Литмир - Электронная Библиотека

Пакуль Стаху праца ягоная была даспадобы. Ня столькі празь ейны аднастайны зьмест, колькі праз антураж: людзі, сытуацыі, архітэктура, стасункі. На цяперашні момант праца для Стаха была суцэльнымі «аднойчы», а не абрыдлымі «як заўжды». Аднойчы брыгада ў перадпрацоўныя хвіліны разгадвала крыжаванку, а Стах сядзеў на сагрэтым Каўкомычам месцы ды радасна жаваў хлеб з салам, зьдзіўляючыся, наколькі смачнымі апынуліся гэтыя на выгляд такія неэстэтычныя прадукты. Мурло з алоўкам нахіліўся над газэтаю, і ўсе маляры, апрача Стаха ды Кірылы Антоныча, бралі ў забаве пасільны ўдзел. Спачатку ўсё йшло гладка, Сатурн круціўся вакол сонца, Волга ўпадала ў Каспійскае мора, і Генры Форд шаргатаў навюткімі нарвэскімі кронамі.— Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыс-тэнцыя… тэнія… цыяналіст! — прачытаў Мурло. — Вось, ё, няма Антоныча, можа, ён бы й ведаў. Панапісваюць… Ну, хадзем далей. Васямнаццаць: правы прыток… даліся ім гэныя прытокі…

— Сартр, — сказаў гучна Стах.

Усе павярнуліся на ягонае жаваньне.

— Падавіўся, маленькі?

— Сартр. Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыстэнцыяліст.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ну, чытаў… «Млосьць» там, і яшчэ… Карацей, экзістэнцыялізм — гэта гуманізм.

— Чаго? Ты што, вучоны? Можа яшчэ і ўнівэрсытэт скончыў? Што ж ты ў малярох тады робіш?

— Дык дацэнтам жа плоцяць з хера капеечку, — падаў голас Бурцэвіч. — Гэх, мой вунь зараз вучыцца, дык хоць вучыўся б, а то ўсё кніжкі чытае. Скончыць, дасьць бог, дык на прадпрыемстве здохнуць з голаду не дадуць.

— Ведалі б вы… — карыстаючыся ўсеагульнай увагаю да сваёй пэрсоны, сказаў ціха Стах, — Калі б мне падчас маёй вучобы ў інстытуце хто-небудзь сказаў, што я апынуся тут, я б таму…

Аднойчы, калі Стах вісеў у сваёй карзіне й паглядваў ужо на цэхавы гадзіннік, чакаючы на абед, яго зьнізу гучна паклікалі. Стах махнуў рукой: «Спускайце!» і хутка ўжо стаяў перад сутулым маладым чалавекам у чорным паношаным паліто, да якога там-сям прыляпіўся каціны волас. Чалавек палахліва азіраўся, часта круціў вялікімі ружовымі вушамі, баючыся, каб якая шальная кропля фарбы не пацэліла да яго на адзеньне. Гледзячы долу, чалавек зьбянтэжана прамармытаў:

— Добры дзень, я карэспандэнт заводзкай газэты… Алег Ждановіч… хачу напісаць пра вас… Калі ў вас ёсьць некалькі вольных хвілінаў…

Стаху стала шкада гэтага сарамлівага маладзёна, які, па ўсім відаць, на прадпрыемстве нядаўна. Ён хітнуў галавою ў знак згоды і яны адыйшлі да чырвонага кутка, дзе селі на вялікую драўляную лаву. Тут карэспандэнт стаў пачувацца вальней, закінуў нагу за нагу, вочы ягоныя фальшыва засьвяціліся, тоўстыя вусны скрывіліся ў лісьлівай усмешцы. Нейкім казачным чынам у руках карэспандэнта апынуліся зашмальцаваны блякнот і танная асадка.

— Няўжо мая сьціплая пэрсона зацікавіла прэсу? — прамовіў прыязна Стах.

— Што вы, што можа быць на сьвеце цікавей за рабочага чалавека! — зь ненатуральным патасам усклікнуў Ждановіч. — Давайце зробім так: я буду задаваць пытаньні, а вы, адпаведна…

Ён прысунуўся бліжэй да Стаха й нават дакрануўся да яго каленам. Карэспандэнт хацеў ведаць усё. Стах напачатку адказваў неахвотна, але потым непрыемны малады чалавек неўпрыкмет разгаварыў яго, і цяпер на кожнае прамоўленае Стахам слова, плынь якіх усё буйнела, ставіў ў сваім блякноце грубую незразумелую крамзюку — Стаху нават падавалася, што карэспандэнт ня слухае яго, а старанна расьпісвае сапсаваную асадку.

— Скажыце, а які прыплод вы думаеце даць прадпрыемству? — нечакана запытаўся гэты дармаед напрыканцы размовы.

— Што? — Стах нібы прачнуўся. — Які прыплод?

Ён якраз распавядаў пра сустрэчу з Кірылам Антонычам і быў вельмі незадаволены, што яго перапынілі.

— Ну, колькі дзяцей вы народзіце для прадпрыемства? З каго пачнецца ваша рабочая дынастыя? — нецярпліва перапытаў Ждановіч.

— Я звольнюся адсюль празь месяц, — прамовіў Стах, махнуўшы рукой.

— Ну, я бы на вашым месцы не сьпяшаўся сьцьвярджаць гэта з такой упэўненасьцю, — усміхнуўся карэспандэнт. — Дзякуй вялікі, прабачце яшчэ раз, што адарваў вас ад працы. Матэрыял выйдзе на наступным тыдні. Бывайце.

Стах паціснуў успацелую далонь і пайшоў абедаць.

А яшчэ аднойчы… Зрэшты, хопіць пакуль пра гэта.

На гэты раз сьляды адсутнічалі, ваконная шыба, клапатліва прыладжаная Стахам падчас апошняга візыту, глядзела ветла й гасьцінна; дэкаратыўным муляжом падаваўся пакінуты для незнаёмага злодзея бутэрброд. Затое суседзі справа, якія, відаць, прыехалі на лецішча адзначаць дзень народзінаў малодшае дачкі, абураліся гучна й з кепска прыхаваным задавальненьнем — зь іх дому нядаўні Стахаў госьць, невядомы дзед-барадзед зьнес усе зімовыя нарыхтоўкі, якія гаспадары намерваліся адтранспартаваць дахаты ў гэтыя выходныя: яблычны мёд, закансэрваваных малінавых чарвякоў, зялёны пінг-понг памідораў у задушлівых пузатых слоіках. «Малаверагодна, каб выкрадальнік дачных прыпасаў быў забойцам,»— лянотна разважаў Стах, пільнуючы Таю ля зацягнутага млявай напацьцю вакна, празь якое капрызным дзіцём упарта лез белы колер. Бо зіма, тыдзень таму з ганьбаю адступіўшы, сабралася цяпер зь сіламі і акупавала прыгарад, бязьлітасна ўсталёўваючы новы парадак, пад яе пакорліва легла ўсё, што не абараняў Стахаў іржавы калярыфэр, і па-над Стахавым маленькім жоўтым домам лунаў зараз ейны чысценькі накрухмалены сьцяг. А калярыфэр грэў, аддана й сьмярдзюча, і паміж брыдкім цяплом і халодным кіслародам любы, нават самы зацяты мастак абраў бы ў гэтыя ранішнія хвіліны першае. Запаветны цагляны дом маўчаў, і марна чакала маленькіх ног на сваёй спрацаванай сьпіне зацярушаная сьнегам сьцежка.

Стах прысеў на голы халодны ложак, запаліў, сплюнуў у кут. Самае істотнае, што здолела зрабіць зь ім, Стахам, прадпрыемства, можна было выразіць так: яно забіла ў ім веру ў рэальнасьць сучаснасьці. Тыя, хто працаваў там, лёгка абыходзіліся без дэмакратыі й паліткарэктнасьці, без структуралізму й пэрфомансу, без інтэрнэту й канкрэтнай паэзіі, без лацінскіх прымавак і ангельскай мовы, бяз спрэчак пра постмадэрнізм і без абмеркаваньня парыжскіх гатэляў, ім было невядома, што такое экуменізм і чым розьняцца чырвоныя скінхэды й скіны звычайныя, яны ня бачылі патрэбы ў аналізу ваенных канфліктаў у суседнім паўшар'і ды крытыцы ўраду, яны шчыра не разумелі, як чалавек можа насіць даўгія валасы, не зьяўляючыся Аляксандрам Малініным або падобнага кшталту зоркай, і чаму за чорны квадрат Малевіча людзі гатовыя выкласці гэткія фантастычныя грошы. Затое праца ўручную, састарэлымі пэндзлямі, у той час як паводле (дахавай інфармацыі на складах прадпрыемства захоўвалася супэрновае абсталяваньне, якое палегчыла б працу маляра да непазнавальнасці, іх зусім не бянтэжыла. Яны былі сьвята ўпэўненыя, гэтыя Стахавы калегі, што заведзены на прадпрыемстве парадак — найлепшы й найсправядлівейшы, і любы, хто жадае яго зьмяніць, — злачынца, які робіць замах на самае дарагое, самае блізкае, самае неабароненае й хрупкае — жыцьцёвую стабільнасьць. Слова «прагрэс» значыла для іх толькі назоў завода-філіялу недзе ў правінцыі, што пастаўляў прадпрыемству нешта з камплектуючых, гэтаксама як, напрыклад, словазлучэньне «ляўрэат Нобелеўскай прэміі» гучала для работнікаў прадпрыемства як назоў вэнэрычнай хваробы. Некаторыя зь іх усур'ёз лічылі, што зямля плоская, усе беды на сьвеце ад жыдамасонаў, а рок-музыкантаў на парашутах у іхную краіну скідвае цэрэу. І гэта напачатку трэцяга тысячагодзьдзя, калі прыпёрты да сьценкі геном чалавека, калі людзі няспынна рвуцца ў касмічныя аляскі й хутка можна будзе забыцца на інвалідныя каляскі, калі на лаве падсудных сядзяць дыктатары, авечка Долі бегае навыперадкі са сваім клёнам, а Тая адчыняе дзьверы ў дом Стаха, замацоўваючы на стамлёным твары эксклюзыўную ўсьмешку.

І ўсё ж такі яна скрывіла вусны, калі ўвайшла — смурод быў ня тое каб невыносны, але адчувальны — так пахлі калісьці жаночыя распранальні ў інстытуце, дзе Тая вучылася да свайго раптоўнага замужжа. Стах падняўся, словы застралі ў ягоным горле, за яго павіталіся спружыны абрабаванага ложку, а Тая паднесла да ўсьмешкі тонкі ўказальны палец — маўчы. З вакна за імі назіраў, хлюпаючы чырвоным носам, прастрыжаны восеньскі дзень, напружана сачылі за разьвіцьцём падзеяў цынічныя маленькія вочкі сіняй аблупленай разэткі, што ўладкавалася па-над ложкам, зацікаўлена прыслухоўваўся да таго, што адбываецца ў ягоным чэраве, дом, сьцены падрыхтаваліся пратрансьляваць на ўсю вуліцу любы гук, які пачуецца паміж імі. Ціха, ціха — гаварыла яна вачыма, і Стахавы бровы апусьціліся, пытаньні згубілі сэнс, і кава, падрыхтаваная для Таі, стала бескарысным прахам учорашняга дня, які ляжаў у заплечніку выключна згодна зь нейкай глупай традыцыяй, а яна бязгучна, як злодзей, здымала чаравікі, і ногі яе ў цёплых шкарпэтках (і на дзіва, аніякіх калготак) баязьлівымі кацянятамі ціснуліся адна да адной; рухі яе так празрыста паказвалі, што сёньня са Стахам станецца нешта асаблівае, што ён ня верыў ім і яму карцела спыніць усё, апынуцца ў сталіцы, у сваёй цёплай кухні, дзе газавыя фуксіі ў гаршчкох на пліце й яблычны пірог, загорнуты ў ручнік, але чараўніцтва толькі пачыналася. Яна распахнула паліто — так скідваюць накідку з шэдэўру скульптуры, каб прадэманстраваць яго замерлым гледачам, яна трыюмфавала, нібы сама была аўтарам свайго мініятурнага, загарэлага, ненатольнага цела, паглядзі, Стах, гэта зрабіла я: вось гэтыя маленькія пругкія… коска пупка, якая вядзе да тайнаў складаназлучаных сказаў пра… і мядовыя сьцёгны… я кураня табака, захлынайся сьлінаю… не, рана, рана… Усё было менавіта такім, як марыў Стах, толькі паміж грудзей у Таі ўтульна месьцілася шакалядная радзімка, даволі вялікая — напэўна, д'ябал кахаў яе ў дзяцінстве, гэтую лялечку, асьцярожна кахаў, а яна не здагадвалася, наіўнае дзіцё, і наразала задуменныя колы вакол каменнага пісаючага хлопчыка, з уніклівасьцю мастацтвазнаўцы даследуючы вінаградную гронку між ягоных мурынскіх ног — як даўно! Але радзімка не парушала прадказальнасці Таінага цела. Адчуўшы лёгкі ўкол расчараваньня з такой нагоды, Стах тым ня менш рушыў на Таю, грузна й тупа тупаючы, вочы засьціла ананімная сьляза. «Рана, рана…»— зашаптала яна, мружачыся, чапляючыся кіпцюрамі наўздагад — за ягоныя валасы, вуха, ніжнюю губу, падрапаўшы Стахава левае смочка праз тоўсты швэдар, балюча ткнуўшы ў звар'яцелы кадык. «Ня так… ня так…» Аднак было ўжо позна, яны ўпалі ў кут, паліто стала для Таі хіба падушкаю, але ніяк не перасоўным ложкам, Стахавы ногі калацілі па тумбачцы. Тая адчула, як яе працялі адразу з двух бакоў, зьнізу кончык цьвіка, які юрліва высунуўся з падлогі, ня ў сілах болей цярпець, зьверху Стах, які грыз вусені ўласных вуснаў, абсмоктваў іх і аднастайна рабіў сваю працу. Упалі й рассыпаліся прыгожа, нібы картачная калода, пакецікі канцэнтратаў, якія Стах прывёз сюды, паслухаўшыся маці. Між справаю яна зірнула на гадзіньнік. Хутка ўсё было скончана. Яна паляжала пад ім крыху, потым паспрабавала вызваліцца, упіраючыся ў Стаха, як у цяжэзны люк. Стах прыўстаў, прываліўся сьпінаю да сьцяны. Яна зь вялікімі намаганьнямі здолела неяк загарнуцца ў безнадзейна бруднае паліто і ўладкавалася на ложку, запаліла, агледзелася, пачасала сьпіну, вывучыла чырвань на пальцах. Стах аддыхаўся й перасеў да яе. «Ты…»— прамовіў ён нарэшце й пахітаў галавой. «Адстань,»— сказала яна. Абодвум хацелася цішыні.

25
{"b":"825743","o":1}