Литмир - Электронная Библиотека

Добрае ацяпленьне.

— Калі вы… ну, мужчын любіце, я не дазволю, — сказаў Стах сарамліва. — Я на вас паскарджуся, чуеце?

— Як у цябе какетліва атрымалася, — праспяваў Ясіраў.— Ня бойся, ня буду я да цябе лезьці. Худы які, скура ды косьці… Ну, падпісвай.

Стах, натуральна, спачатку вырашыў прачытаць. Ён падыйшоў да стала, узяў паперу, але тут жа з жахам адчуў, што ў такі адказны момант яго ўсё ж падпільнавала эрэкцыя. Прычым якая… Сьняжана бы страціла прытомнасць. Стах адвярнуўся ад Ясірава, які зарагатаў, і прабег вачыма тэкст. Словаў там было мала. Абавязуюся адпрацаваць на прадпрыемстве дзесяць гадоў са дня падачы заявы. Абавязуюся ўладкаваць сюды на працу ўсіх сваіх дзяцей абодвух палоў. Абавязуюся прадастаўляць у адзьдзел аховы ўсе неабходныя яму зьвесткі пра настроі й пра ўсе размовы, якія пачую ад сваіх калегаў. Абавязуюся захоўваць наяўнасьць дакумэнту ў тайне. У выпадку парушэньня дамовы буду сплочваць прадпрыемству… Колькі? Ко-оль-кі-і?

— Я апранаюся, — кінуў Стах і падняў з падлогі нагавіцы. — Я адмаўляюся. Пішыце пратакол.

Ясіраў, зусім не зьдзівіўшыся, узяў асадку ды ўзмахнуў ёй па-над новым лістом. У той жа момант рука Стаха накрыла асадку, як каршук, і на паперу вылезьлі нейкія крамзюкі.

— Згодны. Я… Я расьпісваюся. Не! Не, згодны.

— І майткі.

— Навошта вам гэта? — прастагнаў Стах. Рука яго, якая толькі што падпісала самую важную паперу ў жыцьці, легла на гумку майткоў, пацягнула яе ўніз. Ясіраў корпаўся ў сваім стале, нешта шукаючы — збоку выдавала на тое, што ён часаў схаваную ў паліраваных нетрах стала загадкавую істоту, і істота гэтая шчасьліва павісквала. Партрэт генэральнага назіраў са сьцяны, па-казацку пасміхаючыся, як Стах выдастаў сябе з вузкіх майткоў і замёр, згорбіўшыся. У трохкутніку цёмнага ваеннага шкла таксама стаяў Стах, толькі паменшаны, і трымаў паміж ног галаву зьмяі — той зьмяі, якая прыносіць удачу. Зьмяя напружылася, здранцвела, прасіла літасьці.

— Любіш музыку? — спытаў Ясіраў зусім новым, незвычайным голасам. Вочы ягоныя бліснулі й тут жа згасьлі, каб праз імгненьне засьпяваць, ціха й хрыпла, — засьпяваць першы куплет гімну бесстароннасці. Стах разгублена глядзеў, як Ясіраў, трымаючы галаву пад абсалютна нежывым, парадным простым кутам, марадзёрскім рухам выцягнуў з-пад стала патэфон, што імшыста зайграў сваімі нікелевымі аздобамі пад сьветлападам лямпы, потым з грукатам паставіў на паперу са Стахавым подпісам зьзяючую гулкую трубу.

— Артылерыйская падрыхтоўка скончаная, — прашаптаў начальнік аховы, прыладжваючы трубу да корпусу патэфону. — Грасмэйстар Караштаньнікаў па вашым загадзе зьявіўся. На пазыцыях танцы. Любоў Арлова. Прашу падмацавання. Горад-герой.

Два байцы. Плі. Музыка.

Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца — было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.

— Зараз, зараз, — прастагнаў ён і выйшаў з-за стала. У патэфоне пайшоў летні начны дожджык, зарыпела нябачная брамка далёка ў казачным садзе Тут жа патэфон усё сапсаваў — забляяла камісійнае далёкае танга. Стах нахіліўся, каб падняць майткі, але Ясіраў падыйшоў да яго ўшчыльную, зрабіў кароткі паўпаклон і абхапіў Стахаву тонкую талію. Левая рука Ясірава, пальцы на якой былі спрэс пасечаныя мініятурнымі шарыкамі, мякка, але рашуча ўзяла ўспацелую Стахаву далонь. Агаломшаны Стах не супраціўляўся, і яны зрабілі па кабінэце некалькі цалкам пэўных колаў. Ясіраў павярнуўся да вакна, запракінуў галаву, губы яго з жарсьцю гладзілі адна адну. Шурпатая тканіна форменнага мундзіру прымушала стаяць у фронт усе валаскі Стахавага цела. Стах выварочваў галаву, каб толькі не адчуваць подыху Ясірава, ад якога надта ўжо несла першасортнай цыбуляю. Загіпнатызаваны, Стах доўга ня мог уцяміць, што адбываецца зь дзьвярмі, пакуль да яго не дайшло: яны адчыняюцца, надзвычай павольна й шматабяцальна. Адчыніліся. На парозе, аберуч трымаючыся за касяк, стаяў генэральны дырэктар Марлокін. Кашуля яго была расшпіленая на грудзёх, з нагруднай кішэні тырчэў кончык гальштуку. Стах адчайна паспрабаваў схавацца за сьпінай Ясірава, што, натуральна, загадзя было наканаванае на няўдачу. Марлокін абвёў пакой каламутнымі, зацыганенымі вачыма, але позірк ні за што не чапляўся, перакатваўся па сьценах, прадметах, танцуючых фігурах, бы шарык у дзіцячай гульні. Стах паторгаў Ясірава за каўнер, начальнік аховы прамармытаў нешта незразумелае й прыціснуўся да Стахавага жывата яшчэ мацней. Марлокін пахіснуўся, яго скаланула, як быццам ззаду ўдарыў таямнічы кулак, потым адвярнуўся й зрабіў крок па калідоры, па-ранейшаму застаючыся ў межах бачнасьці. Ён упёрся галавой у аблупленую сьцяну, і з тоўстагубага роту Марлокіна выляцеў на падлогу доўгі пярэсты струмень. Папляваўшы на плінтус, Марлокін уздыхнуў, прастагнаў нешта й рушыў далей. Генэральны дырэктар быў п'яны, п'яны, як замочаная ў віне ялавічына.

У пятніцу ўраньні страх пабудзіў Стаха, як і належала гэтаму пачуцьцю, роўна а шостай. Увесь учорашні святочны дзень Стах правёў у намаганьнях прыкрыць яго чым-небудзь, газэтаю, коўдраю, сшыткам са сваімі паэтычнымі вопытамі, лістом ватману, шырмай у лазьніцы, на страх можна было б паставіць тэлевізар, замазаць яго жоўтай фарбай, накласьці на яго закляцьце нікчэмнымі размовамі з маці пра новы халадзільнік, — безвынікова. Страх расплываўся тлустымі плямамі на такой, здавалася, чыстай паперы, страх аглушаў яго, калі Стах стаяў пад прыручаным дожджыкам душа, ён вылазіў на экран тэлевізара ў выглядзе параноікау-афганцаў, фарба апаўзала зь яго гордай паверхні. Як прымуць заўтра на прадпрыемстве, ці стрымае абяцанне Ясіраў, ці не наткнецца Стах на ветлівы байкот такіх прыхільных раней да яго маляроў? — бессэнсоўныя пытанні такога кшталту нанізваліся на нетрывалую нітачку Стахавага настрою, прылягалі адно да аднаго шчыльна, ладненька, хоць вешайся на гэтай нітцы. Стах давіўся чарговай цыгарэтай, пстрыкаў запальнічкай гэтак часта, нібы хацеў зьнішчыць папілярныя лініі на вялікім пальцы. Прамерзлая лесьвічная пляцоўка, дзе ён прабавіў, відаць, некалькі гадзінаў, паскудна нагадвала пра нядаўні шлях да кабінэту начальніка аховы; у пад'езьдзе да вечару адбываўся чэмпіянат па разгрузцы вялікага фургону — да іх у дом засялілася нейкая надта ўжо маладая сям'я. Пераможца прапанаваў выпіць разам, пазнаёміцца, хакей паглядзець. Стах пагадзіўся. «Я вось працу шукаю,»— прызнаўся новы сусед, калі яны ўвайшлі ў кватэру, па якой перарвалася з кута ў кут прыватызаванае рэха. — «Думаю на Прадпрыемства пайсьці. Ведаеш, есьць тут паблізу такое.» На падлозе курчылася ў сутаргах вільготнае дзіця. «Зараз, зараз,»— замітусіўся гаспадар, па-лёкайску распранаючы тэлевізар. Стах не разьвітаўшыся пайшоў дахаты й доўга сядзеў з пэндзлем у руцэ над аркушам паперы, што пры бліжэйшым разглядзе апынуўся не такім ужо белым. Страх. Іх са Стахам імёны былі вельмі падобныя, але Страх меў рацыю, меў рэгаліі, рыштунак, рэвалюцыйны крок, роспач абарачаў у радасць, страх мусіў рэінкарнавацца заўтра ў рыцара-пераможцу, кардынала Рышэлье, у той час як Стах ня меў гэтага ўпартага, рашучага «Р» і ў імені сваім чуў адно рафінаваны, дыстрафічны выклічнік. Ён лёг спаць з малітваю, каб ноч не сканчалася аніколі.

Але пятніца надыйшла. У перапоўненых аўтобусе й вагоне мэтро страх адступаў, бо з усіх бакоў да Стаха ціснуліся людзі, для якіх боязь СНІДу ды беспрацоўя даўно сталі сэнсам жыцьця. Але варта было апынуцца на вуліцы, між бамжуючых птахаў, заінелых машынаў і дрэваў, кожнае зь якіх падавалася згарэлым, як Стахавы ногі адмаўляліся рухацца, і ранішні сыр падыходзіў да самага горла. Стах хапаўся за кожную цыгарэту як за саломінку, узгадваліся чамусьці дзіцячыя візыты да стаматоляга. Ён падыйшоў да прахадной акурат у той час, калі мусіў ўжо сядзець у малярскім пакойчыку. Аднак, як гэта заўсёды бывае, нічога страшнага ня здарылася. Знаёмая ўжо Сямёнаўна па-змоўніцку яму пасьміхнулася, рабочыя віталіся як у лепшыя часы, ён спазьніўся хіба што на дзесяць хвілінаў. Брыгада й праўда прыняла яго насьцярожана, але да працы Стах быў дапушчаны безь перашкодаў. Першая палова дня цягнулася невыносна доўга, становішча вымагала тлумачэньняў, аднак жа ніхто не хацеў пачынаць. Спрыяльны момант надыйшоў падчас абеду. Кірыла Антоныч абменьваўся з астатнімі ўражаньнямі пра ўчорашні хакей, і Стах наважыўся ўрэшце ды спытаў, ні да каго канкрэтна не зьвяртаючыся: «Дык хто каго ўчора?» — «Нашы шэсьць тры,»— таямніча адказаў Бурцэвіч, і ўсе рэзка павярнуліся на ціхі Стахаў голас. «А ты чаго не прыйшоў?»— спытаў Кірыла Антоныч. — «Мы чакалі»— «Дзеўкі важнейшыя,» — пераклаў нехта словы Дзеленстапа Каўкомавіча і брыгада звычна засмяялася. Стах старанна крывіў вусны і энэргічна трос праяснелай галавою. «Дык як там гэтая гісторыя, са шрубкамі?»— нібыта мімаходзь кінуў Мурло. «Так, патлумач калегам, варуга,»— нахмурыў жартаўлівыя бровы Кірыла Антоныч. Стах уздыхнуў. «Ды нармалёва. Нехта падставіў, падкінуў у кішэню шрубкі гэтыя. Свалата. Але я ўсё растлумачыў… Разабраліся, адным словам. Цяпер я чысты перад законам.» Палёгка на тварах маляроў прывяла Стаха ў, бадай, жаночую расчуленасьць. Маляры падыходзілі, ляпалі па плячы, абдымалі. «Я ўжо й праўда паверыў,»— казаў Мурло. — «Ты ж проста дзіўны такі… Хто цябе ведае.»— «А я верыў,»— прамовіў Бурцэвіч. Дзеленстап Каўкомавіч таксама прамыкаў нешта, але нікому не было ахвоты перакладаць. «Хацеў бы я ведаць, што за курва цябе падставіла,»— задуменна прамовіў Кірыла Антоныч, панюхаўшы бутэрброд з салам. — «Калі б Рулінскі сабе пуза не ўспароў, я б у першую чаргу на яго падумаў. Ён мог, ад зайздрасці.» Пры згадванні Рулінскага маляры ажывіліся яшчэ больш. У кожнага, як высветлілася, былі да гэтага інжэнэра ЦЗЛ нейкія асабістыя рахункі. Кожны памянуў генія сьценгазэтаў нядобрым словам: у Кірылы Антоныча той пазычыў грошы й не вярнуў, так што магіла стала для самагубцы яшчэ й даўгавой ямаю, у Мурла Рулінскі адбіў дзяўчыну, Дзеленстапа Каўкомавіча нязьменна пры сустрэчы абзываў Еўстафіем Пахомычам, а ў Бурцэвіча дома гэты зайздросьнік быццам бы ненаўмысна выліў на новы светла-блакітны палас бутэльку «лоры чырвонага».

37
{"b":"825743","o":1}