I ўсё ж, напрыканцы размовы Мiкулiч змог упэўнiць Хмару, што ён шчыры ў памкненнi стаць маладому следчаму не проста настаўнiкам, а памочнiкам, сябрам. Пераканалi лейтэнанта не словы, а тое, што падпалкоўнiк на ўсе тэлефонныя званкi адказваў падкрэслена афiцыйна i рэзкавата: «Званiце пазней, у мяне важнае пасяджэнне».
А потым Мiкулiч павёў лейтэнанта па кабiнетах i афiцыйна прадстаўляў кожнаму следчаму i сышчыку. Пры гэтым падпалкоўнiк, быццам мiж iншым, нахвальваў Хмару: «Нам абы каго не прышлюць… Iгнат Уладзiмiравiч скончыў Акадэмiю мiлiцыi з чырвоным дыпломам…»
Ключы ад асабiстага кабiнета Хмара атрымаў разам з шэрай папкай, на якой чарнелi тлуста выведзеныя лiчбы «385».
– Справа амаль скончаная, – хiтравата зiрнуў на лейтэнанта Мiкулiч i шматзначна дадаў: – Трэба ж з нечага пачынаць…
5
Прапахлы тытунём кабiнет быў невялiкi, халодны i змрочны. Мэбля для такiх устаноў звычайная: двухтумбавы стол, шафа для адзення, сейф, тры крэслы з чырвонымi спiнкамi. На шырокiм падваконнi сiратлiва тулiўся пашарпаны гаршчок, напалову запоўнены зямлёй, з якой тырчала бляклая раслiна. Што расло, Хмара, як нi сiлiўся, зразумець не змог, але першае, што зрабiў, – гэта добратакi палiў сухую зямлю. Старыя, без усялякага малюнка, зеленаватыя шпалеры, пабачыўшыя на сваiм вяку не адну сотню закаранелых злачынцаў, рабiлi сцены кабiнета гнятлiвымi, нейкiмi замкнёнымi ў прасторы, а абрамленае кратамi, патрэсканае шкло ў адзiным акне, здавалася, мутным халодным вокам зазiрнула новаму гаспадару ў самыя патаемныя куточкi душы. Хмара адчуваў сябе няўтульна, але ведаў, што гэта часова. Ён хутка прывыкне i да пашарпаных сцен, i да кратаў на акне, i толькi патрэсканае шкло ён заўтра памяняе.
Другою палову свайго першага працоўнага дня Хмара вывучаў справу за нумарам 385. Перачытаўшы яе ад вокладкi да вокладкi некалькi разоў, ён у роспачы задумаўся: навошта Мiкулiч усучыў яму гэтую заведама зразумелую i амаль скончаную справу? Зноў душу раздзiралi сумненнi i незразумелая злосць: «Што гэта – жарт, насмешка з маладога супрацоўнiка?» – у думках распаляўся Хмара. Ён сумленна вышукваў у рыпучых, яшчэ не зляжалых паперках хоць якую-небудзь дробязь, намёк, хоць бы слова на злачынны намер у адносiнах да пацярпелага i не знаходзiў.
Занатаваныя ў справе падзеi адбылiся некалькi дзён таму ў парку Чалюскiнцаў у клубе «Каму за трыццаць» i тычыліся некага Шапавалава Iвана Мiкалаевiча, якi там нечакана памёр. Нi агрэсiўнасцi, нi злога намеру ў адносiнах да нябожчыка нiхто з прысутных не праяўляў, ён танцаваў, быў як усе i раптам памёр, iмгненна i цiха. У справе мелася i медыцынскае заключэнне, у якiм гаварылася, што Шапавалава напярэдаднi выпiсалi з бальнiцы i ён амбулаторна далечваў двухбаковае запаленне лёгкiх. Пералiчвалiся медыкаменты, якiя пацярпелы прымаў у бальнiцы i якiя прапiсаны для далечвання. У выснове гаварылася, што смерць Шапавалава справакаваная некалькiмi прычынамi, i галоўнае – пацярпелы разам з моцнымi антыбiётыкамi ўжыў шмат гарэлкi i шыпучага вiна, хутчэй за ўсё шампанскага, што выклiкала алергiчную рэакцыю. Алергiя iмгненна спаралiзавала лёгкiя, выклiкала шок, хуткацечную кому i смерць. Фiзiчныя нагрузкi, у дадзеным выпадку – танцы, Шапавалаву былi супрацьпаказаныя, яны паскорылi i ўзмацнiлi алергiчную рэакцыю на лёгкiя. У дадатак пацярпелы два гады таму перанёс прыступ параксiзмальнай тахiкардыi, i гэта таксама значылася адной з прычын лятальнага вынiку.
Канечне, пэўная работа аператыўна-следчай групай была праведзена i ў асноўным тычылася збору звестак пра Шапавалава i падзеi, якiя папярэднiчалi няшчаснаму выпадку. Фармальнасць гэтай работы была вiдавочнай, дый па-iншаму i быць не магло, бо нiякага крымiналу ў здарэннi нават не праглядвалася.
«Тады навошта, дзеля чаго Мiкулiч падсунуў мне гэтую справу? – разважаў Хмара. – І што азначаюць падпалкоўнiкавы словы „Трэба ж з нечага пачынаць“?»
Ранiца наступнага дня выдалася надзiва сонечнай i цёплай. Лужыны на гарадскiх вулiцах блiшчэлi серабром, але дажджу не было, гэта палiвачныя машыны пастаралiся стварыць святочную чысцiню i жаданую прахалоду. Хмара трошкi прайшоўся па тратуары, збочыў у Севастопальскi сквер i наўпрасткi па добра-такi ўтаптанай сцяжынцы пашыбаваў да тралейбуснага прыпынка. Хтосьцi нябачны за густым кустоўем свiснуў, мабыць, падклiкаючы сабаку.
Настрой у Хмары быў выдатны, ад учарашняй прыгнечанасцi не засталося i следу. Лейтэнант быў перакананы, што справу Шапавалава ён атрымаў як вучэбны дапаможнiк, i гэтае Мiкулiчава празмернае апекаванне сёння падалося смешным.
Пасля пяцiхвiлiнкi Мiкулiч папрасiў Хмару застацца i, медыцынскiм скальпелем вострачы аловак, нецярплiва спытаў:
– Прачыталi справу?
– Так, – кiўнуў лейтэнант.
– Ну, i што можаце сказаць?
– Я цалкам згодны з версiяй, што Шапавалаў памёр не гвалтоўна. Судова-медыцынская экспертыза пацвярджае факт…
– Я ведаю, што сказалi эксперты, – Мiкулiч рэзкавата перапынiў Хмару i насупiўся; ён кiнуў на стол аловак, схаваў у шуфляду скальпель. – А вось у мяне ёсць пытаннi, i галоўнае: чаму хворы чалавек пацягнуўся на танцулькi? Няўжо пяцiдзесяцiгадовага мужыка не стрымала запаленне лёгкiх?
– Шапавалаў быў п’яны, – зазначыў Хмара.
– Не п’яны, а выпiўшы, – з’едлiва ўдакладнiў Мiкулiч.
«Ён што, здзекуецца?» – раздражнёна падумаў Хмара. Добры настрой знiк, у душу закралася пачуццё прыгнечанасцi, быццам штосьцi яму не дадзена зразумець у гэтай справе.
– Шапавалаў прыйшоў у клуб «Каму за трыццаць» з жанчынай, – не звяртаючы ўвагi на iмгненна знiякавелага лейтэнанта, вёў сваё Мiкулiч. – Як яе?..
– Александровiч Галiна Вiктараўна, – адказаў Хмара i нечакана зразумеў, што падпалкоўнiк наўмысна цягне яго ў спрэчку.
– А чаму сяброўка Шапавалава не ўзгадала хваробу каханка? Не ведала? Малаверагодна… Яны больш за год ў даволi блiзкiх адносiнах…
– Што зменiцца, калi мы ўстановiм, што Александровiч ведала пра хваробу Шапавалава i змаўчала на допыце?
– Юрыдычна нiчога, – ажно засвяцiўся Мiкулiч. – А цяпер трошкi пафантазiруем, паспрабуем лагiчна абгрунтаваць з’яўленне пацярпелага ў клубе «Каму за трыццаць». Думаю, што без танцаў Шапавалаў мог абысцiся, а вось без палюбоўнiцы, можа, i не. Толькi навошта сустракацца ў клубе, калi ў Александровiч, як вядома, мелiся асабiстыя ключы ад халасцяцкай кватэры каханка?
– Мы не даведаемся, што iм кiравала, – раздражнёна прагаварыў Хмара; слухаючы i назiраючы за Мiкулiчам, лейтэнант нечакана засумняваўся ў легендах, якiя чуў пра гэтага чалавека. – Шапавалаў мог прыйсцi ў клуб i каб напiцца, i каб патанцаваць, i каб сустрэцца з палюбоўнiцай.
– Толькi не памерцi! – задаволена ўскрыкнуў праставаты Мiкулiч. – Таму я i хачу, каб Вы знайшлi сапраўдную прычыну i дакладна высветлiлi: чаму хворы Шапавалаў аб’явiўся ў клубе?
– І гэта ўсё? – шчыра здзiвiўся Хмара.
– Не так i мала, – усмiхнуўся Мiкулiч i лагодна прабурчэў: – Я згодны з афiцыйнай версiяй, толькi Шапавалаў не быў разухабiстым мужыком, цанiў сваё здароўе i асаблiва – заробленую капейку… Тая ж Александровiч, калi заўважылi, назвала палюбоўнiка «прыжымiстым мужыком».
6
Пошукi Александровiч пачалiся з нейкай незразумелай таямнiчасцi. Хмара спярша пазванiў дадому, але тэлефон упарта маўчаў, а на працы мiлагучны жаночы голас млява паведамiў, што ў фiрме «Венера» Галiна Вiктараўна Александровiч не працуе i нiколi не працавала.
«Але ж у пратаколе допыту значыцца зусiм iншае… Што падштурхнула каханку Шапавалава да хлуснi? – разважаў Хмара. – Чаму яна ўзгадала фiрму “Венера”? Наўмысна замоўчвае месца сапраўднай працы? Магчыма, але навошта такая дакладнасць, ды яшчэ пасаду пазначыла – кансультант?» Хмара яшчэ раз патэлефанаваў у «Венеру» i паспрабаваў высветлiць, чым займаецца фiрма. У адказ усё той жа мiлагучны голас завучана i з непрыхаваным юрлiвым пачуццём працытаваў:
Калi ў вас праблемы з сексам
I каханне толькi ў сне,
Вы прыходзьце у «Венеру»,
Знiмем мы праблемы ўсе…