Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Буду зваць, як захочаш, – узрушана кляўся расчырванелы Сiдоркiн, у гэтую хвiлiну ён баяўся аднаго – ейнай адмовы. – Багiня, графiня, кiсуля…

– Графiня – лепш! – ледзь не рассмяялася Галiна. Яна нават уявiць не магла, што Сiдоркiн сур’ёзна вядзе гэтую бязглуздзiцу.

– Канечне, графiня! – узнёсла ўскрыкнуў Сцяпан Кузьмiч, за плечы павярнуў Галiну да сябе i, цалуючы, нечакана апусцiўся на каленi. – У Лас-Пальмасе i павянчаемся.

– Вось так адразу i павянчаемся? – сур’ёзна перапытала Галiна.

Убачыўшы разгубленага, знiякавелага Сцяпана Кузьмiча, яна больш не сумнявалася ў шчырасцi ягоных намераў.

– Неадкладна, як толькi прыбудзем на месца.

Сiдоркiн не выпускаў каханку з абдымкаў, i яна, расчуленая гарачымi пацалункамi i асаблiва здзяйсненнем патаемнага жадання, упершыню з любасцю прыняла ягоныя мiлаваннi.

15

Масква. Чырвоная плошча. Крэмль. На адным паверсе з прэзiдэнцкiмi апартаментамi – кабiнет з шыльдай «Кансультант». За мажным сталом з чырвонага дрэва – Вiктар Пятровiч Аляксандраў. Ён невысокi, сiваваты, пастрыжаны пад вожык, з тоўстым носам i малюсенькiмi шэрымi раскосымi вочкамi, якiя глядзяць з-пад прыпухлых веек холадна i падазрона. Жаўтаваты твар, сiнюшныя кругi пад вачыма кiдаюць падазрэнне на хворыя ныркi цi печань, але на свае шэсцьдзясят гадоў Аляксандраў трымаецца годна. Чорны касцюм, белая кашуля i блiскучы гальштук у цёмную клетку надаюць выгляд урачысты i святочны.

У прэзiдэнта шмат розных кансультантаў, але толькi Аляксандраву ён давяраў i надзялiў яго неабмежаванымi правамi. Вiктар Пятровiч мог турбаваць кiраўнiка дзяржавы ў любы час, ад яго iмя мог патрабаваць ад мiнiстраў, у тым лiку i ад сiлавiкоў, абавязковага выканання сваiх «просьбаў».

Вiктар Пятровiч нiкому не назаляў, не высоўваўся, трымаўся далёка ад ўсялякiх палiтычных плыняў, асаблiва не любiў журналiстаў. За дваццаць гадоў ён толькi аднойчы трапiў у аб’ектыў кiнакамеры, i на тое, канечне, былi надзвычайныя прычыны. Аляксандраў быў адным з нямногiх, хто ў дзевяноста першым годзе «падсадзiў» прэзiдэнта на танк… Гэтага маўклiвага, прапахлага дарагiм тытунём чалавека пабойвалiся, хоць нiхто толкам i не ведаў, чым на самай справе ён займаецца. А таямнiчасць, як вядома, стварае арэол усемагутнасцi, i за вочы яго называлi «чорным кардыналам». Аляксандраў ведаў гэта i з пэўнага часу нават трошкi падыгрываў: насiў заўсёды толькi чорныя гарнiтуры.

Тыя, хто верыў у ягоную ўсемагутнасць, былi недалёка ад праўды. Галоўнае, што рабiў Вiктар Пятровiч Аляксандраў, – гэта распрацоўваў фiнансавыя валютныя аперацыi, у тым лiку з замежнымi дзяржавамi. Канечне, надводная частка айсберга была не ў кампетэнцыi Аляксандрава, а вось падводная – ягоны хлеб. Ён выдатна ведаў сусветныя банкаўскiя сiстэмы, i не толькi ведаў – Аляксандраў стварыў цэлую сетку iнфарматараў у вядучых банках Злучаных Штатаў, Канады, Японii, Францыi, Германii, Швейцарыi… Для яго не iснавала таямнiц на валютных бiржах, здаралася, аб банкрутах ён даведваўся раней, чым кiраўнiцтва банкаў (фiрмаў) банкрутаў. Вялiкая колькасць агентуры за гады сабрала кампраметуючыя дакументы на дзясяткi, сотнi вядомых палiтычных дзеячаў з усяго свету, на бiзнесменаў i iх сем’i, нават замежныя i айчынныя зэкаўскiя аўтарытэты трапiлi ў картатэку «чорнага кардынала».

Аляксандраў кiраваў тайнай фiнансавай iмперыяй. Раней, калi верхаводзiлi камунiсты, працавалася прасцей. Яму, аналiтыку, паступала iнфармацыя i з КДБ, i з разведкi, i з мiлiцыi. У нейкi момант гэтыя ручайкi перарвалiся, хоць i ненадоўга, але Аляксандраву асабiста давялося ўвесцi ў свой арсенал уздзеяння на патрэбных людзей не толькi подкуп, шантаж, правакацыi, але i больш цяжкiя злачынствы.

Аляксандраў не задаваў лiшнiх пытанняў, не аспрэчваў сродкi ў выкананнi аперацый, быў перакананы ў справядлiвасцi таго, што робiцца, слепа верыў у iдэю «сусветнага камунiзму». І ўсё ж час iмклiва наблiжаў яго да развязкi, да пачатку канца, да падзей, якiя iмгненна змянiлi погляды i прынцыпы. Разбураная iдэя спляжыла прынцыпы, i толькi iнтуiцыя i прафесiйнае пачуццё разведчыка не дазволiлi спалiць архiў.

I ён не памылiўся. Нейкi час грамадства дыхала новымi iдэямi, якiя сыпалiся з вуснаў, здавалася, бяззменных кiраўнiкоў, але пацiху прыйшлi i новыя людзi. Попыт на Вiктара Пятровiча i ягоны архiў узрос як нiколi. Iмперыя распалася, пачаўся яе падзел.

Аляксандраву не было дзеля каго шчыраваць: нi сям’i, нi дзяцей, а для сябе асабiста нiчога не патрабаваў, быў бескарыслiвы. Толькi работа, толькi архiў мелi для яго сэнс. І ўсё ж жыццё ўнесла карэктывы ў лёс Аляксандрава. Як снег на галаву, звалiлася нечаканая навiна: у яго ёсць сын!

Сусветны фестываль моладзi, якi праходзiў летам 1957 года ў Маскве, быў для Вiктара Пятровiча Аляксандрава амаль адзiнай светлай плямай у жыццi. Тут ён сустрэў чароўную беларусачку Ванду, i iх каханне было падобнае на маланку, на смерч. Праз тыдзень яны не ўяўлялi сябе адно без аднаго, вырашылi пабрацца шлюбам, i, здавалася, нiшто не магло перашкодзiць шчасцю. Хiба яны маглi думаць пра тое, што яшчэ задоўга да сустрэчы ў Маскве iх лёс быў вырашаны i жыццi кiнуты ў жорны дзяржаўнай сакрэтнай машыны.

У маладога студэнта Аляксандрава была хваравiтая прага да вывучэння замежных моў. У свае дзевятнаццаць ён вольна гаварыў на нямецкай, французскай, англiйскай мовах. У iнтэрнаце жыло шмат студэнтаў з Кiтайскай народнай рэспублiкi, i ён даволi хутка асвоiў кiтайскую мову. Канечне, студэнтам з выключнымi здольнасцямi да замежных моў не маглi не зацiкавiцца ў КДБ, i менавiта веданне кiтайскай мовы зрабiла яму мядзведжую паслугу.

Яны з Вандай дамовiлiся, што яна паедзе раней, а ён уладкуе справы i прыедзе ў Мiнск, каб пазнаёмiцца з бацькамi каханай. Аляксандраў загадзя купiў бiлет, але за суткi да ад’езду яго спынiў каля iнтэрната прыемнага выгляду чалавек. Менавiта з гэтай хвiлiны Вiктар Пятровiч Аляксандраў перастаў быць проста студэнтам эканамiчнага факультэта Маскоўскага ўнiверсiтэта. Чалавек са шчырай белазубай усмешкай, прыемным голасам i прыхiльным тварам аказаўся палкоўнiкам Камiтэта дзяржаўнай бяспекi. Пасля размовы Вiктар Пятровiч, як сапраўдны патрыёт, пагадзiўся стаць абаронцам айчыны цi, як сказаў палкоўнiк, «байцом нябачнага фронта».

Напачатку заданне, якое Аляксандраў павiнен быў выканаць, шакiравала. Яму, па вушы, па самую макаўку закаханаму ў Ванду, прапанавалi пазнаёмiцца з кiтаянкай i спакусiць яе… Канечне, палкоўнiк Iваноў, якi рыхтаваў правядзенне аперацыi i вёў распрацоўку Аляксандрава, быў тонкi псiхолаг, ведаў, з кiм мае справу, i ўсё падводзiў пад патрыятызм. У арсенале кадэбiста былi дзясяткi, сотнi гiсторый пра тое, як людзi добраахвотна iшлi на смерць у iмя дзяржаўных iнтарэсаў, а тут…

Аляксандраў напачатку працiвiўся, расказаў пра Ванду i хуткую жанiцьбу, паказаў бiлет да Мiнска, але палкоўнiк настояў, нават прыгразiў забраць камсамольскi бiлет, i Вiктар Пятровiч пагадзiўся. Ён наiўна думаў, што з кiтаянкай можа не атрымацца тое, што задумаў кадэбiст, i зусiм не па ягонай вiне. Адкуль студэнту было ведаць, што Iваноў пералапацiў не адзiн тузiн хлопцаў i спынiў свой выбар на iм не па той простай прычыне, што кiтаянцы Мэй падабаўся такi тып людзей. Аляксандрава прыгажуном не назавеш, але было ў хлопца нешта прыцягальнае: мо трошкi раскосыя азiяцкiя вочы, а мо незвычайнасць? Але галоўнае, Мэй была апантана Парыжам, усiм французскiм, i Аляксандраў падыходзiў са сваiм веданнем моў як нiхто.

У час аперацыі Аляксандраву далi ключы ад двухпакаёўкi на Арбаце, зрабiлi новы пашпарт, прапiску. Па легендзе прозвiшча не змянiлi, ён заставаўся самiм сабой – студэнтам i сiратой. Пра бацькоў павiнен быў гаварыць, што яны загiнулi падчас Вялiкай Айчыннай вайны, а вось бабуля мела кiтайскiя каранi. Яна, пакуль была жывая, i вывучыла ўнука кiтайскай мове.

Канечне, з такой легендай малайцаваты i разумны хлопец не мог не зацiкавiць Мэй, асаблiва расказам пра бабулю. Ёй i ў галаву не магло прыйсцi, што сарамлiвы, тактоўны хлопец, якi баяўся падняць на яе вочы, а выпадкова дакрануўшыся, прасiў прабачэння – агент КДБ.

16
{"b":"774075","o":1}