Литмир - Электронная Библиотека

Тая прыходзіла нячутна, без усьмешкі, трымаючы пад пахаю папку з гэтай сваёй ненавіснай кнігай, і было ў яе абліччы ў такі момант нешта настолькі няўлоўна-замілавальнае, настолькі кранальнае, што Стахава абыякавасць на некаторы час адступала, каб пасьля Таінага сыходу абрынуцца зь яшчэ большай сілай. Расшпіліўшы паліто, яна абводзіла зманліва-лагодным позіркам прагрэтае памяшканьне, пакуль Стах мітусьліва рухаўся ёй насустрач. У дома дзякуючы Таі зьявіліся абноўкі: зазелянеў на ложку стары, але вельмі якасны матрас, на якім марской зоркаю разьлеглася падушка, ля дзьвярэй верным дварнягаю прыладзіўся плецены дыванок, каля якога спалі да часу цёплыя тапачкі. На падваконьні вырас электрычны імбрык, увіты лацінкаю, а побач узгрувасьцілася вялікая, бяздонная бляшанка кавы. Напэўна, Тая ўсё ж адчувала да Стахавага бярлогу крыху сімпатыі, ад якой перападала нешта й гаспадару — на дробныя выдаткі. Ён кідаў кароткі погляд у яе вочы: ненатуральныя, хлусьлівыя, і ў той жа час самыя жывыя на гэтым дзёўбаным свеце. Вочы, у якіх, быццам неназванае насякомае ў празрыстым мінералу, была замураваная вечная дзіцячая крыўда. Вочы, якія па-майстэрску гулялі ў глыбіню. Але не, ведама ж, не яны зьяўляліся Стахавай мэтай. Яна з уздыхам распраналася й выконвала ўсё, што Стаху было трэба. Справа займала звычайна ўсяго пяць хвілінаў, і Стах некалькі разоў, нават у шкоду ўласнаму вольнаму плаваньню, зазіраў ёй пад вейкі падчас каханьня. Вочы не зьмяняліся, абсалютна не зьмяняліся, хіба прасілі не адцягвацца на непатрэбныя дробязі. Потым яны палілі да ачмурэньня, выпівалі літр кавы, і Стах чытаў, і стомлена казаў усё, што прыйдзе ў галаву, і ўсё цяжэй яму было вышукваць сьняжкі між атручаных стрэл. Яна гуляла ў кагосьці, вось толькі ў каго?

А дзявятай яна сыходзіла.

У нядзелю Стах палову дня спаў, палову траціў на хатнюю гаспадарку. Пад ганарлівым позіркам маці ён пафарбаваў у іхнай кватэры балькон, дзьверы на кухню і ў свой пакой, кухонныя сьцены й парэнчы ў пад'езьдзе. Маці вадзіла суседак падзівіцца на сына, зь якім зьдзейсьнілася гэткая цудоўная мэтамарфоза, яна ведала, Стахава маці, удава вялікага чалавека, што суседкі разьнясуць анатацыю па ўсіх вакольных дамох, прагергечуць пра Стаха сваім суседкам, і суседкам сваіх суседак, і некалі на парозе іхнага дому будзе, неаспрэчна будзе перамінацца з нагі на нагу высокая й чарнабровая, белая, гнядая, шэрая мышка, лебедзь, студэнтка, абрэзчыца, настаўніца, — нявестка. Маці адчувала гэта ды запасалася ў кладоўцы на выпадак вайны — рыхтавала запалкі, соль, муку, макароны, завушніцы, ніткі. Фарба выганяла яе з дому — і маці йшла да Кацярыны Альбэртаўны, а Стах ужо сур'ёзна прыкідваў, зь якога боку ўзяцца за падлогу й прыкупіў шэсьць бляшанак жоўтай. Варочаючыся ўначы ў ложку, ён клаў пад шчаку сьветлае прадчуваньне заўтрашняга спатканьня з прадпрыемствам, з Кірылам Антонычам, Мурлом, Сьняжанаю, Бурцэвічам, і бяссонніца скручвалася нарэшце ў нагах цёплым клубком ды засынала.

Пасьля перамогі на конкурсе Стах нечакана для сябе стаў на прадпрыемстве даволі вядомым чалавекам. Гэтаму не ў малой ступені садзейнічалі ягоныя паводзіны на скоках, яны, так бы мовіць, зрабілі Стахаву асобу больш блізкай народу, які нават у мастаку бачыў акулярыстага інцілігенціка. А тут — людцы добрыя! — аказалася, што нішто чалавечае не чужое пераможцам конкурсу сьценгазэтаў. Яго пазнавалі на вулках, прыязна зазіралі ў твар, падміргвалі ўпотай, маўляў, ведаем, хто ты такі насамрэч, ды не адводзь ты позірк, дзеўка сарамлівая, мы ж уцямілі ўжо, што ты свой, свой у дошку. Аднойчы зусім незнаёмы Стаху чалавек у наскрозь зашмальцаванай спэцоўцы дагнаў яго сярод заціснутай між двума аселымі ад нагару карпусамі, па-злодзейску азірнуўся, схапіў Стаха за нэрвовае плячо й прашаптаў на вуха: «А файна ты тады адліў, прама на плошчы! Я бачыў! Ну ты дзікі! Магёш, тудыт тваю не скажу, магёш!» Стах паціснуў працягнутую яму шурпатую руку — нібы паставіў кароткі аўтограф на чужым непрыкметным жыцьці.

Напярэдадні Дня яднаньня, які прыпаў на чацьвер, працоўны дзень быў скарочаны. Ужо а трэцяй Кірыла Антоныч, размазаўшы чарнату па стамлёным ілбе, дзелавіта махнуў рукой Мурлу: сканчаем, і брыгада, сінхронна сцягнуўшы пальчаткі, пачала зьбіраць рыштунак. Яны працавалі на гэты раз зусім блізка ад уласнага цэху, таму ўжо а палове на чацьвертую маляры выйшлі са сваіх уладанняў ды нясьпешна накіраваліся да цэнтральнай алеі. Ад іхных свежавымытых валасоў сплывала ў паветра лёгкая пара. Сьняжана ў гэты дзень мелася сустрэцца з бацькам, што працаваў у ЦаіНТ, і таму ніхто не трымаў сёньня Стахаву руку, ніхто не зазіраў яму ў твар з сабачым захапленьнем, не пагладжваў ягоныя барабанныя перапонкі аповедамі пра Танюхіных кавалераў. Стах ішоў амаль у вадзіноце, крыху адстаўшы ад брыгадзіра, Мурла й Дзеленстапа Каўкомавіча, якія паважна абмяркоўвалі заўтрашнюю хакейную сечу. Жанчыны рухаліся ззаду, пакуль не затрымаліся нарэшце ўсім гуртам каля грузавіка, проста з кодаба якога прадавалі сьвежаніну ў гонар сьвята. Бурцэвіч хутка таксама некуды зьнік, нават не разьвітаўшыся. Стах зь дзіўнай агідаю ўдыхаў насычанае імпартовым кіслародам паветра, кароткімі кіўкамі адказваў на поўныя павагі кіўкі сустрэчных. Засунуўшы рукі ў прасторныя кішэні новых шырачэзных нагавіцаў, вельмі папулярных на прадпрыемстве, ён упэўненай хадою ступаў па чужых сьлядох і разважаў пра тое, чым будзе займацца ў выходны. Тая адпадала — у графіку іхных спатканьняў падобныя вольныя дні не былі заплянаваныя. Найхутчэй дзень ён прысвеціць бляшанкам жоўтай, а ўвечары… Увечары можна пайсьці да Кірылы Антоныча глядзець хакей. Той запрашаў, ненастойліва, але было відаць, што дзядзьку хацелася, каб Стах завітаў да яго, што брыгадзір шчыра не разумеў, як можна адмовіцца ад такой прывабнай прапановы. Да хакею й да спорту ўвогуле Стах быў абыякавы, але дзядзька так маляўніча апісваў… так распавядаў, як гэта даводзіць да кіпеньня кроў… Кірыла Антоныч сам калісьці гуляў за зборную прадпрыемства. «Да борціку прыціснеш, і навалішся яшчэ ў прыдачу,»— казаў Кірыла Антоныч заўсёдным сваім спакойным тонам, але з вачэй ягоных ужо імкліва набліжалася да суразмоўцы драпежная бліскучая шайба. — '«Косці хрумсцяць… Музыка!» Мурло й Бурцэвіч згодна хіталі галовамі, а Стах няўпэўнена думаў: «Плябейства, ведама ж, увесь гэты хакей, але ж, каб зразумець сутнасьць фэномэну…» Можа, і праўда, узяць заўтра гарэліцы, ды заваліць у госьці да брыгадзіра?..

Тым часам вулка ўлілася ўрэшце ў паўнаводную волгу цэнтральнай алеі. Народу тут было столькі, што Стаху міжволі ўзгадалася сьвята прадпрыемства, тады ж таксама вось такія невялікія калены ўтваралі на алеі магутны людзкі струмень. Адзінае, настрой у гэты дзень людзі мелі іншы — адзначаны няведаньнем, што засунуць у кошык заўтрашняга дня. На цэнтральнай плошчы стала ўжо зусім цесна, рух натоўпу запаволіўся, вартаўніцы ўнікліва абшуквалі кожнага, хто зьбіраўся перасячы турнікет. Нібы перад стаматолягамі, перад неміргаючымі гэтымі жанчынамі няпэўнага веку раскрывалі пакорліва ірты валізкі й торбы, поліэтыленавыя пакеты й скураныя тэчкі, распахівалася паслужліва крысьсё куртак і паліто, выварочваліся кішэні. Скавытала па-дзіцячаму брама электроннага дэтэктара, навучанага імгненна вызначаць колькасьць мэталу ў асобна ўзятым чалавечым арганізму. Стаху да прахадной было яшчэ далекавата, людзкая плынь марудна праносіла яго міма статуі Прадукцыі, то загадваючы прыпыніцца, то штурхаючы ў сьпіну, то адсоўваючы назад. Адзінай прасторай, дзе Стах мог бы ў гэты момант рухацца так, як бы яму хацелася, было неба над галавой, нізкае перакошанае неба, якое пачыналася недзе на ўзроўні пупка багіні й сканчалася, загнуўшы шэры падрапаны край, на даху адміністрацыі. Але ў неба няхай ляцяць карлсаны. Стаху нават падабалася вось так боўтацца ў самай гушчы варава, якое лянотна пенілася й булькатала ў вагромністым гэтым бэтонным катле — варыва, якое хутка астывае, але застыць ня здольнае. Ён пяць разоў на тыдзень двойчы ў дзень праходзіў праз прахадную, і кожны раз у такія хвіліны яго апаноўваў вельмі філязофскі настрой, які ў рэшце рэшт зьмяняўся пачуцьцём амаль рэлігійным. Вось ідуць людзі, дыхаючы адзін аднаму ў патыліцы, бачачы кожны шоў на сьпіне таго, хто йдзе наперадзе, пакідаючы на сьнезе сьляды, што існуюць на сьвеце ўсяго некалькі сэкундаў, менш за найпрымітыўнейшыя мікраарганізмы, вымаўляючы словы, якія імгненна ўгрузаюць ў бязьлітаснай дрыгве са спрацаваных целаў,— ідуць, несучы ў сабе ня столькі інфармацыю, ня столькі думкі й разважанні, колькі простую канстатацыю віднага ім сьвету: я Пётр Пятровіч, працую сьлесарам мэханазборачных работаў, маю жонку ўначы калі здолею, дзяцей лупцую за двойкі, а за пяцёркі даю пяцёрку-другую, мне сорак, на юбілей ваза, прастатыт, раматус, устаўныя сківіцы, варыкознае пашырэнне венаў, язва, вочы карыя, кватэра двухпакаёвая каапэратыўная, хакей, цешча — памрэ, кватэру на дзяцей перапіша, лазьня па пятніцах, друхцёзка па суботах, відэакасэты напракат люблю пра марскіх дэсантнікаў, жопа добрая ў нашай Марыны, гэта сьнег, гэта дрэва, гэта прахадная, гэта мэтро, гэта піва, гэта дом, гэта вакно, гэта мянты, гэта магазін, гэта грошы, гэта нос, гэта кніжка, гэта ключ на пятнаццаць, гэта жыгуль, гэта бліны, гэта порткі, гэта тэлевізар, гэта па-інасраннаму размаўляюць. Гэта вада. Гэта вагонь. Гэта зямля, гэта неба, гэта малаток. А гэта я на вясельлі ў Пецькі. А гэта мы з жонкай у санаторыі шэсьць год таму. Гэта мой старэйшы. А гэта помнік. Гэта сялёдка. Газэта, сталовая, нэгр. Анальгін, кашуля, гной, гума, цьвік, сьветлафор. Халадзільнік. Канал. Паліклініку будуюць. Квіток каштуе сто восемдзесят рублёў. Сёньня другога сьнежня, пятнаццаць гадзінаў пяцьдзесят восем хвілінаў. Я ведаю досыць пра гэты сьвет. Я ўсё магу назваць. Бо мне ў патыліцу дыхае бацька, а бацьку дзед, дзеду — ягоны бацька. У сьвеце проста ўсё. Гады йдуць. І йдуць да прахадной людзі. Вінцікі, скажаце, паслухмяныя мэханізмы, часткі вялікай машыны. Але менавіта зь іх пачынаецца ўсё, ад палітыкі да народанасельніцтва. Яны вырабляюць прадукцыю, прадукцыя прадаецца, багацее краіна, і той, хто нічога вырабляць ня здольны, можа сыта лайдачыць, папісваючы вершыкі, і мастак можа спакойна плаціць за камунальныя паслугі, і музыка-лесавік — забегчы ў краму й набыць сабе доктарскай кіле ці паў. Яны, гэтыя вінцікі, у любы час маглі б сабрацца, так, як запоўнілі сёньня зусім не маленькую заводзкую плошчу, разагнуць зацёклыя сьпіны й наладзіць кампактную, але прыстойную рэвалюцыю й зруйнаваць усё што існуе дашчэнту, як зрабілі калісьці іхныя прадзеды. Але ня робяць гэтага. Нават не абдумваюць такі варыянт. Бо зазвычай маленькія істоты апынаюцца злымі, хітрымі, падступнымі індывідуалістамі, якім толькі й падавай, што стварыць якую-небудзь купку рэфармістаў-інтэлектуалаў, што не пашкадуюць ні жэншчын ні дзяцей, забіваючы іх рукамі падманутых вінцікаў. А пралетарыят — ён волат, і, як многіх волатаў, яго вылучае безабароннасьць, дабрадушны характар, дзіцячая наіўнасць ды ўласцівасць лёгка паддавацца чужым уплывам. Але — волат. І Стаху прыемна зараз пачувацца часткай гэтага волата, ну, няхай не рукой і нават ня пальцам, аднак капілярам на запясьці — дакладна.

34
{"b":"825743","o":1}