Литмир - Электронная Библиотека

Цалаваньне цягнулася яшчэ доўга. Тыя, хто ўжо выканаў пачэсны абавязак, разьбіліся на купкі. Маляры стаялі недалёка ад прахадной, палілі, сплёўвалі ў сьнег. Стах узбадзёрыўся, тая адлегласць між ім і ягонымі калегамі, якая настойліва дэманстравала сябе ад пачатку сьвята, кудысьці падзелася, цяпер ён пачуваўся роўным сярод роўных. Побач стаяла Сьняжана, Мурло распавядаў непрыстойныя показкі, і зьвяртаўся больш да Стаха, чым да астатніх, але сьмяяліся ўсе, і нават Кірыла Антоныч. Цеснае кола грэла Стахава самалюбства, ён удаваў на твары грубаватасьць, лавіў свой адбітак у шкле прахадной, і яму падавалася, што грубаватасьць такая вельмі пасуе ягонаму твару. «Ой, а можна паспрабаваць!»— Сьняжана ўзяла са Стахавай рукі цыгарэту, з фальшывай няўклюднасьцю зацягнулася, тэатральна закашлялася: «Брыдота!» Маляры засьмяяліся, і Стах гучней за ўсіх.

Нарэшце першая частка сьвята скончылася. Рэпрадуктары ўладнымі галасамі запрасілі ўсіх перайсці ў тэрмічны цэх. Там, як з жахам даведаўся Стах, мусіў прайсьці конкурс цэхавых сьценгазэтаў.

Распарадчык бегаў па агромністым памяшканьні, мітусьліва зрываў тканіну з фанэрных шчытоў, пад якой таіліся цнатлівыя тварэньні мазолістых рук і нізкіх ілбоў. Хаваючыся ў цені бела-зялёнага мэталёвага цыклёпу, які, склаўшы на грудзёх нягнуткія рукі, цярпліва чакаў панядзелку, Стах з палёгкаю аглядаў намаляванае канкурэнтамі. У большасці сваёй гэта былі пляскатыя, як партатыўныя стэпы, прымітыўныя, бедныя на аб'екты малюнкі, пазбаўленыя ўсялякай дынамікі, з убога вытыркнутай, ні ў чым не задзейнічанай прастораю. Да ўсяго шмат хто з гэтых самадзейных мастакоў хварэў, відаць, на касавокасьць. Шанцы на перамогу ўзрасталі незвычайна. Аднак усё вырашала журы. Яно ўжо тапталася ля ўваходу ў цэх, і, хутчэй за ўсё, даўно марыла пра банкет. Стаха прыціснулі да агрэгату, і Стах палічыў за лепшае ўскараскацца цыклёпу на плечы. Адтуль быў, дарэчы, лепшы агляд, і Стах нават мог чуць, пра што перамаўляюцца між сабою насупленыя члены журы, якія па запрашальным паклоне распарадчыка рушылі ў рэшце рэшт у вабход сьценгазэтаў.

Журы йшло досыць хутка, амаль не спыняючыся ля твораў, людзі ў дублёнках стараліся трапіць у нагу з Марлокіным, які кідаў на газэты павярхоўныя, зусім незацікаўленыя позіркі, ды варушыў задумліва тоўстымі губамі: «Добра… Добра… Някепска, так, някепска…» Стах з напружаньнем сачыў за генэральным, а генэральны набліжаўся да мэты. Уласная сьценгазэта падалася раптам Стаху такою роднай, такой шчымліва прыгожай, што ён ужо гатовы быў прабегчы па галовах, якія абыякава назіралі за шэсьцем начальнікаў, выскачыць да экспазыцыі, схапіць сваё дзецішча ды выратаваць, абавязкова выратаваць ад гэтага крыўднага марлокінскага «някепска». «Хвалюешся?»— са спагадлівай усьмешачкай задраў галаву Бурцэвіч. Марлокін падыйшоў да малярскай газэты, акінуў позіркам, рушыў далей. Стах міжволі заплюшчыў вочы. Ад каго, уласна, ён чакае справядлівай ацэнкі? Што, адміністрацыя на чале з Марлокіным або гэтыя адмарожаныя «госьці нашага прадпрыемства» — мастацтвазнаўцы ці мастакі…

Стах гучна выдыхнуў ды адплюшчыў вочы. Марлокін з усёй хеўрай стаяў каля ягонай сьценгазэты, смурна ўтаропіўшыся на каліграфічна выведзеныя радкі пра Сяльмаша Сяльмашыча. Астатнія члены журы нецярпліва глядзелі на дырэктара. Сэкунды, лямантуючы, ганяліся адна за адной па зялёнай лугавінцы Стахавага мозгу. Скажы што-небудзь, шэф, ну жа! Марлокін маўчаў. Маляры ўцямілі, у чым справа, і пераводзілі позіркі са Стаха на дырэктара, з дырэктара на Стаха. Ну жа!

— Плача, — пачулася нечакана сярод цішыні. Баязьлівы шэпт кагосьці з рабочых прагучаў як нябесныя грымоты. — Генэральны плача.

І сапраўды, па шчацэ Марлокіна паўзла, нібы палюючы на схаванага ў валасатым носе тушканчыка, драпежная сьляза. У паветры запахла аміякам. Члены журы насупіліся, і кожны намагаўся выціснуць са сваіх начальніцкіх нетраў належную, няхай і самую малую, кропельку. Твар Марлокіна яшчэ больш пазмрачнеў. Да яго нахіліўся адзін з намесьнікаў, раздумваючы, як бы гэта падалікатней ухапіць вяльможную сьлязу. Марлокін рашучым тэстам адагнаў яго.

— А добра ж, — прамовіў ён бясколерным, пустым голасам. — Як усё ж добра…

Генэральны салютападобна высмаркаўся.

— Зірніце, таварышы, — Марлокін павярнуўся да астатніх членаў журы. — Як?

Але члены журы ўжо ўсе як адзін любаваліся сьценгазэтаю, выдаючы на абазнаных у жывапісе калекцыянэраў.

— А? — Марлокін слаба пасьміхнуўся. На тварах астатніх адразу ж зайгралі кволыя падабенствы ўсьмешак, больш або менш падобныя да арыгіналу. Праўду сказаць, толькі адзін з гасьцей прадпрыемства ніяк не імкнуўся дагадзіць генэральнаму. Стоячы ў расшпіленай чорнай дублёнцы, ён флегматычна й нават трохі пагардліва глядзеў перад сабой і ўсім сваім выглядам дэманстраваў поўную незалежнасць.

— А? — Марлокін усьміхнуўся яшчэ шырэй, і тое ж зрабілі астатнія. Тады Марлокін раскаціста зарагатаў, і неўзабаве журы ў поўным складзе, за выключэннем флегматычнага госьця, які адно стрымана расьцягнуў вусны, рагатала, плявалася, парцалянава адлюстроўвала зубамі адно аднаго ды выцірала мокрыя вочы. Тут Марлокін заўважыў чалавека ў чорным, і сьмех ягоны няўлоўна сказіўся непрыязнай сутаргаю.

— Што скажаце, Аляксандр Барысавіч? — спытаў Марлокін празь сьмех, зьвяртаючыся да гэтага чалавека. — Як вам гэты… узор творчасьці нашых… ге-ге… работнікаў? Што скажаце, дарагі вы наш таварыш Радзівіл?

Радзівіл з прыкрасцю адкашляўся, незалежна пасьміхнуўся кончыкамі вуснаў і мэлядычна адказаў:

— Тамбоўскі воўк, даруйце за грубасць, вам таварыш, Канстанцін Сямёнавіч. Не забывайце, які час на двары, спадару генэральны дырэктар. Калі хочаце ісці ў нагу з часам, памятайце, што эпоха зьмянілася, і ня ўсе господа цяпер в Париже. А сьценгазэта выдатная, гэта праўда. Адчуваецца вялікі талент. Добрыя кадры рыхтуеце, Канстанцін Сямёнавіч.

— Ага, — пераможна ўсклікнуў Марлокін, і вочы яго памутнелі.— Я ж кажу… І таварыш Радзівіл… Знаёмцеся, дарэчы, хто яшчэ ня ведае, — Аляксандр Барысавіч Радзівіл, наш госьць, старшыня камітэту… камітэту… ну, няважна, карацей, самы пэрспэктыўны наш малады, так бы мовіць, гаспадарнік, так… Добрая газэта, выдатная, — голас Марлокіна станавіўся ўсё сур'ёзней. — Асабліва радкі гэныя… да сьлязы давялі… Эх… Та завадзкая прахадная, што ў людзі вывела мяня… Чыя сьценгазэта, кажаце?

— Маляры, таварыш дырэктар, — перад Марлокіным вырас распарадчык.

— Ну дык, як гэта гавораць… — прагнусавіў Марлокін. — Аўтара!

Добразычлівыя кулакі выпіхнулі Стаха прад вочы генэральнаму. Той працягнуў руку, але Стах, сам ня ведаючы чаму, укленчыў перад дырэктарам і ўпіўся ў яе вуснамі.

— Ну, ну, — з вачэй Марлокіна ледзь не бліснула яшчэ адна слязіна. — До, до… Парадаваў старога. Як зваць?

Адзін з намесьнікаў прашаптаў нешта на вуха Марлокіну ўсхваляванай скарагаворкай.

— Малайчына! Ступай. Ух, расчуліў…

Не зьвярнуўшы ўвагі на іншыя газэты, што ціснуліся да сьценаў пахілымі сьпінамі, Марлокін хуткім крокам пайшоў да выйсця. А рэпрадуктар ужо роў: «Першае месца ў конкурсе сценных газэтаў цахоў ды адзьдзелаў прадпрыемства заваяваў…» і г. д. Стах, якога білі па плячох усе, хто насіў на штрыфлі пэндзаль, зьбянтэжана раскрываў рот, але сказаць нічога ня мог. Прызналі… Упершыню… Першы посьпех… Як жа гэта ён мог сумнявацца… На шчацэ ягонай распускаўся густым барвовым цьветам шчодры пацалунак Сьняжаны. — Ну, прэміі нам забяспечаныя, — паўтараў Мурло. — Якое прэміі,— гундосіў Кірыла Антоныч. — За хлопца прыемна!

Між агульнай мітусьні Стаха не пакідала адчуванне, што на ім, як сонечны зайчык, блукае нечы зацікаўлены позірк. Калі ўсеагульная радасьць пачала пакрысе сьціхаць, ён аглядзеўся па бакох. Воддаль, паадстаўшы трохі ад астатніх начальнікаў, стаяў ля бела-зялёнага агрэгату той самы Радзівіл ды заклапочана, але сьветла й вельмі дзіўна пазіраў на шчасьлівага Стаха.

Народ высыпаў на плошчу. Рабочыя ў захапленні вохалі, лаяліся й храсьціліся: плошча была застаўленая палявымі кухнямі, каля якіх шчыравалі павары — сівыя дзяды, завешаныя ардэнамі, мэдалямі ды ордэнскімі плянкамі. Кожнаму жадаючаму, а прычасціцца бясплатнаю сьвяточнай ежаю жадалі хіба ня ўсе работнікі прадпрыемства, у бляшаную місу накладалі разварыстай пярлоўкі ды налівалі чысцюткай берасьцейскай гарэлкі ў малянкоўскія клясычна-рабрыстыя шклянкі. Многія выпівалі, хапалі жменяй хутка астываючую на марозе кашу ды спяшаліся зноў стаць у чаргу. Рух на плошчы разгараўся, людзі бегалі, сьмяяліся, недзе паблізу пятага мэханічнага цэху зайграў гармонік. Цямнела, адзін за адным па-над плошчаю запаліліся вялізныя пузатыя ліхтары, і вось ужо некаторыя падалі ў сьнег, па-жывёльнаму завываючы. Сьціх у дынаміках кабзон, і самы важны, самы моцны ліхтар асьвяціў сцэну. Там гулка завібраваў бубен, топнула табурэтачнай нагою паважная дама ў нацыянальным строі, ліха расьцягнуў пашчу гармоніку невысокі хлопец з накладным чубам. Пара маладых людзей студэнцкага веку з жарсьцю сплялася ў вабдымках і кінулася танчыць. Пад ненармальна вялікай балалайкай гінуў, адбіваючыся ад тоўстых, як тросы, струнаў, суханькі чалавек з п'янымі ачмурэлымі вачыма. Дама зараўла, вывяргаючы з роту тоны ватнай пары: «Ігдзе жа ты гуляла дзярэўня да на ценькі лес!!!» Маладзёвы сіпла прагаласілі: «Вух!» Бубнач калаціў свой інструмэнт, быццам прымушаў яго прызнацца ў страшным злачынстве. «Ансамбль „Яромка“!»— прагудзеў урачыста рэпрадуктар зьлева. «Пераможца-конкурсуўрдлоіконкурсуўіпртоіконкурсуўпвке!!!»— старанным мулою падтрымаў яго рэпрадуктар справа. «Толькі што з гастроляў паўсі!!!» Вакол сцэны імгненна сабраўся натоўп. «Аўтограф папрасі,»— стагнала работніца прадпрыемства, якая ня здолела прабіцца да яромкаўцаў, сваёй сяброўцы, якая лезла да сцэны па плячох калегаў, з задранаю да таліі форменнай спадніцай. «Вечна, бляха, кантралёры гэтыя шчэмяцца,»— нязлосна пракрычаў Бурцэвіч, рыхтуючыся да адчайнага скачку ў эпіцэнтар падзеяў. Палявыя кухні хутка пачалі зьбіраць рыштунак ды ад'язджаць у накірунку Плянава-аўтаномнага радыялягічнага адзьдзелу дастаўкі й забесьпячэньня. Многія з рабочых, ужо не зусім цьвёрда трымаючыся на нагах, накіроўваліся да цямнеючага ў канцы алеі прэсавага корпусу — там, як абвясьціў трэці рэпрадуктар, пачыналіся глядыятарскія баі.

32
{"b":"825743","o":1}