Литмир - Электронная Библиотека

Стах, які ўжо пасьпеў выпіць і з Кірылам Антонычам, і з Мурлом, і зь Дзеленстапам Каўкомавічам, і з Бурцэвічам, і — асобна — з цэлым гуртам размаляваных, пенаротых дзяўчатаў, торгаўся зараз у руках Сьняжаны, як пераламаная камышына, каля самай сцэны, намагаючыся мацней ухапіцца за яе не такі ўжо й тонкі стан, што ўпарта выслізгваў з рук. Яромка, які напачатку быў усяго толькі вясёлым казачком, скачучым пад замілаваныя воплескі дарослых, ператварыўся пакрысе ў заваднога жудаснага Вія, што прыняў парачку пігулак экстазі. Шалёная музыка жывілася вакханаліяй, пануючай на заводзкай плошчы, Яромка знаходзіўся ў сваёй стыхіі, і гэты рэдкі выпадак прымушаў музыкаў выкладвацца напоўніцу. Марыя Пятроўна вязала са сваіх грудзей мудрагелісты вузел і лямантавала ў мікрафон ня горай за Бона Скота, Мікола рваў гармонік так, быццам хацеў паглядзець нарэшце, што ж там ў яго ўнутры, Ягор біў у бубен галавой, Вікторчык фунікулёрам езьдзіў па апошняй жывой струне, а Жэня й Дзіна, здавалася, зараз злучацца проста на падмостках. Між музыкаў поўзала Эла Сямёнаўна, фіксуючы гэта ўсё на фотастужку са спакоем фотааматара з войскаў СС. Апрача таго, выступ «Яромкі» здымаўся на відэа і запісваўся на CD. Лепшы выступ за ўсю гісторыю ансамбля. На апошнім паверсе будынку адміністрацыі палала д'ябальскім сьвятлом шырокае й доўгае вакно — там адзначала Дзень прадпрыемства адміністрацыя.

Стах ужо літаральна вісеў на Сьняжане — да яго рэгулярна падыходзілі незнаёмыя людзі, дыхалі ў твар, білі па плячох, ціснулі пасінелыя Стахавы рукі. Яму падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, цяпер ён пачуваўся гатовым прайсьці праз усе кардоны й знайсьці Марлокіна, абняць Марлокіна, пацалаваць Марлокіна ў родныя вусны, занесьці Марлокіна на руках у яго рэзыдэнцыю, ды ці мала што яшчэ. Жанчыны вішчэлі, паўтараючы за Марыяй Пятроўнай: «Міленькі, мі-і-іленькі дружо-о-очак, пойдзем у садочак!» Стах пракрычаў гэта разам з усімі, але яму падалося, што занадта ціха. Дый навогул, неяк вяла гэта ўсё, вяла. Ён расшпіліў прарэх і памачыўся ў сьнег. «О-о-о,»— авіяцыйнай бомбаю прасьвісьцела, прагудзела вакол. «Я — Джым Морысан,»— сказаў ён Сьняжане. «А ты чаго такая задаволеная? Я — Джым на шчасьце лапу мне… Команбэйбі… лайкмайфая…» Да яго праціснуўся голы па пояс мужычок з залатым праваслаўным крыжом на валасатых грудзёх. «Я — Паша,»— сказаў ён дзелавіта. — «Хачу, ё, з табой выпіць, ё. Ты ж, ё, герой проста дня. Цябе як?»— «Джым,»— прамармытаў Стах. Паблізу нехта расклаў вогнішча, празь якое зараз жа пачалі скакаць голыя бліскучыя целы. «Джын маецца,»— сказаў мужычок, косячы вокам. — «Барысаўскі. А ты ў курсе, што Рулінскі з ЦЗЛ… ён летась конкурс выйграў… сабе харакіры зрабіў толькі што, ё. Зуб даю, ё. Каля тэрмічкі проста. Сур'ёзна, ё. Ну, давай.» Стах ужо няздольны быў зьдзіўляцца, як гэта ў яго сёньня атрымліваецца так доўга не ванітаваць. Паша адрыгнуў і задыхаў ля Стахавага носу: «Хадзем паглядзім, а, ё?»— «Ноу,»— скрывіўся Стах. «Не, хадзем,»— раптам запярэчыла Сьняжана. Яна вывалакла Стаха з натоўпу. За статуяй панавала ўжо ўсёпераможная цемра. «Можна тваю даму запрасіць?»— нядобрым голасам запытаў Паша. Але тут Стах упаў галавой у сумёт. «Ды ну вас,»— плюнуў Паша. — «Арганізмы слабыя, ё. Панажыраюцца, ні паё, ні пая.»— «Вось і добра,»— прамовіла Сьняжана, яшчэ глыбей зарываючы галаву Стаха ў сьнег. — «Адыходзь.» Паша ўшчыкнуў Сьняжану ды сыйшоў у цемень.

І праўда, праз парачку стагодзьдзяў Стах ачуняў. Сьняжана ўліла яму ў глотку грам пяцьдзесят і яшчэ прытрымала Стаху сківіцы, каб ня выйшла назад. Жыцьцё вярталася. «Холадна,»— прамовіў Стах невыразна. «Зараз будзе цёпла,»— сказала яна па-змоўніцку ды ўзяла яго за руку. «Зараз. Ідзем.»— «На харакіры?»— спытаў Стах слаба. Яна нецярпліва хінула галавой, і яны рушылі туды, дзе цемра зжэрла нават абрысы будынкаў і насякомыя лямпачкі.

Хутка й праўда стала цёпла. Рука Сьняжаны хваравіта падрыгвала, мацала Стахава запясьце, апранала на сябе дохлую чашую ягоных пальцаў. Зьвінелі правады на нябачных сьценах, Стах грудзямі наляцеў на дзьверы. Шумела галава, будынак, у якім яны апынуліся, меў нейкую складаную пляніроўку, бо сьцены тут бесперапынна размнажаліся, пачкаваліся, паміралі й зьяўляліся наноў. Нібыта Стах і Сьняжана беглі па маленькай чорнай плянэце, над якой тлелі закатаваныя зоркі, а іх, Стаха й Сьняжану, такую цёплую, усёразумеючую й такую заўжды зразумелую Сьняжану й такога выздараўліваючага тыфознага, як Стах, абступалі неадступныя маляўнічыя карты, цэлая калода картаў, і на ўсіх дамы, дамы, аголеныя тлустыя дамы, парнаграфічныя карты, дзе мяжа паміж парнаграфіяй, а, Сьняжанга, Сьняжангіна, Зьняць Жану! Ё. Іх прыняла на свае распусныя калені лесьвіца, якая паднялася, распрастала зацёклую сьпіну, і мы ўжо на трыццаць мэтраў вышэй за грэшную зямлю, і лесьвіца падскочыла, грэючыся, — вышыня ўжо шэсьцьдзесят, лесьвіца чакала так доўга, лесьвічная бактэрыя ў запячатанай бутэльцы каменнай вежы, і вось яны адкаркавалі бутэльку, ты адчуваеш пах? так гэта ліцейка, не? тады што адкажы вежа бяз даху я прынцэса я таксама хачу затачы мяне ў слановую костку даху тут няма тут зорнае неба над галавой мы дзьвюхгаловая пачвара, пакрыўджаны прадпрыемствам дракон. Сто мэтраў, сто пяцьдзесят мэтраў. Бачыш, тут такія шыльдачкі на сьценках. Вось і прыйшлі. Ё.

Яны стаялі на маленькай пляцоўцы, круглай і безвыходнай. Прадпрыемства ляжала ў іхных ног, успыхвала дзе-нідзе вагнямі, і з такой ачмуральнай вышыні падавалася, што ўнізе — выпаленая ўшчэнт бязьлітаснымі качэўнікамі зямля, дзе вугольле ў апошні раз нагадвае пра тое, што тут калісьці былі хаты, дзеці, плуг, каханьне, сад. Зьнізу ня чулася ані гуку. Ні адзін вецер не далятаў сюды ў гэты вечар п'яных пераможцаў і прагных сьняжанаў. Стах запаліў, цыгарэта ледзь ня выпусціла яго з рук. Залаты попел павольна паплыў у нябыт. Сьняжана стала да яго сьпінай, пагладзіла сябе па сьцёгнах. Сьняжана за імгненьне ператварылася ў два паўшар'і, што бялелі, нацэліўшыся на Стаха. Сьняжана стала кудлатым дымам, які йшоў з дзіркі на месцы яе шыі. Сьняжана стала пахам нямытага дзіцяці. «Давай жа,»— павярнула яна галаву й закусіла губу. — «Ну што ты як не мужык. Давай.» Стах пагрузіў твар у дым, схапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў. Так пахла мацярынская сумачка. Усё будзе добра. Яму падалося, ён рассек яе напалову. Падобна на тое, што ёй гэта нават спадабалася.

Час мінаў, і дарогі яшчэ некалькіх тыдняў прывялі да стылых і дзіўных суботаў. Гэтыя дні, раней такія насычаныя чаканнем, прагай, нейкім даследчыцкім энтузыязмам, пакрысе ператвараліся ў не пазбаўленыя прыемнасці, але ўсё ж аднастайныя і ад таго доўганудныя мерапрыемствы, у якіх Стах быў вымушаны ўдзельнічаць, нібы ягонае высокае палажэньне не дазваляла яму адмовіцца ад удзелу.

Суботнімі ранкамі ён прачынаўся, зь неймаверным намаганьнем адзьдзіраў галаву ад вільготнай падушкі, звыкла засьведчваў прысутнасць ламаты ў скронях, біў чалом крану ў лазьніцы, аглядаў, гледзячыся ў мацярынскае люстра, свежыя прышчы й, калі ў страўніку застраваў папяровы амлет, выпраўляўся на вакзал. Электрычкі адмянялі, вакол вадзілі карагоды кайстры й валізы, і злодзеі-кішэньнікі пілі ў буфэце піва; Стах уладкоўваўся дзе-небудзь паміж сьметніцай і падсьлепаватай сьцяной і глядзеў перад сабой, пакуль трубны глас не прымушаў яго здрыгануцца, абвяшчаючы пра чыгуначныя прылівы ды адлівы. Ён прыязджаў у зусім ужо мёртвы пасёлак, палохаючы касірку, марудна брыў па закарэлых вулках, задзяваючы каптурком нізкае неба, пакрытае бялёсымі плямамі зафарбаваных надпісаў. Дзіўна, але Стах лавіў сябе на думцы, што ягонае каханьне больш не прыносіць радасьці. Адмаўляцца ад Таі, безумоўна, было пакуль няварта, яна давала палёгку целу і ўпэўненасьць словам, яна надавала сэнсу выходным дням, бо безь яе чым бы ён займаўся ў суботу ды нядзелю? яна, урэшце, была цудоўным асобнікам жанчыны і адпавядала многім Стахавым патрабаваньням, але… Яна шмат чаго прасіла ўзамен, і перш за ўсё — непарушнай увагі да яе жыцьця, яе цацачных праблемаў, яе інфантыльных думак, а галоўнае — гэтай ейнай бясконцай кнігі, гэтых паточаных словам аркушаў, на якіх нявіннае сямейнае існаваньне Юры апісвалася ледзь не пахвілінна. Стах ужо цешыў сябе надзеяй, што рагаты Таін супруг забароніць ёй у бліжэйшы час такія дзіўныя паездкі ў вадзіноце на пустое лецішча. Узімку можна сустракацца ў горадзе, можна нават у ягоным пакоі, вельмі весела ўявіць сабе твар маці, калі яна ўбачыць, як Стах уцягвае да сябе маленькую жанчыну з абручальным кальцом на належным пальцы й, ухмыляючыся, зачыняе за сабой тонкія дзьверы. Інфаркт схопіць старую. Аднак пакуль Юра маўчаў, акуратна забіраў Таю зь лецішча, калі іхная субота ўжо была вычарпаная, — можна было падумаць, што ён забірае яе з працы.

33
{"b":"825743","o":1}