Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Галiна Александровiч стаяла каля расчыненага iлюмiнатара i зачаравана назiрала за тым, як прачынаецца дзень, дзень, якi можа стаць галоўным у яе жыццi, узнесцi яе на недасягальную вышыню, а можа i… Пра горшае думаць не хацелася.

«Заўтра ў Лас-Пальмасе я скажу табе нешта архiважнае», – звечара паабяцаў Сiдоркiн, i Галiна не спала ўсю ноч, шмат перадумала, гадала-перагадвала, хоць жаночая iнтуiцыя i падказвала, пра што павядзе рэй Сцяпан Кузьмiч. Раптоўная паездка на Канарскiя астравы нечакана раскрыла вочы, i яна ўпершыню ўсур’ёз успрыняла заляцаннi Сцяпана Кузьмiча. Менавiта гэта ўстрывожыла, а крыху напалохала тое, што ейны Кузьмiч нечакана аказаўся не проста «старычком», а «багаценькiм старычком». Галiна i да паездкi ведала, што Сiдоркiн мае капейчыну, усё ж дарыў не проста каменьчыкi, але нават уявiць не магла, што ён – мiльянер, i не драўляны, а доларавы.

У цягнiку Мiнск – Масква Александровiч адразу адчула сябе, яна аказалася адзiнай жанчынай ува ўсiм вагоне, астатнiя былi ахоўнiкамi Сiдоркiна. Калi каханак сказаў пра гэта, не паверыла, засмяялася. Масква пераканала ў праўдзiвасцi слоў Сцяпана Кузьмiча, бо сустракалi яго, быццам Папу Рымскага… Не стрымалася, не магла дараваць насмешкi, упiкнула: «Цябе возяць, як прэзiдэнта!» Сiдоркiн iмгненна адчуў настрой каханкi i сур’ёзна адказаў: «У Беларусi можа быць толькi адзiн прэзiдэнт».

Трошкi пазней Галiна зразумела i ацанiла мудрасць Сцяпана Кузьмiча. Ён не чапляў на шыю кiлаграмовых залатых цi плацiнавых ланцугоў, не абвешваўся тэлефонамi розных марак, як партызан гранатамi, не шыкаваў на дарагiх машынах. Для ўсiх, у тым лiку i для яе, у Беларусi ён быў сераднячком, чалавекам, якi мог утрымлiваць каля сябе прыгожую, нашмат маладзейшую жанчыну, i не больш за то. На гэта нiхто не звяртае ўвагi, i падатковыя органы глядзяць скрозь пальцы, а дазволь ён лiшняе – адразу патрапiць у кола падазроных, тых, каго можна i трэба прымусiць падзялiцца сваiм багаццем. «Стары ваяр – мудры ваяр», – любiў паўтараць Сцяпан Кузьмiч, i ў гэтым ён быў увесь…

Пасля некалькiх дзён, праведзеных у Маскве, яны паляцелi ў Iталiю i перад марскiм падарожжам на Канарскiя астравы, куды Сiдоркiн цяпер не надта спяшаўся, тыдзень жылi паблiзу Турына ў вялiзным старадаўнiм палацы. Калi Галiна спыталася, каму належыць гэтая шыкоўная трохпавярховая будынiна з басейнам i агромнiстай пляцоўкай для гульнi ў гольф, палюбоўнiк, унiкаючы ейных вачэй, няўпэўнена прамармытаў нешта пра арэнду i перавёў размову на iншае.

Ён вiдавочна хiтрыў, але паводзiў сябе як сапраўдны гаспадар. За тыдзень кожную ранiцу з’яўлялiся нейкiя людзi, па ўсiм будаўнiкi, Сцяпан Кузьмiч раскiдваў у гасцiнай на вялiкiм дубовым стале план палаца i гаварыў, дзе i што трэба адрамантаваць цi перарабiць. Ён употай ад каханкi вышукваў у тоўстым каляровым каталозе ўзоры новай мэблi i рабiў на яе заказы.

Галiна больш не назаляла Сiдоркiну пытаннямi, зрэшты, што ёй да клопату палюбоўнiка. Замкнулася, бяздзелле пачынала нудзiць, неабжыты палац нечакана здаўся турмой. Ёй было сумна. Ад нахлынулай меланхолii i дэпрэсii ў Александровiч было адно лякарства – яна напiвалася. Iталiя не стала выключэннем: бутэлька неразбаўленага вiскi не толькi пазбавiла ад дэпрэсii, яна прымусiла Сiдоркiна кiнуць усё i павезцi каханку на Канарскiя астравы. Праўда, плыць да Лас-Пальмаса на марскiм лайнеры захацела Галiна, i не таму, што ёй вельмi хацелася адчуць марскую гайданку, яна яе не пераносiла, а таму, што гэтая вандроўка была самая дарагая. З пэўнага часу Галiна атрымлiвала вялiкую асалоду i задавальненне ад таго, што, не лiчачы, магла трацiць грошы Сiдоркiна. Ёй хацелася трацiць як мага больш, ведала: такога шанцу больш можа не быць.

На верхняй палубе адбiлi склянкi, Сiдоркiн заварушыўся, расплюшчыў вочы. Рудаватыя вейкi затрымцелi i зноў з цяжкасцю заплюшчылiся, быццам не жадалi, каб гаспадар прачынаўся. Сiдоркiн сеў у ложку, пацягнуўся, памацаў рукой месца, дзе спала каханка, i, не знайшоўшы Галiны, усхапiўся. Сон як рукой зняло. Але, убачыўшы яе каля iлюмiнатара, вiнавата ўсмiхнуўся:

– Напужала, падумаў – уцякла…

– Уцякаць трэба было раней, – шчыльней загарнулася ў махровы халат Галiна i з сумам дадала: – Не русалка, а роля тапельца не для мяне… А ты спi, рана яшчэ.

Нечакана Галiна злавiла сябе на думцы, што Сiдоркiн ёй – неабыякавы. Яна па-харошаму шкадуе гэтага ўжо немаладога чалавека, якi жыццё пражыў, а свайго гнязда так i не звiў. Узгадала сяброўку Марыю Казакову, якая на падпiтку скардзiлася, што на яе клююць толькi мужчыны ў пагонах i часцей – мiлiцыянеры, а на яе, Галiну, – багатыя. «Што багатыя – то праўда, – падумала Галiна i, пазiраючы на зморшчаную патылiцу Сiдоркiна, уздыхнула: – Багатыя i старыя… Добра было б, каб гэты Сцяпан Кузьмiч быў гадоў на пятнаццаць маладзейшы…»

– Ты ўчора абяцаў паведамiць мне нешта важнае, – стрымана нагадала Галiна i адчула, як нешта сцялася ўсярэдзiне, нават дыхаць стала цяжэй.

Каб не выдаць хвалявання, крутнулася да iлюмiнатара i высунула левую руку вонкi. Пругкi вецер адразу шуснуў з далонi ў рукаў халата, адтуль свавольным халадком слiзгануў па гарачых грудзях. Гэта крыху супакоiла, хваляванне знiкла.

– Можа, пачакаем да Лас-Пальмаса? – неахвотна азваўся Сiдоркiн.

– Як хочаш, – раздражнёна, з вонкавай абыякавасцю кiнула Галiна.

Яшчэ два тыднi таму яна нi за што не даравала б гэтага Сiдоркiну, але цяпер, калi ведала, хто ён на самай справе, прыкусiла язык. Калi ў Мiнску яна ставiлася да каханка трошкi зняважлiва: без прычыны магла абразiць, на людзях назваць старым мухаморам цi яшчэ як, то цяпер рабiць гэта пабойвалася. Нават не пабойвалася, а хутчэй цешыла сябе надзеяй, што Сiдоркiн пры добрах ейных паводзiнах можа i паўгода, i нават год быць з ёй. А за гэты час яна зробiць усё, каб стаць багацейкай.

– Прабач, дарагая, – нечакана дыхнуў у патылiцу Сiдоркiн, – гэта мой сюрпрыз…

Сцяпан Кузьмiч абняў яе за талiю, рукi слiзганулi за пазуху. Галiну быццам токам працяло. Яна даўно змiрылася з роляй палюбоўнiцы, нават знайшла Сiдоркiна вабным у мудрасцi i хiтрасцi, але прывыкнуць да ягоных вiльготных, лiпучых далоняў было звыш ейных сiл. Каханак адхiснуўся, быццам адчуў, што нешта зрабiў не так, i паклыпаў да тэлефона.

– Закажу сняданак. Што табе, дарагая?

– Апельсiнавы сок, – не адрываючыся ад iлюмiнатара, з палёгкай уздыхнула Галiна.

Увагу прыцягнула чарада дэльфiнаў. Высока выскокваючы з вады i падстаўляючы сонцу блiскучыя чорныя спiны, яны неслiся зводдаль карабля, быццам навыперадкi.

– Дэльфiны? – здзiвiўся, падышоўшы, Сцяпан Кузьмiч i зноў спавiў рукамi Галiнiну талiю паверх халата. – Значыцца, хутка зямля, Лас-Пальмас.

Быццам у пацверджане слоў Сiдоркiна, на небакраi ў гарачым водсвеце ранiшняга сонца ўзнiкла невялiкая белая лодка са звiслымi, зморшчанымi ветразямi.

– Якая прыгажосць! – прашаптаў Сiдоркiн i пасля невялiкай паўзы голас яго здрыгануўся: – Я прашу цябе стаць маёй жонкай…

«Вось ягонае архiважнае!» – падумала Галiна, i ледзь прыкметная пераможная ўсмешка кранула вусны. Яшчэ ў Мiнску на гэтую прапанову яна б рассмяялася, але за два тыднi шмат вады працякло.

Галiна Александровiч не магла хiтрыць з сабой: яна ўпотайкi чакала гэтай хвiлiны, спадзявалася i марыла пра багатае замежнае жыццё… I, зрэшты, дачакалася! Але яна не магла паказаць сваёй радасцi, Сiдоркiн павiнен зразумець, што не ён яе ашчаслiвiў, а яна яго… І потым, наколькi шчыры ён у сваёй прапанове? Не дарэмнай была трывога – iншым разам Галiне здавалася, што палюбоўнiк вядзе з ёй нейкую гульню.

– Ты хочаш, каб я стала Сiдоркiнай? – трымаючыся як мага спакайней, працягваючы стаяць да каханка спiнай, наўмысна халодна спытала Галiна.

– Не-не! – таропка, са сполахам у вачах запярэчыў Сцяпан Кузьмiч. – Гэта не абавязкова, ты можаш не мяняць прозвiшча, я на ўсё згодны…

– Нават так?!

– Для мяне ты – царыца, князёўна! Я ўвесь свет кiну да тваiх ног!

– Не люблю я слова «царыца»! – кпiла Галiна. – Быццам усё, i адначасова – нiчога, а князёўна – як гразёўна…

15
{"b":"774075","o":1}