Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Мне б каго з сышчыкаў – у памочнiкi, – папрасiў Хмара i нечакана дадаў: – І наогул, я думаю, што «Венерай» лепш займацца мiлiцыi нораваў.

– Будуць памочнiкi, – адмахнуўся Мiкулiч. – Спярша высветлiце ўсё самi. З’ездзiце ў камандзiроўку ў Бягомль, а там i паглядзiм, цi тую кашу варым, цi нам яе есцi…

– Зразумела, – заспяшаўся Хмара.

– І яшчэ адно, – Мiкулiч уважлiва паглядзеў на лейтэнанта. – Ты выпадкова не пытаўся ў сына Шапавалава наконт алергiчных хвароб бацькi? Нешта магла ведаць i Казакова, яна ж доктар.

Хмара прыпынiўся.

– На гэта павiнны былi адказаць эксперты. Можа, паставiць дадатковае пытанне?

– Ужо зрабiў, – пагадзiўся Мiкулiч, – спытаў, бо хацеў сэканомiць час.

10

Хмара толькi паспеў палiць зялёны стрыжань невядомай раслiны, што расла ў гаршчэчку, як у кабiнет уварваўся Мiкулiч. Такiм лейтэнанту бачыць начальнiка яшчэ не даводзiлася. Падпалкоўнiк моўчкi выхапiў з рукi лейтэнанта шклянку з рэшткамi вады i нервова сунуў таўставаты стос папер, перацiснуты ў верхнiм кутку сашчэпкай.

– Чытай! – Мiкулiч тыцнуў тоўстым пальцам ў сярэдзiну аркуша i, заклаўшы рукi за спiну, нервова зашпацыраваў па кабiнеце. Ён не зважаў на шклянку, з якой ў нейкi момант танюсенькiм струменьчыкам пачала вылiвацца на падлогу вада. Маснiчыны пад нагамi непаседлiвага падпалкоўнiка жалобна рыпелi.

«4 жнiўня 199… года апоўначы грамадзянка Казакова Марыя Васiльеўна звалiлася з балкона асабiстай кватэры. Смерць наступiла iмгненна…»

Рука з паперамi здрыганулася, Хмара ўзняў на Мiкулiча шырока расплюшчаныя вочы.

– Я пайшоў ад яе каля адзінаццацi вечара, – з адчаем прагаварыў лейтэнант i, шукаючы падтрымкi, а найболей апраўдання, паспешлiва дадаў: – Яна была ў добрым настроi, некага чакала… – Хмара раптам замаўчаў i, унiкаючы калючых Мiкулiчавых вачэй, нервова кусаючы вусны, роспачна ўздыхнуў: – Не ўсё пра нашую сустрэчу з Казаковай я расказаў… Тое не тычылася Шапавалава, але ж цяпер так павярнулася, што ўсялякая дробязь можа мець значэнне.

Мiкулiч уважлiва выслухаў поўны, цяпер ужо дэталёвы расказ Хмары аб прыгодах на кватэры сястры Шапавалава i надоўга замаўчаў. Было вiдавочна, што смерць Казаковай невыпадковая – гэта цi працяг падзей, звязаных з Шапавалавым, цi нешта iншае… Тады што?

– Я зразумеў, што на момант вашай сустрэчы ў Казаковай падстаў для звядзення рахункаў з жыццём не было? – сядаючы насупраць Хмары, спытаў Мiкулiч i нарэшце быццам заўважыў у сваёй руцэ пустую шклянку, паставiў яе на стол каля графiна. Падпалкоўнiк ведаў трошкi болей, чым значылася ў афiцыйнай зводцы. Перад тым, як прыйсцi да Хмары, ён цiкавiўся, тэлефанаваў у Маскоўскi аддзел мiлiцыi маёру Кудзiну, якi займаў гэткую ж пасаду, як i ён. Кудзiн адмахнуўся, маўляў, нiчога сур’ёзнага, крымiналу няма, адбыўся няшчасны выпадак.

– Казакова не магла скончыць жыццё самагубствам, – узбуджана загаварыў Хмара. – Яна нават прымусовыя любоўныя сустрэчы, на якiх, як зразумела, настойваў маёр Барана, успрымала з аптымiзмам i, як мне здалося, iх не гiдзiлася.

– Ну-у, яшчэ б, – дабрадушна ўсмiхнуўся Мiкулiч, – ты хлопец вiдны…

– Я не пра сябе! – ажно ўзвiўся Хмара.

Ён хацеў яшчэ нешта дабавiць, але, убачыўшы ў вачах падпалкоўнiка жартаўлiвыя агеньчыкi, запунсавеўся.

– А цяпер, як на споведзi: было цi не было? – спытаў Мiкулiч i схiлiў галаву да правага пляча, ад чаго здавалася, што ягонае вуха неймаверна адтапырылася, па ўсiм, каб лепш пачуць адказ.

Хмара падскочыў з крэсла.

– Таварыш падпалкоўнiк, прашу мне верыць!

– А ты не кiпi, сядзь i падумай, – працягваў Мiкулiч, – падумай над тым, цi будзе выглядаць смерць Казаковай няшчасным выпадкам, калi эксперты ўстановяць, што яна за паўгадзiны да смерцi мела блiзкасць. Каго, дазволь спытаць, будуць шукаць? Чые сперматазоiды эксперты будуць захоўваць як рэчавыя доказы? Уцямiў?

– Ну, праўда! – адчайна ўзмалiўся Хмара. – Не было ў мяне нiчога з Казаковай.

– І вельмi добра, Бог, хлопча, цябе беражэ, – з палёгкай уздыхнуў Мiкулiч. – Сядай, будзем кумекаць, што рабiць далей, бо па афiцыйнай версii з Казаковай, дарэчы, як i з нашым Шапавалавым, адбыўся няшчасны выпадак.

Хмара ўскiнуў здзiўленыя вочы на падпалкоўнiка.

– Так-так, – пацвердзiў Мiкулiч, – я толькi што тэлефанаваў у Маскоўскi аддзел. Iх версiя – менавiта няшчасны выпадак, толькi як паверыць у яе нам?

– Трэба аб’ядноўваць справы Шапавалава i Казаковай, – няўпэўнена выказаўся Хмара, бо ўсё яшчэ знаходзiўся пад уражаннем магчымага саўдзелу, якi мог адбыцца, паддайся ён чарам спакуслiвай Казаковай.

– Гэта трэба рабiць неадкладна, толькi як быць з маёрам Бараной? – Мiкулiч неяк па-дзiцячы цмокнуў вуснамi, прыплюшчыў вочы. – Казакова прыняла цябе за следчага, якога накiраваў да яе ўчастковы. Так?

– Так, – пагадзiўся Хмара.

– А што мы яшчэ ведаем? Хто яшчэ быў па рэкамендацыi Бараны на «кансультацыях» Казаковай? Не, з аб’яднаннем спяшацца не будзем, загубiм справу.

– Што ж застаецца?

– Ясна адно, – разважаў Мiкулiч, – трэба браць у аператыўную распрацоўку Барану i так, каб iнфармацыя не прасачылася. Па ўсiм, Казакова «кансультавала» не толькi лейтэнантаў, iм яе дапамога менш за ўсё патрэбна. Вось i кумекай, хто мог карыстацца ейнымi паслугамi.

– Але ж нельга i рабiць выгляд, быццам нам нiчога не вядома! – ускрыкнуў Хмара.

Мiкулiч устаў, падхапiўся i лейтэнант.

– Ты, Iгнат Уладзiмiравiч, едзь, як планавалi, у Бягомль, – стрымана зазначыў падпалкоўнiк; было вiдавочна, што ён прыняў рашэнне, але толькi для сябе. – У нас ёсць чым займацца… А я тут пакручуся, да Кудзiна пад’еду, старыя сувязi падыму. Адным словам, прынюхаюся да справы Казаковай з неафiцыйнага боку.

11

Чалавек, якi знайшоў у лесе машыну Шапавалава, выглядаў гадоў на шэсцьдзясят, быў доўгi, худы i сутулы. Панурым i злым яго рабiлi вiслыя вусы, канцы якiх ён пастаянна накручваў на ўказальны палец левай рукi. У агромнiстай правай далонi хавалася курыцельная люлька, i толькi смалiсты, адпалiраваны да люстэркавага бляску муштук трубой тырчаў з кулака i курэў дымам. Ён стаяў пасярод панадворка, маўклiвы i манументальны, пыхкаў люлькай i, выцягваючы худую шыю, пазiраў на вулiцу. Прыезд Хмары для яго не быў нечаканасцю.

Лейтэнант павiтаўся, прадставiўся. Сiўцоў назваў сябе, востры кадык на доўгай шыi нервова тузануўся, у вусах, як i ў кулаку, курэў шызы дым.

– Мне трэба задаць Вам некалькi пытанняў наконт шафёра, якога шостага чэрвеня Вы знайшлi ў лесе ў зачыненай фуры.

Сiўцоў павольна закiваў сiвой патлатай галавой, але нiчога не адказаў. Ён азiрнуўся на хату, ды так i застыў, вылупiўшы вiрлаватыя вочы на адно з акон, за якiм угадваўся жаночы сiлуэт. Было вiдавочна, што Сiўцоў чакаў нейкага знаку. Гэта здзiвiла Хмару, ён строга, па-начальнiцку перапытаў:

– Дык Вы памятаеце той выпадак цi не?

Жанчына ў акне знiкла, пануры Сiўцоў неяк вiнавата, але павесялела агледзеў госця, рудыя вусы варухнулiся.

– Канечне, памятаю, не грыб знайшоў… Толькi я пра ўсё расказваў i нат паперу падпiсаў. Дык Вы спытайцеся ў нашага ўчастковага, Генадзь Барысавiч лепей ведае, ён следства правiў.

– Хто знайшоў машыну: Вы цi ўчастковы? – па-начальнiцку строга спытаў Хмара. – Калi маёр Папруга, буду гаварыць з iм, калi Вы i не хочаце адказваць, што ж, прыдзецца грамадзянiна Сiўцова затрымаць i даставiць у Мiнск на допыт.

Сiўцоў нервова тузануў з зубоў люльку, адмахнуў ад твару едкi дым, зноў азiрнуўся на акно, да якога прыпала шыракатварая жонка.

– Ды што мы тут стаiм? – нечакана замiтусiўся вiславусы. Яго быццам падмянiлi, сутуласць зрабiлася больш прыкметнай. – Заходзьце ў хату, там i пагаворым, – залiслiвiў гаспадар i збочыў з асфальтаванай сцяжынкi.

«Гэта зусiм iншая размова», – стрымлiваючы ўсмешку, падумаў Хмара i накiраваўся да прачыненых дзвярэй.

– У справе таго шафёра не ўсё так гладка, – адразу i здалёк пачаў лейтэнант. – Пра ўсё гаварыць не маю права, толькi, здаецца, Шапавалаў – добры манюка…

10
{"b":"774075","o":1}