешыўся сваёй прыбліжанасцю да Яе Вялікасьці; мала таго, што на ягоным жыцьцёвым шляху сустрэліся нарэшце людзі, якія здольныя былі ацаніць ягоны талент, якія бачылі ў ім асобу, вартую ўвагі, якім ён, Стах, быў цікавы й сімпатычны. Мала таго, што ён пачуваўся тут натуральна і ўтульна, так добра, як нідзе па той бок, мала таго, што ён адкрыў для сябе вельмі прыемнае пачуцьцё, недасяжнае яму ў ягонай мінулай ролі — пачуцьцё радаснай стомы пасьля грунтоўна выкананай Работы. Было і яшчэ нешта. Па-першае, начальнік цэху паабяцаў Стаху пасьля Новага году выдзеліць памяшканьне пад майстэрню дзе-небудзь у падсобны, з умовай, што Стах будзе займацца афармленьнем цэху, рабіць матэрыялы па нагляднай агітацыі, патрэбныя надпісы на прадукцыі ды абсталяванні. Па-другое, ён дамовіўся, што друкарня прадпрыемства выдасьць увесну ягоную кнігу. За казённыя грошы. Значэньне гэтага цяжка было пераацаніць! Кніга. Ягоная першая кніга. Ягоны паэтычны зборнік. Назва ўжо была. «Рукі сноў, або сны рукі»— гучала годна.

Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова «Марлокін», аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі…

Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:

— Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць — а яны выйдуць, так, добрыя вершы — а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і…

Маляры пазіралі на Ждановіча з пагардай, якую імкнуўся зьмякчыць хіба Кірыла Антоныч — брыгадзір змоўк ды павярнуў твар у бок карэспандэнта, што круціў галавою й спалохана азіраўся. Овэрлокі, урокі, вытокі… Вытокі…

— А верш той… ну, пра цэцэ… вы ўзялі? — спытаў Стах, інстынктыўна засланяючы Ждановіча ад Мурла, якому карцела, відаць, засадзіць карэспандэнту па назе. Натоўп марудна набліжаўся да дэтэктара. Стаху ўдалося акружыць сябе й Ждановіча зусім незнаёмымі людзьмі, і цяпер яны з карэспандэнтам нібыта стаялі ў цеснай кабінцы мужчынскай прыбіральні, удыхалі подыхі адзін аднаго; маляры паднялі ўверх пропускі, махалі імі, дэтэктар чытаў Пушкіна на памяць.

— Пра цэцэ, так… А, памятаю, цікавы верш, я зразумеў, файна вы абыгралі, як гэта там, і пад уладай тысяч сноў стаіць над імі Цэх Цахоў, добры дзень, Юры Максімавіч, і я пыльца ў яго руцэ… у яго руцэ, так, дзе гэта мой пропуск, вы, дарэчы, хакей учора глядзелі? так, пыльца ў яго руцэ… Ён песьня песьняў, ён ЦЦ… Так, здаецца?

Жанчына, якую ад Сямёнаўны адрозьнівала хіба дадатковая зорачка на пагонах, шумна захлопнула пропуск і адкрыла Стаху шлях. Усьлед адразу ж пралез і Стахаў спадарожнік, ягоны пропуск ніхто й не зьбіраўся глядзець. Ждановіч уздыхнуў.

— Не, гэты верш не прайшоў… Рэдактар. Вось калі б вы карыкатуру на якога-небудзь несуна намалявалі, або там карэспандэнцыю напісалі. А рэдактару ваша пра Антоныча спадабалася… Як там, здароў, маляр, здароў, Антоныч…

— Гэта не той… Гэта вы… — далікатна пачаў Стах. Яны выйшлі на прызаводзкі пляц, дзе маленькая мэханічная сьмярдзючка, павярнуўшыся да выходзячых з прадпрыемства трасучым задам і надрыўна глушачы ўсіх навокал, дапамагала вясёлым рабочым дзяўбці асфальт. Рушылі ў накірунку мэтро, якое мігцела недалёка ў пахнучым слотай паветры. Адліга працуе ў другую зьмену. Стах міжволі абярнуўся. Прадпрыемства ўсё яшчэ навісала над ім, усё поўнае прыхаванага руху, нейкай рэшткавай тэрцыі — ледакол, які ўпёрся грудзьмі ў гіганцкую крыгу гораду. Стах адкашляўся, і тут жа нязначны, ня варты таго, каб углядацца ў яго, апрануты ў мех цень, які апошнія некалькі сэкундаў мільгаў на заднім пляне ў бачнай Стаху прасторы, матэрыялізаваўся ў жывую, без каптурка, з ваяўнічымі вішанькамі ў маленькіх вачох Таю. Яна вырасла перад ім, надзьмуліся ды апалі тонкія жылкі на шыі, яна прымусіла яго спыніцца, яна ўкапала яго ў зямлю, яна пацягнулася, закінуўшы галаву, да ягонага твару, нібы жадаючы пацалаваць, і потым хвостка й звонка дала Стаху тры гарачыя, у чымсьці нават прыемныя аплявухі пляскатай скураной пальчаткай.

— Я магла бы сказаць Дынкіну, і ён бы прымусіў цябе лізаць уласную задніцу, — прамовіла яна, непрыгожа расцягваючы рот, ад чаго словы выходзілі нібы зь цюбіку з атрутаю. — А потым зьвязаў бы цябе ў такой позе й замураваў у бэтоннай сьцяне якой-небудзь нова-будоўлі, уродзец ты смярдзючы. Я магла б уласнымі рукамі адстраліць табе зараз на гэтым месцы тваю гнілую башку, казёл… Казёл…

— Мне ў рэдакцыю, я й забыў,— пляснуў сябе па носе Ждановіч і пабег кудысьці ўлева, проста па заснежаных клюмбах.

— Казёл, — паўтарыла Тая, не адводзячы ад Стаха вачэй і раптам усхліпнула.

Стах вымавіў яе ймя, ёй падалося — проста ўздыхнуў.

— Так накалоць, — твар яе заблішчаў, адтаяў, пераймаючы гульні навакольнай слоты. — І я… я… Я… павялася, павялася як дзяўчынка…

— Ды што здарылася? — Стах працягнуў да яе руку, і тут жа балюча атрымаў па ўказальным пальцы. Ён мімаволі адступіў, пагрузіўшы нагу ў магілу аднаго з тых пыхлівых сьнегавікоў, што яшчэ ўчора стаялі ля прахадной так непарушна. — Тая, што і… як ты…

— Гэта ты мне скажы, — яна злосна выцерла слёзы. — Ты мне зараз усё распавядзеш. Ня строй дурня, жывёла, латок ты прыпылены… Ты што, дагэтуль не зразумеў, з кім зьвязаўся? Адказваць будзеш…

— Ды што такое? Патлумач мне калі ласка!

Чарговы раз Стах пачуў, як голас ягоны, выхаплены з утульнай мяккай калыскі, каля якой ходзяць на цыпачках ды ціха думаюць услых, голас, вымушаны зноў выконваць нязвыклую для сябе ролю абаронцы свайго ўладальніка, зрываецца, вішчыць, ламаецца, набываючы бабскую пранізьлівасьць.

— Ты заразіў мяне, — сказала Тая, падкідаючы на языку словы, бы ледзянцы. — Ты заразіў мяне, гаўнюк, нейкай парашай, ня ведаю яшчэ якой. Але я была, чуеш, падла, я была ў Жаўткова, у доктара свайго, і ён сказаў, так, сказаў… Карацей, цяпер можаш колькі заўгодна казаць, што ты ня ведаеш анічога, прасіць аб літасьці, і навогул…

38
{"b":"825743","o":1}