Литмир - Электронная Библиотека

— Дакладвайце, — махнуў рукой чалавек і чыхнуў.

— Будзьце здаровыя, — сказаў Стах асьцярожна, ён вырашыў не губляць годнасьці ні пры якіх абставінах. Трэба заставацца ветлівым і стаяць на сваім. Тады напэўна яму ўдасца давесьці, што яго, Стаха, нехта падставіў, элемэнтарна падставіў, і хутчэй за ўсё, з банальнай чалавечай зайздрасці. Але не пасьпеў ён прамовіць свае словы, як чалавечак ужо стаяў каля Стаха, патрасаючы недзе на ўзроўні Стахавых грудзей «настаяшчым» пісталетам. Кабура ягоная ў захапленьні закусіла губу.

— Заб'ю, падла! — чалавек упёрся галавой Стаху трохі вышэй за жывот, б'ючы пісталетам чамусьці па адным і тым жа гузіку, так што ў пакоі чулася раўнамернае ціхае пагрукванне. — Ён мне здароўя яшчэ жадае! Гэта табе яно зараз спатрэбіцца! Маўчаць, сука, маўчы, а то цябе ў катавальню на насілках панясуць!

І зноў гістэрыка скончылася раптоўна. Чалавечак ахайна схаваў зброю ў кабуру й сеў за стол.

— Сямёнаўна затрымала, — ступіў наперад адзін з ахоўнікаў.— Хацеў пранесьці з прадпрыемства праз прахадную пакет са шрубкамі. Штук пад сто. У кішэню паклаў і думаў, што не заўважаць. Я проста не разумею. Калісь несуны хітрэйшыя былі, у майткі, памятаю, хавалі, у задніць! засоўвалі, а як машынка нашая зьявілася, дык цяперака толькі на транспарце. А гэты нахабнік такі — проста ў кішэні хацеў.

— Нясун, значыць, — чалавечак крыва пасьміхнуўся. — Справа ясная. Імя? Прозьвішча? Па бацьку?

Стах назваўся, намагаючыся адказваць упэўнена й цьвёрда. Але голас атрымліваўся ўсё адно нейкі аблуплены, з-пад верхняга слою праглядвала апраўданне.

— Дзе працуеш?

— Маляр.

— Брыгадзір?

— Кірыла Антоныч.

— Э-э, — горка працягнуў чалавечак. — Шкада Антоныча. Такое ты яму западло падкінуў… Ну што, пішам пратакол. Дзейнічаў адзін або з групай?

— Разумееце, — Стах заплюшчыў вочы й жалаблівай скарагаворкай прамовіў: — Я нічога не хацеў выносіць, у мяне і ў думках ніколі нічога такога не было, гэта нейкая памылка, я шрубкоў гэтых ня бачыў, ня ведаю, як яны маглі да мяне трапіць, мне іх падкінулі, зайздросьнікі нейкія, паверце мне, калі ласка.

За сваімі таропкімі тлумачэньнямі ён не пачуў, як пэнсыянэры і іхны начальнік зарагаталі. Стах адплюшчыў вочы.

— Ды ты дэбіл нейкі,— сказаў чалавечак, аддыхаўшыся. — У цябе й праўда мазгоў нямашака. Акцябронак хераў. То ён спрабуе ў кішэні шрубкі пранесці праз электронны дэтэктар, то цяпер казкі распавядае пра белага бычка. Прыдумаў бы чаго больш цікавага.

— Усё што я сказаў — чыстая праўда, — сказаў Стах і міжволі нават пакланіўся. Але яго зноў ніхто не пачуў, бо на стале хрыпла зазваніў чорны тэлефон.

— Ясіраў,— гаўкнуў у слухаўку чалавек. — Маю, маю… Давай.

Слухаўка легла на месца.

— Справа ясная — пратакол. Па стацьці звольнім. Можаш лічыць, што ўжо не працуеш, гадзюка.

— Я не хачу сыходзіць, — Стах зрабіў крок наперад. — Я не…

Гэта было ўжо занадта. Як гэта — звольніць? Маляры, заробак, праца, фарба, Фарба, Праца, Маляры, Прадпрыемства, Сьняжана, прахадная — усё гэта, набытае з такой цяжкасьцю, так проста страціць? Што ён будзе рабіць без прадпрыемства? Хто будзе маляваць газэту на наступны год? Вяртацца да свайго колішняга бязмэтнага жыцьця, дзе Стах ня ведаў ні славы, ні сэнсу? Прадухіліць, тэрмінова прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, бо зараз будзе позна. А заробак, што мусіў быць у пятніцу. Фантастычная сума, потам і фарбаю, пэндзлем і крывёю… Не.

— Але паслухайце, — ледзь не завыў ён, кінуўшыся да стала. — Ну гэта ж проста трыццатыя гады. Тады за каласок у Сібір адпраўлялі, а тут вы за пакецік шрубкоў…

— Э-э, — пахітаў галавой Ясіраў і зноў чыхнуў, падазрона зірнуўшы на Стаха — ці не наважыцца той зноў што-небудзь ляпнуць пра здароўе. — Тваё шчасьце, што не трыццатыя. У трыццатыя я б цябе, сабаку, уласнымі рукамі… А добрыя гады былі. Парадак у краіне. Моцная рука нас усіх трымала, цёпла было ў такой руцэ, утульна, і не рабіў ніхто лішніх рухаў. Скажы, Косьцік?

Адзін з пэнсыянэраў летуценна закаціў вочы й правуркатаў нешта.

— Мы вось стараемся, каб трыццатыя… Э-э, ды што казаць, што ты разумееш у трыццатых, гаўнюк.

Дзьверы адчыніліся, пэнсыянэры адступілі ў бакі, не раўнуючы вартавыя ля маўзалею. Стах са зьдзіўленьнем убачыў, як у пакой, па-жаночаму віхляючы тазам, прайшоў знаёмы яму Мурло, ня той, маляр, класны хлопец, хаця й грубаваты, а намесьнік загадчыка адзьдзелу кадраў.— Добры, — павітаўся Стах, нечакана зразумеўшы, што Мурло можа яго абараніць. — Добры дзень, таварыш Мурло…

Мурло ціхенька падыйшоў да стала, прыняў з рукі Ясірава пачак цыгарэтаў, спытаў ціха: «Працуеце?» і пайшоў да выйсьця. Стах кінуўся да яго, схапіў за бездакорны рукаў.

— Таварыш Мурло… Вы зможаце мне дапамагчы…

Мурло нечакана спрытна вызваліўся, незадаволена паглядзеў на пакамечаную тканіну, прамовіў «Вы памыліліся, маё прозьвішча Цыпранаў. Ня буду вам замінаць» і так жа ціха выйшаў. А Ясіраў ужо лез на Стаха зь пісталетам.

— Ты што сабе дазваляеш, мразь ты сучая! Ты ж нават запомніць ня можаш, як начальства завуць, гаўнюк!

Стах цярпліва дачакаўся, пакуль прыпадак скончыцца, і, трасучыся, заплюшчваючы запаленыя вочы, адказаў:

— Рабіце што хочаце, але я нічога ня краў. Гэта падстава. Я не зьбіраюся сыходзіць, я да генэральнага дайду. Пішыце свой пратакол, і я пайду.

Ясіраў уключыў сьвятло, бо за вакном нарэшце сьцямнела. Пэнсыянэры ля дзьвярэй засумавалі, асабліва Косьцік — ён нюхаў беламорыну, камечыў яе, трымаючы ля валасатага носу, і з папяросы на форменны мундзір падалі маленькія завітушкі. Рот Стаха таксама перапаўняла сьліна, ён зглатваў яе, відаць, надта шумна, і Ясіраву гэта чамусьці было даспадобы. Гэстам ён адпусьціў ахоўнікаў, і яны са Стахам засталіся ў кабінэце сам-насам.

— Пратакол… — сказаў Ясіраў задуменна. — Ты разумееш, што ў працоўнай кніжцы тваёй будзе запіс: звольнены за спробу крадзяжу. З такой характарыстыкай у касманаўты ня возьмуць. Та-а-ак…

Ён дастаў з шуфляды стала паперу і асадку.

— Пратакол… Добра. Ты, я гляджу, зусім сапляк яшчэ. Шкадаваньне — пачуцьцё прыніжальнае, як сказаў адзін разумны чалавек. Думаю, такога прыніжэньня зь цябе на гэты раз хопіць. А там паглядзім. Можна абысціся без пратаколу.

Ясіраў паглядзеў Стаху ў самыя вочы, спадзеючыся знайсьці там неймаверную радасьць. Знайшоў, пасьміхнуўся, узяў паперу ў рукі.

— Тут гатовы тэкст, табе трэба толькі падпісаць. І пратакол не спатрэбіцца. Пойдзеш да жонкі, пад крылца, боршч есьці, тэлевізар глядзець. Ты ж добры хлапец. Д'ябал спакусіў, разумею. Захацелася грошыкаў на халяву. Вось, паглядзі.

— Я, дарэчы, конкурс сьценгазэтаў выйграў, чулі? — Стах дрыжэў ад радасьці. Як ён ня стрымліваўся, на скулу выехала ўдзячная сьляза на белым мэрсэдэсе. У той жа час знутры Стаха душыла незразумелая млосьць. Чагосьці не ставала арганізму, але чаго? Пра цыгарэты думалася ўжо з агідаю, іншая хваля накатвалася на пустэльны Стахау бераг праводзіла па ім языком, не знаходзіла патрэбнага й расчаравана адступала, прыносячы тупы боль і галавакружэньне.

— Тым болей, — адказаў Ясіраў стомлена. — Памыліўся, з кім не бывае. Але пачакай. Мне як следчаму трэба пераканацца… Пераканацца, што ты больш не схаваў нічога. Я ж так гляджу, яны шрубкі знайшлі, а далей не капаліся, ахламоны. Так што выбачай, мой доўг — праверыць да канца. Распранайся.

Стах абражана замахаў рукамі. «Пратакол!» — гідка агаліў зубы Ясіраў. «Хрэн зь ім,»— падумаў Стах, якому не цярпелася вырвацца на волю, і зьняу куртку.

— Далей, далей, — прадырыжаваў Ясіраў, разваліўшыся на крэсьле.

Стах зьняў швэдар і кашулю.

— Нагавіцы, — прамовіў Ясіраў па складох. Стах азірнуўся на дзьверы.

— Пратакол? Звальненьне?

Стах падпарадкаваўся. Ён стаяў у майтках пасярод кабінэту, і Ясіраў па-бацькоўску ўсміхаўся, пастукваючы пальцамі па стале. Дзіўна, але Стах зусім ня мерз, наадварот, цела, якое ўпершыню за такі цяжкі дзень змагло ўздыхнуць вольна, смакавала салодкі сюрпрыз паслабленьня, і пад пахі, пах якіх адразу ж пасяліўся ў пакоі, сьпешна атабарыўшыся ў ва ўсіх кутох, забіраўся прыемны халадок.

36
{"b":"825743","o":1}